Дзікая прырода побач
2.89K subscribers
2.6K photos
202 videos
2 files
1.29K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
Download Telegram
🌿 Яшчэ адна тэрыторыя, якая атрымае шанец застацца дзікай дзякуючы працы нашых экспертаў!

Тэрыторыя #2 з 17

У Беларусі павінен з’явіцца новы заказнік нацыянальнага ўзроўню – “Астравы”, плошчай 5.810 га. Яго сфарміруюць на базе двух заказнікаў мясцовага значэння – “Эсьмонаўскі мох” (Магілёўская вобласць) і “Белы востраў” (Мінская вобласць).

Гэтая тэрыторыя зараз унесена ў драфт Схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння да 2035 году і ўзгоднена з землекарыстальнікамі і мясцовымі органамі кіравання. Схеме засталося яшчэ прайсці грамадскія абмеркаванні і зацвярджэнне Саветам Міністраў.

🌿💧 Гэтая тэрыторыя мае статус аб’екта Смарагдавай сеткі Савета Еўропы, і дзікая прырода захавалася тут вельмі добра. Тут ёсць адкрытыя верхавыя і пераходныя балоты з астравамі забалочаных лясоў (пераважна сасоннікамі і бярозавымі гаямі). І тут шмат “чырванакніжных” відаў.

Балоты знаходзяцца ў межах вадазбору ракі Клява (прыток Бярэзіны, басейн Дняпра). Вышэй па цячэнні знаходзіцца дыстрофнае возера Заазерскае, з якога выцякае рака. Тэрыторыя мае важнае значэнне для падтрымання ўзроўню грунтавых вод у рэгіёне.

Гэта адна з 17 тэрыторый, у якіх з’явіўся добры шанс павысіць свой прыродаахоўны статус да 2035 года. Гэта стала магчыма дзякуючы працы нашых экспертаў і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Аб другіх важных каштоўных тэрыторыях раскажам у наступных допісах.

🤲 Хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды? Далучайся да “Дзікага клуба” і кліч з сабой сяброў. Увесь прыбытак ад клуба мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

👉 Як мы дапамагаем ахоўваць дзікую прыроду Беларусі, чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

📷 На фота эксперта Юрыя Янкевіча заходняя тайга ў заказніку “Эсьмонаўскі мох”; на фота эксперта Вадзіма Пракапчука барсучы гарадок, “чырванакніжныя” віды – матылёк жаўтушка тарфянікавая, журавіны дробнаплодныя; на малюнку – схема будучага заказніка.
А ў цябе так бывала? Знаёмая сітуацыя? 😅

Праверыць - жарт гэта ці праўда - зможаш падчас вясновага чэмпіянату па фотабёрдынгу, які пройдзе ў суботу 27-га красавіка.

🤗 Запрашаем цябе!

Малюнак Rosemary Mosco.
Не толькі птушкам патрэбныя дамкі! 🦇

Зрабілі дамкі для птушак на лецішчы? Птушкі ядуць насякомых удзень, а кажаны палююць на іх уначы, прычым усё лета. Ты можаш зрабіць домік для іх сваімі рукамі!

На што звярнуць увагу?

🔹 Домік павінен быць без шчылін, каб не было скразнякоў і ўнутр не трапляла вада.
🔹 Памер шчыліны-ўвахода – 15-20 мм. Усе астатнія памеры прыблізныя.
🔹 Лепш узяць не цвікі, а самарэзы.
🔹 На ўсіх унутраных сценках зрабі пілой ці стамескай гарызантальныя пазы, каб
кажаны маглі зачапіцца лапкамі – яны адпачываюць, вісячы галавой уніз.
🔹 Таксама зрабі такія ж прапілы на канцах сценак В і С, дзе яны выступаюць.
🔹 Абірай драўніну, не апрацаваную хімічнымі сродкамі.

Як падвесіць дамок для кажаноў?

Для ўмацавання вазьмі вязальны дрот або металічны трос.
Размясці домік на ствале дрэва (пажадана хвойнага) або будынка на
вышыні ад 3 да 6 метраў, лепш вышэй.
Лепш размяшчаць на адным дрэве некалькі домікаў наўкол ствала.
Домік трэба вешаць так, каб на яго не падала штучнае святло ўначы.
Вельмі добра, калі побач ёсць вадаём.

Кажаны аддзячаць табе! 🤗

📷 Фота Javier Ábalos, CC BY-SA 2.0, Flikr
🐦 Запрашаем цябе на Вясновы нацыянальны чэмпіянат па фотабёрдынгу!

📆 У суботу 27 красавіка ў цябе будзе магчымасць паназіраць за птушкамі ўволю, атрымаць незабыўныя ўражанні, прыгоды і неспадзяванкі.

Удзельнічаць могуць усе – і пачаткоўцы, і вопытныя птушкары. Не трэба вельмі добра разбірацца ў птушках і быць прафесійным фатографам.

Галоўная задача – за 6 гадзін сфатаграфаваць як мага больш відаў птушак у натуральных умовах.

Рэгістрацыя на чэмпіянат ужо адкрыта!

👛 Кошт удзелу для аднаго чалавека – 20 рублёў. Для ўладальнікаў абанемента “Дзікі клуб” і дзяцей да 18 год – бясплатна.

🤲 Увесь прыбытак ад чэмпіянату мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

Як мы дапамагаем захоўваць дзікую прыроду Беларусі, чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

Падзяліся гэтым допісам з тымі, хто цікавіцца птушкамі і фатаграфаваннем прыроды!

📷 На фота вялікі голуб (вяхирь), аўтар Валер Пясецкі, @ptushkafota
Запрашаем усіх на дзікую анлайн-лекцыю “Топ-10 птушак-рэкардсменаў Беларусі”!

Наш лектар – Віталь Кашчэеў, арнітолаг, фотаанімаліст і кальцавальнік птушак. Аднойчы акальцаваў 500 птушанят чаек-рыбачак (озерных чаек) за 5 гадзін. Змайстраваў і размясціў штучныя гнездзішчы для соцень птушак – сініц, соў, савукоў, сокалаў – і не толькі.

На лекцыі ты даведаешся цікавыя факты пра 10 відаў птушак Беларусі, якія адзначыліся рэкордамі або маюць незвычайныя суперздольнасці.

Якія птушкі могуць спаць у палёце?
Хто з птушак можа чуць пад вадой?
Якія птушкі робяць сабе “баракамеры” пад снегам?
У якой птушкі самы вялікі размах крылаў?

На гэтыя і шмат іншых пытанняў Віталь Кашчэеў адкажа падчас дзікай лекцыі. Калі ў цябе таксама ёсць пытанні, падрыхтуй іх загадзя – у цябе будзе магчымасць задаць іх у канцы лекцыі.

📆 Лекцыя пройдзе ў чацвер 25 красавіка а 19.00 анлайн на платформе Zoom.
👛 Кошт лекцыі – 15 рублёў, а для ўдзельнікаў “Дзікага клуба” – бясплатна.
👉 Купіць білет на лекцыю можна тут!

Далучыўшыся да лекцыі, ты падтрымліваеш дзікую прыроду Беларусі, бо ўвесь прыбытак мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты. Больш аб нашай працы чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

Падзяліся гэтым допісам з тым, хто цікавіцца птушкамі і дзікай прыродай! 🤗

📷 На фота – чырвонагаловы каралёк, аўтар Іна Шкурко.
💚 Гарадзенская Свіслач застанецца дзікай – дзякуючы працы нашых экспертаў!

Тэрыторыя #3 з 17

Гарадзенская Свіслач – неверагоднае месца, важнае для птушак і дзікай прыроды. Ведаеш пра яго? Сёлета тут налічылі пад 30 тысяч дзікіх гусей!

Гарадзенская Свіслач знаходзіцца ў Бераставіцкім і Гродзенскім раёнах. Зараз гэта заказнік мясцовага значэння плошчай каля 4880 га. Але ёсць шанс павысіць ахоўны статус заказніка да рэспубліканскага. 🔥

Гэтая тэрыторыя зараз унесена ў драфт Схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння да 2035 году і ўзгоднена з землекарыстальнікамі і мясцовымі органамі кіравання. Схеме засталося яшчэ прайсці грамадскія абмеркаванні і зацвярджэнне Саветам Міністраў.

💧 Заказнік мае міжнародны статус Смарагдавай сеткі. Ён быў створаны для захавання ў натуральным стане водна-балотнага комплексу даліны ракі Свіслач, яе прытока – Верацейкі – і часткі рэчышчавага вадасховішча Гродзенскай ГЭС на Нёмане. Каштоўныя тут і лугі з лясамі, дзе захаваліся ўчасткі тыповых і рэдкіх біятопаў. Шмат і “чырванакніжных” відаў.

🐦 Заказнік мае яшчэ адзін міжнародны статус – Тэрыторыя, важная для птушак (ТВП). Увесну тут падчас міграцыі спыняюцца на месяц-два адпачыць дзясяткі тысяч дзікіх гусей.

👉 Гэта адна з 17 тэрыторый, у якіх з’явіўся добры шанс павысіць свой прыродаахоўны статус да 2035 года. Гэта стала магчыма дзякуючы працы нашых экспертаў і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Аб другіх важных каштоўных тэрыторыях раскажам у наступных допісах.

🤲 Хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды? Далучайся да “Дзікага клуба”, кліч з сабой сяброў! Увесь прыбытак ад клуба мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

Як мы дапамагаем ахоўваць дзікую прыроду Беларусі, чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

📷 На фота: балота Грайна, архіў ТАА “Дзікая прырода”.
На малюнках: Гарадзенская Свіслач на карце Беларусі, схема будучага заказніка.

#дзікіярэкі #свабодныярэкі #freerivers #wildrivers
А ты ведаеш, як вароны бароняць сваю тэрыторыю?

Птушка года: факт № 13 з 15.

#дзікіфакт: Шэрыя вароны аб'ядноўваюцца ў чароды, каб адагнаць драпежнікаў са сваёй тэрыторыі.

🦆 У крумкачовых шмат ворагаў – гэта драпежныя птушкі, совы, лісы і куніцы. Адмысловым крыкам вароны прыцягваюць да драпежніка суродзічаў. Яны пікіруюць і наносяць удары дзюбамі. Як правіла, вароны праганяюць драпежніка, калі не задзяўблі яго да смерці.

Дакладна так робяць і многія дробныя птушкі, калі адчуваюць небяспеку для гнязда з боку вароны. Яны аб'ядноўваюцца ў чараду і праганяюць варону нападамі, крыкамі і дажджом з памёту.

Часам шэрыя вароны аб’ядноўваюцца, каб адагнаць драпежную птушку ці лісу ад здабычы.

👉 Калі табе трапіцца шэрая варона з незвычайнымі паводзінамі, здымай фота ці відэа і дасылай у Тэлеграм-чат “Птушка года” @ptushkahoda

Больш цікавых фактаў пра сырую варону чытай па хэштэгу #птушка2024года

📷 Дзякуем за фота Валеру Пясецкаму.
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
☀️🕊️ Вясна ляціць! Сачы за небам – усё больш птушак вяртаецца да сваіх месцаў гнездавання.

У Беларусь вярнуліся першыя вясковыя ластаўкі, палявыя падкаменкі, пярэстыя валасяніцы (мухоловки-пеструшки). Адзначаны і чорны каршун.

Ужо чуваць спевы круцігалоўкі (вертишейки), еўрапейскага ўюрка, ляснога свірстуна (лесного конька), лескі-завірушкі (славки-завирушки), салаўінага цвыркуна (соловьиного сверчка).

А каго з птушак, якія вярнуліся, табе ўдалося ўбачыць у апошні час? Напішы ў каментарах!

📷 На фота круцігалоўка, аўтар Кацярына Хведанцэвіч; лясны свірстун, аўтар Наталля Бачурынская; еўрапейскі ўюрок, салаўіны цвыркун, палявая падкаменка, аўтар Віталь Некрашэвіч; пярэстая валасяніца, аўтар Іна Шкурко.

Калі ты таксама хочаш дзяліцца з намі сваімі птушынымі фотаздымкамі або проста любіш разглядаць прыгожыя фота птушак, далучайся да чату "Птушкі з фотастужкі", @ptushkafota.
Дзівосы і страты вялікіх арляцоў.

Нарэшце можна падвесці вынікі вясновай міграцыі беларускіх вялікіх арляцоў, бо асноўная іх колькасць ужо дома.

На жаль, не абышлося без страт. 😢
З высокай імавернасцю можна казаць, што самец Джо загінуў яшчэ 25 верасня мінулага года падчас восеньскай міграцыі недзе ў Хмяльніцкай вобласці Украіны, а самец Рад – падчас вясновай міграцыі 15 сакавіка гэтага года на Турэччыне, недалёка ад мяжы з Сірыяй.

🦅 Засталося 15 птушак з перадатчыкамі, якія працуюць. З іх толькі адзін самец Тур не даляцеў яшчэ да месца гнездавання. З ім нешта дзіўнае здарылася. Вось ужо тыдзень ён сядзіць у балоце каля Ровенскага прыроднага запаведніка і нечага чакае. Да мяжы з Беларуссю 20 км, да ягонага гнязда – 60 км. Добрым надвор'ем са спадарожным ветрам такі шлях займае ў арляцоў адну гадзіну. Але птушка жывая, гэта відаць па тэмпературы цела і паказчыках акселерометра. Будзем за ёй назіраць далей.

Прылёт астатніх 14 птушак у сярэднім адбыўся троху раней за папярэднія сезоны. 6 птушак сёлета нават пабілі індывідуальныя рэкорды самага ранняга прылёту за 6-7 гадоў назірання. Толькі 3 птушкі прыляцелі як заўжды, толькі адна (Блонд) – пазней, дакладней, найпазней за 7 апошніх гадоў.

Магчыма, да Блонда ў гэтай статыстыцы далучыцца Тур. Дарэчы, менавіта праз Блонда першая вясновая рэгістрацыя вялікага арляца ў Беларусі адбылася так позна – 22 сакавіка, бо на ім адным кожны год трымаўся гэты паказчык. Гэта лішні раз паказвае, што прылёт першай асобіны нічога не кажа пра ход міграцыі, трэба чакаць астатніх і глядзець на сярэднюю дату.

Дзякуем за тэкст арнітолагу Валеру Дамброўскаму. 🙌

📷 Фота ілюстрацыйнае.
Найлепшы спосаб навучыцца адрозніваць птушак – гэта практыка! Запісвайся на Вясновы нацыянальны чэмпіянат па фотабёрдынгу! 😍

🐦 Гэта вельмі добрая нагода атрымаць незабыўныя ўражанні і пазнаёміцца з птушкамі бліжэй. Ты даведаешся, хто з птушак жыве каля цябе, а некаторыя птушкі, магчыма, трапяцца табе ўпершыню.

А зваротная сувязь ад журы падкажа табе, якія віды вызначаны правільна ці няправільна, якія віды засталіся нявызначанымі – і па якіх прыкметах іх можна было пазнаць. Многія птушкары-пачаткоўцы цэняць чэмпіянат акурат за такі фідбэк.

💁‍♀️ Сваімі ўражаннямі дзеліцца ўдзельніца аднаго з чэмпіянатаў Надзея Бацілава:

“Насамрэч, было цікава і весела. Тыя птушкі, якіх бачу кожны дзень (гракі, лебедзі) кудысьці падчас чэмпіянату пахаваліся, а затое тыя, каго я лічыла «вераб’ямі», аказаліся не толькі вераб’ямі. Я пасля чэмпіянатаў кожны раз па-новаму гляджу на свае навакольныя кусты, у якіх, аказваецца, так многа новых для мяне птушак.

Суседні 10-павярховы цагляны дом увесь у ластаўчыных гнёздах, гэта я заўважыла толькі ранкам у дзень чэмпіянату. Калі стала вызначаць, узяла бінокль і заўважыла, што носяцца побач і свіргулі, і ластаўкі. А салаўя, колькі ні намагалася высачыць у кустах, за свае 66 гадоў пабачыла ўпершыню. Ды яшчэ і паздымала.”

Падавай заяўку і лаві птушак у аб’ектыў! 🤗

👉 Падрабязнасці, рэгістрацыя і правілы чэмпіянату глядзі тут!

📷 На фота сіняя сініца, аўтар Кацярына Хведанцевіч, @ptushkafota.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Сакавік – ліпень – час заляцанняў у птушак і будавання гнёздаў. ❤️

Некаторыя птушкі ўжо сядзяць на яйках, а іншыя толькі пачынаюць збіраць будаўнічыя матэрыялы.

🪺 Для цёплай падсцілкі ў гняздзе вераб’іныя птушкі збіраюць сухія травяныя карэньчыкі, паперу, пяро, пух і звярыную поўсць.

Ты можаш дапамагчы птушкам – прапанаваць ім поўсць ад сваіх хатніх гадаванцаў. Так ім будзе лягчэй пабудаваць гняздо.

Поўсць можна пакінуць у кармушцы: птушкі хутка знойдуць яе і там яна не намокне. А ўвогуле, птушкі могуць лятаць даволі далёка ад гнязда, каб знайсці патрэбныя матэрыялы.

🧶 Ваўняныя ніткі трэба дробна рэзаць, каб птушкі ў іх не заблыталіся!

🎥 Відэа зняў Павел Сацута дзякуючы Леановічу Коле – хлопчыку, які цэлы год збіраў шэрсць кошкі дзеля гэтых кадраў.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Ужо ў наступны чацвер пройдзе лекцыя "Топ-10 птушак-рэкардсменаў Беларусі"!

🐦 Лектар Віталь Кашчэеў раскажа цікавыя факты пра 10 відаў птушак Беларусі, якія адзначыліся рэкордамі або маюць незвычайныя суперздольнасці.

Будзе вельмі цікава!

📆 Лекцыя пройдзе 25 красавіка а 19:00 на платформе Zoom.
👛 Кошт лекцыі – 15 рублёў. Для ўдзельнікаў "Дзікага клуба" – бясплатна.
👉 Купіць білет на лекцыю можна тут.

Далучайся і запрашай сяброў, падзяліся гэтым допісам!

🤲 Сваім удзелам у лекцыі ты падтрымліваеш дзікую прыроду Беларусі. ❤️ Увесь прыбытак мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты. Пачытаць аб гэтым можаш па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі