Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"
1.37K subscribers
477 photos
19 videos
268 links
@viasnahelp - па валанцёрскіх пытаннях.

@ViasnaSos - для паведамленняў пра затрыманні па адм. і крым. справах, а таксама для кансультацый па факце затрымання і далейшых дзеянняў.

@Zvarot96 - юрыдычная падтрымка Вясны.
Download Telegram
to view and join the conversation
А вы ўжо карыстаецеся @viasna_bot? Калі не, то раім хутчэй усталяваць.

Чым можа дапамагчы бот?

• Аператыўна паведаміць аб затрыманні вашым блізкім і валанцёрам.
• Перадаць інфармацыю аб затрыманні іншага чалавека.
• Падрыхтавацца да суду.
• Атрымаць дапамогу ў афармленні скаргаў.
• Звярнуцца па дапамогу адваката.

Для каго?

Для тых, хто збіраецца на мітынг, акцыю ці іншае падзею, звязаную з мірным выказваннем сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Для тых, хто асцерагаецца незаконнага затрымання або затрымання сваіх блізкіх.
Для тых, хто стаў сведкам незаконнага затрымання іншага чалавека.
Для тых, каму пасля незаконнага затрымання прад'явілі абвінавачванне.

Важна! Для таго, каб скарыстацца ботам, трэба запоўніць свае асабістыя дадзеныя загадзя!
1. Запусціць @viasna_bot.
2. Запоўніць свае дадзеныя: прозвішча, імя, імя па бацьку. Пры жаданні можна дадаць кантакты родных і блізкіх.
3. Стварыць ярлык для бота на галоўным экране, каб мець хуткі доступ пры затрыманні.
4. Падзяліцца гэтай інструкцыяй з як мага большай колькасцю людзей.
5. Пры затрыманні - націснуць на SOS-кнопку і ўся інфармацыя пра вас маментальна будзе ў валанцёраў.
Сёння мы пачынаем серыю публікацый, у якіх збіраемся распавесці, як паводзіць сябе пры затрыманні.

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 1. Пратакол

• Пратакол трэба падпісаць! Кожную старонку. У пустых графах стаў прочыркі.

Лепш падпісаць пратакол, чым калі ў ім потым будзе стаяць пазнака "ад подпісу адмовіўся". Подпісам ты пацвярджаеш толькі факт азнаямлення, і ў цябе ёсць магчымасць пісьмова растлумачыць, што ты не згодзен з пратаколам.

• Вельмі важна: калі не згаджаешся са зместам пратакола, пакінь пра гэта тлумачэнне.

Пратакол можа быць тваім сябрам і дапамагчы на судзе, калі выкарыстоўваць яго для адлюстравання сваёй версіі падзей і ўносіць у яго ўсе парушэнні, якія дапусцілі супрацоўнікі міліцыі пры затрыманні, дастаўленні ў РУУС/РАУС і г. д. (не назваліся, не растлумачылі правы, не паведамілі падставы для затрымання, збілі, груба абыходзіліся, забралі тэлефон і г. д.).

Не хапае месца – прасі аркуш паперы, пранумаруй яго і працягвай пісаць там. Калі не згаджаешся з тым, што міліцыянер напісаў пра цябе ў пратаколе, то знайдзі адпаведны пункт і напішы з чым менавіта не згаджаешся і як было па тваёй версіі*.

Напрыклад, што лозунгаў ты не выкрыкваў_ла, а ішоў_ла зусім па процілеглай ад натоўпу вуліцы.
*няхай гэта не датычыцца неадпаведнасцяў у пратаколах (месца/час), бо гэта абавязак і хіба супрацоўнікаў. Пры іх выяўленні на судзе разгляд будзе перанесены для ліквідацыі недахопаў, а тэрмін у 2 месяцы далей будзе блізіцца да завяршэння.

Пры разглядзе справы суддзі любяць казаць, што ў пратаколе ніякіх заўваг не было з боку асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Не дапусці гэтага, калі табе ёсць што адзначыць!

• Пры складанні пратакола табе павінны растлумачыць правы і абавязкі.

Даць паперку з надрукаваным на ёй пералікам тваіх правоў і абавязкаў не раўняецца тлумачэнню правоў і абавязкаў. Па кожным са сваіх правоў ты можаш задаваць пытанні, удакладняць і прасіць больш дэталёва растлумачыць. Калі супрацоўнік адмовіў, абавязкова пішы пра гэта ў адмысловай графе пратакола.

• Патрабуй копіі пратаколаў (аб адміністрацыйным парушэнні права і аб затрыманні)!

Калі выдаць іх адмаўляюцца, таксама адзнач гэта ў пратаколах. Подпіс аб атрыманні пратаколаў стаў толькі пасля іх атрымання.

Паводле ч. 5 арт. 11.24 ПВКоАП фізічнай асобе, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс, копія пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні выдаецца пад распіску.

Паводле арт. 8.5 ПВКоАП Копія пратакола аб затрыманні выдаецца затрыманаму па яго просьбе.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
Што трэба ведаць, калі вы збіраецеся на акцыю? — Мы паспрабавалі знайсці адказ на гэтае пытанне у нашым падкасце "Вясна прыйдзе".

Удзел у мірных сходах - гэта адно з грамадзянска-палітычных правоў чалавека. Аднак гэта права у Беларусі парушаецца: яго ажыццяўленне пагражае асобе рэпрэсіямі з боку дзяржавы.

Калі вы (альбо вашы блізкія) збіраецеся прыняць удзел у акцыі, вам трэба мець уяўленне аб тых наступствах, з якімі вы можаце сутыкнуцца:

• затрыманне пад час акцыі;
• знаходжанне ў РУУС (РАУС);
• арышт;
• суд

Як могуць разгортвацца падзеі? Якія ў вас ёсць правы?
Якія патрабаванні вы маеце права прад'явіць супрацоўнікам праваахоўных органаў?
Якія заявы можна рабіць у ходзе судовага паседжання?
Як адшукаць месцазнаходжання затрыманага блізкага чалавека?

Уся каштоўная інфармацыя — у дзевятым выпуску падкаста "Вясна прыйдзе".

З кароткім варыянтам гэтай інфармацыі вы можаце азнаёміцца таксама з дапамогай @viasna_bot.

#вяснапрыйдзе
Сябры, нагадваем вам пра наш @viasna_bot. Калі вы ўжо ўсталявалі наш дадатак, то парэкамендуйце, калі ласка, зрабіць тое ж самае ўсіх родных і блізкіх. Беражыце сябе!

Чым можа дапамагчы бот?

• Аператыўна паведаміць аб затрыманні вашым блізкім і валанцёрам.
• Перадаць інфармацыю аб затрыманні іншага чалавека.
• Падрыхтавацца да суду.
• Атрымаць дапамогу ў афармленні скаргаў.
• Звярнуцца па дапамогу адваката.

Для каго?

Для тых, хто збіраецца на мітынг, акцыю ці іншае падзею, звязаную з мірным выказваннем сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Для тых, хто асцерагаецца незаконнага затрымання або затрымання сваіх блізкіх.
Для тых, хто стаў сведкам незаконнага затрымання іншага чалавека.
Для тых, каму пасля незаконнага затрымання прад'явілі абвінавачванне.

Важна! Для таго, каб скарыстацца ботам, трэба запоўніць свае асабістыя дадзеныя загадзя!
1. Запусціць @viasna_bot.
2. Запоўніць свае дадзеныя: прозвішча, імя, імя па бацьку. Пры жаданні можна дадаць кантакты родных і блізкіх.
3. Стварыць ярлык для бота на галоўным экране, каб мець хуткі доступ пры затрыманні.
4. Падзяліцца гэтай інструкцыяй з як мага большай колькасцю людзей.
5. Пры затрыманні - націснуць на SOS-кнопку і ўся інфармацыя пра вас маментальна будзе ў валанцёраў.
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як весці сябе пры затрыманні. Пачытайце, калі ласка, ды пакажыце сваім родным і блізкім. Беражыце сябе

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 2. Тэлефанаванні

У выпадку твайго затрымання, ты маеш права патрабаваць, каб міліцыянеры паведамілі пра факт затрымання тваім блізкім ці твайму наймальніку. Зрабіць гэта міліцыянеры абавязаны цягам 3-х гадзін. Калі табе адмаўляюць у гэтым патрабаванні, трэба пазначыць у пратаколе: "Паведаміць бацькам аб маім затрыманні супрацоўнікі РАУС адмовіліся".

На патрабаванне, каб табе дазволілі зрабіць асабісты званок па тэлефоне, ты можаш атрымаць як дазвол, так і адмаўленне. Абодва варыянты - у межах закону. У супрацоўнікаў міліцыі ёсць права вырашаць: дазволіць асабістае тэлефанаванне ці адмовіць у гэтым.

У той час, калі затрыманага вязуць у аўтазаку да РАУС, у яго звычайна з'яўляецца магчымасць патэлефанаваць або адправіць паведамленне сваім блізкім. Гэта не супярэчыць закону. У РАУС у 95% выпадкаў тэлефон адбяраюць.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як весці сябе пры затрыманні. Пачытайце, калі ласка, ды пакажыце сваім родным і блізкім. Беражыце сябе.

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 3. Апытанне, допыт, іншыя размовы ў пастарунку

• Не намагайся разабрацца ў тыпах гэтых размоў. Запомні галоўнае: у цябе ёсць права не сведчыць супраць сябе і блізкіх сваякоў.

• Залатое правіла! Калі чагосьці не ведаеш ці ў нечым не ўпэўнены_ая, лепш сказаць “не ведаю”, “не помню”, а яшчэ лепш маўчаць. Усё, што ты скажаш, будзе выкарыстана супраць цябе - на жаль, гэта факт.

• Пры размове з супрацоўнікам праваахоўных органаў будзь ветлівым_ай, не сварыся. Трымай рукі перад сабой. Не дакранайся да міліцыянера. Нават калі ты проста эмацыйна махаеш рукамі, могуць абвінаваціць у непадпарадкаванні – гэта артыкул. А бойка – крымінал да пяці гадоў.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як весці сябе пры затрыманні. Пачытайце, калі ласка, ды пакажыце сваім родным і блізкім. Беражыце сябе.

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 4. Ператрус і дагляд асабістых рэчаў

Асабісты ператрус павінен праводзіцца ў прысутнасці 2 панятых. Панятыя не могуць быць супрацоўнікамі міліцыі. Без пастановы і панятых могуць абшукваць, калі ёсць падставы падазраваць, што ў цябе ёсць зброя.

Дагляд рэчаў (не блытаць з ператрусам!) праводзіцца ў тваёй прысутнасці. Закон не абавязвае супрацоўнікаў міліцыі праводзіць дагляд рэчаў пры панятых, тым не менш, ты можаш гэта прапанаваць, каб пазбегнуць спрэчных сітуацый. Калі табе спрабуюць прыпісаць нешта, чаго не было ў тваіх рэчах, напішы пра гэта ў пратаколе ператрусу.

• У пратаколе асабістага ператрусу пазнач усе апісаныя рэчы як мага дакладней. Пішы інвентарны нумар тэлефона, калі ёсць манеты – намінал манет і іх колькасць, нататнікі, алоўкі – пазначай усё.

• Калі цябе абшукваюць без пастановы і панятых, не згаджайся, але не супраціўляйся.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як весці сябе пры затрыманні. Пачытайце, калі ласка, ды пакажыце сваім родным і блізкім. Беражыце сябе.

Затрыманне – непрыемны досвед, і мы спачуваем, калі табе давялося яго перажыць. Не панікуй і помні пра свае правы і абавязкі.

Частка 5. Збіццё супрацоўнікамі міліцыі

• Калі гэта здарылася, трэба сабраць як мага больш доказаў для далейшага разбіральніцтва: калі гэта нехта бачыў_ла ці ехаў_ла з табой у аўтазаку, даведайся імя, прозвішча гэтага чалавека, нумар тэлефона. Звяжыся з ім/ёй потым і прасі быць сведкам_кай.

• Пасля дастаўлення ў аддзяленне адразу паведамі пра гэта дзяжурнаму ці супрацоўніку міліцыі, які цябе апытвае. Прасі ўсё адлюстраваць у пратаколе ці зрабі гэта самастойна ў графе заўваг. Папрасі даць накіраванне на судова-медыцынскую экспертызу.

• Папрасі таксама даць паперу і асадку для складання скаргі на імя пракурора. Скаргу перадай дзяжурнаму, каб ён яе зарэгістраваў і накіраваў пракурору.

• Калі цябе затрымаюць да суда ў ЦІП ці ІЧУ, паведамі супрацоўніку дадзенай установы аб тым, што ў цябе ёсць пабоі, патрабуй іх зафіксаваць.

• Калі неабходна, патрабуй выклікаць хуткую! Паўтарай сваю просьбу, калі яе не задаволяць адразу; зазвычай, выклікаюць не адразу.

• Калі
хуткая прыедзе, патрэбна, каб цябе забралі для абследавання. Сустрэнься з блізкім ці сябрам/сяброўкай, усё дэталёва распавядзі яму/ёй, каб той/тая пайшоў_ла ў пракуратуру і аформіла заяву аб збіцці.

* Іншыя вартыя парады пра тое, што рабіць, калі цябе прывезлі ў пастарунак, шукайце ў нашым боце @viasna_bot, а для таго, каб бот быў заўсёды пад рукой, раім яго ўсталяваць! Пра тое, для каго створаны бот і чым ён можа дапамагчы, чытайце ТУТ!

#viasna_bot
❗️Нагадваем кантакты "Вясны" на выпадак затрыманняў

Паведамляйце пра выпадкі затрыманняў нам на тэлеграм-бот: t.me/viasna_bot ці на гарачую лінію:
📞+375 44 734 45 51, +375 29 835 94 49
📱Тэлеграм 👉 t.me/ViasnaSOS, t.me/SosViasna

❗️Чат дапамогі сваякам затрыманых ад валанцёраў "Вясны": t.me/help_people_belarus

📕Кантакты праваабаронцаў у рэгіёнах 👉 bit.ly/3fatNEj
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску 👉 bit.ly/2QtTdT4
Пачынаем серыю публікацый, прысвечаных таму, як падрыхтавацца да суда.

Частка 1. Як цябе могуць выклікаць у суд?

Выклік у суд ажыццяўляецца з дапамогай позвы. Позва - гэта дакумент, у якім указана:
- хто выклікаецца
- у якасці каго выклікаецца
- куды выклікаецца
- да каго выклікаецца
- наступствы няяўкі без паважлівых прычын.

Позва можа быць уручана табе 3-ма рознымі спосабамі:

1) позву могуць прынесці дадому і ўручыць табе пад распіску

• Калі цябе не заспелі дома, позву могуць уручыць поўнагадоваму сваяку/начальніку/дэкану і г.д.
• Калі цябе не заспелі дома і кінулі позву проста ў паштовую скрыню, а суд адбыўся ў тваю адсутнасць, ты можаш абскардзіць вынесеную пастанову, давёўшы, што ты не бачыў і не забіраў позвы.

2) позва можа быць агучана па тэлефоне

• Пацікаўся, хто з табой размаўляе, і запішы яго дадзеныя
• Калі званок робіцца са схаванага ці невядомага нумара, выкажы сумневы ў тым, што ён сапраўды належыць МУС, папрасі даслаць позву
• Лепш не адказваць на званкі з невядомых і схаваных нумароў.

3) позва можа быць дасланая з дапамогай SMS / паведамлення ў вайбер

• Калі ты не прачытаў SMS, а суд адбыўся ў тваю адсутнасць, ты можаш абскардзіць вынесеную пастанову, давёўшы, што тэлефон не знаходзіўся ў тваім валоданні
• Калі ты быў за мяжой з адключаным роўмінгам, то адпраўнікі SMS убачаць, што апавяшчэнне не дастаўленае, а суд адбыўся ў тваю адсутнасць, ты можаш абскардзіць вынесеную пастанову

Увага: Калі позву на суд уручае супрацоўнік РАУС пасля затрымання - гэта незаконна і не мае юрыдычнай сілы. Паўнамоцтвам паведамляць аб часе і месцы суду валодаюць самі суды альбо іншыя органы, якія могуць разглядаць справу. Гэта не РАУС.

Што пагражае, калі позва атрыманая, а на суд не ідзеш
- цябе могуць падвергнуць прыводу
- цябе могуць пакараць штрафам або арыштам, але дэ-факта гэтага амаль не адбываецца.

* Шмат іншай карыснай інфармацыі вы можаце знасці ў @viasna_bot. Усталёўвайце ды карыстайцеся.
Працягваем серыю публікацый, прысвечаных таму, як падрыхтавацца да суда.

Частка 2. Што варта зрабіць падчас падрыхтоўкі справы

1. Запатрабуй не толькі азнаямлення, але і тлумачэння сваіх правоў і абавязкаў.

2. Уважліва прачытай пратакол. Памятай, што абставіны ў пратаколе не павінны засноўвацца на здагадках. Унясі туды ўсе свае пярэчанні. Пасля гэтага падпішы пратакол. Адмаўляцца падпісваць пратакол няма сэнсу: ён мае юрыдычную сілу і без твайго подпісу.

3. Знайдзі адваката або хадайнічай перад судом, каб твае інтарэсы прадстаўляў хтосьці з блізкіх сваякоў (юрыдычная адукацыя ў гэтым выпадку неабавязковая):
- заключыць дамову з адвакатам можа любы: не абавязкова сам чалавек ці блізкі сваяк
- сярэдні памер ганарару адваката каля 100 $
- удзел адваката не гарантуе памяншэнне памеру штрафу або пазбаўленне ад арышту, асабліва калі гэта тычыцца палітычнай справы

4. Азнаёмся з матэрыяламі справы перад паседжаннем (у той жа дзень ці за 2-3 дні) Для гэтага трэба звярнуцца ў канцэлярыю суда. Па матэрыялах справы:
- падрыхтуй пазіцыю абароны; лепш зрабі гэта пісьмова – у выглядзе заявы, каб далучыць яе ў судзе да матэрыялаў справы;
- калі патрэбна, патрабуй выклікаць сведак па справе;
- аформі карысныя для суда дакументы;
- пазнач усе памылкі і разыходжанні: напрыклад, розныя месца/час, , месца жыхарства сведкі і інш.

Ведай свае правы: падчас адміністрацыйнага працэсу ты можаш:
• адмовіцца ад дачы тлумачэнняў;
• прадстаўляць доказы;
• заяўляць адводы і хадайніцтвы;
• мець абаронцу з моманту адміністратыўнага затрымання;
• падаваць скаргі на дзеянні суддзі.

* Шмат іншай карыснай інфармацыі вы можаце знасці ў @viasna_bot. Усталёўвайце ды карыстайцеся.
Апошняя частка з серыі публікацый, прысвечаных таму, як падрыхтавацца да суда.

Частка 3. Як сябе паводзіць на судзе?

1. Вызначыся са сваёй пазіцыяй:
- або ты прызнаеш, што ўдзельнічаў у акцыі,
- або кажаш пра тое, што выпадкова праходзіў міма.
Калі кажаш, што ўдзельнічаў, гавары, што ты нічога не парушаў, а рэалізоўваў свае правы. Калі кажаш, што ты ішоў міма, то памятай, што ў судзе павінна быць дакладна даказана твая віна.

2. Паколькі разгляд адміністраіыўных спраў у судах адкрыты, запрашай з сабой на паседжанне сяброў, сваякоў, журналістаў і іншых.

3. Вядзі аўдыёзапіс судовага паседжання з самага яго пачатку без папярэджання, каб зафіксаваць магчымыя парушэнні, даслоўныя рэплікі суддзі, і потым скласці добрую скаргу ў выпадку неабходнасці.

4. Калі ты выкладаеш факты парушэнняў з боку супрацоўнікаў, можаш звярнуць увагу суддзі на незаконнасць вядзення адміністратыўнага працэсу, папрасіць пракаментаваць гэты прынцып.

5. Заяўляй хадайніцтвы:
- аб выкліку сведкаў,
- далучэнні да матэрыялаў справы доказаў (відэа, фота, скрыны і інш.),
- сваіх тлумачэнняў у пісьмовым выглядзе і г.д.

Выкарыстоўвай усе магчымыя інструменты, якія могуць істотна павялічыць твае шанцы на абарону. Нават калі хадайніцтвы не задаволяць, гэта дае падставу для паспяховага абскарджвання пастановы і яе адмены.

6. Калі ў якасці сведак выступаюць міліцыянты, але яны адсутнічаюць на пасяджэнні, настойвай на тым, каб суд іх вызваў і апытаў. Сам пытайся ў іх:
- як яны цябе пазналі?
- што ты рабіў?
- ва што быў апрануты і г.д.

7. Паведамі суду, калі ў цябе ёсць абставіны, якія змягчаюць адказнасць:
- чыстасардэчнае раскаянне
- добраахвотнае пакрыццё або ўстараненне нанесенай шкоды
- наяўнасць на ўтрыманні малалетняга
- цяжарнасць
-добраахвотнае спыненне супрацьпраўных паводзін і г.д.

8. Пасля вынясення пастановы аб адміністратыўным правапарушэнні прасі выдаць копію пастановы адразу.

9. Калі цябе штрафуюць, прасі скласці матывавальную частку судовага рашэння адразу.

10. Калі суд праходзіць па Skype, заяві пра тое, што ў заканадаўстве няма такой формы правасуддзя – то бок яно незаконнае. І такім чынам твае працэсуальныя правы вельмі абмяжоўваюцца. Але ўсё роўна заяўляй хадайніцтвы, якія суд мусіць задаволіць і перанесці паседжанне да іх выканання: запрашэнне сведкаў, адвядзенне часу для падрыхтоўкі доказаў і г.д.

11. Цягам 3 дзён пасля суду азнаёмся з пратаколам судовага паседжання, усё адлюстраванае там параўнай з рэчаіснасцю (спатрэбіцца аўдыёзапіс паседжання), унось свае каментары.

* Шмат іншай карыснай інфармацыі вы можаце знасці ў @viasna_bot. Усталёўвайце ды карыстайцеся.
Пакрокавая інструкцыя па папаўненню рахунку зняволенага(-ай) у СІЗА альбо турме праз інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг.

1. Знайсці і ўдакладніць актуальнасць адраса чалавека, які змяшчаецца пад вартай. Калі гэта палітвязень, то зрабіць гэта можна тут https://prisoners.spring96.org/. Большы спіс можна знайсці тут https://dissidentby.com/

2. Заходзім у банкінг, выбіраем "АДВОЛЬНЫ ПЛАЦЕЖ", далей — рэквізіты для дадзенага СІЗА ці калоніі.

3. Запаўняем прозвішча, імя, імя па бацьку асуджанага. Таксама пішам прызначэнне плацяжу: "для асабістых патрэб зняволенага".

Рэквізіты месц зняволення:

СІЗА-1, Мінск, Валадарка

УНП: 100744291
код BIC: AKBBBY2X
IBAN: BY83AKBB36429632420025400000

СІЗА-2, Віцебск

УНП: 300007642
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY38BAPB36429030006820000000

СІЗА-3, Гомель

УНП: 490313877
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY31BAPB36429000005630000000

СІЗА-6, Баранавічы

УНП: 200149866
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY43BAPB36429470000110000000

СІЗА-7, Брэст

УНП: 200292322
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY49BAPB36429921800110000000

Турма-1, Гродна

УНП: 590003691
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY81BAPB36429050005540000000

Турма-4, Магілёў

УНП: 790194835
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY74BAPB36429017000260000000

Турма-8, Жодзіна

УНП: 600039282
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY39BAPB36422180500100000000

ІК-1, Наваполацк

УНП: 391766176
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY49BAPB36429030004420000000

ІК-2, Бабруйск

УНП: 790186573
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY11BAPB36429340700360000000

ІК-3, Віцьба

УНП: 300242437
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY74BAPB36429030006020000000

ПК-15, Вейна

УНП: 790159378
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY25BAPB36429012000460000000

ПК-22, Даманава

УНП: 200304630
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY49BAPB36429582300110000000

*Грошы даходзяць на працягу некалькіх сутак. Зняволены(-ая) атрымлівае бланк пераводу, распісваецца ў ім і з таго моманту можа выкарыстоўваць гэтыя грошы пры атаварцы, якая адбываецца раз на 2 тыдні.

**Сума, якая можа знаходзіцца на рахунку падследнага(-ай) у ізалятары і якую можна выкарыстаць, не абмежаваная. Пры пераводзе ў іншы ізалятар сума на рахунку пераходзіць разам з чалавекам. Пры выхадзе з СІЗА грошы з рахунку можна зняць.

#надапарада
Трошкі інфаграфікі вам ад нашых валанцёраў.
Вынікі святкавання Дня Волі!
Адгадай краіну па выніках свята))
#інфаграфікавясны
Праваабарончы цэнтр “Вясна” шукае валанцёраў і валанцёрак для назірання за судовымі працэсамі па адміністрацыйных і крымінальных справах.

Прысутнасць валанцёраў у судзе важна дзеля таго, каб сабраць поўную і дакладную інфармацыю пра сітуацыю на працэсах і пра вынікі судоў. Інфармацыя, сабраная падчас назірання, публікуецца на сайце "Вясны" і фіксуецца ў маніторынгавых анкетах для далейшай апрацоўкі.

Назіранне адбываецца па буднях з 9.00 да 18.00 у Мінску і іншых гарадах, дзе судзяць затрыманых. Магчыма назіраць толькі частку дня. Валанцёры прысутнічаюць на пасяджэннях і запаўняюць форму па інструкцыі, з якой вас азнаёмяць пасля запаўнення анкеты. Назіранне за судамі – валанцёрская праца і адпаведна не аплочваецца.

Каб далучыцца да назірання, калі ласка, запоўніце форму.
Пасля суда: навошта абскарджваць рашэнне суда

Ты маеш права абскардзіць рашэнне суда, калі з ім не згодны.

Што дае абскарджанне?
- паказвае тваё нязгоду
- дапамагае мяняць практыку і законы
- з'яўляецца актам абароны тваіх правоў
- пакуль доўжыцца абскарджанне, пастанова суда лічыцца не ўступіўшай у законную сілу, а гэта значыць:
• штраф можна пакуль не плаціць;
• * ты лічышся не прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці, і калі цябе ў гэты час затрымаюць паўторна, то штраф можа быць менш, верагоднасць арышту ніжэй.

Не прапусці тэрміны абскарджання:
- калі ў цябе штраф ці папярэджанне, на абскарджанне ёсць 10 дзён. Адлік вядзецца або з дня абвяшчэння, або з дня атрымання копіі пастановы, або з дня атрымання матывіровачнай часткі пастановы суда
- калі ў цябе адміністрацыйны арышт, на абскарджанне ёсць 5 дзён. Адлік вядзецца з моманту абвяшчэння рашэння суда. Падчас адбыцця арышту абскардзіць рашэнне суда амаль немагчыма, таму калі ты вызвалішся, трэба хадайнічаць аб аднаўленні тэрмінаў абскарджання і абскардзіць рашэнне на працягу 5 дзён пасля выхаду з "сутак".

Пасля суда: як абскардзіць рашэнне суда

Для абскарджання рашэння суда трэба падаць скаргу. Скласці скаргу ты можаш сам, а можаш звярнуцца ў праваабарончую арганізацыю, да юрыста або да адваката, якія дапамогуць табе ў гэтым.

Парадак дзеянняў пры абскарджанні:
1. Збяры
неабходныя дакументы:
• вазьмі
пастанову (рашэнне) суда. Калі пастанову табе не выдалі на рукі адразу пасля пасяджэння, то трэба ўдакладніць у сакратара, калі яе можна забраць, ці пакінуць заяву на высылку пастановы поштай.
Заўвага: калі пастанова кароткая, у ёй не апісаны дэталі тваёй справы, не прыведзены доказы віны, то напішы заяву на выраб матывіровачнай часткі судовай пастановы. Як напісаць такую заяву табе павінен растлумачыць сакратар суддзі або супрацоўнік канцылярыі суда.
прыкладзі квітанцыю аб аплаце дзяржаўнай пошліны.

2.
Падай скаргу:
Для гэтага абяры адзін з наступных варыянтаў:
• Запоўні гугл-форму праз наш ТГ-бот @viasna_bot. Для гэтага зайдзі ў раздзел «Што рабіць пасля затрымання» і абяры «вынік суда + абскардзіць». Мы дапаможам са складаннем і падачай скаргі.
• * Падай скаргу самастойна

3. Дачакайся разгляду скаргі і рашэння па ёй
На разгляд скаргі цябе запросяць (звычайна праз SMS), але прысутнічаць неабавязкова. У любым выпадку суд дашле рашэнне па скарзе на ўказаны адрас.

Важна ведаць:
- рашэнне суда абскарджваецца ў вышэйшым судзе, але накіроўваецца праз суд, які вынес рашэнне, г. зн. у самой скарзе указваецца вышэйшы суд (напрыклад, абласны), а скарга або ліст са скаргай накіроўваецца ў суд, які вынес рашэнне (напрыклад, раённы).
- зручней за ўсё скаргі адпраўляць поштай, заказным лістом. Важна, каб дзень адпраўкі (паштовы штамп на канверце) быў не пазней апошняга дня абскарджання. Гэта значыць, важна паспець адправіць скаргу да заканчэння тэрміну абскарджання.
⚡️Па меншай меры 105 чалавек асуджана ў сакавіку па палітычных крымінальных справах.

❗️53 чалавекі былі пазбаўленыя волі — гэта 50% ад усіх вынесеных прысудаў
❗️Агулам у сакавіку прысудзілі 176 гадоў і 7 месяцаў пазбаўлення волі
❗️Не менш чым 16 жанчынам суды прызначылі розныя пакаранні
❗️2 непаўнагадовых хлопца пазбаўленыя волі на 3 гады кожны
❗️Самы вялікі тэрмін зняволення атрымаў Аляксандр Троцкі — 10 год пазбаўлення волі

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3fyllyP