STATKEVICH M
1.67K subscribers
4 photos
Download Telegram
ПАРАДОКСЫ МАГЧЫМАГА МІРУ

Зараз ідуць перамовы паміж Украінай і Расіяй пра ўмовы дасягнення міру і спынення вайны. Адразу кідаецца ў вочы парадокс - галоўнай нагодай для вайны 4 гады таму Москва аб'явіла набліжэнне NATO да яе межаў. А зараз перамовы пра мір праходзяць пад кіраўніцтвам ЗША - галоўнай краіны і лідара NATO, на якую Крэмль цяпер ўскладае асноўныя спадзяванні на выхад з вайны з захаваннем твару. Дык ЗША для Масквы - галоўны вораг ці галоўны ратавальнік ад Украіны? Бо зараз сітуацыя для Масквы добра ілюструецца дыялогам:
- "Я мядзьведзя злавіў!";
- "Дык вядзі яго сюды";
- "Ён мяне не пускае!"
На перамовах Масква адначасова імкнецца атрымаць і як мага болей ўкраінскіх тэрыторый, каб заявіць пра перамогу ў вайне, і гарантаваць для сябе бяспеку ад украінскага рэваншу. Але гэтыя мэты супярэчаць адна адной, бо, чым болей тэрыторый атрымаецца "адціснуць" ва Ўкраіны, тым большай будзе прага ва ўкраінскім грамацтве вярнуць страчанае. Гэта можа зрабіцца нечым кшталту нацыянальнай ідэі. Яна будзе гучаць на ўсіх выбарах. Украіна будзе ўкладаць вялікія сродкі ў распрацоўку і вытворчасць зброі, на ўтрыманне войска. Масква баіцца, што Украіна будзе рыхтавацца да вайны і чакаць забурэння ў Расіі, каб скарыстацца ім для вяртання страчаных земляў. І ніякія дамовы для яе не будуць перашкодай, бо заўсёды можна ўзгадаць, колькі дамоў парушыла Масква анэксіяй Крыма ды іншых тэрыторый Украіны. Але, разам з тым, сваімі празмернымі тэрытарыяльнымі патрабаваннямі на перамовах Крэмль робіць ўсё, каб падвысіць імавернасць такога небясьпечнага для яго сцэнару.

Гладзячы па ўсім, Украіна ў бліжэйшай перспектыве не здолее далучыцца да NATO і застанецца нейтральнай. Па разумнаму, Украіне на перамовах трэба было б патрабаваць такога ж статусу і для Беларусі, каб зрабіць бяспечнай сваю паўночную мяжу. Нейтральны пояс ці "буфер" паміж Расіяй і NATO спыніў бы эскалацыю напружання паміж імі, а для Беларусі зрабіўся б гарантыяй яе суверэнітэту. Аўтары першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі разумелі небяспеку непасрэднага суседства двух ужо тады патэнцыйна варожых сіл і занеслі ў яе тэкст тэзу пра імкненне да нейтралітэту. А аўтары ўсіх варыянтаў праграмы Народнай Грамады ад пачатку разумелі, якую рэакцыю Масквы выкліча спроба Беларусі далучыцца да NATO і заўсёды ўключалі ў яе тэкст пункт пра ваенны нейтралітэт нашай краіны.

Парадаксальна, але нейтральная Ўкраіна будзе больш небяспечнай для Расіі, чым Украіна ў NATO. Бо калегі Украіны па NATO будуць стрымліваць яе ад радыкальных дзеянняў. Сама ж NATO ваяваць зусім не імкнецца - занадта добра там жывуць. А новыя тэрыторыі іх не цікавяць - бо вельмі дорага будзе каштаваць дасягненне імі еўрапейскага ўзроўню.
Але Крэмль так шмат казаў пра злавеснае NATO, якое з варожымі мэтамі набліжаецца да расійскіх межаў, што мусіць працягваць старую прапаганду, абмінаючы той просты факт, што гэта не NATO набліжаецца, гэта ў яго ўцякаюць ад Расіі яе суседзі, былыя краіны-вязні "сацыялістычнага лагера", якія больш не жадаюць атрымаць яшчэ адзін тэрмін зняволення ў ім. А таксама ўжо і чальцы "саюза нерушимого республик свободных", многія з жыхароў которых пабывалі і ў сапраўдных лагерах сістэмы ГУЛАГ.
Невядома, чым скончацца гэтыя перамовы, але шмат людзей у свеце чакаюць, каб гэтая крывавая вайна паміж некалі самымі блізкімі народамі нарэшце скончылася. Прынамсі, яе гарачая фаза. І каб вынік перамоў не правакаваў яе аднаўленне.

Мікалай Статкевіч
75💯41👍18🤔4🤷‍♂1🤡1
НЕ САСТУПАЙ ЗЛУ

Днямі ў Празе я быў уганараваны праваабарончай прэміяй Homo Homini. Прэміію ўручыў старшыня Сената Чэхіі Мілаш Выстрчыл.
(Судовым выканаўцам, якія ўжо наведвалі мяне ў пошуках новай маёмасці, прапанова не ўзбуджацца - прэмія не мае грашовага эквівалента).

Даведка:
Прэмія "Чалавек чалавеку" (Homo Homini) - прэстыжная ўзнагарода ў галіне правоў чалавека, якая ўручаецца з 1994 года чэшскай арганізацыяй "Чалавек у бядзе" (People in Need). Яна прысуджаецца актывістам і арганізацыям за значны ўклад у прасоўванне дэмакратыі і негвалтоўныя метады барацьбы, уручэнне праходзіць на адкрыцці фестываля "Адзін Свет".
Мэта: Прызнанне мужнасці асоб, якія абараняюць правы чалавека і грамадзянскія свабоды, часта ў вельмі небяспечных умовах.
Сімвал: Шкляная скульптура, распрацаваная Даніэлай Хадзілавай, якая сімвалізуе справядлівасць і раўнавагу.

З-за немагчымасці для мяне выязжаць з Беларусі на цэрымоніі быў зачытаны тэкст майго выступу, які прыводзіцца ніжэй.

НЕ САСТУПАЙ ЗЛУ

Паводзіны кожнага чалавека, яго ўчынкі, нават словы непазбежна ўплываюць на іншых людзей, як мінімум, з - яго атачэння і праз іх далей, на грамадства.
Так адбываецца таму, што, мы, людзі, істоты статкавыя і, як ва ўсіх статкавых жывёл, у нас моцна развіты інстынкт капіравання паводзін адно другога.
З пункту гледжаньня эвалюцыі гэта зразумела: у крытычнай сітуацыі, калі ўцякаць, дык усім - мо, нехта і ўратуецца; калі біцца, то лепей кідацца на ворага ці небяспечнага звера ўсім. Так болей шанцаў на перамогу.
Гэты інстынкт даволі дзейсны, пра што сведчыць нават гісторыя войн, у якой былі выпадкі, калі ў разы большае войска разбягалася перад меньшым. Бо адзін салдат раптоўна кінуўся наўцёкі, а за ім - усё яго войска пабегла перад здзіўленым праціўнікам.
Былі і зваротныя выпадкі, калі смеласць нямногіх пераламляла ход бітваў...
Людзі капіруюць адзін другога і ў некрытычных ситуациях, асабліва, калі ўзор для капіравання мае высокі сацыяльны статус і яго паводзіны тыражуюцца масмедыя.
Мы памятаем, як ўплывае на паводзіны грамацтва хамства, хлуслівасць, цынізм першых асоб дзяржаў.
Безумоўна, ёсць і зваротныя выпадкі. Найбліжэйшы і вельмі вядомы і яскравы - прыклад Вацлава Гавела, які даказаў, што палітыка можа быць і маральнай, і чалавечнай.
Эфект капіравання добра вядомы і недэмакратычным рэжымам, якія імкнуцца не дапусціць любых публічных праяў нязгоды з іх палітыкай. Яны жорстка падаўляюць гэтыя праявы, каб у грамацтва было ўражанне ўсеагульнай згоды і падтрымкі ўлад. Калі такой падтрымкі няма і людзі пра тое ведаюць, тады рэжым спрабуе ўкараніць у свядомасць грамадства думку, што любы супраціў не мае сэнсу, што ўлада здольна любога размазаць у "брудную пляму", што супрацьстаяць гэтаму немагчыма.
Калі мы саступаем злу, мы робім сілы зла больш моцнымі, і аслабляем дабро. Бо, з аднаго боку, даем сілам зла доказы іх усемагутнасці і ствараем ў іх ілюзію беспакаранасці і ўпэўненасці ў сваёй чорнай справе.
З другога боку, нашы саступкі злу даюць грамадству сігнал аб усемагутнасці зла, аб безнадзейнасці супраціву яму.
Для недэмакратычнай ўлады важна найперш зламаць і прымусіць саступіць ім людзей вядомых, каб прыклад іх скарэння перад злом аказаў найбольшае ўздзеянне на дэмаралізацыю грамадства.
Праўда, тут працуе і зваротнае. Ведаю, што сотні палітзняволеных у Беларусі, нягледзячы на здзекі і катаванні, так і не падпісалі прашэнняў аб памілаваньні, нават ўзамен на абяцанні вызвалення. Што дае прыклад нам усім на волі, сведчыць пра высокі маральны дух беларускай нацыі і стойкасць нашага народа. Для тых, хто яшчэ знаходзіцца ў зняволенні, важна адчуваць, што яны не самотныя ў сваёй барацьбе. Што на іх баку ўвесь вольны свет, свет добра.
Я ўдзячны за Вашую ўзнагароду, бо яна сведчанне прызнання Вамі мужнасці і стойкасці тых, хто і зараз пад неверагодным уціскам захоўвае сваю годнасць, гонар і сумленне, хто ў адзіночку вядзе сваю невядомую свету барацьбу супраць бязлітаснай машыны падаўлення, не саступаючы злу. Што вы разам з намі, што разам мы больш моцныя за зло і што разам мы пераможам.
Беларусь будзе вольнай!
Шчыра дзякую за ўзнагароду, сябры!
118🙏12👍6🥰3🔥1
140👏23🥰7💩1
Адказы на пытанні (частка 1)
Былыя сябры Народнай Грамады, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі, перадалі некалькі пытаньняў да мяне, якія найбольш цікавяць людзей. Адкажу на іх тут. Вось першае з іх:
- Мы памятаем прэс-канферэнцыю ў Варшаве 27 лютага 2019 года, у якой удзельнічалі вы разам з Андрэем Саннікавым і Уладзімірам Някляевым. На ёй вы былі абвешчаны кандыдатам у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэса на магчымых выбарах. Пазней была падтрымана ваша стратэгія «кандыдатаў пратэсту», якая добра спрацавала ў 2020 годзе. Нагадайце, у чым сутнасць гэтай стратэгіі і як Вы ацэньваеце пратэсты 2020 года?
Вельмі ўдзячны калегам па БНК за давер, спадзяюся, што я не схібіў, і ім не прыйшлося шкадаваць пра сваё рашэньне. Але хацеў бы растлумачыць прычыны, па якім БНК абраў гэту стратэгію. Не маюць рацыі тыя, хто кажуць, што "старыя" не здолелі яе арганізаваць, але з'явіліся "новыя" і яны арганізавалі. Рэвалюцыю нельга проста арганізаваць, калі грамадства не гатовае да перамен. Але яе можна скіраваць і ўзначаліць, калі людзі гатовыя да яе.
Наяўнасць такой гатоўнасці яшчэ Ленін называў "рэвалюцыйнай сітуацыяй", якая ўключала наступныя ўмовы (ўспамінайце, вы гэта ведаеце):
1. Нізы не жадаюць жыць па-старому.
2. Вярхі не могуць кіраваць па-старому.
3. Абвастрэнне звыш звычайнага супярэчнасцяў у грамадстве.
Першая з умоў прысутнічала ўжо недзе ў 2017 годзе. Павялічэнне пенсійнага ўзросту, крызіс занятасці ў рэгіёнах, калі кожную ноч дзесяткі маршрутак з усходніх гарадоў з "гастарбайтэрамі" выязжалі на Маскву і, нарэшце, дэкрэт пра падаткі з беспрацоўных, пазней названы дэкрэтам пра "дармаедаў". Сацыяльнае напружанне расло, мы гэта адчувалі. Адчуванне перарасло ва ўпэўненасць, калі мне патэлефанаваў Зміцер Бандарэнка і паведаміў, што за апошні месяц кардынальна вырасла колькасць наведванняў сайта "Хартыя-97" Наталлі Радзінай, які лічыўся сярод беларусаў (ды і зараз лічыцца) голасам дэмакратыі. Таму БНК прызначыў у лютым 2017 года несанкцыянаваны мітынг на Кастрычніцкай плошчы Мінска супраць гэтага дэкрэта. На яго выйшлі каля 5 тысячаў чалавек, а стрым з яго на Радыё "Свабода" паглядзела каля двух мільёнаў чалавек. Пасля гэтага стыхійныя мітынгі супраць дэкрэта пачаліся па ўсёй краіне. Нам стала відавочна, што беларусы хочуць перамен і гатовыя за іх змагацца.
Другая ўмова - пра "вярхі". Кіраваць па старому яны не здолеюць, калі распадаецца вертыкаль ўлады. Такое бывае пры распадзе дзяржавы, альбо пры сабатажы выканаўцаў. Апошняе здараецца, калі на вуліцах працяглы час знаходзіцца вялікая колькасць пратэстоўцаў (даследчыкі кажуць пра 3,5% ад насельніцтва краіны), што пераконвае чыноўнікаў, што яны апынуліся не на тым баку і замест грошай, пасадаў, розных даброт яны могуць апынуцца ў якасці адказчыкаў за дзеянні ўладаў.
Трэцяя ўмова выканалася сама сабой, калі цынічнае бяздзеянне ўлады падчас ковіда выклікала негатыўную рэакцыю ў людзей.
Але ад пачатку паўстала пытаньне, як сабраць людзей на працяглы пратэст у такой колькасці, калі любая вулічная актыўнасць караецца жорстка і хутка. Па сутнасці, для гэтага была толькі адна магчымасць - збіраць людзей падчас выбарчай кампаніі на пікетах па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на "выбарах", што законамі не забаранялася, пра што было нават адпаведнае тлумачэнне канстытуцыйнага "суда". Выпрабоўваць гэты падыход мы пачалі восенню 2019 года падчас парламенцкіх "выбараў". Я аб'ехаў дзесяткі гарадоў, дзе правёў сустрэчы, мэтай якіх быў пошук рэгіянальных арганізатараў, патэнцыйных лідараў пратэсту. Затым мы вылучылі ў гэтых гарадах шляхам збору подпісаў каля 40 кандыдатаў. Я ўвайшоў у ініцыятыўныя групы па збору подпісаў за вылучэнне кожнага з гэтых кандыдатаў. Потым, пасля папярэдніх аб'яў, мы прыязжалі на пікет да кажнага з кандыдатаў пратэсту. Мы працавалі невялікай камандай, у якой, акрамя мяне, быў намеснік старшыні Народнай Грамады Валянцін Троцкі і генсек партыі Сяргей Спарыш. Мы ставілі стэнды з дёрзкімі, але юрыдычна карэктнымі плакатамі, уключалі гукаўзмацняльную апаратуру і праводзілі мітынгі. Мы "ламалі страх" у людзей.
👍3019🔥4🎉1
Дарэчы, пачаў яго "ламаць" я яшчэ з восені 2015 года, праз месяц пасля вызвалення, калі пачаў праводзіць у цэнтры Мінску несанкцыянаваныя акцыі, бо за чатыры папярэдніх гады майго зняволення там не было ніводнай акцыі "апазіцыі". Нейкія палітычныя могілкі стварылі... Былі спробы з боку ўладаў перашкодзіць нам праводзіць мітынгі на пікетах, але ўжо ў 2020 годзе ў зняволенні, калі яшчэ былі лісты ад людзей з волі і інфармацыя з Інтэрнэту ды рэгіянальных газет, я заўважыў поўную залежнасць паміж колькасцю людзей на нашых пікетах у канкрэтных гарадах, іх дзёрзкасцю і колькасцю і настойлівасцю ўдзельнікаў акцый пратэсту ў гэтых жа гарадах у 2020 годзе.
Мы адначасова ў БНК выпрабоўвалі некалькі стратэгіій на тых "выбарах" і дапамагалі адзін аднаму іх рэалізоўваць. Напрыклад, "Еўрапейская Беларусь", якую ўзначальвалі Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, зарэгістравала сваіх кандыдатаў праз партыю БНФ і скарыстоўвала час, адведзены ім на агітацыю... А адмову ў рэгістрацыі вылучанай зборам подпісаў Ірыны Халіп скарысталі для правядзення акцый пратэсту ў цэнтры Мінска. Потым мы скарысталі напрацаваны досвед у Стратэгіі вяртання сапраўдных выбараў, прынятай БНК напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Мы рыхтаваліся, але той бок таксама шукаў новыя метады барацьбы з пратэстамі. Напярэдадні ключавой акцыі пратэсту супраць "дэкрэту пра дармаедаў" 25 сакавіка 2017 года былі арыштаваныя ўсе яе патэнцыйныя лідары. Напрыклад, Яўгена Афнагеля ўзялі на кальцавой аўтадарозе, я знаходзіўся не дома, каб пазбегнуць прэвентыўнага арышту, але мяне вылічылі і ўзялі за дзень да акцыі. Уладзіміра Някляева, які, калі стала вядома пра арышты, наўпрост скіраваўся з Варшавы ў Мінск, каб узначаліць акцыю, быў у Берасці так жорстка затрыманы АМАПам, што гэта ледзь не каштавала яму жыцця. У выніку, акцыя 25 сакавіка не кіравалася і была рассеяна ўладай. Але людзі масава выйшлі і паказалі, што яны гатовыя да пратэсту.
У 2020 годзе мы зноў прымянілі стратэгію кандыдатаў пратэсту. Але першай акцыяй 2020 года быў несанкцыянаваны мітынг на прыступках Дома Ўрада 14 мая пасля падачы на рэгістрацыю маёй ініцыятыўнай групы і часткі груп кандыдатаў пратэста. Тады я заявіў, што "сёння мы запальваем тут полымя пратэсту" і заклікаў людзей на першы мітынг на пікетах кандыдатаў пратэсту 24 мая ў Мінску, каля Камароўкі. Пасля гэтага мітынгу стала зразумела - Беларусь падымаецца. На 31 мая былі прызначаны мітынгі на пікетах ва ўсіх абласных гарадах. На якія выйшлі дзесяткі тысяч людзей.
.Нашы рэгіянальныя арганізатары мелі гукаўзмацняльную апаратуру, мы даслалі з Мінску на такія мітынгі прамоўцаў у абласныя цэнтры.
На 7 чэрвеня мной загадзя былі ўжо анансаваны, акрамя Мінска і абласных цэнтраў, мітынгі прыблізна ў 10 буйнейшых раённых гарадах (я імкнуўся запусціць пратэст па ўсёй краіне, пакуль на волі).
Калі колькасць ўдзельнікаў мітынгаў пачала імкліва расці, улады зноў прэвентыўна арыштавалі патэнцыйных лідараў пратэсту. Спачатку адміністрацыйна, як Паўла Севярынца, мяне, Валянціна Троцкага, Вераніку Мішчанка, а потым і па крымінальным справам. У тым ліку, і кіраўніка камісіі Рады БНК Яўгена Афнагеля, актыў "Еўрапейскай Беларусі". Пазней былі асуджаныя па крымінальным справам кіраўнікі камісій Рады БНК Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў, Вацлаў Арэшка, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні, генсек Народнай Грамады Сяргей Спарыш. Усё гэта паказвае, што ўлада выдатна разумела, хто рэальна стаіць за падрыхтоўкай грамадства да пратэстаў. Але намі ўжо была праведзена каласальная аналітычная, арганізацыйная ды агітацыйная праца, якая, дарэчы, пастаянна асвятлялася ў Сеціве. Вельмі важным было трансляваць нашы акцыі на ўсё грамадства, каб скіроўваць яго незадаволенасць у рэчышча гатоўнасці да пратэстаў. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі блогеры і незалежныя журналісты. Самую важную функцыю тут выканаў сайт "Хартыя-97" на чале з Наталляй Радзінай, які вёў па сутнасці сістэмнае інфармацыйнае суправаджэнне нашых мерапрыемстваў. Таксама мы шырока выкарыстоўвалі сацыяльныя сеткі.
44👍14🔥2👎1🙏1
Таму, калі ў 2020 годзе да мяне даходзілі меркаванні і заявы пра "нечаканасць пратэстаў", мне хацелася адказаць: "вы проста не чыталі маіх акаўнтаў". Яны, дарэчы, і зараз павінны быць даступнымі, хоць я імі не магу карыстацца.
53👍17🔥4👎1
Сёння каля дома затрымалі маю жонку Марыну Адамовіч. Нібыта, хочуць ўзяць тлумачэнні пра атрыманне ёй праваабарончай прэміі Homo Homini ў Празе замест мяне. Чакалі каля дома. Адзін назваўся следчым Казловым. Пакуль інфармацыі няма.
🤬252💔40😢21🙏162🤡2😈1
Дарагія сябры, Марына дома. Проста пратрымалі 4 з паловай гадзіны ў Ленінскім РУУСе, не дапытвалі, проста трымалі. Зараз аналізуем, а што гэта было?
214🙏66❤‍🔥13👍8🥰5😢2🕊2😁1🤡1💊1
Адказы на пытанні (частка 2)
Былыя сябры Народнай Грамады, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі , перадалі некалькі пытаньняў да мяне, якія найбольш цікавяць людзей. Працягваю адказваць на іх тут. Вось наступнае з іх:
- Першыя артыкулы, якія вы напісалі, ужо выклікалі дыскусіі не толькі сярод беларусаў, але і сярод замежнікаў. Адна з найважнейшых падзеяў апошніх гадоў - вайна ва Украіне. Знакавыя падзеі адбыліся і сёлета. Арыштаваны дыктатар Мадура, ЗША і Ізраіль вядуць вайну супраць іранскага рэжыму. Як вы ацэньваеце геапалітычную сітуацыю сёння?
Наконт маіх артыкулаў. Публікуючы іх, я чакаў негатыўнай рэакцыі ад некаторых чытачоў, але ўяўляў яе недзе так: "што тут казаць, усё ж, інсульт галаўнога мозгу", далей фальшывыя спачуванні і такія ж пажаданні "хутчэйшага выздараўлення". Але зусім не чакаў, што пад сумнеў будзе пастаўлена нават маё аўтарства. Дык хто інакш іх напісаў, мо прывід Шэкспіра праслізнуў на мой асабісты канал, а я, з-за любові да літаратуры, змаўчаў? Прычым, пры адмаўленні аўтарства, я бачу, што некаторыя публічныя асобы скарыстоўваюць высновы з майго першага артыкула, але без спасылкі на іх аўтара. Ну, добра хоць так. Мо, яны проста не хочуць ўзгадваць прывід Шэкспіра? Ці лічаць і мяне прывідам. Трэба прызнаць , што ў юрыдычным сэнсе яны ў нечым маюць рацыю, бо мяне вызвалілі без ніводнага дакумента, які б сведчыў маю асобу. Пашпарт застаўся ў калоніі, кіраўніцтва якой не адказвае на запыты. Пакінулі як сувенір? А без яго не тое, што за мяжу на абследаванне не выедзеш, як многія прапануюць, нават у мясцовую паліклініку не звернешся. І не дакажаш, што я - гэта я. Толькі адны мужныя судовыя выканаўцы рашуча прызналі маё фізічнае існаванне без дакументаў, але адразу ж заявілі прэтэнзіі на палову маёй пенсііі, якую я таксама не магу аднавіць без пашпарта.
Прызнаўшы слушнасць маіх высноў пра пагрозу Беларусі, многія крытычна паставіліся да маіх прапаноў па яе купіраванню. Але нічога не прапанавалі наўзамен. Мо, як цяжарная школьніца, спадзяюцца, што "само рассмокчацца"?
Пра геапалітычную сітуацыю вакол Беларусі я дастаткова падрабязна напісаў у гэтых артыкулах. Калі пра рэальны стан беларускага грамадства і сітуацыю ў палітычнай эміграцыі інфармацыі ў мяне было мала, бо "Советская Белоруссия", якую я мусіў выпісваць у калоніі, тут не лепшая крыніца, то пра стан расійскай эканомікі, афіцыйныя ўстаноўкі і памкненні Крамля, міжнародныя падзеі - пра ўсё гэта можна было скласці пэўнае ўяўленне нават з тых жа "Известий", якія я таксама выпісваў. Да таго ж, яшчэ савецкі досвед чытання паміж радкоў і мой дастаткова вялікі і разнастайны жыццёвы, палітычны і вайсковы досвед, (а я маю вельмі добрую памяць), давалі дастаткова інфармацыі для аналізу. І высновы відавочныя. Прайграўшы Ўкраіну, Крэмль будзе шукаць іншыя месцы прарыва на Захад. Бо расійская масавая свядомасць дагэтуль не змяшчаецца ў межах РФ, а кіраўніцтву Крамля патрэбна "пераможная вайнушка", каб захаваць і перадаць у спадчыну ўладу. А таксама, каб прымусіць Еўропу адмовіцца ад санкцый і вярнуцца да фінансавання крызіснай расійскай эканомікі праз масштабны закуп у РФ вуглевадародаў. Таму значнасць "беларускага балкона" для Москвы будзе толькі расці, што спараджае цэлы шэраг рызык не толькі для і так фармальнай беларускай дзяржаўнасці, але і для фізічнага існавання Беларусі і беларусаў.
Кажу пра гэта толькі таму, што менавіта падтрымка Масквы з'яўляецца асновай ўстойлівасці беларускага рэжыма. Такая залежнасць можа каштаваць нам вельмі дорага. Яе нельга прыбраць звонку іншым краінам, бо гэта толькі абвострыць бітву за "балкон" з боку Масквы. У Венесуэле ўстойлівасць рэжыма забяспечвалася падтрымкай бяднейшых слаёў насельніцтва, якія за гэта атрымоўвалі ад уладаў бясплатныя прадукты харчавання, таму замена Мадуры там мала што мяняе, наадварот, яго былыя прыхільнікі спадзяюцца, што цяпер санкцыі здымуць і "кармленне" стане лепшым. У Іране рэжым абапіраецца на шыізм - рэлігію, заснаваную на ідэі пакутніцтва і кульце смерці. Прыхільнікаў гэтай рэлігіі там яшчэ дастаткова, каб падтрымліваць у дзеяздольным стане шматлікія сілавыя структуры.
💯3417👍12👻1💊1
Вельмі шкада гэты мужны і таленавіты народ, але ў бліжэйшы час перспектыў для яго вызвалення я не бачу. Мо, хіба толькі пад знешнім ціскам, саслабелы рэжым пойдзе на пэўныя змякчэнні, але не зараз.
😢48💯26👍102👻1💊1