STATKEVICH M
1.84K subscribers
4 photos
1 video
Download Telegram
З нагоды вызвалення чарговай групы палітвязняў.

Вітаю вас на волі! Вы - гонар і сумленне нашай нацыі.
Марына і я радуемся разам з роднымі вызваленых і сумуем разам з тымі, хто пакуль не дачакаўся сваіх любімых, сваіх каханых на волі. Самых небяспечных яны аддаюць апошнімі. Небяспечных - тых, хто, па меркаванню рэжыма, захаваў годнасць і прагу свабоды для нашай краіны. Сіл вам і мужнасці дачакацца. Мы - з вамі.

Мы ўдзячныя ўрадам дэмакратычных краін, усім, хто спрычыніўся да вашага вызвалення!

Веру, што і ўсе беларусы дачакаюцца Свабоды.

Мікалай Статкевіч
234🔥27👍211👎1
Адказы на пытанні (частка 4)
Былыя сябры Народнай Грамады, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі, перадалі некалькі пытаньняў да мяне, якія найбольш цікавяць людзей. Адказваю на іх тут. Вось наступныя з іх:
- Цяпер заўважныя спробы перапісаць гісторыю. Тыя, хто не меў ніякага дачынення да пратэстаў ці зліваў іх, сталі называць сябе "лідэрамі рэвалюцыі". Што вы думаеце з гэтай нагоды? Чым для вас з'яўляецца 2020 год?
Што тычыцца самазваных "лідараў рэвалюцыі", праблема не ў самазванцах, а ў тым, што ў агульнанацыянальным масштабе лідараў пратэстаў не было ўвогуле. Канешне, былі рэгіянальныя лідары і кандыдаты пратэсту з той жа Народнай Грамады, актывісты "Еўрапейскай Беларусі", з анархістаў, з футбольных фанатаў, з дваровых чатаў. былі людзі, якія бралі на сябе лідэрства ў канкрэтных сітуацыях, потым тыя з іх, якія не пакінулі краіну, патрапілі пад пераслед. Наш каардынатар па Пінску Мікалай Клімовіч загінуў у турме. Але пасля арышту некалькіх вядомых чалавек з кіраўніцтва БНК, агульнанацыянальнага кіравання пратэстамі не засталося. Было тэхнічнае кіраванне папулярных тэлеграм-каналаў - дзе збірацца, куды ісці. І людзі яму падпарадкоўваліся, бо былі зараджаны на пратэст. Але лідарства са стратэгіяй, мэтамі, патрабаваннямі, клопатам пра бяспеку ўдзельнікаў пратэстаў не было. Нават, чамусьці, людзям не была даведзена простая рэкамендацыя выходзіць на акцыі ў медыцынскіх масках, што б ратавала не толькі ад ковіда, але і ад рэпрэсій. Ніхто з іншых кандыдатаў і палітыкаў не быў зарыентаваны на пратэст. Там панавалі іншыя арыентацыі і мэты. Некалі адзін аналітык вельмі трапна заўважыў, што беларуская апазіцыя, за рэдкім выключэннем, змагаецца не за ўладу, а за месца ў чарзе за ўладай. З наіўным спадзяваннем, што калі рэжым нейкім цудоўным чынам знікне, то ўладу атрымаюць тыя, хто стаіць першым ў той чарзе. А, каб атрымаць гэта месца, найбольш прыдатны спосаб - паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх "выбарах", набыць вядомасць (яны называюць гэта - "раскруціцца"), нейкі рэйтынг, але ні ў якім выпадку не сесці ў турму. А потым, заняўшы пачэснае месца ў чарзе, сустракацца з замежнымі палітыкамі, атрымоўваць падтрымку і чакаць, пакуль рэжым неяк сам знікне і іх паклічуць на ўладу. Я называю такіх палітыкаў ждунамі. Ўзор для іх - адна кандыдатка на "выбарах" 2015 года, дзе яна грала ролю апазіцыі. Пасля "выбараў" фактычна прызнала сваю паразу, на Плошчу не звала і не пярэчыла перамовам з рэжымам. Вось толькі партыю сваю не здагадалася стварыць. І прымалі яе па ўсёй Еўропе.
А з Берліна нават хацелі яе зрабіць лідарам усёй апазіцыі.
Такія ждуны былі і ў 2020 годзе. Даходзіла да таго, што ідзе кандыдат на "выбары" і хавае сваё стаўленне нават да незалежнасці, да праблем беларускай мовы, да будучых саюзаў Беларусі. Мабыць, каб не звязваць сабе рукі ў будучым гандлі імі, а пры гэтым яшчэ і хлусіць, што казаць пра гэта, згодна з выбарчым заканадаўствам, забаронена.
Дзіўна, што нягледзячы на гэта, ён быў горача падтрыманы нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыяй. Хаця, што тут дзіўнага - прычына звычайная і банальная, як і ў электарата Мадуры. Яшчэ, на пытанне пра яго рэакцыю на магчымыя фальсіфікацыі ён адказваў, што ўпэўнены ў тым, што Ярмошына правільна палічыць усе галасы. Нібыта іронія, а які працэнт беларусаў гэта зразумеў у якасці іроніі? Думаю, што меньшасць. Стратэгія зразумелая - быць такім белым і пухнатым на тле страшных радыкалаў-нацыяналістаў. А далей па спісу: раскруціцца і г. д. Адно не ўлічыў, што сітуацыя іншая, ўлада адчувае сябе на бочцы з порахам, баіцца. І ад страху, ледзь што, хапаецца за дубіну. А такіх "хітрых" там бачаць наскрозь, бо самі такія ж, і ў тыле не пакідаюць. У выніку, кандыдат апынуўся ў зняволенні, бо"раскруціцца" ў Беларусі зараз дазволена толькі балерынам.
Таму, нават такі, звышасцярожны стыль не праходзіць. Але яго прыклад дзейнічаў, прынамсі, на членаў каманды таго кандыдата. У мяне ў Жодзінскім СІЗА некаторы кароткі час у камеры быў тэлевізар. Я штовечар глядзеў на расійскім РТР перадачу, у якой часта былі матэрыялы пра пратэсты ў Беларусі.
👍4027👎5👏4🤔4🔥3
І бачыў, як журналісты канала, літаральна шукалі лідэра шматлікага пратэсту. І вось аднойчы яны звярнуліся да маладой жанчыны з каманды таго асцярожнага кандыдата, якая была адным з твараў выбарчай кампаніі Ціханоўскай, і якая пазней паказала сябе мужнай і годнай, з пытаннем: навошта сабраліся тут людзі. Вось зорны час для любога палітыка - проста скажы агульную фразу кшталту "каб дамагчыся сапраўдных выбараў" і ты ў вачах Беларусі і ўсяго свету робішся адзіным бясспрэчным лідэрам шматтысячнага пратэсту. Але ўрокі і прыклад кіраўніка яе каманды былі зусім іншымі. І яна адмовілася ад лідэрства, адказаўшы, што "проста гуляе". Далей не дала сябе прымусова дэпартаваць і таксама прайшла праз турэмнае пекла. Карацей, як казаў некалі Марк Аўрэлій: "праблема ў тым, што, не рызыкуючы, мы рызыкуем у сто разоў болей". І цяжка тут не пагадзіцца з імператарам-філосафам.
Праўда, некаторыя ждуны выбралі яшчэ больш асцярожную стратэгію - голасна заявіць пра сваю пазіцыю і "мужна кінуцца наўцёкі". Каб за мяжой працягваць змаганне за месца ў чарзе. Мушу іх расчараваць - новую ўладу сфармуюць не з вашай чаргі, а тыя, хто прыбярэ старую. Так бывае заўсёды. Але ёсць вялікая імавернасць, што фармаваць яе будуць у Маскве. А прэтэнзіі на лідарства ў краіне, якая знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай страты незалежнасці вымагаюць пэўнай здольнасці да самаахвяравання. Вы ўявіце, што магло б здарыцца з Украінай, калі б яе лідэр 4 гады таму ўцёк з Кіева.
Яшчэ колькі слоў пра стратэгію БНК. У яе было і слабое месца. Збіраць людзей мы хацелі на пікетах па збору подпісаў па вылучэнню кандыдатаў пратэсту. У знак салідарнасці з адміністрацыйна зняволеным кандыдатам пратэсту Сяргеем Ціханоўскім, якому не далі магчымасці нават падаць дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата, мы падтрымалі вылучэнне яго жонкі Святланы. Калі ж Сяргея вызвалілі, мы па ўзгадненню з ім, праводзілі мітынгі на пікетах па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Калі Сяргея зноў арыштавалі ўжо па крымінальнай справе, мы зрабілі пікеты Святланы асноўным месцам правядзення такіх мітынгаў. Хаця былі і мітынгі на пікетах іншых кандыдатаў пратэсту. Колькасць удзельнікаў мітынгаў расла ў геаметрычнай прагрэсіі. Нягледзячы на арышты лідараў БНК, рэгіянальныя лідары, як і было задумана, працягвалі арганізоўваць мітынгі на пікетах Ціханоўскай. Мы планавалі да канца чэрвеня давесці колькасць іх удзельнікаў да тых 3,5%, якія даследчыкі лічаць неабходнымі для перамогі працяглага мірнага пратэсту. Але потым здарылася нечаканае. Святлана Ціханоўская выступіла з заявай, сказала пра пагрозы ў яе бок і заклікала не выходзіць на мітынгі на яе пікетах, бо гэтыя мітынгі - "правакацыя уладаў". Гэтая заява была распаўсюджана сеткай рэгіянальных відэаканалаў "Страна для жизни", створанай Сергеем Ціханоўскім, ва ўсіх значных гарадах. Мітынгі на пікетах у рэгіёнах перапыніліся. Да таго ж, была скампраментавана ўся сетка пратэсту, якую мы стварылі. Яе рэгіянальныя лідары былі не проста абражаны і дэзарыентаваны. Іх яшчэ зрабілі правакатарамі ўлады ў вачах іх землякоў. Мушу аддаць належнае ўладам - удар па пратэстам быў нанесены вельмі моцны і трапны. Я разумеў, што Святлана - чалавек новы і недасведчаны. Але я спадзяваўся, што яна здолее проста прамаўчаць, бо болей ад яе нічога і не патрабавалася. Але не здолела. Не ведаю, што яе прымусіла пайсці на гэта, што ёй абяцалі, чым пагражалі. І мая доля віны ёсць у гэтым, бо я сам зрабіў ёй прапанову вылучацца па схеме "жонка замест мужа", якую прыдумаў для іншага чалавека, але з-за таго, што яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, не рэалізаваў. Прапанаваў па тэлефоне, не паглядзеўшы ў вочы, не адчуўшы чалавека.
Нашы шанцы на перамогу рэзка зменшыліся. Далей усё пераходзіла ў звыклае і патрэбнае ўладам рэчышча. Выбарчая агітацыйная кампанія, дзе патрэбен дазвол уладаў на мітынгі. А ўлады, адчуўшы настроі грамадства, дазволу не давалі. Чаканы афіцыйны вынік на выбарах і эміграцыя. Нечаканым для многіх, але не для нас, быў толькі масавы пратэст беларусаў, якія не пагадзіліся з чарговым падманам.
👍4225🤨7👎4😢4🤔2🦄2🖕1
Вось тады мы і пабачылі на вуліцах многія сотні тысяч пратэстоўцаў і ўбачылі іх эфект- мітусня і разгубленасць уладаў, нават прабачэнні. Потым былі ўпартыя, мужныя і годныя, але істотна меньш колькасныя акцыі, якія мелі маральны, палітычны, гістарычны, міжнародны сэнс, але да змены сітуацыі прывесці ўжо не маглі. Потым пачалася ўладная масавая помста за перажыты страх і справакаваная ёю і прыкладам "лідэраў" масавая эміграцыя. Так што "лідэрства" самазванцаў ўсё ж было, але толькі ў гэтым.
Я так шчыра расказваю пра падрыхтоўку тых падзей і нашы дзеянні таму, што гэта важна- разумець падзеі і ролі розных асоб і арганізацый у іх. Каб не хадзіць па вечнаму колу, кожны раз робячы падобныя памылкі.
Я не хачу толькі крытыкаваць. Зрэшты, мы паказалі ўсяму свету, што ёсьць беларуская нацыя, гатовая змагацца за свабоду, што мусяць цяпер ўлічваць тыя, хто раней бачыў у нас толькі дэмаграфічны матэрыял для сябе, а правячы рэжым пазбаўлены легітымнасці. Людзі, якія апынуліся ў эміграцыі арганізоўвалі акцыі з патрабаваннямі вызвалення палітвязняў. Збіралі са сваіх не вельмі буйных даходаў грошы на дапамогу вызваленым.
Але зараз у рэгіёне ідзе вайна. Настала пара падрыхтаваць, забяспечыць рэсурсамі і рэалізаваць план рашучых крокаў па ўратаванню краіны ад жудасных сцэнароў, якія нам накідваюць з Ўсходу. Ці здольныя на гэта ждуны?
Што тычыцца падзей 2020 года, то яны былі для мяне, найперш, часам з'яўлення беларускай палітычнай нацыі, на што я працаваў дзесяцігоддзямі, нацыі годнай, мужнай. шляхетнай і салідарнай, якой захапляўся ўвесь свет. Часам з'яўлення цэлага шэрагу новых лідэраў, якія самі бралі на сябе ініцыятыву, арганізоўвалі і ўзначальвалі пратэсты, ішлі за гэта ў зняволенне. Прыйдзе час і ўдзячная вольная Беларусь ушануе іх імёны. Я ўпэўнены што першыя пакаленні кіраўнікоў вольнай беларускай дзяржавы будуць складаць менавіта гэтыя людзі.

- Беларусы з надзеяй чакалі выхаду на волю рэальных лідэраў беларускай апазіцыі. Ваша вызваленне вярнула надзею шматлікім прыхільнікам пераменаў. Што б вы ім зараз хацелі сказаць?

Не спадзявайцеся на цудоўныя перамены самі сабой, на нейчыю хваробу, смерць, на Трампа з ракетамі, на "Бога з машыны", які некалі з'яўляўся ў старажытнагрэчаскіх трагедыях і вырашаў усе праблемы. Не будзьце ждунамі. Усё прыйдзецца вырашаць самім. І неабходныя для гэтага рэсурсы ў нас ёсць. Задача ў тым, каб аб'яднаць усе гэтыя рэсурсы і эфектыўна скарыстацца імі. Я ўжо пісаў пра гэта. Магчыма мае прапановы падаліся некаму нерэлістычнымі, бо былі заснаваны на няпоўнай інфармацыі і не ўлічвалі папярэдні няўдалы досвед. Дык трэба думаць і працаваць, каб зрабіць іх рэальнымі. Бо іншага шляху да вызвалення і захавання нашай краіны ў нас няма. І я веру, што мы здолеем, што Беларусь будзе жыць.
96👍28🔥11👎5💯4🦄2🕊1🖕1
Віншую ўсіх беларусаў з Днём Волі!
108 гадоў таму Статутнай граматай Рады БНР наша нацыя заявіла аб сваім жаданні і праве на незалежнасць, на сваю дзяржаву.
Без гэтай заявы не было б ні БССР, ні, хутчэй за ўсё, Рэспублікі Беларусь. Не было б, гледзячы па мэтанакіраванай імперскай палітыцы русіфікацыі, і самой нашай нацыі. Рада БНР скарыстала свой гістарычны шанец, але, на жаль, не да канца. У той крывавы час выжыванне новай дзяржавы, нават яе дыпламатычнае прызнанне моцнымі дзяржавамі залежылі ад наяўнасці ў яе істотнай вайсковай сілы. На жаль, бацькі-заснавальнікі БНР не здолелі арганізаваць такую сілу. Не атрымалася перакінуць на Радзіму з румынскага фронту беларускі корпус, сфармаваны ў складзе Расійскай арміі з ваяваўшых у ёй беларусаў. Гісторыя вучыць. Важна крытычна ацэньваць яе ўрокі і рабіць з іх правільныя высновы. Каб Беларусь не знікла, каб наша краіна жыла.
Я ўпэўнены - Беларусь будзе вольнай!
Са святам, сябры!
195❤‍🔥12🤗7👍1👎1🕊1🫡1
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
251❤‍🔥64🔥28💔9👍3👏2🏆2🤝2🤩1😍1💊1
МАТЫВЫ І МАГЧЫМАСЦІ
Месяц таму я апублікаваў тут артыкул АПАКАЛІПСІС ЗАЎТРА. ЗОНА СМЕРЦІ НА «БАЛКОНЕ». Гэты матэрыял меў пэўны рэзананс. Ды і развіццё падзей, новая інфармацыя пераконваюць мяне ў слушнасці выказаных засцярог. Таму мушу зноў вярнуцца да тэмы таго артыкула. Паразважаем пра матывы тых, хто гатовы стварыць ядзерны Апакаліпсіс на нашай зямлі і іх магчымасці зрабіць гэта.
Сітуацыя ў нашым рэгіёне робіцца ўсё больш складанай і напружанай. Масква, відавочна, прайграла Ўкраіну. Напад на Ўкраіну быў для Крамля працягам даўно прайгранай халоднай вайны з NATO. Справа ў тым, што ідэя імперскага рэваншу з'яўлялася і з'яўляецца навязлівай ідэяй значнай часткі расійскага грамадства. Можна нават сказаць - сучаснай расійскай нацыянальнай ідэяй, што ўлічвае і скарыстоўвае правячы ў Расіі рэжым. Няўдача ва Ўкраіне, асабліва на тле эканамічных цяжкасцяў, можа прывесці да сацыяльнага і палітычнага крызісу і пагрозе для ўлады. Расійцы даруюць цару мільёны ўласных, а тым болей, чужых ахвяр. Але не даруюць паразаў. Для аўтакратаў абсалютная ўлада з'яўляецца каштоўнасцю сама па сабе. Для іх яна - моцны наркотык, адмовіцца ад якога немагчыма. Яны атаясамляюць сябе з дзяржавай, а некаторыя нават са сваёй краінай. Напрыклад, сваіх палітычных праціўнікаў яны называюць "ворагамі дзяржавы". А прэзідэнт Расіі сцвярджае, што калі ў РФ не атрымаецца далучыць да сваёй тэрыторыі ў 17,1 млн. км² яшчэ некалькі соцен квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі, то "Россия погибнет".
Не думаю, что наша ўсходняя суседка загіне з-за гэтага, бо неяк жа яна існавала з 1991 да 2014 года без чужых земляў. Іншая справа, што сам Пуцін можа згубіць уладу, што, ў яго ўяўленні, напэўна, з'яўляецца катастрофай, роўнавялікай гібелі ўсёй Расіі. Страта ўлады пагражае не толькі звыкламу ладу жыцця аўтакратаў, але, часта, і самому іх жыццю. Таму, дзеля ўлады яны гатовы на ўсё.
Прайграўшы ва Ўкраіне, Масква мусіць шукаць іншых ахвяр для новай спробы "маленькай пераможнай вайны", для чарговай спробы нанесці паразу Захаду. Найбольш імаверна, што наступным аб'ектам нападу плануюцца краіны Балтыі. Але ўпэўненасці ў сваім поспеху пасля 4 гадоў безвыніковай і стратнай вайны з Украінай у расійскіх генералаў істотна паменела. Яны не разлічваюць ужо на ўдалы бліц-крыг, бо еўрапейскія краіны, хай марудна, але рыхтуюцца да адпору. А зацягванне канфлікту, калі на дапамогу краінам Балтыі прыйдуць іх еўрапейскія саюзнікі, вядзе да непазбежнай паразы Масквы. І не толькі з-за розніцы ў эканамічным, дэмаграфічным і тэхналагічным патэнцыяле, але і з-за рэзкага зніжэння, ў параўнанні з мінулым, баявога патэнцыялу расійскіх салдат. Справа ў тым, што найбольш паспяховыя войны Расійская імперыя вяла, выкарыстоўваючы ў якасці салдат рабоў.
Ад пачатку XVIII стагоддзя расійскае войска фарміравалася з прыгонных сялян, якіх забіралі ў яго спачатку пажыццёва, а потым - на 25 гадоў. Даведзеныя муштрой і жорсткімі пакараннямі да неўратычнага стану, яны былі страшнымі праціўнікамі, асабліва ў бліжнім баі, і жахам для мірнага насельніцтва.
З канца XIX стагоддзя, пасля вызвалення сялян з рабства і пераходу на мабілізацыйны прынцып фармавання войска з адносна вольных людзей, Расія стала цярпець паразы ў войнах. Тэндэнцыю спыніў Сталін, калі сяляне ў калгасах былі зноў ператвораны ў прыгонных. А калі былі ўведзены загараджальныя атрады НКВД, калі сталі караць блізкіх салдата за яго ўцёкі з полю боя, калі СМЕРШ адпраўляў на растрэл за любыя праявы незадаволенасці, зноў стала магчымым кідаць у лабавыя атакі на нямецкія кулямёты вялікія масы войск. Савецкая армія стала перамагаць коштам каласальных страт. Зараз у Расіі рабства, нібыта, няма, мо, акрамя зняволеных, запас якіх не бязмежны.
Дэмаграфічны патэнцыял некалі шматлюднай і бяспраўнай вёскі амаль вычарпаны. Набраныя ж за вялікія грошы з дэпрэсіўных рэгіёнаў ці мабілізаваныя салдаты пакорліва і масава паміраць не хочуць. Калі ж улічыць заўсёдныя ў расійскім войску карупцыю і крадзёж, то робіцца зразумелым, што сіла расійскага войска ва ўяўленні знешніх назіральнікаў была відавочна пераацэнена.
46👍16💯11👏7🤔2🤝1
Таму, каб павялічыць шанцы на поспех у будучым канфлікце, Масква разглядае і варыянт прымянення ядзернай зброі з мэтай паралізаваць волю еўрапейцаў і прымусіць іх да міра на ўмовах Крамля, а таксама перашкодзіць войскам іншых еўрапейскіх краін прыйсці на дапамогу Балтыі. Каб пазбегнуць ў адказ ядзернага ўдара па сваёй тэрыторыі, па ўсім прыкметам, Масква рыхтуе прымяненне ядзернай зброі супраць заходніх краін з тэрыторыі Беларусі, якая і павінна стаць аб'ектам зваротнага ўдару.
У Беларусі ў раёне Асіповіч ужо размешчаны ракетныя комплексы "Іскандэр", здольныя несці ядзерныя боегалоўкі. Зараз на нашай тэрыторыі размяшчаюць мадыфікаваную межкантынентальную балістычную ракету "Ярс", якая, пасля памяншэння ўдвая яе дальнасці, атрымала назву "Арэшнік". Але галоўнае - у раёне Крычава будуецца сховішча для ядзерных боегаловак, хутчэй за ўсё, для "Арэшнікаў", "Іскандэраў" і тактычных ядзерных авіабомбаў. Справа ў тым, што ў расійскай арміі, а раней - у савецкай, ядзерныя боегалоўкі захоўваліся не побач з іх носьбітамі, як у NATO, а ў адмысловых сховішчах - вельмі дарагіх умацаваных збудаваннях, дзе падтрымліаюцца пастаянныя тэмпература, ціск, вільготнасць. У пагражальны перыяд ці падчас рэгулярных трэніровак боегалоўкі аўтакалонамі вывозяцца са сховішча да носьбітаў (сродкаў дастаўкі). Тое, што Масква будуе такі дарагі і складаны аб'ект у Беларусі і ўжо арганізавала яго супрацьпаветраную абарону, сведчыць, што на нашай зямлі будзе стала размешчаная вялікая колькасць ядзерных боегаловак. І не таму, што ў Расіі не хапае зямлі для іх размяшчэння, а з канкрэтнымі мэтамі.
Нам трэба шукаць шляхі, як прадухіліць скарыстанне нашай зямлі для агрэсіі супраць краін Балтыі і для нанясення ядзерных удараў. Прычым, прадухіліць, пазбягаючы прамога ўзброенага канфлікту краін NATO з Расіяй на нашай зямлі.
Усё прыйдзецца вырашаць самім беларусам. Я ўжо пісаў пра свае прапановы. Іншага рэальнага шляху да вызвалення і захавання нашай краіны, а таксама міру ў рэгіёне ў нас няма. Галоўнае, своечасова ўсвядоміць рэальнасць небяспекі і не спазніцца з неабходнымі мерамі.
Надыходзіць час, калі лозунг "За нейтральную безядзерную Беларусь!" робіцца праграмай нацыянальнага выжывання, здольнай аб'яднаць большасць беларусаў, незалежна ад іх поглядаў і месца жыхарства.
82👍37👏10🤔9👎1👻1
Хутка будзе роўна 20 год, як я апублікаваў сваё эсэ "Этыка вольных". Тады я адбываў у Баранавічах пакаранне двума гадамі "хіміі" за арганізацыю акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму, які дазволіў уладам зняць канстытуцыйнае абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека. За месяц да прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 года мяне перасталі выпускаць на працу і ізалявалі ў памяшканні "хіміі", бо, як патлумачылі мне прадстаўнікі адміністрацыі, улады атрымалі звесткі, што я планую напярэдадні дня галасавання ўцячы ў Мінск і "арганізаваць рэвалюцыю". У выніку мне прыйшлося амаль паўтары месяцы кругласутачна знаходзіцца ў адным пакоі з супрацоўнікам адміністрацыі, які назіраў за мной. У сваю чаргу, ў суседнім пакоі таксама кругласутачна знаходзіўся намеснік начальніка абласнога ўпраўлення дэпартамента выканання пакаранняў, які назіраў за нясеннем службы тым супрацоўнікам адміністрацыі, які назіраў за мной. А ў кабінеце начальніка "хіміі" знаходзіўся намеснік начальніка рэспубліканскага дэпартамента выканання пакаранняў, які прыязджаў туды з Мінска на дзень, каб кантраляваць нясенне службы двума папярэднімі супрацоўнікамі. "Выбары" прайшлі па звычайнай схеме, абодва апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты паспяхова "злілі" шматтысячную акцыю пратэсту, што сабралося на Кастрычніцкай плошчы Мінска. А я, каб выкарыстаць вольны час, якога зрабілася аж зашмат, напісаў "Этыку вольных". Думаю, што гэты матэрыял не згубіў сваёй актуальнасці і праз 20 гадоў і заслугоўвае паўторнага апублікавання.

ЭТЫКА ВОЛЬНЫХ

Навошта прыйшлі мы ў гэты свет, калі непазбежна сыйдзем ў нябыт? Чаму мы, ў адрозненне ад іншых насельнікаў Зямлі, разумеем гэта? Для прыроды, для жыцця на нашай планеце ўсе проста і зразумела. Сэнс — у захаванні, у бяссмяротнасці роду, племені, расы, чалавецтва, што выяўляецца праз бясконцыя смерці і нараджэнні асобных індывідаў. Але які ў гэтым сэнс для мяне асабіста? Амаль кожны задаваў сабе гэтае пытанне ў дзяцінстве ці юнацтве. Не знайшоўшы адказу большасць імкнецца не думаць пра непазбежны канец і як мага камфортней пражыць тое, што дадзена. Безумоўна, згодна з уласным разуменнем аб тым, што з’яўляецца камфортным. Але ў любой больш-меньш значнай чалавечай супольнасці амаль заўсёды прысутнічаюць асобы, якія гатовы рызыкаваць сваім уласным камфортам ці нават жыццём дзеля нейкіх абстрактных ідэалаў. Сярод вялікай групы людзей заўжды знойдзецца той, хто не сперпіць несправядлівасці, подласці ці прыніжэння. Што прымушае такіх людзей ахвяраваць канкрэтнымі дабротамі дзеля рэчаў нематэрыяльных? Навошта яны?

У родавай памяці кожнага чалавека запісаны розныя мадэлі паводзін. У пэўных абставінах мы здольны (альбо не здольны) выявіць закладзеныя прыродай і продкамі ціхую упартасць земляроба, шчаслівы азарт і прагу здабычы паляўнічага, баявое шаленства воіна, халодную рашучасць правадыра. Яшчэ у кожным з нас схаваны раб і вольны чалавек. Раб гаворыць нам: “Прыстасуйся і выжыві любым коштам”. Вольны цвердзіць: “Абяры уласны і годны шлях. Памятай, што годнасць — гэта абавязак перад адзіным суддзём — уласным сумленнем”. Мы свядома ці несвядома ўсё жыццё выбіраем паміж імі. Таксама мы выбіраем , кім нам быць, навошта жыць, да чаго імкнуцца. Ці не імкнуцца, а проста плыць па плыні лёсу, успрымаючы навакольнае жыццё, як селянін успрымае надвор’е альбо ўладу — як абставіны, што не залежыць ад нас і да якіх трэба проста прыстасавацца. Гэта таксама выбар.

На наш выбар уплываюць, “актуалізуючы” тую ці іншую мадэль нашых паводзін жыццёвыя акалічнасці, СМІ, мастацкія творы, рэлігія, гістарыя, прыклады людзей наўкол. Прыклад годнасці адного абуджае годнасць у многіх. Гэтак жа подласць нараджае подласць, прыклад вольнага чалавека — жаданне быць вольнымі, а рабскія паводзіны — памнажаюць рабоў.

Людзей, якія здольныя быць вольнымі і супрацьстаяць пануючай волі ўлады ці большасці, няшмат. Але яны — магчымасць альтэрнатывы. Калі ўмовы існавання чалавечай супольнасці істотна змяніліся ці погоршыўся яе маральны стан, то такая супольнасць можа апынуцца пад пагрозай знікнення. Этычныя нормы з’явіліся ж не проста так.
44👍9🔥2😢2👎1
Гэта вынік маральнай эвалюцыі чалавецтва і натуральнага адбору этычных сістэм. Немаральныя супольнасці страчваюць жыццяздольнасць. Вольныя людзі, здольныя на самастойную маральную пазіцыю — гэта сігнал трывогі і магчымы шлях да ўратавання.

Час паскорыўся. Гэта дазваляе убачыць, што найбольш канкурэнтнымі сталіся тыя чалавечыя супольнасці, этычныя нормы ў якіх збудаваны на ідэалах свабоды. Безумоўна, і ў іх нельга пазбегнуць ціску грамацтва, неабходнасці падпарадкавання яго законам. Але ў вольным грамацтве законы усталёўваюцца ў выніку грамацкага кампрамісу, у якім з дапамогай свабодных выбараў можа браць удзел кожны. Пры дыктатуры законы ўсталёўвае гвалтам адзін альбо група людзей. Падпарадкаванне волі грамацтва, усталяванай праз супольны кампраміс — неабходнасць. Падпарадкаванне волі аднаго, волі нахабнай, немаральнай, карыслівай — абраза. Дыктатура мае на мэце найперш захаванне кантролю над грамацтвам і асобай. Яна падаўляе іх і пазбаўляе энэргіі да развіцця. Дыктатура актуалізуе рабоў.

Усё мае сваё прызначэнне ў гэтай вялікай гульні, якую вядзе прырода, усе патрэбна. Патрэбны, мабыць, і людзі з псіхалогіяй рабоў. Але калі яны пачынаюць маральна дамінаваць, калі вольных робіцца так мала, што яны стамляюцца быць вольнымі — грамацтва дэградуе. Вольных часта не любяць, як не любяць незразумелае і недаступнае. Іх годнасці зайздросцяць няздатныя на яе. Але калі супольнасць разумее, што зайшла ў тупік, яна звяртае свой позірк на вольных, шукаючы ў іх паратунку.Калі вольных робіцца шмат, калі разам з імі сімпатыі і спадзяванні большасці, што можа па зусім іншых прычынах хоча пераменаў — супольнасць робіцца больш вольнай.

Несвабоднае грамацтва нашага часу звычайна атамізавана. Яно ўспрымае навакольны свет і рэальнае жыццё праз сурагаты штучных тэлевізійных вобразаў. Такое грамацтва безабаронна перад тымі, хто валодае манаполіяй на адзінае для большасці “вакно ў свет” — на стварэнне і распаўсюд гэтых вобразаў. Яно не здольна аб’яднацца дзеля свайго вызвалення без салідарнасці з ім вольных, выяўленай праз публічныя самаахвярныя дзеянні. Чым болей несвабоднае грамацтва, тым болей плата за магчымасць быць вольным. Тым болей сэнсу ім быць. Каб людзі маглі сабрацца вакол агню свабоды, нехта павінен узняць паходню.

Вялікая ахвяра, якую можа прынесці вольны дзеля свабоды іншых людзей — ахвяраванне вольным у сабе праз неабходнае дзеянне, якое супярэчыць яго маральнаму пачуццю. Такая неабходнасць можа ўзнікнуць, напрыклад, калі не застаецца іншага сродку, каб спыніць гвалт дыктатуры, акрамя як гвалтам. Негвалтоўны супраціў можа быць эфектыўным толькі тады, калі рэжым мае маральныя абмежаванні на ўжыванне гвалту.

Воля не робіць шчаслівымі. Але ёсць людзі, якія не здольны нармальна жыць і дыхаць без яе, для якіх яна — неабходная ўмова, каб быць шчаслівымі ці не шчаслівымі, проста быць. Самаабмежаванне на маральную ацэнку, няздатнасць голасна назваць немаральным немаральны ўчынак улады ці большасці, ухіленнне ад учынка, якога патрабуе твая годнасць — крок да раба ў сабе. Здрада свабодзе ад хлусні і прыніжэння не толькі набліжае да раба. Яна пашырае несвабоду навокал. Воля дае шанец рэалізаваць сябе як асобу, быць у гарманіі з сабой. Яе магчымасць існуе заўсёды. Усё залежыць толькі ад тваёй волі і мужнасці быць вольным. Вольным быць непроста. Ці можна быць вольным усё жыццё?

Толькі калі ты рэалізуеш сваю свабодную волю, свой выбар — ты Ёсць. Прызначэнне мужчыны — Быць. Прызначэнне жанчыны — захаваць таго, хто Ёсць для наступных пакаленняў. Калі жанчына не мае мужчыны, які Ёсць, яна абірае паміж захавацца і Быць самой.

Пашукай у сабе. Хто ты, кім ты можаш быць, кім ты хочаш быць? Абавязак тых, хто адчувае ў сабе патрэбу волі, вольнага чалавека — імкнуцца быць вольным. Найперш — перад сабой, перад тым, хто ў глыбіні стагоддзяў заклаў гэтую патрэбу у тваю памяць, перад тваім родам і краінай, перад тымі, хто зараз ці ў будучыні адчуе прагу быць вольным.
👍3411❤‍🔥6👎1🔥1
Што мы можам супрацьпаставіць смерці, магутным сілам, якія віруюць над намі, маленькімі мурашамі, атрымаўшымі магчымасць існаваць толькі дзякуючы збегу выпадковасцей? Толькі годнасць і жаданне зрабіць гэты свет хоць крыху лепшым і дабрэйшым для тых, хто як і ты хоча быць вольным. Хіба гэты твой выбар, твой падарунак свету і наступным пакаленням, твая дабрыня і салідарнасць з імі, такі твой працяг у будучыню не можа быць сэнсам?

Мікалай Статкевіч, г. Баранавічы, ПУАТ № 2

Надрукавана 24.04.2006 г. у "Нашай Ніве"
👍6228🥰5👎1