Толькі пра мову
2.99K subscribers
1.97K photos
297 videos
1 file
725 links
Канал для тых, хто пра мову думае і дбае. І пра чалавечую мову наагул — як унікальную зьяву і каштоўнасьць, і — найперш — пра беларускую мову зь яе багацьцем і праблемамі.
Download Telegram
Выраз пра занадта актыўнага недарэку. Як дурань дзьверы (цягаць, насіць; актуальна таксама і ламаць) азначае рабіць нешта бессэнсоўнае і марнаваць шмат сілы.

Была показка: браты сказалі Івану-прасьцяку, каб той прынёс ім на поле полудзень ды замкнуў дзьверы. Але Іван не знайшоў замка, таму зьняў дзьверы з завесаў і панёс да братоў: калі дзьверы ў яго, то ніхто ж ня зможа зайсьці ў хату!

Клясычны агульнаэўрапейскі сынонім — сызыфава праца — не такі крыўдны.

Падрабязна тут: https://svabod1.azureedge.net/a/duran-dzviery/28927462.html
#выразы_на_штодзень
ЦІ МАЕ РАЦЫЮ МІЛІЦЫЯНТ?

Заўсёды! Гэта вам пацьвердзіць кожны міліцыянт...

А ў беларускай мове слова рацыя — даўні лацінізм. Палітра значэньняў лац. ratiō шырокая: „доказ, правіла; разьлік; розум; тэорыя, сыстэма“. Усё рацыянальнае.

У старабеларускай мове, на якой і пісалі кодэксы, і вялі дыскусіі, бяз рацыі было не абысьціся:

…Абы меў чалавек аскарджаны да абароны пракуратара, каторы бы яго рацыі бараніў. (XVII ст., аб праве на адвакацкую абарону). Рацыя — 'абгрунтаваная думка, нечая праўда'.

Выраз народны. У Якуба Коласа ў „Казках жыцьця“ птушкі рэагуюць на пажар у балоце:
— Пажар! Пажар! — загаласілі галкі.
— Маеце рацыю! Маеце рацыю! — пацьвердзіла сіваваронка.

Яна амаль што так і крычыць 🙂.

Яшчэ можна сказаць „твая праўда!“.

Спытаныя на вуліцы не адразу знаходзілі расейскі эквівалент для мець рацыю. Надта розная моўная будова. А пераклад прыблізны: „я/ты прав(а)“.

Расейская ж „рация“ — з кавалкаў словаў: ра(диостан)ция, з шэрагу моўных пачварак накшталт „постпред“ або „жилкомхоз“.

ВІДЭА з вулічным апытаньнем:
https://youtu.be/hhNWFZKOg7k?t=15
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Грэцкая каша і грэцкая мова

Ад грэкаў пачалася эўрапейская цывілізацыя.
І грэцкая каша ад іх
(мо і не ад іх, але продкі так думалі).

Прыметнік грэцкі ўтвораны ад грэк, Грэцыя паводле правілаў беларускага словаўтварэньня.

Таму можна казаць і
ГРЭЦКАЯ МОВА,
як турэцкая, славацкая.

А „грэчаская“ — словаўтваральны русізм.

#Слоўнічак
Маем дзьве ступені параўнаньня прыметнікаў:
— вышэйшую (Гэты вечар цяплейшы за ўчарашні)
найвышэйшую (Найцікавейшы момант п’есы — значыць, самы-самы цікавы)

Быццам проста. Але бываюць памылкі пад уплывам расейскай мовы.

1) Там супадае вышэйшая ступень параўнаньня прыметнікаў (які?) і прыслоўяў (як?):
Михаил ростом (какой?) выше брата
і таксама
Михаил стоял (где?) выше брата.

А ў нас прыметнік і прыслоўе гучаць розна:
Міхал (які?) вышэйшы за брата
але
Міхал стаяў (дзе?) вышэй за брата

2) -ейш- у расейскай мове азначае найвышэйшую ступень: крупнейший в мире телескоп

А па-беларуску патрэбна яшчэ і най-: найбуйнейшы ў сьвеце тэлескоп

Дэталёва — у артыкуле:
https://svabod1.azureedge.net/a/26651953.html
#граматыка
Пра дабро і зло: расейскае слова ПРЕСТУПНИК і беларускае ЗЛАЧЫНЕЦ

У расейскім афіцыйным тэрміне „преступление“ праглядаецца фармальны сэнс — перакрочваньне лініі, літары закону, нешта блізкае да нямецкага „verbrechen“. Актар гэтага дзеяньня і ёсьць „преступник“.

У нас чалавека называюць злачынецтой, хто чыніць зло. У нашым тэрміне, акрамя фармальна-юрыдычнай, даецца і маральная ацэнка.

Пётра Садоўскі, мовазнаўца, дыплямат
Болей тут: „Дзьве душы: Русскій міръ і Беларускі сьвет у слове“
http://flibusta.site/b/466300/read
ПРА АВІЯЦЫЮ

(па-расейскупа-беларуску)

военный самолётвайсковы самалёт (адрозьніваем: ваенны зьвязаны з вайной, вайсковы — з войскам, арміяй)
истребитель — зьнішчальнік
вертолётгелікоптэрверталёт)

лётчик
лётнік (так і было, калі ў войску ўжывалася беларуская мова)
аэродромлётнішча (і міжнароднае слова аэрадром)

гражданская авиацияцывільная авіяцыя
ручная кладьручная паклажа
бронироватьрэзэрваваць
ремни безопасности — пасы бясьпекі
спасательный жилетратавальная камізэлька

Калі-небудзь у неба вернецца цывілізаваная краіна Беларусь, зноў спатрэбіцца ўсё там зваць па-свойму і пачуць: Прыемнага лёту!

Падрабязна пісаў раней Вінцук Вячорка: https://svabod1.azureedge.net/a/lotnisca/28646474.html
#слоўнічак
ГАМОН!

Беларускае народнае слова. Сынонім — капец! Апошняе ў нас ведаюць усе, а гамон! — не: блытаюць з гоманам.

Гоман — шум, прычым аптымістычны, людзкая гаманá. Невыпадкова газэта БНР звалася „Homan“ (Гоман).

А „Гамон!“ азначае ‘канец, прапала’, а то і ‘сьмерць’. У гаворках: „Бульбе гамон будзе, памерзьне за нач“.

Саўка ды Грышка, лірычныя героі Лявона Вольскага, спрачаюцца:

(Грышка):
Рэактар — гэта ж ня трактар.
Усім гамон, калі ён зробіць «бум!»
Рэактар — рызыкі фактар.
Зь ім трэба весьці барацьбу!

(Саўка:)
Не, ну, а што такога?
Не, ну, а што такога?
Электраэнэргія будзе дзяшовай,
І будзе работаць і жыць харашо нам!


У жывой беларускай мове для самых адчайных эмоцыяў маем сакавітыя словы ў межах прыстойнасьці. А на расейскую цэнзурна перакласьці „гамон!“ многія ня ўмеюць. АЎДЫЁ з вулічным апытаньнем: https://soundcloud.com/svaboda/viac0128hamon?in=svaboda/sets/pa-belarusku
Сьпеце ўсе тыя, што праўды па сьвеце шукалі,
І, не здабыўшы, ў дамоўкі бяз часу сышлі...
Гразьзю ў вас кідалі, вольна дыхнуць не давалі...
Хай жа пацешацца: ўжо вы спачылі ў зямлі... (…)
  
Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;
Сільны яшчэ быў наш блуд і туман кругом нас!
Вы, перамогшы усё, узняліся арламі,
Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і ня згас!
 
Сьвежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,
Жвір толькі сьвеціцца, змыты сьцюдзёным дажджом...
Сьпеце! Мы вашых навек не забудзем магілаў;
Збуджаны вамі, мы ўскрэсьлі, мы больш не засьнём!


Янка Купала напісаў „Зваяваным“ у 1909-м, але з цэнзурных прычын апублікаваў толькі ў 1913-м. Твор на музыку Міколы Куліковіча стаў жалобным маршам, пад яго разьвітваюцца зь беларускімі героямі.

„Сьпéце!..“ — пачынае песьню Багдан Андрусышын (Данчык). Загадны лад ад спаць. Такія формы загаднага ладу ў граматыцы Тарашкевіча: глядзець — глядзéце! пісаць — пішэ́це! браць — бярэ́це! У 1933 годзе ў БССР пакінулі толькі варыянты глядзíце! пішы́це! сьпíце!

https://youtu.be/F-b0u3PrOWY
ПРА ТАЕМНЫЯ БЕЛАРУСКІЯ ЖАРГОНЫ І ТУРЭМНУЮ „ФЕНЮ“

Найбольш знакамітая сакрэтная мова ў Беларусі — „катрýшніцкі лéмезень“ дрыбінскіх шапавалаў: „Любжаць ярухі шымскія шкорні!“ Шкорні — боты, валёнкі.

А ў „прафсаюзе“ семежаўскіх старцаў (жабракоў) рукахірка, маленькімíкранькі (успомнім грэцкія хірамантыя, мікраскоп)... Некаторыя іх словы перажылі вякі і трапілі ў сучасныя жаргоны: добры — клёвы, голы — галімны, чалавек — лох.

У расейскія вязьніцы пасьля захопу Беларусі і Ўкраіны траплялі жыхары былога ВКЛ, адсюль беларусізмы, украінізмы, гэбраізмы ў арго расейскага злачыннага сьвету XIX–XX ст.

Хата ‘камэра’, конать ‘зьнікаць, уцякаць’, куток, малява, шибеница (тое, што і ў беларускай літаратурнай мове), цвик, халява, мастак 'спрытны шулер', кишеня, тарбахват, газ 'ґаза, „керосин“’, зашквар...

Халтура ад беларускага хаўтуры ‘пахаваньне’ — заўсёды можна падзарабіць.

Мноства беларускіх ці ўкраінскіх ідышызмаў: хевра ‘кампанія’, бэбахи (‘каштоўнасьці’, у беларускіх гаворках ‘трыбухі’), голый васар (бессэнсоўныя намаганьні, параўнай бел. варголы ‘пусты кіпень’).

Пра нечаканыя шляхі беларускага слова, зьвязаныя зь лёсамі самых беларусаў, — АЎДЫЁ на розных падкаст-плятформах:

https://svabod1.azureedge.net/a/30660813.html
https://castbox.fm/episode/Пра-таемныя-гаворкі-беларусаў-і-беларускі-сьлед-у-«фені».-Падкаст-Вячоркі---чэрвень-09%2C-2020-id1179976-id273733825
https://podcastaddict.com/episode/107874682
https://player.fm/series/mova-pra-movu-radyio-svaboda-radyio-svabodnaia-europa/pra-taiemnyia-ghavorki-bielarusau-i-bielaruski-slied-u-fieni-padkast-viachorki-chervien-09
Толькі ДНЯПРО

1) У беларускай мове, у тым ліку ў гаворках, здаўна бытуе назва ДНЯПРО. Мужчынскага роду, хоць гэта і рака. Так, як імя Пятро. З характэрным беларускім „яканьнем“. Уладзімер Караткевіч, „Дзе мой край“:

„…І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро…“

2) Назва вельмі старажытная, вядомая з IV ст. у грэцкай форме Δανάπρις. Таго ж кораня дон (‘вада’ ў старажытных іранцаў-скіфаў) і Дон, Данец, Дунай, Днестар. Мовы народаў басэйну Дняпра кожная па-свойму „апрацавалі“ назву.

3) Па-беларуску і вымавіць у адзін склад немагчыма „ДнеПР“, немілагучны зьбег зычных (шумны + санорны) у канцы слова не дае. Язык міжволі хоча рассунуць зычныя, і атрымліваецца „Днепар“. ДНЯПРО праблемаў зь мілагучнасьцю ня мае.

4) Ува ўскосных склонах: з Дняпра, на Дняпры, Дняпром.

https://svabod1.azureedge.net/a/dniepr-ci-dniapro/26568173.html
„На скрут (або на злом) галавы“ кажуць :

1) калі хто ідзе на заведама бязглузды, неабачлівы ўчынак. Сам свару пачаў — на скрут галавы.

Сынонім: на зламаньне карку (кáрак ‛задняя частка шыі’).

2) калі бягуць вельмі хутка, стрымгалоў.

Сынонімы: колькі духу, як дуж, як зь перуна, як жару ўхапіўшы, высалапіўшы язык.

Паходзіць, вядома ж, ад выразу скруціць галаву ‛загінуць, зьнявечыцца’.

#выразы_на_штодзень
Мяняць, мадыфікаваць беларускую тапанімію пачалі ў Расейскай імпэрыі і працягнулі ў СССР.

Народная назва гораду, жывая і сёньня, — Каленкавічы.
Першая згадка пра Каленкавічы як вёску Багрымавіцкага староства — 1560 год.

Назва ад папулярнага яшчэ і ў ХХ ст. у мазырскім рэгіёне імя Каленік. Але ў расейскіх праваслаўных сьвятцах гэтае грэцкае імя мае форму Калиник.

Форма Калінкавічы зьявілася на мапах толькі ў 1930-х (магчыма, савецкаму чыноўніку ў назьве пачулася „несалідная“ асацыяцыя з каленькамі). А вось у Заходняй Беларусі, у Камянецкім раёне, іншыя Каленкавічы засталіся нечапанымі.

Больш тут:
https://svabod1.azureedge.net/a/30125214.html
#тапанімія
КАМУ КАЖАМ „ГÁНЬБА!“?

Менчукі на вуліцы адказвалі лёгка:
— Дрэнным людзям.
— Таму, хто правініўся.


А госьці з Расеі адказаць не маглі:
— Понятия не имею! Я человек чисто русский!

Гáньба ад гáніць ‘сароміць, дакараць’. Азначае:
1) дзеяньні ці ўчынкі, якія вымагаюць пагарды, асуджэньня
2)
(архаічнае) фізычны ці іншы недахоп

Дакладнага расейскага адпаведніка ня мае. У 1-м значэньні па-расейску — „позор!“.

Роднасныя словы:
* загáна ‘недахоп’; рас. ‘недостаток’
* ганéбны ‘варты асуджэньня’; рас. ‘позорный’.

Трэба адрозьніваць:
* ганьбавáць ‘грэбаваць, пагарджаць’: „Не ганьбýй намі, сядзь з намі, пасядзі!
* гáньбіць ‘няславіць, абражаць’: „Гáньбіш нашу сям’ю сваімі паводзінамі!“

Вялікая гáньба — гáньбішча:
Для ўсіх нас немалое ганьбішча, і вачэй на сьвет паказаць няможна, — прарочую народную фразу запісаў Іван Насовіч яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі.

ВІДЭА вулічнага апытаньня (2017 г.)
https://youtu.be/p8y7y7PVF78
Нарэшце загаварыць па-беларуску зь дзецьмі ніколі ня позна.
Лічылка для гульняў — ад Васіля Віткі. Нядаўна было 110-годзьдзе з дня нараджэньня выдатнага нашага дзіцячага пісьменьніка.
АДКУЛЬ НАЗВА КУРАПАТЫ

3 чэрвеня 1988 году апублікаваны артыкул „Курапаты — дарога сьмерці“. Ён уразіў мільёны беларусаў і спрычыніўся да канца савецкага таталітарызму.

У даведніках урочышча пад Менскам, дзе паляглі мо сотні тысяч бязьвінных людзей, называюць падвойна: Курапаты (Брод).

Гістарычна яно звалася Брод, а яго схіл — Курапаты. Аўтарам артыкула З. Пазьняку і Я. Шмыгалёву мясцовыя патлумачылі, што слова азначае белыя веснавыя кветкі.

Батанічная назва курапаты не зафіксаваная ў гаворках. Назва ж курапата (курупата, карпата) ‘дзікая птушка’ вядомая ўсім беларускім дыялектам. Аднак вобраз курапатаў менавіта як кветак над магіламі ўражвае і ўжо трывала ўвайшоў у літаратурную мову.

Наагул месцы пахаваньня ахвяраў камунізму трэба называць адпаведна народным традыцыям. Гомельскія шанавальнікі памяці замест сухой назвы „9 км Чарнігаўскай шашы“ ўжываюць народныя — Шчакатоўскі лес, урочышча Тры Слупы.

Таксама пра Хайсы пад Віцебскам, Кабыляцкую гару пад Воршай — ВІДЭА
https://youtu.be/ZpZKjj4jGj0
„ДЗІЦЁНАК“? НЕ, ДЗІЦЯ!

У дзень памяці мовазнаўцы Юрася Бушлякова (29.5.1973 – 4.6.2013) — ягоная моўная парада.

Дзіцёнак — форма той самай будовы, што й добра знаёмыя з савецкай пары „зубронак“ ці „акцябронак“. Словы такога тыпу характэрныя для дыялектнага маўленьня ўсходу Беларусі.

Аднак у літаратурнай мове XX ст. яны ніколі не былі нарматыўнымі. З выняткам аднаго слова: „акцябронка“ жыўцом перанесьлі з той мовы, дзе ён нарадзіўся.

Беларускія формы — дзіця (дзіцё), дзіцяня (дзіцянё), зубраня (зубранё).

АЎДЫЁ з цыклю Юрася Бушлякова „Жывая мова“: http://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/26325445.html

КНІГА „Жывая мова“:
https://docs.rferl.org/be-BY/2013/07/08/1c67bc6c-d0af-4017-b2cb-ccdd2dec94ba.pdf
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
СЛОЎНІЧАК: КВЕТКІ (2)

(па-расейскупа-беларуску)
лилиялілéя
маргариткастакротка (бо шмат пялёсткаў)
ирискасáч (бо як касá)
кувшинкагарлáчык (а таксама іншыя назвы традыцыйнага посуду)
анютины глазкибрáткі (таксама трайцьвет)
георгинавяргíня (беларускія гатункі — „Эўфрасіньня“ і „Данчык“)

Больш дэталяў у артыкуле: https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/kvietki-lileja/31291835.html
Кірунак уцёкаў ад праблемаў —
у сьвет вочы (ісьці/пайсьці, ехаць/паехаць). Азначае:

1) У невядомым кірунку, невядома куды
2) Не разьбіраючы дарогі, абы-куды

Сынонімы: за вачыма; у сьвет; куды вочы павядуць; бéзвач.

Выраз характэрна беларускі, такога няма ў суседзяў. Найбліжэйшы — 🇺🇦 „світ за очі“. Эквівалент 🇬🇧 to follow one's nose, 🇩🇪 immer der Nase nach. Чаму ў германскіх мовах „ідуць за носам“ — невядома, мо нейкія архаічныя рысы мэнталітэту 🙂

(Падобны выраз, але зь іншым значэньнем:
за сьвет вочы (паехаць) ‘вельмі далёка’.
Сынонімы: дзе макар козы пасе; за блізкі сьвет; за дзясятую гару; за сьвет.)

Падрабязна тут: https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/u-sviet-vocy/28923152.html
#выразы_на_штодзень
Пра сыстэмны падыход да дэсаветызацыі менскай тапаніміі пісаў Вінцук Вячорка: https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/26686421.html
У Менску ды ў іншых гарадах Беларусі вуліцы носяць імёны ня толькі ў гонар тэрарыстаў, але і гонар тых, хто чыніў масавыя рэпрэсіі ў Беларусі або адмаўляў у існаваньні беларускай нацыі.

Сёньня расказваем пра іх у картках👆🏻