Цыганкоў
672 subscribers
2 photos
1 video
226 links
Віталь Цыганкоў. Публіцыст, аналітык, журналіст. Аглядальнік Радыё Свабода, вядучы праграмы "Двубой" на Белсаце.
Download Telegram
Чаму эмігруюць беларусы (кітайцы, расейцы, туркі)? І ці ёсьць у іх выбар?

Напісаў абстрактна-філасофскі (то бок не зьвязаны з нашай сёньняшняй беларускай сітуацыяй) тэкст пра эміграцыю. Пра тое, чаму зьязджвюць (альбо застаюцца) кітайцы, расейцы, беларусы. Прызнаюся, гэтыя развагі сфармаваліся даволі даўно, а апублікаваў толькі цяпер. Кожны раз думаў – “цяпер не час пісаць на гэтую тэму”. А калі ён – “час”?

“Так вот, с Беларусью есть одна стратегическая проблема. Если с Китаем или даже с Россией нам (мне, во всяком случае) «всё понятно», то с Беларусью — «всё непонятно». Не только Беларусь, но и несколько других стран на разломе цивилизаций, — Турция, Украина, Молдова, Сербия, Венгрия— являются «открытой книгой» с точки зрения их исторических и геополитических перспектив. Это страны, с которыми пока окончательно не понятно, к какой цивилизационной норме они присоединятся, куда развернутся, какой политический режим предпочтут”.

“Люди с иным «культурным кодом» всё-таки имеют какой-никакой выбор: 1.Упорно сражаться за изменение культурного кода большинства своего народа, надеясь, что когда-нибудь он совпадёт с твоим, рискуя нарваться на репрессии или, как минимум, отсутствие карьерных перспектив, 2.Уйти во внутреннюю эмиграцию, не пытаясь ничего изменить в обществе, надеясь, что тебя лично оставят с покое и позволят жить своей жизнью 3.Эмигрировать”.

https://www.sn-plus.com/2021/06/22/vybor-franczuzskogo-kitajcza-ili-filosofskij-razgovor-ob-emigraczii/
"Контрсанкцыі" коратка можна апісаць адной фразай -- "назло маме вушы адмарожу".

Эўропа прапаноўвала “Ўсходняе партнэрства”, іншыя праекты, каб у Беларусі было больш цывілізаванасьці, закону, дабрабыту. Але тыя, хто называе сябе ўладамі, адказваюць -- ні за што, нам вашай цывілізацыі ня трэба, мы адмовімся ад любой дапамогі, бо свае каштоўнасьці гвалту і аграгламуру не прадамо ні за якія грошы. У советскіх собственная гордость

У рамках “Усходняга партнэрства” грошы ішлі на нейкія структурныя ды іншыя праекты пераважна беларускім міністэрствам і чыноўнікам, а не нейкай грамадзянскай супольнасьці. Дзясяткі мільёнаў еўра ішлі з Брусэлю на беларускую памежную інфраструктуру. Цяпер Менск ад усяго гэтага “назло” адмаўляецца. Эўропа не вынясе такога ўдару)
Мэта рэжыму -- расчалавечваньне чалавека

Калі дзяўчына на выпускным вечары ў БДУ падзякавала сваім выкладчыкам, сярод якіх былі і тыя, якія зараз за кратамі – я адразу падумаў: “пасадзяць”.

Ня трэба шмат розуму для такога прагнозу, ёй сапраўды далі 15 сутак за «пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары»

Мне здаецца, гэты выпадак як ніякі іншы красамоўныа характарызуе, з чым на самой справе змагаецца рэжым.
Рэжым змагаецца з чалавечай маральлю, прыстойнасьцю, сумленьнем.

Рэжым кажа – мы не дазволім праяўляць добрыя пачуцьці, удзячнасьць, павагу да сваіх настаўнікаў. Рэжым не змагаецца з апазыцыяй, яны змагаюцца супраць любых праяваў добрых і прыстойных пачуцьцяў у прынцыпе, яны змагаюцца за расчалавечваньне чалавека.

Калі ў вашым асяроддзі ёсьць ябацька, то раскажыце яму пра гэты выпадак. Дзяўчыну пасадзілі, бо яна выказала падзяку сваім настаўнікам за тое, што добра яе вучылі. Гэта не ўдзельнік акцыі пратэсту, нават не журналіст, які робіць сваю працу, не аналітык, які выказвае свае меркаваньні.

Хай ваш знаёмы ябацька сьмела кажа -- “я падтрымліваю, трэба саджаць людзей за тое, што яны шануюць сваіх настаўнікаў”.
Тады вы зразумееце, што вас зь ім падзяляюць не палітычныя разыходжаньні, вас падзяляе стаўленьне да агульначалавечых каштоўнасьцяў.

Хай таварыш Прэйгерман скажа, што дзяўчына праявіла нясьпеласьць і сваём добрым словам пра выкладчыкаў падарвала беларускі сувэрэнітэт. Хай таварыш Мельянцоў скажа, што дзяўчына сваёй прамовай на выпускным падштурхнула Беларусь у бок Расеі. Хай таварыш Іофэ скажа, што тут ня ўсё так адназначна, і вінаваты абодва бакі, і што пасадка гэтай дзяўчыны – гэты вымушаны адказ рэжыму на эўрапейскія санкцыі.

Але як на маю думку, дык няма больш выразнага і чыстага, адназначнага выпадку дэманстрацыі зла. Калі садзяць у турму не палітычнага апанента, не ўдзельніка пратэстных акцыяў – а дзяўчыну, якая сказала добрае слова пра сваіх настаўнікаў.
Расейскія кампаніі ня будуць пастаўляць нафту на «Нафтан», каб не трапіць пад санкцыі ЗША.

“Можна канстатаваць, што даходы Беларусі ад транзыту газу зьменшацца?
--Хутчэй за ўсё, так”

Гэта кароткі сэнс размовы з Тацянай Манёнак, самым карпатлівым беларускім экспэртам у пытаньнях нафты і газу. Калі хочаце больш падрабязна ведаць, што адбываецца ў гэтых сфэрах зараз, то пачытайце ўсё інтэрвію

https://svaboda.azureedge.net/a/31345705.html
Схопяць ці не — гэта ня тая латарэя, у якую хочацца гуляць

Апошнія тыдні, калі ў тэлеграме мне пісалі каменты да маіх допісаў, то кожны другі быў варыяцыяй наконт “беражыце сябе”. Калі мяне незнаёмыя людзі пазнавалі ў Менску, то кожнае першае пытаньне было – “Віталь, а вы яшчэ тут?”

Зьжджаць мне не хацелася. Я шчыра пісаў у сваіх допісах, што «кожную раніцу, калі я прачынаюся гадзін у 9-10, я з задавальненьнем думаю, што сёньня не прыйшлі (прынамсі, з раніцы, калі яны звычайна прыходзяць), і гэты дзень я хутчэй за ўсё правяду на свабодзе». Але я заставаўся да апошніяга, -- і па грамадзкіх (“хто, калі не я”), і па асабістых, сямейных прычынах.

Я ня ведаю, у якіх працэнтах можна ацаніць імавернасьць майго затрыманьня, але відавочна, што незалежна ад маіх дзеяньняў, гэта працэнт кардынальна павялічыўся за апошнія тыдні. Я мог супакойваць сябе, што я не рабіў нічога, за што мяне можна “браць”, я ніколі , нават у жніўні-верасьні не ставіў у свае сацсеткі фоткі з акцыяў (бо падазраваў, чым усё скончыцца) – але ўсё гэта ня мае ніякага значэньня. Цяпер яны спачатку бяруць, -- потым вырашаюць, што б павесіць.

Так што гэта ня тая латарэя, у якую хочацца гуляць – “прыдуць, не прыдуць”. Тым больш што я суткі пабыў там, у гестапа, 12 жніўня, і ляжаньне на каленях у позе эмбрыёна на камнях, а таксама сінякі і лёгкая ЧМТ – гэтага хапіла для асабістага, а не тэарэтычнага разуменьня таго, што там за людзі.

Гэта вельмі простая думка -- за кратамі я не прынясу ніякай карысьці ані сям’і, ані радзіме, ані журналістыцы.
Да таго ж асаблівасьць маёй працы ў тым, што ў журналістыцы для Свабоды я раблю тое (інтэрвію з палітыкамі і аналітыкамі, допісы і блогі на маральна-палітычныя тэмы, даю уласныя ацэнкі і аналітыку), што не патрабуе прысутнасьці ў Беларусі, што можна рабіць з любой геаграфічнай кропкі. А ў новым сезоне з верасьня зноў будзе выходзіць Размова на Белсаце, адным з вядучых якой я зьяўляюся, і, натуральна, што запісвацца яна будзе ўжо не ў Беларусі.

Я не хачу дадаваць у свой допіс пафас і эмоцыі. Хаця калі я заскочыў разьвітацца са сваёй 83-гадовай мамай, да якой я некалькі разоў на тыдзень заходжу, купляю прадукты, мне было балюча адчуваць яе збянтэжанасьць і разгубленасьць. У мяне смяротная хворая сястра і помнік тату, які трэба было паставіць гэтым летам. Паўтаруся, я не хацеў зьяжджаць, і ў Кіеве апынуўся дастаткова выпадкова, паводле прынцыпу не “куды”, а “адкуль”.

Неяк адзін расейскі філосаф спытаўся ў мяне – “А ты не думаў з усяго гэтага саскочыць?” Вы разумееце, пра што ён. Я задумаўся (бо ніхто не задаваў раней такога пытаньня), але хутка адказаў яму – “я не разумею, як гэта магчыма. Гвалтоўна зьмяніць сябе, вылезьці са сваёй скуры, зьмяніць арыентацыю? Не зьвяртаць увагі на навіны, не ўспрымаць боль іншых людзей? Я так не магу.”
Я буду заставацца сабой, буду працягваць. З любога геаграфічнага месца. Місія яшчэ не выкананая.
Праблема беларусаў ня ў тым, што даводзіцца змагацца з Лукашэнкам. Праблема ў тым, што даводзіцца змагацца з Пуціным

Адзін з самых вядомых украінскіх публіцыстаў Віталь Портнікаў расказвае, з кім на самой справе даводзіцца змагацца беларусам, адказвае на пытаньне, што было ня так у жніўні 2020-га, і тлумачыць, чаму Расея не сьпяшаецца даціснуць Лукашэнку.

Портнікаў: “Таму на самой справе ўжо шмат гадоў Беларусь — гэта дзяржава з абмежаваным сувэрэнітэтам. І тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта наступства менавіта гэтага факту. І тыя беларусы, якія задумваюцца і прагнуць зьмены ўлады, павінны разумець: усё, што адбываецца, — гэта наступства таго, што Беларусь — дзяржава з абмежаваным сувэрэнітэтам.
Ттрэба прызнаваць рэальнасьць. Праблема ня ў тым, што даводзіцца змагацца з Лукашэнкам і Пуціным. Праблема ў тым, што даводзіцца змагацца з Пуціным. Лукашэнка — гэта толькі фрагмэнт.

https://svaboda.azureedge.net/a/31356883.html
І цяпер яны паводзяць сябе як хунвэйбіны, якім усё дазволена.

"Раней былі нейкія процівагі хаця б у выглядзе таго ж Міністэрства замежных спраў, якое адстойвала пэўныя адносна лібэральныя рашэньні, тлумачыла, чым могуць абярнуцца рэпрэсіі, фактычна магло нават спыняць іх, як гэта было ў 2017 годзе. Былі нейкія тармазы, аналітычныя запіскі, было нейкае ўзважваньне магчымых нэгатыўных для краіны наступстваў.

Былі нейкія ўмоўныя галубы і ястрабы, якія, вядома, працавалі ў рамках адной сыстэмы і адных аўтарытарных прынцыпаў — але ўсё ж прапаведавалі розныя формы дасягненьня мэтаў. А цяпер той жа міністар замежных спраў Макей, спрабуючы захаваць сваё месца ў новым намэнклятурным раскладзе, першым заяўляе пра зьнікненьне грамадзянскай супольнасьці і пра сьмерць непатрэбнай нікому шматвэктарнасьці.

І цяпер яны паводзяць сябе і стылістычна, і сутнасна як хунвэйбіны, якім усё дазволена. Як апрычнікі. Як людзі, якім у гэтай канкрэтнай сытуацыі ніхто ня можа сказаць «стоп» альбо «давайце падумаем, узважым гэтыя крокі».

Падсумаваў тое, што казаў сёньня ў эфіры Белсату і Свабода прэміюм. І не забывайма, хунвэйбіны кепска скончылі.

https://svaboda.azureedge.net/a/31362700.html
Беларускія дыпламаты як “камісары ў пыльных шлемах”

«Слухайце, ну навошта нам там трымаць кучу дыпламатаў, калі мы наогул з імі не гандлюем, а палітычныя адносіны, дыпламатыя, яна не проста адсутнічае, яна на шкоду дзяржаве…Калі там трэба адзін пасол памочнік, ну пакіньце іх, здыміце ім двухпакаёвую кватэру і хай працуюць. Пойдзе (развіццё супрацоўніцтва) — дадамо. Трэба проста з пункту гледжання жыцця і практыкі да гэтага падысці», — заявіў сёньня Лукашэнка.

Ясна, што ў МЗСе і сярод дыпламатаў ідэйных лукашыстаў амаль няма. Але людзі працягваюць там працаваць – бо страшна сысці і няма куды, і “лепш я, чым нехта горшы на маім месцы” і ўсе астатнія гнілыя аргументы, якія мы добра ведаем.
Але цяпер тыя, хто застаўся ў ведамстве, будуць яшчэ больш актыўна ненавідзець таго, хто сёньня прамаўляў пра двухпакаёвую кватэру.

Бо ў беларускага дыпламата быў які матэрыяльны стымул? Паехаць працаваць у амбасаду, пажадана эўрапейскую. Ты сядзіш у Менску, працуеш у МЗС, дзе за кожнае спазьненьне на пару хвілінаў будзе пакараньне, дзе ў калектыве поўна стукачоў, дзе за кожную ненаўмысную палітычную памылку можна атрымаць спагнаньне – і за ўсе гэтыя пакуты ты атрымліваеш 400-500 даляраў у месяц (а некаторыя маладыя яшчэ менш).

Але ты ведаеш, што калі будзеш добра сябе паводзіць, дойдзе твая чарга, і праз 2-3 гады паедзеш працаваць у пасольства Беларусі, атрымліваючы там 2000 еўра, плюс усялякія даброты (хаця стукачоў вакол менш не стане). Праз наступныя 2-3 гады ў Менску – зноў за мяжу. Ну хаця б ёсьць за што пакутваць у Беларусі, ведаючы пра такі (па беларускіх мерках) прывабны стымул.

А тут Лукашэнка абвяшчае пра скарачэньне дыпламатаў і пра двухпакаёвую кватэру для тых, каго не скароцяць – на дваіх з паслом). Пытаньне матэрыяльнага стымулу зьнікае як міраж, як зьнікла месца пасла ў Італіі для Анатоля Глаза. І якія пачуцьці павінны цяпер мець беларускія дыпламаты да Лукашэнкі?

Бо гэта раней чыноўнікам дзяржаўнага апарату давалі за адданасьць розныя пернікі, -- а цяпер прыйшоў цяжкі час, калі, магчыма, давядзецца ў рамках вернасьці “дзяржаве і прэзыдэнту” папрацаваць за бясплатна. Як камісары у пыльных шлемах.
“На думку многіх ва ўладзе, прыватны сэктар вінаваты ў пратэстах”

Учора запісаў гэтае інтэрвію са Зьмітром Крукам, а ўжо сёньня Лукашэнка патрабуе "навесьці парадак" з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Крук: Усё больш прадпрыемстваў задумваюцца і ажыцьцяўляюць рэлякацыю альбо фінансавую эміграцыю, мяняюць сваё юрыдычнае «грамадзянства». Некаторыя зьяжджаюць ці мяняюць дысьлякацыю празь нязгоду з палітычнымі падзеямі, некаторыя — праз патэнцыйны ўплыў санкцыяў альбо будучых магчымых рашэньняў уладаў, напрыклад, тыя ж валютныя абмежаваньні. Усе гэтыя працэсы непазьбежна адаб’юцца на агульным стане эканомікі.

На думку многіх ва ўладзе, прыватны сэктар вінаваты ў тым, што адбылося, вінаваты ў пратэстах. Таму і гучаць галасы пра адзяржаўліваньне, пра нацыяналізацыю".

https://svaboda.azureedge.net/a/31371384.html
Улады больш не прыкідваюцца, не гуляюцца ў "цывілізаванасьць"

Улады, якія масава зачыняюць недзяржаўныя арганізацыі, думаю, не адчуваць ані маральных сумневаў, ані згрызотаў сумленьня, ані хваляваньня за магчымыя наступствы, ані шкадаваньня за тых, каго зачыняюць.

Адзінае, што яны зараз адчуваюць – гэта глыбокае задавальненьне, “гара з плеч”. Нарэшце ня трэба прыкідвацца “цывілізаванымі”, гаварыць нейкія словы пра дэмакратыю, пераконваць “нашых заходніх партнэраў” (як гэта часта паўтараў Макей), што “мы ідзем у тым накірунку, але не ўсё адразу робіцца, пацярпіце, не прысьпешвайце нас” і гэтак далей.

Цяпер можна быць самім сабой, сапраўдным.

Гэта мне нагадвае чалавека, які прыходзіць дадому з нейкага афіцыйнага фуршэту ці прыёму, здымае фрак – і з задавальненьнем запускае рукі ў штаны, чэша свае не стальныя прычындалы і пярдзіць на ўвесь пакой. Такое аблягчэньне!
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Вы толькі паглядіце на гэтага чалавека, намесьніка старшыні КДБ Калача, якога прызначаюць памочнікам па Мінскай вобласьці. Лукашэнка кажа, што ў яго было тысяча пытаньняў, і ён правяраў гэту кандыдатуру ўсю ноч.

Каменны твар, як у сфінкса. Не шавеліцца, ані тварам, ані рукамі. Застыў, як помнік невядомаму чыноўніку. Іншыя за сталом хоць робяць выгляд, што нешта запісваюць, а ў гэтага нават на такое сілаў няма.

“Куды я трапіў?” “Божа, калі гэта скончыцца?” “Трымацца, толькі не выдаваць ніякіх эмоцыяў” – менавіта такое чытаецца на ягоным твары.
Расея не разьлічвае на тое, каб выйграваць свабодную канкурэнцыю з Захадам

Даволі цікавае і "адстароненае" меркаваньне расійскага палітоляга, Максіма Самарукава, пра вынікі сустрэчы Байдэна і Ціханоўскай.

Сярод самых прыкметных ягоных тэзісаў вызначыў бы наступныя:
--Крэмль заўсёды ўспрымаў беларускую апазыцыю як празаходнюю, і вось нарэшце — «яны скінулі апошнія маскі і паказалі, хто на самой справе іхнія гаспадары».
--Нават тыя апазыцыянэры, якія кажуць, што нічога ня маюць супраць Расеі, — але рэальныя абставіны пасьля прыходу да ўлады будуць штурхаць іх да збліжэньня з Захадам.
--Расея так ці іначай не разьлічвае на тое, каб выйграваць свабодную канкурэнцыю з Захадам. Масква цудоўна разумее, што прывабнасьць Расеі ніжэйшая, чым Захаду. Таму яны ня хочуць даводзіць да свабоднай канкурэнцыі, яны імкнуцца стварыць такія прывязкі, калі свабодная канкурэнцыя з Захадам будзе немагчымая.
https://svaboda.azureedge.net/a/31384207.html
Гістарычны ўрок Дэ Голя альбо Хто акажацца рэалістам?

Забаўна назіраць, як людзі, якія прапаведуюць няхітрую філасофію “раслабіцца і атрымліваць задавальненьне” – імкнуцца прадставіць сябе мудрымі “рэалістамі” на фоне нейкіх “наіўных рамантыкаў” ці “занадта цьвёрдапрынцыповых”.

Грамадзка-палітычныя працэсы – гэта не матэматыка і не фізыка, тут няма аб’ектыўнай даказанай формуламі ісьціны, і любая ацэнка падзеяў залежыць у тым ліку і ад маральна-этычнага імператыва “аналітыка”, ад ягонага разуменьня, што такое добра і што такое кепска.

Вось калі ўявіць, што нацысты спалілі ў 1943 годзе ў Беларусі чарговую вёску з усімі жыхарамі , то адзін сёньняшні “аналітык” скажа, што правільна зрабілі, бо жыхары вёскі дапамагалі партызанам, іншы “аналітык” не будзе прымаць нейкі бок, але зазначыць, што жыхары вёскі праявілі палітычны інфантылізм і паказалі нясьпеласьць, паставіўшы пад сумнеў сувэрэнітэт, а трэці “аналітык” глыбокадумна зазначыць, што тут ня ўсё так адназначна, бо не бывае нічога чорна-белага, і толькі цьвёрдыя іскраўцы могуць сьцвярджаць, што праўда на нейкім адным баку.

Але ладна, я не хачу пісаць пра мараль і каштоўнасьці (словы, ад якіх некаторых яўна цягне схапіцца за пісталет) – а пра “рэалізм” і “рамантызм”.

Калі ў 1940 годзе Нямеччына разграміла Францыю, то большасьць французаў не жадалі больш ніякага супраціву, не жадалі ваяваць, бо яшчэ не астылі мільённыя страты ў Першай сусьветнай. Таму калі генерал дэ Голь з Лёндану заклікаў да супраціву, то, як напісана ў адной з біяграфічных кнігаў (аўтар – француз), “відавочна, калі б быў праведзены нейкі рэфэрэндум, то 90 працэнтаў французаў адмовіліся б ад усялякага супраціву”. І, натуральна, што ў такой сытуацыі “прагматыкі” тады і нашы “аналітыкі” зараз палічылі б ягоны заклік працягваць барацьбу неадэкватным, безадказным, нясьпелым, непадрыхтаваным.

І вось уявіце, калі б не было “Свабоднай Францыі”, не было замежнага ўраду Дэ Голя, то афіцыйна Францыя была б прадстаўлена толькі калабарацыянісцкім урадам маршала Пэтэна. І адпаведна, у 1945-м Францыя была б чарговай вызваленай саюзьнікамі краінай, якая ня мела б ніякай суб’ектнасьці ў пасьляваенным уладкаваньні сьвету. А так – маем зьдзіўленьне нямецкага фэльмаршала Кейтэля, якія, пабачыўшы францускіх прадстаўнікоў у зале для падпісаньня капітуляцыі, сказаў – “А што, французам мы таксама прайгралі?”

У выніку -- ці быў Дэ Гол у 1940-м “наіўным” палітыкам, які не ўспрымаў рэальнасьць і настроі уласных суграмадзянаў? Альбо ён быў прарокам, які прадбачыў тое, што адбудзецца ў 1945-м, і забясьпечыць Францыі статус пераможца ў вайне?

Ці ён, як любы чалавек, ня мог нічога прадбачыць, але проста рабіў тое, што належыць, тое, што правільна і маральна – не абавязкова разьлічваючы ўсе наступствы?

Так што я б цынічна сказаў некаторым сёньняшнім “рэалістам” – мы яшчэ пабачым, хто ўрэшце рэшт акажацца сапраўдным рэалістам.
Менск ідзе ва-банк, але і для Эўразьвязу гэта прынцыповае пытаньне

"Я думаю, Менск лічыць, што ён намацаў слабое месца Эўразьвязу — і ў яго ёсьць прычыны так лічыць. Бо Эўрапейскі Зьвяз, пачынаючы ад мігранцкага крызісу 2015 году, за 6 гадоў, па вялікім рахунку, так і ня выпрацаваў ані канцэптуальнай плятформы, ані канкрэтных практычных мэханізмаў абароны ўласных межаў. Таму я думаю, што цяперашняя агрэсіўная палітыка Менску будуецца на пэўным аналізе".

Палітоляг Аркадзь Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, аналізуе расстаноўку сілаў у беларуска-літоўскім памежным канфлікце, адказвае на пытаньне, якой можа быць тут роля Масквы, і пералічвае прычыны, па якіх Эўразьвяз вымушаны будзе пайсьці на жорсткія крокі.
https://svaboda.azureedge.net/a/31395412.html
Трошкі спартовай геапалітыкі

Калі ў сьвеце было 2 звышдзяржавы (ЗША і СССР), то яны спаборнічалі паміж сабой на ўсіх узроўнях, у тым ліку і ў спорце. У 1960-70 яны зацята змагаліся за агульную перамогу на Алімпіядах, здабываючы прыблізна роўныя вынікі, і чаргуючы адзін аднаго на першым і другім месцы па колькасці камандных медалёў. Гэта быў час, калі, як пісаў Чынгіз Айтматаў ужо падчас перабудовы, кожная забітая шайба павінна была сьведчыць пра перавагу сваёй палітычнай сыстэмы.

Потым СССР разваліўся, Расея па інэрцыі яшчэ нешта рыпалася ў 90-я, але ўжо з 2000-ых саступіла ролю першай-другой, і скацілася спачатку на трэцяе, а на апошніх алімпіадах – на 4-5 месца.

У сьвеце зьявілася новая звышдзяржава – Кітай, і адпаведна на апошніх 4 Алімпіядах яна змагаецца з ЗША за першае агульнакаманднае месца. Прытым, калі ў 2008 годзе на Алімпіадзе ў Пекіне Кітай нарэшце здабыў першае месца па колькасці залатых медалёў – то многім тады здавалася, што дысціплінаваны камуністычны Кітай будзе толькі разьвіваць посьпех. Але ж не – на наступных трох Аліпіядах зноў перамагалі амерыканцы. (Цяпер, у Токія ЗША выйгралі па золату ўсяго на адзін пункт, 39 на 38, але па ўсіх медалях перавага даволі вялікая – 113 на 88).

І, дарэчы, калі глянуць на першую дзясятку краінаў – пераможцаў у Токіа, то то мы ўбачым толькі эканамічна разьвітыя дзяржавы плюс Кітай і Расея. Зверху ўніз – ЗША, Кітай, Японія, Вялікабрытанія, Расея, Аўстралія, Нідэрланды, Францыя, Германія, Італія. У цэлым атрымліваецца – дзе лепш эканоміка, там і больш медалёў на Алімпіядах.

У гэтым сэнсе гістарычны правал Беларусі заканамерны і чаканы. Заканамерны найперш таму, што адбыўся ў рэчышчы амаль дакладнай (з адным адхіленьнем) мадэлі падзеньня агульнага выніка беларускіх спартоўцаў на ўсіх апошніх аліпіядах -- 17, 13, 14, 10, 9, і зараз -- 7.
Я слухаў усю прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі. Ад пачатку і да канца.

Добры загаловак, ці не праўда? Такое прызнаньне адразу прыцягвае ўвагу чытача да майго псіхічнага здароўя). Я б нават не сказаў, што гэта было неабходна па працы. Я проста падумаў, што варта сябе праверыць, ці змагу я вытрымаць.

Гэта было нялёгка. Слуханьне Лукашэнкі аказвае чыста фізіялагічны эфэкт, як кепскае надвор’е на мэтэазалежных людзей. Пачынае балець галава, хочацца выпіць алькаголь альбо прыняць таблеткі. Пачынаеш губляць веру ў чалавецтва і страчваць сэнс жыцьця. Але я вытрымаў.

Я думаю, вы пабачыце сур’ёзны аналіз гэтага шоў – у Вусава, Карбалевіча, Елісеева. Таму хацеў падзяліцца толькі некалькімі, магчыма, не самымі тыповымі, рэмаркамі і ўражаньнямі.

Мне падаецца, галоўная задача рэжыму зараз – барацьба за гісторыю жніўня 2020-га. Улада хоча стварыць паралельную рэальнасьць, у якой усё было не так, як у сапраўднасьці. “Пратэстоўцы пачалі страляць, дзясяткі траўміраваных сілавікоў, ніякіх катаваньняў не было, невінаватых не затрымлівалі, у пратэстах удзельнічалі 40 тысяч, Лукашэнка набраў 80 працэнтаў”. Усё як у сталінскіх падручніках па гісторыі.

Другое. Курс на таталітарызацыю ўсяго грамадзтва зьверху да нізу, як выглядае, узяты ўсур’ёз і надоўга. Акрамя таго, што працытуюць іншыя, я б зьвярнуў увагу на выказваньне пра школу ("усе да аднаго былі піянерамі і камсамольцамі, і гэта было правільна") і намёкі на хуткае прыняцьцё пэўных рашэньняў у сфэры адукацыі.

Трэцяе. Што тычыцца Захаду, то абразьлівая рыторыка на ягоны бок даўно пераўзыйшла савецкія ўзоры. Мы нават у самы разгар халоднай вайны, у 70-80-я, такога не чулі. Што да палітычных куміраў, то і тут было сказана з усёй шчырасьцю – “Для мяне Фідэль Кастро быў настаўнікам. Як і Муамар Кадафі, як і Садам Хусэйн. Гэты мысьляры былі”.

У цэлым уся палітыка з Захадам зводзіцца да ягонай дэгуманізацыі (ён прычына ўсіх бедаў у сьвеце), абразаў і спробаў шантажу. Поўнае ўражаньне, што сам Лу ўжо не разьлічвае ні на якую форму "нармалізацыі" адносінаў з Эўропай і ЗША, таму спальвае ўсе масты. Акрамя шматразовага ўзгадваньня мігранцкай тэмы (“з 5 тысячамі ня можаце справіцца, мы можам зрабіць, што іх 10 тысяч будзе”), прагучаў і намёк на тое, што Беларусь дагэтуль змагалася з трафікам ядзерных матэрыялаў, аднак можа і зьмяніць свае паводзіны ў гэтай сфэры.
Ёсьць адна дзяржава ў сьвеце, дзе можна без праблем заўсёды гаварыць па-беларуску.

Гэта не Беларусь, як вы здагадаліся. Гэта Ўкраіна.

За месяц тут я, бадай, не сказаў ані слова па-расейску. Не, я не валодаю ўкраінскай. Я проста гавару паўсюль па-беларуску. Часам устаўляючы ў пачатку пару словаў па-украінску, кшталту Выбачце альбо Будзь ласка.

Цікава, што звычайна гэта не выклікае ні пытаньняў, ні зьдзіўленьня. Можа, рэч і ў тым, што звычайна гэта даволі кароткія, абмежаваныя размовы – у краме, у кафэ, у розных сервісах. Мне падаецца, украінцы думаюць, што я гавару на ўкраінскай з памылкамі, ці можа я з нейкага рэгіёну, дзе гавораць менавіта так. Хаця калі я ў адной установе з пашпартам хвілін 30 гаварыў па-беларуску – гэта таксама не выклікала ні ў каго пытаньняў.

Было пару разоў, калі пачуўшы маю мову, са мной пераходзілі на расейскую, разумеючы, што я не ўкраінец, а нехта іншы. Адзін раз я нават сказаў – “я разумею ўкраінскую”, і чалавек вярнуўся да яе.

Тры разы ўва мне адразу, з першых фразаў, пазнавалі беларуса, -- і ўсе разы гэта былі сталыя людзі. Адзін сказаў, што служыў у войску з беларусамі, другі сказаў, што разумее беларускую з-за Песьняроў.

Ну і вядома, у такіх міжмоўных сітуацыях часам узьнікаюць забаўныя моманты. У адным кафэ на ўваходзе афіцыянтка нешта спытала, але я проста не пачуў, і нязграбна махнуў галавой. Праз хвіліну яна прынесла мне меню і спытала – “English? Polish?», думаючы, што я не разумею. “Ukrainian” – горда адказаў я.

У іншым месцы я браў бульбу, і кажу – “Бульбу. Ну, па вашаму – картопля”. Афіцыянтка – “Бульба – гэта таксама па-нашаму. Картопля – гэта па украінску, а бульба – па заходнеўкраінску”.

Стоячы перад крамай, дзе напісана “взуття”, я проста павярнуўся да найбліжэйшага мінака і спытаў (я ж чалавек непасрэдны) – “Я ў вас 99 працэнтаў словаў разумею, але ня ведаю, што гэта за дзіўнае слова – “взуття”. Ён моўчкі паказаў мне на ногі. “Абутак?” Ён махнуў галавой і пайшоў далей.

Але самае прыкольнае – вось яно. Падыйшоў афіцыянт і спытаў, што я хачу замовіць. Я адказаў – “троху пазьней, я чакаю чалавека”. Афіцыянт пайшоў і неяк зьдзіўлена на мяне абярнуўся. Я неяк адразу ўспомніў, што “чоловік” па ўкраінску – гэта “муж”. Хуценька сабраўся і пайшоў у іншую залю)
Крэмль мяняе падыход і пераходзіць да «армянскай мадэлі»?

Заява Арсеня Сівіцкага, што Крэмль канчаткова абраў "армянскі варыянт" для Беларусі -- выклікала дастаткова шмат каментароў, нярэдка даволі скептычных. Я задаў Арсеню тыя ўдакладняльныя і дыскусійныя пытаньні, якія дазволілі яму больш разгорнута патлумачыць сваю вэрсію.

Сівіцкі: "Нягледзячы на тыя драматычныя ўмовы, у якіх апынуўся Лукашэнка, ён захоўвае стратэгічную аўтаномію ў адносінах з Масквой і не зьбіраецца прымаць тыя сцэнары, якія навязвае Расея. Крэмль зразумеў, што палітыка-дыпляматычнымі спосабамі немагчыма прымусіць Лукашэнку прыняць той парадак дня, які быў сфармуляваны яшчэ падчас першай сочынскай сустрэчы ў верасьні 2020 году.

Таму Крэмль мяняе падыход. Армянская мадэль акурат заснаваная ня толькі на тым, што Крэмль будзе працаваць з новай уладай. Але і на тым, што Расея пэўным чынам сынхранізуе вонкавы ціск на Беларусь, каб прымусіць менскі рэжым пайсьці на пэўныя саступкі".

Дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі заяўляе, што Масква гатовая спрыяць зьмене рэжыму ў Менску за гарантыі захаваньня Беларусі ў расейскай сфэры ўплыву, а ткасама лічыць, што Лукашэнка зноў можа пачаць гуляць у шматвэктарную палітыку, і не зьбіраецца прымаць тыя сцэнары, якія навязвае яму Расея.

https://svaboda.azureedge.net/a/31412565.html?fbclid=IwAR2OhtddT1rq-guxzNQcktxUU610Rqrf1vIITHclMcPtida9FPYMKxzM81c
Лукашэнка ня можа знайсьці прымальны для сябе мэханізм транзыту ўлады

"Тое, што адбываецца цяпер, гэта такі прыклад пракрастынацыі старога кіраўніка, які разумее, што патрэбен нейкі транзыт, але ўнутры сябе нічога мяняць ня хоча і не ўяўляе, як гэта зрабіць. Праблема ў тым, што Лукашэнка шукае і ня можа знайсьці прымальны для сябе мэханізм транзыту ўлады, пры якім ён бы захоўваў уплыў на сыстэму. Так пайсьці, каб не сыходзіць.

Той варыянт, дзе ён становіцца старшынём прэзыдыюму Ўсебеларускага сходу, паказвае, што фаварытам пакуль зьяўляецца казахстанская мадэль, паводле якой пасаду пакінуў Назарбаеў. Магчыма, гэты варыянт застаецца для яго асноўным — але не таму, што ён настолькі ўдалы, а таму, што няма лепшых".

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка дае 4 прычыны таго, чаму ўлада зрабіла стаўку на рэпрэсіі, разважае, да чаго можа прывесьці ўзвышэньне сілавікоў, і заяўляе, што Лукашэнка дагэтуль не знайшоў удалага для сябе варыянта транзыту ўлады.

https://svaboda.azureedge.net/a/31418041.html
Пра наяўныя і магчымыя наступствы афганскіх падзеяў

1.Правал адміністрацыі Байдэна надта відавочны, і гэта не магчыма адмаўляць, незалежна ад таго, ці вы за Рэспубліканцаў альбо за Дэмакратаў. Пра ступень неадэкватнасьці, ідэалагічнай зашоранасьці і разуменьня афганскіх рэаліяў цяперашняй вярхушкай Дэмакратаў сьведчыць адна забаўная навіна, якая магла б заняць сваё пачэснае месца ў сатырычным канале “Советская Белоруссія”. – “Спикер Палаты представителей Нэнси Пелоси заявила, что любое политическое урегулирование в Афганистане должно проходить с участием женщин”.

Дарэчы, каб два разы не ўставаць і адной фразай ацаніць першыя паўгода кіраваньня Байдэна, то скажу так – ён перамагаў Трампа як цэнтрыст, але дэ-факта ажыцьцяўляе парадак дня крайне левага крыла сваёй партыі, -- ад падвышэньня падаткаў (чаго не рабілі ні Клінтан ні Абама), друкаваньня 2 трыльёнаў даляраў на сацыяльныя праграмы да “расавай крытычнай тэорыі” у школах (гэта пра адвечную віну белых людзей).

2.Мне падаецца, Расеі няма рэальных падставаў радавацца, бо акрамя маральнага задавальненьня (ад правалу амэрыканцаў) ніякіх матэрыяльных плюсаў для Масквы ад прыходу талібаў няма. Невядома яшчэ, як там далей будзе разьвівацца сытуацыя, ці пачнецца там грамадзянская вайна, ці пачне ваяваць з талібамі Паўночны альянс (таджыкі, і магчыма, узбекі). І самае галоўнае – ці не перакінецца нестабільнасьць, а то і вайна на былыя савецкія рэспублікі Сярэдняй Азіі.

3.Расея ў Афганістане ніяк і нічым не ўзмацнілася. Калі хто і ўзмацняецца, дык гэта Кітай. Галоўны “дах” талібаў – Пакістан, якаі зьяўляецца для Кітая асноўным геапалітычным сябрам і “малодшым партнэрам” у рэгіёне. Кітаю важна, каб талібы ў сваім рэвалюцыйным парыве не дадумаліся распаўсюджваць радыкальны іслам на ўйгурскія раёны Кітая.

4.Незалежна ад рэальных матэрыяльных наступстваў, -- ня менш важныя ёсьць наступствы палітычныя, рытарычныя, псіхалагічныя. Уладзімер Пуцін (тэарэтычна) можа ўспрыняць правал амерыканцаў у Афганістане як шчаўчок, трыгер -- “калі яны не маглі спыніць талібаў – ці здолеюць яны спыніць мяне?” Дзе? Першае, што можа прыйсьці ў галаву – украінскі ці беларускі накірунак.

На беларускім накірунку ніякія ваенныя дзеяньні не патрэбныя, можна проста працягваць нахіляць Лу, тым больш што ён якраз у канцы жніўня едзе ў Маскву, а ў Расеі ў верасьні парляменцкія выбары. Таму цалкам магчыма, што можа быць падпісана штосьці практычна малапатрэбнае, ці даўно гатовае – але з патэнцыялам актыўнага псіхалагічнага і медыйнага ўплыву на шырокія народныя масы (тыя ж дарожныя мапы).

Што да ўкраінскага накірунку, то пасьля Крыму і Данбасу ніякі катастрафічны варыянт болей не магчыма назваць нерэальным ці фантастычным. І калі год таму імавернасьці маштабнага ваеннага сутыкнення Украіны і Расеі можна было даць 10 працэнтаў, то цяпер я бы даў працэнтаў 40.