Razanau
693 subscribers
1 photo
Тэкст Алеся Разанава кожны дзень. Створана @wir_by
Download Telegram
Самай істотнай асаблівасцю ўсякага краявіду з’яўляецца далечыня, яна сама ягоная ўласцівасць.
Адымі яе — дрэвы не будуць ведаць, дзе яны ёсць, рэкі — куды цякуць, а курганы — што хаваюць.
Усё адыходзіць у далечыню і з далечыні прыходзіць, і ва ўсякім ландшафце далечыня самая блізкая і самая знаёмая з’ява.
Калі думка думаецца, у прысутным адкрываецца сутнае, а ў блізкім — далечыня.
Адною сцяжынай ішлося з дому, а назад... — адкуль іх столькі ўзялося?!.
Іду, збочваю, вяртаюся да развілак, распазнаюся — пакуль не схавалася сонца, усё-такі спадзяюся выйсці туды, дзе ўсё станецца знаёмым і пазнавальным.
Як бы ні блыталіся самі і ні ўблытвалі ў блуканне, усё-такі ў любым апынанні асноўнае, што ёсць яны, сцежкі, і што ёсць яно, сонца.
«І гэта міне...»
Тое, што мінае, мінае так, што пэўным чынам застаецца.
Жыццё — здзяйсненне, і ў ім да самай завяршальнай дзеі прысутнічае ўсё, што адбывалася раней, і тое, што адбывалася раней, збіраецца ў завяршальнай дзеі, каб сапраўды мінуць і сапраўды развязацца.
Перагортваю чарнавікі — іх адначасова і зашмат, і замала. Зашмат — бо расчытваць іх няпросты клопат, замала — бо ў іх, каб яны змаглі стацца творам, заўсёды нечага не хапае.
Яны як кірмаш (ці, калі на сербалужыцкай мове, — вікі), і пры тым чорныя вікі, дзе самае непрыдатнае (найменш здзейсненае) будзе каштаваць найбольш, а самае здзейсненае — найменш.
Лічуся з платай: што набываю, а што пакідаю нечапаным, каб калі-небудзь зноў да яго вярнуцца. Або не вярнуцца.
Твор:
хвіліны вымаўляюць;
гадзіны слухаюць;
дні выяўляюць;
месяцы чытаюць;
гады распазнаюць;
дзесяцігоддзі тлумачаць;
стагоддзі маўчаць і маюць.
Народная прымха: калі чорны кот перабег дарогу — чакай няўдачы.
Усякая дарога — пераадоленне абмежаванасці, і ў кожнага яна свая, і свой чорны кот, які спадцішка выпільноўвае дарогу, каб раптам аб’явіцца ў самы вырашальны момант, — ён з’яднаны і злучаны з чалавечай самасцю.
І адно самасцю высноўваюцца і самасці адрасуюцца прымхі.
Рытм — тое, што фармуе паставу верша;
інтанацыя — тое, што вызначае яго аблічча.
Калі быў у войску, час-почас звяртаўся да сваіх пабрацімаў-саслужыўцаў па дывізіёне са словам «хлопча».
Праз нейкі час гэты зваротак вярнуўся да мяне і стаўся маім знакам, мянушкай: хлопча казаў, хлопча дзяжурыць, спытайся ў хлопча, хай хлопча зробіць...
Што вымаўляем — маем.
На памылках спыняюцца, аб памылкі спатыкаюцца, у памылкі ўдумваюцца і ўглядаюцца: роўнае мінаецца без увагі, а памылкі запамінаюцца — і памылкі здабыткі, калі яны намацваюць і знаходзяць утоены ў словах і ў рэчаіснасці змест.
Нехта і не хацеў бы — а піша з памылкамі, нехта свядома, уводзячы ў мову асаблівасці сваёй гаворкі, дапускае ў пісьме памылкі, а нехта іх вынаходзіць і аб’яўляецца з імі як з творамі, што прыналежаць адно яму.
Колькасць пераходзіць у якасць — закон, упісаны ў падручнікі дыялектычнага матэрыялізму.
Але як пераходзіць — сама? Самохаць? Механічна і аўтаматычна? Не, не аўтаматычна і не механічна, не самохаць і не сама, а тады, калі дзейсніцца з’ява пераходу і калі ёсць той, хто ў ёй удзельнічае.
І тады адна зрэнка відушчасці істотнейшая за ўсю масу поцемкаў, і тады адна гранула разумення змястоўнейшая за цэнтнеры цемрашальства.
Творчасць — у пераходзе.
У Рабкоры, што ў Акцябрскім раёне, калі выходзіў з тамтэйшай крамы, супаткаўся з бабуляй-няўклюдай: абапіраючыся на дзве кульбы і трымаючы торбу, яна ўскарасквалася на ганак.
Як мог дапамог ёй, і ўжо ў самой краме, нібы ўзважваючы ў галаве нейкі кошт, яна запыталася ў прысутных — усе яны ёй, было відаць, былі знаёмыя ці мо нават блізкія: «Адкуль гэты чалавек?»
Прысутныя няўцямна маўчалі.
Нічога больш не прамовіла і яна і, ніяк мне не падзякаваўшы, пасунулася да прылаўка.
Пэўна, каб дзякаваць, трэба найперш ведаць, каму дзякуеш.
Я другі раз выйшаў з крамы.
Сярод малых і вялікіх, простых і ганаровых помнікаў, калі абыходзіў сялецкія могліцы (могілкі), найбольшую ўвагу прыцягнула і кранула нейчая магіла з невядома якіх часоў: на ёй не было ні крыжа, ні хоць якога знаку, і яна амаль уцягнулася ў зямлю.
У ёй выяўлялася нешта, што было сутнасцю саміх могліцаў: не ўзвышацца над зямлёй, а супадаць з зямлёй, не заставацца, а знікаць.
«І сонца некалі пагасне...»
Як для каго і як якое сонца: чалавек не толькі тая самая постаць, што аб’явілася і распазнаецца, але і не тая самая, і, жывучы, не толькі памірае, але і нараджаецца — з новым сонцам і для новага сонца.
Калі ў далёкай далечыні рэйкі пачынаюць супадаць — так і павінна быць. Але калі яны пачынаюць супадаць у блізкай блізіні — гэта ўжо катастрофа.
З там і тады катастрофа настойліва ссоўваецца ў тут і цяпер, даказваючы і паказваючы, што няма нічога, што магло б з ёю зраўняцца, адужаць яе, пераўзысці.
І бесперапынна, сцвярджаючы нейкае правіла ці паўтараючы мантру, соўгаюцца па рэйках цягнікі, не дазваляючы ім ні канчаткова супасці, ні раз’яднацца.
Адкладаю меч — ён нецярплівы, і з ім я небяспечны найперш самому сабе, бо дарэшты не ведаю, хто мне ёсць хто (хто сябра, хто вораг, хто здрайца, а хто проста старонні) і хто самому сабе я сам; абапіраюся на шчыт — ён умее чакаць.
І гэта не тое,
і тое не гэта:
з вядра
выкідвае смецце варона.
«І што за пачвара?!.»
— крычаць
узбураныя вароны:
знікае
за дрэвамі верталёт.
Азірнуўся —
нехта бяжыць па маіх слядах:
сухое лісце.
Адгарадзіўся ад навакольля
плотам зь бярозаў і соснаў
і сам за німі стаіўся: лес.
Зьмяркаецца.
У парку крычаць вароны -
і крыкам намацваюцца, што яны ёсьць.