ВЯЧОРКА
999 subscribers
774 photos
92 videos
9 files
364 links
Беларуская палітыка і культура
Download Telegram
Пра Маскву. Як і многія, я ўчора сачыў за падзеямі ў Расеі праз лайв Настоящего времени і тэлеграм-канал "Протесты в мире". Вельмі перажываў: многіх сяброў забралі яшчэ падчас мінулай акцыі, і ад гэтай нічога добрага не чакалася... Некалькі момантаў, якімі хачу падзяліцца:

1. Паліцыя і нацгвардыя была выдатна падрыхтаваная, у адрозьненьне ад актывістаў, спрацавала зь ювэлірнай дакладнасьцю. Прэвэнтыўна затрымалі арганізатараў, любыя буйныя групы адразу ж расьсякалі і выціскалі з адкрытай прасторы, гасілі спробы актыўнасьці, хутка перагрупіраваліся, калі пратэстоўцы зьмянілі месца збору. Не выключаю, што кіраўнікі "пацыфікацыі" вывучылі і беларускі досьвед, многія прыёмы знаёмыя, ды й не сакрэт, што спэцслужбы супрацоўнічаюць.

2. Шрайбман піша, што ня памятае такой жорсткасьці з боку міліцыі ў Беларусі. Было, і ня раз. Разгоны пратэстаў 2010 году, маўклівых акцыяў 2011, Дня Волі 2017 былі ня менш брутальныя, але ў адрозьненьне ад Масквы, ня трапілі ў аб'ектывы рэпартэраў. Ужо пост-фактум мы даведваліся пра паламаныя ногі і разьбітыя галовы, і зьверствы ў аўтазаках.

3. Пратэст у Маскве сапраўды быў мірны, што і трэба было паказаць. У фэйсбуку абураюцца, маўляў, людзі стаялі з тэлефонамі і не вызвалялі сваіх паплечнікаў з лап нацгвардыі і паліцыі. Якраз-такі, любы гвалт з боку ўдзельнікаў даў бы карт-блянш уладам на татальную зачыстку, і скончыўся б не адной крымінальнай справай. Я ўражаны дысцыплінаванасьцю пратэстоўцаў, і працай карэспандэнтаў, якія прабіваліся скрозь ачапленьні АМАПу, каб паказаць кадры зьверскага зьбіцьця ляжачых і бяззбройных людзей. Здаецца мне, зараз пуцінскія ўлады возьмуцца за журналістаў, і аднымі папярэджаньнямі ня скончыцца.

4. Тое, што адбываецца ў Маскве, мае ўскосны ўплыў на Беларусь. Беларусы жывуць у расейскім інфармацыйным полі, сочаць за палітыкай у Расеі, глядзяць Навальнага і Дудзя. Як і перамога Зяленскага ва Ўкраіне, пратэсты ў Маскве палітызуюць онлайн-дыскусію, кагосьці злуюць, але збольшага натхняюць моладзь. Акрамя таго, пакуль Крэмль заняты унутранымі праблемамі, яму будзе не да Беларусі. І гэта добра. Увогуле, перамога лібэральных і прадэмакратычных сілаў у Расеі — выгадна Беларусі. Рэжымы маюць сымбіятычныя адносіны, крах Пуцінізму мог бы прывесьці да краху Лукашэнкі.

5. Ну і наконт выбараў. Юры Дракахруст лічыць, што беларусам трэба ўдзельнічаць у выбарах, бо менавіта выбары вывелі Маскву на вуліцы. А вось гэта ня факт. Усе беларускія пратэсты апошніх 8 гадоў (пасьля 2010) не былі зьвязаныя з выбарамі. Улады ведаюць, як працаваць з выбарамі, рассварыць апазыцыю і каналізаваць пратэст. Чаго яны баяцца — новых сцэнароў і спантанных выступаў, як адбылося з дармаедамі. Мы ня ведаем, што стане іскрай для наступнага масавага пратэсту ў Беларусі, але гэта можа адбыцца ў любы момант, і бяз выбараў
Гэта будуць самыя сумныя, шэрыя і безаблічныя «выбары». І няважна, будуць удзельнічаць партыі ці ігнараваць, пусьцяць апазыцыю ў эфір ці не, і нават няважна, колькі апазыцыянэраў прызначаць у Палату — двух ці нават чацьвярых.

Абвяшчэньне даты выбараў ня толькі ня стала топавай навіной, а не зачапіла нават самую палітызаваную публіку форумаў і чатаў. Нават заўсёднікі выбарчых кампаніяў і патэнцыйныя кандыдаты паленаваліся пракамэнтаваць, здаецца, галоўную палітычную падзею восені.

У грамадзтве, здаецца, сфармаўся кансэнсус: парлямэнт у Беларусі дэкарытыўны, не вырашае нічога, а выбары — рытуал, з загонамі і фальсыфікацыямі. Усё настолькі прадказальна, што гэта навіна выклікае не энтузіязм, а лёгкае раздражненьне.

Ёсьць і аб’ектыўныя чыньнікі. Палітычныя партыі, як дэмакратычныя так і праўладныя — у хранічным крызісе, актывістаў няма, грошай таксама. Цікава, што «Белая русь», якая так і не набыла статусу партыі, знаходзіцца ў такім жа крызісе, як рэсурсным, так і маральным. Ажывіць выбарчую кампанію маглі б нейкія нестандартныя кандыдаты, лічбавыя інфлюэнсэры, блогеры, Ганна Бонд ці Эдуард Пальчыс — але сутнасьці рытуалу гэта не памяняе.

Увогуле, усе пратэсты апошніх гадоў не былі зьвязаныя з выбарамі, а хутчэй наадварот. Грамадзтва хутчэй змабілізуецца вакол Акумулятарнага заводу, АЭС ці новых правілаў прызыву, чым вакол «выбараў».

У Беларусі толькі адныя выбары маюць сэнс і ствараюць палітычны рэзананс, выклікаюць пратэсты — прэзыдэнцкія.
4 аргумэнты прыхільнікаў «удзелу», якія не працуюць.

Ахвотнікі ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах не парэчаць: выбараў няма, галасы ня лічаць, і адпаведна шанцаў перамагчы няма. Але прыводзяць чатыры аргумэнты, чаму ўдзельнічаць трэба

1. Удзел у выбарах — піяр для партыі

Маўляў, выбараў няма, але нас будуць ведаць, пазнаваць і ў адзін сьветлы дзень на свабодных выбарах прагаласуюць. І выбары даюць выдатную нагоду для паблісіці. Давайце возьмем за крытэр колькасьць згадак у мэдыях: кампанія «Гавары праўду», якая ўдзельнічае ва ўсіх ў выбарах ад 2010 году, дэманструе адмоўную дынаміку. 2010-2011 — 858 згадак, 2012-2013 - 657, 2014-2015 — 387, 2016-2017 — 350, 2018-2019 — 109. Палітычныя партыі — не віно, і з часам ня становяцца лепшымі.

2. Выбары даюць магчымасьць разносіць свае ідэі і размаўляць зь людзьмі

Удзельнікі выбараў называюць сябе не кандыдадамі, а «сьпікерамі», ходзяць ад дзьвярэй да дзьвярэй, размаўляюць зь людзьмі, кідаюць улёткі ў скрынкі.

Вельмі высакародна, але два пытаньні:
1) што замінае займацца асьветніцкай дзейнасьцю, без рэгістрацыі кандыдатам, у перапынках паміж выбарамі, якія і так ні на што не ўплываюць.
2) Ці сапраўды вы лічыце, што ў 2019 годзе папяровыя ўлёткі працуюць? У Беларусі 73% ўваходзць у інтэрнэт штодня, гэта ўдвая больш, чым тых хто адкрывае газэты за месяц.
Паглядзіце на выбарчыя кампаніі ў суседзяў — асноўная агітацыя адбываецца альбо праз сацсеткі (Малдова, Літва, у меншай ступені — Ўкраіна). Магчыма, справа ў тым, што эфэктыўнасьць улётак замераць немагчыма, а вынік працы ў інтэрнэце — адразу бачна. За 10 гадоў выбарчых кампаніяў на старонкі Гавары праўду падпісаліся 3500 чалавек у вконтакте і 2900 у фэйсбуку, зь іх толькі 280 і 190 — актыўныя карыстальнікі, хто ўзаемадзейнічаў хаця б раз на месяц.

3. Далучаюцца новыя актывісты і валянтэры

Сапраўды далучаюцца. Амбітныя, натхнёныя, з жаданьнем нешта мяняць у сваёй краіне. Ім здаецца: а раптам пашанцуе! а раптам прапусьцяць! Яны са скуры вылазяць, каб зрабіць класную кампанію. Як правіла, ярка ды імкліва ўваходзяць у палітычнае жыцьцё — і гэтак жа імкліва расчароўваюцца і сыходзяць. Ці шмат у «Гавары праўду» прыйшло і засталося новых пазнавальных публічных асобаў? Ці сталі іх сустрэчы з актывам больш масавымі? Ці разрасьліся структуры ў рэгіёнах? На мінулую парлямэнцкую кампанію абяцалі закрыць 110 акругаў, здолелі вылучыць толькі 25, а зарэгістравалі ўдвая менш.

4. Праз выбары можна ўплываць на падзеі ў краіне, магчымыя пратэсты.

Пачынаючы з 2000 году парлямэнцкія выбары ў Беларусі не прыводзілі да пратэстаў, а Палата Прадстаўнікоў — не ўплывала на палітычную сытуацыю ў краіне (за выключэньнем дэпутацкай групы Рэспубліка і галадоўкі дэпутатаў у 2004 годзе). Прысутнасьць двух нелукашэнкаўскіх дэпутатаў у Палатцы апошняга скліканьння па вялікім рахунку не прывяла ні да чога. Марзалюк ствараў больш інфармацыйных нагодаў, чым дэпутаткі за апошнія тры гады.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў — гэта старанна адрэпэтаваны рытуал, які мае мала супольнага з палітычным жыцьцём, не вядзе да пераменаў, не мабілізуе масы, і не ўмацоўвае палітычныя арганізацыі

Што ж тады рабіць:

1) Думаць і дзейнічаць нестандартна. Стандартныя схемы і праца па выбарчых цыклях не працуюць. Усё, што паўтараецца, вядзе да прывыканьня і стомленасьці.
2) Выкарыстоўваць і ствараць інфармацыйныя нагоды. Грамадзкая думка фармуецца не падчас выбарчых кампаніяў, а падчас крытычных падзеяў.
3) Нарошчваць уплыў пры дапамозе лічбавых інструмэнтаў і тэхналёгіяў, аб’ядноўваць рэсурсы, будаваць партнэрствы з крэатыўным і бізнэс-сэктарамі.

У сытуацыі, калі выбараў няма, можа быць адзіная мэта -- мабілізацыя пратэстнага электарату.
Як быць добрым беларусам.

Супрацьстаяць імпэрыі і дыктатуры ў адзіночку складана, але ёсьць некалькі простых рэчаў, якія вядуць да вялікіх пераменаў.

1. Прынцыпова і заўжды размаўляйце па-беларуску. Беларуская мова — заўжды актыўная пазыцыя. Нехта вас не зразумее напачатку, але 90% падтрымае і з часам пяройме ваш прыклад. Беларусізуйце бацькоў, сяброў і каханых.

2. Набывайце беларускае. Нішто не ўмацоўвае незалежнасьць як эканоміка. Падтрымлівайце дробны бізнэс, хадзіце на беларускія канцэрты, купляйце рэчы ў symbal.by , Adziennie Honar I LSTR Adzieńnie , ешце і піце ў KALINOUSKI bar, Хуліган і Чапскі бар. Калі нечага беларускага вам на рынку не хапае — адкрыйце бізнэс і займіце нішу.

3. Падарожнічайце і расказвайце пра Беларусь. Заўжды падкрэсьлівайце, зь якой вы краіны (ніколі не кажыце from Russia, нават калі гэта спрашчае задачу). Будзьце нефармальным амбасадарам і наладжвайце сувязі.

4. Абмяркоўвайце палітыку. І ўдзельнічайце ў грамадзкім жыцьці. Займайце пазыцыю, сфармуйце меркаваньне па ўсіх пытаньнях. Спрачайцеся. Перацягвайце людзей на свой бок. Аднадумцаў зашмат не бывае.

5. Будзьце сумленныя. Не хлусіце, не мірыцеся зь несправядлівасьцю, не заплюшчвайце вочы. Бараніце слабых, дапамагайце і прасіце аб дапамозе. Падтрымлівайце іншых беларусаў.
Лідзія Ярмошына ня верыць у тэлеграм і сілу блогераў. А я вось веру. І ўпэўнены, што папулярнасьць у сетках лёгка канвэртаваць у палітычны капітал. Подпісы ў справе адтэрміновак былі сабраныя пры дапамозе сацсетак, канцэрты БНР-100 і БНР-101 былі 100% арганізаваныя сіламі актывістаў праз ВКонтакте і Тэлеграм. Можна сядзець у нары, і колькі заўгодна адмаўляць зьмены, якія адбыліся ў інфармацыйнай прасторы, але сутнасьці гэта ня зьменіць. Інфармацыйная прастора і грамадзкая думка фармуецца онлайн.

Чытайце нашую дыскусію з @shraibman тут https://www.svaboda.org/a/30107948.html
Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі.

Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году.

https://www.svaboda.org/a/30109749.html
Forwarded from PALCHYS
Пока вы все отдыхаете, ещё раз напомним, что с осени начинается политическо-культурный-общественный движ аж на целый год. Вот вам условное расписание:

7 сентября 2019 - открытие памятника Гедымина в Лиде

6-8 сентября 2019 - празднование тысячелетия Бреста

октябрь 2019 - третья перепись населения Беларуси

29 октября 2019 - "Ночь расстрелянных поэтов" в Куропатах

ноябрь 2019 - перезахоронение Калиновского в Вильне

17 ноября 2019 - выборы в Палатку (он же "Парламент" или "Палата Представителей"

декабрь 2019 - запуск первого энергоблока беларуской АЭС в Островце (предположительно)

25 марта 2020 - День Воли и БНР102

июль 2020 - запуск второго энергоблока беларуской АЭС в Островце (предположительно)

лето 2020 - поступление в университеты и магистартуру начнётся с учётом "закона об отсрочках"

август 2020 - очередные "президентские выборы" (предположительно)
Пару дзён назад мне званілі з Гугла. Спачатку я падумаў, што ўкраінскі офіс, бо нумар адсьвяціўся ўкраінскі. Я перайшоў на ўкраінскую, але мяне папрасілі гаварыць па-расейску, сказалі, што з Масквы.

Сказалі, што сыстэма Google Adwords не падтрымлівае беларускай мовы, а таму відэа Радыё Свабода па-беларуску будуць зьнятыя з сыстэмы. Цягам 2019 мы больш за 50 разоў спрабавалі парэклямаваць відэа на беларускую аўдыторыю, але заўжды заварочвалі: «язык не поддерживается». На маё пытаньне, чаму некалькі відэароліках ўсё ж прапусьцілі, дзяўчына сказала, што прапускалі па памылцы, і разьбяруцца, хто ж гэта прапускаў… Як выйсьце, прапанавалі рабіць відэа па-расейску ці па-ўкраінску, ці хаця б зрабіць расейскія субтытры…

Такая праблема ня толькі ў Радыё Свабода і ня толькі ў Google Adwords. З падобным сустракаюцца і Наша Ніва, і Белсат, і ePramova — і ўсе беларускамоўныя каналы на ютубе. Усіх заварочваюць з адным аргумэнтам: мова не падтрымліваецца!

У адрозьненьне ад Фэйсбуку і Інстаграму, Google упарта адмаўляецца прызнаваць існаваньне беларускай мовы ў цэлым шэрагу інструмэнтаў. Па-ранейшаму, Google News не прызнае беларускую мову. Хочаце быць у навіннай стужцы? Пішыце па-расейску!

З аднаго боку дэкляруюць падтрымку ў барацьбе з расейскай дэзынфармацыяй і фэйкамі, а зь іншага боку — штурхаюць нас у расейскамоўную прастору, у якой у нас мала шанцаў канкураваць з багатым і праплачаным расейскамоўным кантэнтам.

Што рабіць?
1. Скардзіцца ў Google і патрабаваць падтрымкі беларускай мовы
2. Ствараць кантэнт па-беларуску, карыстацца пошукавай сыстэмай па-беларуску?
3. Выбіраць беларускую мову ў наладках
Усё пачалося 5 год таму — з захапленьня ўкраінскімі пратэстамі, зь непераадольнай упартасьці Паўла Белавуса, і вядома, з вышымаек. Простая ідэя, яшчэ прасьцейшая — рэалізацыя. Я зрабіў той самы першы дызайн, мы надрукавалі 200 маек для бясплатнай раздачы. Хто б мог падумаць — што гэтыя майкі пакладуць пачатак цэлай хвалі беларусізацыі грамадзтва, масавай культуры і бізнэсу.

Калі вышымайкам стала мала месца ў тусоўцы актывістаў, Паўлам быў створаны брэнд Symbal.by, задачай якога стала пашыраць Беларушчыну на масавую аўдыторыю. Symbal.by — абсалютны фэномэн на беларускім рынку і ў грамадзкім сэктары, здолеў ня толькі стварыць моду на беларускае, але і забясьпечыць попыт якаснай прапановай. Магчыма, упершыню, людзі пачалі плаціць грошы за беларускае, а тое, за што заплачана, цэніцца заўжды больш.

Запрашаю сёньня ўсіх у 18:30 сьвяткаваць дзень нараджэньня Symbal.by, у "Пясочніцу". На сьвяце, акрамя ўсяго іншага, прэзэнтуюць майкі "Viva Belarus!" паводле аднайменнага фільму, і цішоткі з сэрыі Упартыя Арты, якую мы стваралі для Радыё Свабода.

Удзельнікі:
- NAVI
- AKUTE
- :B:N:
- DZIECIUKI

18:00 - 23:00, Пясочніца - уваход вольны!
Я б не чакаў ад сёньняшняга візыту Болтана нейкіх асаблівых вынікаў, паваротаў, зьняцьця санкцыяў. Хоць гэты візыт і плянаваўся яшчэ месяц таму, але будзе мець хутчэй азнаямленчы характар. З Лукашэнкам, наколькі я разумею, Болтан будзе гаварыць бясьпеку межаў, пагрозы з боку Расеі, пра пашырэньне Амбасады ЗША ў Менску, і падзякуе за канструктыўную ролю Беларусі ў міратворчым працэсе ва Ўкраіне. Хаця…. гаварыць будзе хутчэй за ўсё ня Болтан, а Лукашэнка. А Болтан умее слухаць.

Я перасякаўся з Болтанам аднойчы, таксама быў сьведкам яго выступаў у Вашынгтоне. І скажу вам, яго ня так лёгка разьвесьці на саступкі, як эўрапейскіх палітыкаў. Болтан прынцыповы ў пытаньняў правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў, і нават калі гэта ня будзе гучаць уголас сёньня, менавіта гэта можа быць прычынай стрыманага характару сустрэчы. У Дзярждэпартамэнце і ў Белым Доме няма ружовых акуляраў наконт самастойнасьці Лукашэнкі, і пасьля столькіх гадоў мала хто верыць у яго абяцаньні.

Візыт — у нейкай ступені перамога каманды Макея, які цягам апошніх гадоў вёў актыўную працы па інтэнсіфікацыі адносінаў з амэрыканцамі. Сапраўды, дзякуючы яго намаганьням, сёньняшняя сустрэча стала магчымай. І Макей дабіўся, каб зь перамоўчага працэсу была выключаная грамадзянская супольнасьць і прадстаўнікі апазыцыі. Тое, чаго і хацеў Лукашэнка.
Важна! Сустрэча Лукашэнкі і Зяленскага адбудзецца 4 кастрычніка ў Жытоміры. Гэта будзе так званы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Год таму на гэтым форуме ў Гомлі Лукашэнка заявіў Парашэнку, што Гомель “нічым не адрозьніваецца ад цудоўных украінскіх гарадоў”.
Вельмі рады, што ўзнавіліся размовы пра адкрыцьцё беларускай службы Голасу Амэрыкі. Пакуль толькі на вельмі пачатковым узроўні, але ўсё ідзе наперад. Найперш дзякуючы украінскай рэдакцыі Голасу. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.
35-гадовы Аляксей Ганчарук з Чарнігаўшчыны (на мяжы зь Беларусьсю) стане прэм'ерам Украіны. Падчас выбараў выказваў сымпатыі да Парашэнкі, а пасьля яго запрасілі працаваць у Адміністрацыю прэзыдэнта Зяленскага.
Аляксандар Лукашэнка назваў візыт Джона Болтана гістарычным.

Болтан, адказваючы на вітальныя словы Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсьліў, што для амэрыканскага боку важныя “пытаньні правоў чалавека, нераспаўсюджваньня зброі”.
Лукашэнка Болтану ні пакасіць ня даў, ні моркву не прапанаваў, ні на камбайне не павазіў. Якое тут пацяпленьне можа быць...
Цяперашняе пацяпленьне ў адносінах паміж Захадам і афіцыйным Менскам вельмі нагадвае лібэралізацыю 2008-2010 гадоў.

Як і цяпер, тады ў Менск зачасьцілі амэрыканскія госьці, загаварылі пра зьняцьце санкцыяў, Лукашэнку пачалі запрашаць у Эўразьвяз. Грамадзкім арганізацыям далі прастору, можна было свабодна арганізоўваць культурніцкія мерапрыемствы. Ды і хада кампаніі 2010 году была беспрэцэдэнтна свабодная, Някляеў праводзіў канцэрты каля вакзала, пікеты тырчалі на кожным рагу…

Скончылася тая лібэраізацыя 19 сьнежня 2010 году. Брутальным разгонам Плошчы, палітычнай замарозкай і самаізаляцыяй рэжыму аж да 2014 году. Гэта ведаюць у Брусэлі, памятаюць у Вашынгтоне, таму той жа эўфарыі ад «прарыву ў адносінах» ужо няма…
Пра замежныя СМІ альбо Навошта Беларусі Бі-Бі-Сі і Голас Амэрыкі?

Незалежныя мэдыі ў Беларусі можна пералічыць па пальцах. У адрозьненьне ад суседзяў, у нас практычна зьнішчаны мэдыябізнэс, а тыя парасткі, як ІМЕНА ці КуКу, — хутчэй цуд чым тэндэнцыя. Праблемы дзьве, і абедзьве банальныя — грошы і палітыка. Выжыць бяз грантавай ці дзяржаўнай падтрымкі фактычна немагчыма, бізнэс у мэдыі не інвэстуе, бо ня хоча браць дадатковыя рызыкі.

Адсутнасьць незалежных мэдыяў кампэнсуюць так званыя "сурагатныя" СМІ — задача якіх часова запаўняць нішы незалежных мэдыяў. Такая вось своеасаблівая гуманітарная дапамога. Пачынаючы з 1950-х гадоў, Радыё Свабода было ці не адзінай крыніцай праўдзівай інфармацыі для беларусаў. Па ідэі, з распадам саўка, Свабода мела спыніць сваё вяшчаньне ў Беларусі, як у Літве ці Баўгарыі, напрыклад. Не спынілі, бо прыйшоў Лукашэнка, закрыў газэту "Свабода", Радыё "101,2", і выкінуў Народную волю з дыстрыбуцыі, і пайшло-паехала...

Цяпер цяжка ўявіць інфармацыйную прастору без стрымаў Свабоды, фільмаў Белсату, ці эфіраў Эўрарадыё. Усе яны розныя, але кожны займае сваю нішу, генэруе кантэнт. Белсат, напрыклад, робіць вострапалітычную журналістыку і расьсьледаваньні, Свабода — асьветны і аналітычны кантэнт, прапагандуе беларускую мову. Свабода не абмяжоўвае выкарыстаньне, наадварот, заахвочвае "крадзеж" свайго кантэнту — менавіта ў гэтым і місія "сурагатных мэдыяў" — спрыяць мясцовым СМІ. Наша Ніва ня можа сабе дазволіць спэцпраекты ці відэа, але можа браць гэта са Свабоды.

На жаль, у адрозьненьне ад той жа Украіны, у нас няма беларускай рэдакцыі Бі-бі-сі, Deutsche Welle, Голасу Амэрыкі — іх называюць міжнароднымі вяшчальнікамі. У адрозьненьне ад "сурагатных", гэтыя зьяўляюцца інструмэнтам публічнай дыпляматыі. А чаму няма? А кажуць, навошта, калі беларусы могуць чытаць рускую службу. Ага — чытаць пра Маскву і Пуціна, нібыта гэтага мала.

Думаю, цяпер найлепшы момант, каб ствараць беларускія рэдакцыі. Неабходна збалянсаваць засільле расейскіх прапагандысцкіх мэдыяў тыпу Спутніка і прарасейскіх тэлеграм-каналаў. Ведаю, што былая амбасадарка Брытаніі Фіёна Гібс уздымала ў Лёндане пытаньне пра беларускую службу Бі-Бі-сі. У рускай рэдакцыі Deutsche Welle працуюць мінімум чацьвёра таленавітых беларускіх журналістаў, якія маглі б весьці беларускую сэкцыю. У рэшце рэшт, пара выправіць самае вялікае непаразуменьне — аднавіць беларускую службу Голасу Амэрыкі. Яна праіснавала адзін год у 1954м, але па нейкіх прычынах спыніла сваё існаваньне. І найпрасьцейшае вырашэньне, для пачатку — адкрыць беларускую сэкцыю ў межах украінскай рэдакцыі, напрыклад.
На гэтым тыдні (ці на наступным) Беларусь наведае Дэйвід Гэйл, намесьнік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаньнях, трэцяя асоба у замежнапалітычным ведамстве ЗША. Гэта найвышэйшы чыноўнік дзярждэпартамэнту, які наведае Беларусь за 20+ гадоў (раней Беларусь наведвалі толькі памочнікі дзяржсакратара, што таксама высокая пасада, асабліва важным быў візыт Уэса Мітчэла летась у 2018).

На практыцы гэты візыт мае нашмат большае значэньне, чым візыт Болтана, без практычных мэтаў і дамоўленасьцяў. Гэйл мусіць канчаткова дамовіцца пра вяртаньне амбасадараў. Штат пасольства можа павялічыцца да 30 дыпляматаў плюс цывільныя супрацоўнікі. Калі ўсё будзе пагоджана, застанецца толькі пытаньне будынку для амбасады: стары ў непрыдатным стане.

Вяртаньне амбасадара ЗША — вельмі важны крок па вяртаньні Беларусі з самаізаляцыі. Хацелася б, каб гэта было толькі пачаткам.