Razanau
693 subscribers
1 photo
Тэкст Алеся Разанава кожны дзень. Створана @wir_by
Download Telegram
І гэта адзеньне?!. -
зьдзіўляецца клён:
касьцёл у леташніх рыштаваньнях.
Сьпеў у нябёсах,
нябёсы ў сьпеве:
жаўрук.
Боязна, што заўважаць
і што не заўважаць — таксама...
Суніцы зачырванелі.
Сярод залатых дзьмухаўцоў
адзін серабрысты:
у німбе?!.
Якімі высокімі павырасталі
быльнік і лебяда:
схаваўся б!..
Вось ужо і скончыўся лівень!..
А ліст кляновы лісту
яшчэ ўсё перадае першыя кроплі.
Далёка ісьці...
Смакчу
нясьпелую сліву.
Вецьце спусьціла ў замерлы ставок
і сама замерла:
вярбіна ў сьпёку.
Вуліцу заняло
паважнае шэсьце:
ідуць з пашы каровы.
Хочаш са мной
паблукаць па сьвеце? -
Да рукава бадзяк прычапіўся.
Хаваецца дзень
У кожным
акне па сонцы.
У ржышчы жытнёвым
конік застракатаў:
яшчэ нешта не зжата?!.
Гронкі рабіны
зачырванелі:
ўгару горнецца позірк.
Стаяць на балоце стагі
з асьнежанымі вярхамі -
тутэйшыя горы.
Рэчка замерзла. Мост
зьдзіўляецца лёду:
адкуль ты ўзяўся?!.
На непарушным сьнезе
лёгкі заечы сьлед
і чалавечы — цяжкі.
Ялінка на сьметніку.
Вось і ўвесь новы год!..
Вось і ўсё навасельле!..
Зімовае сонца.
Імкнуцца ўстаць
са снежнай пасцелі
цені.
Зіхоткая поўня -
акно, зь якога
глядзіць у душу нябыт.
Парушаны мур:
чырванее жар -
цэгла ў бязмежжы сьцюжы.
Сьнежная горка.
Дзеці зьлётваюць долу -
ці, можа, увышыню?!.