Радыё Аршыца
112 subscribers
13.6K photos
213 videos
10 files
2.44K links
📻Рэтра ножнага шпурляку, валейболу, бэндзі, рэґбі, Воршы. Гісторыя ФК Старт і ВК Узьлёт (Ворша, Беларусь)

🧉Музэі, кнігі, вар'яцтва на трыбунах, піва, ежа, цёганьні па стадыёнах Зямлі

💰Дапамога: buycoffee.to/orshafans

📨Сувязь: orshafans@gmail.com
Download Telegram
У жыцьці нават выпадковасьці могуць быць невыпадковымі. Аднойчы журналіст выпадкова наступіў на нешта няроўнае ў парку Калумэт у прадмесьці Чыкага. І заўважыў надмагільле. Належала яно вялікаму ў вымярэньні ЗША 🇺🇸⚽️ гульцу ў ножны шпурляк Ўільяму Маклэйну.

Ён тройчы быў пераможцам мясцовай лігі сокеру, удзельнічаў са зборнай у першынстве сьвету 1934 году, а ў год наступнага мундыялю… выйшаў з дому па цыгарэты і не вярнуўся.

На здароўі адбіліся частыя ўдары па галаве і сутычкі з заўзятарамі. Пасьля спартовай кар’еры звольнілі з працы на заводзе «Форд», і ён пачаў губляць сябе.

Гулец ня памятаў, як апынуўся ў іншым штаце. Ён пачаў там новае жыцьцё, уладкаваўся аўтамэханікам і нават яшчэ раз ажаніўся. Дакумэнты ў яго былі новыя, на прозьвішча Лэнґ. Прыйшоў дзень, калі Більлі сарваўся зноў і прапанаваў сваёй жонцы разам скончыць жыцьцё самагубствам. Тады ён апынуўся ў вар’ятні, у якой потым добраахвотна захацеў застацца — ніхто па-за ёй яго ўжо не чакаў. А знайшоў яго брат, які працаваў адвакатам.
«У гульні — аранжавы мяч»

Так называўся артыкул, які выйшаў у ґазэце «Ленінскі прызыў» 45 гадоў таму. Ён апавядаў пра адкрыцьцё сэзону ў бэндзі. Тады за прыз змагаліся бараньскі «Тэмп» і аршанскі «Старт». Першая палова паядынку агаломшыла аршанцаў, «Тэмп» узяў вялікі тэмп і са старту загнаў у браму стартаўцаў пяць галоў!

Але на другую палову «Старт» выйшаў зусім іншым і амаль дагнаў суперніка — чатыры ўзяцьці брамы! Выніковы лік 5:4, «Тэмп» забірае прыз, але перамога зусім ня далася камандзе так лёгка, як здавалася ў перапынку сустрэчы. Трэцяе месца ў малым турніры заняў «Тэкстыльнік».
Варшаўская «Палёнія», якая ў 1924 прыехала на некалькі сяброўскіх сустрэч у Турэччыну, спаўна спазнала арсэнал выкрутаў. Як апісвае прэса, поле Таксім (дзе цяпер знакамітая плошча Стамбулу) было «гішпанскага» тыпу — цьвёрдае і камяністае. Там гулялі стамбульскія клюбы і нацыянальная зборная, і траву «забілі».

Палякі жартавалі, што вышыня таксімскіх папярочак была большай за «Флярыянскую браму» Кракаву — замест нормы ў 2,44 м яна складала 2,80 м! Перадгульнявыя перамовы дазволілі зьнізіць, але не да нормы, а да 2,66 м ❗️ У пэўным сэнсе цешыўся Ян Лёт, асноўны брамнік «Палёніі», які праз траўму ўсё роўна ня мог гуляць.

Напярэдадні пераеў слодычаў і зьлёг са страўнікам верхавод каманды Ежы Буланаў. Гульня з «Галатасараем» скончылася ўнічыю 2:2.

Польская ґазэта Express Poranny апублікавала справаздачу з паядынку толькі праз 9 дзён. Журналісты патлумачылі гэта «катастрафічным паштовым злучэньнем Канстантынопалю з Варшавай». Карабель з напісаным тэкстам на борце яшчэ доўга перабываў у порце румынскай Канстанцы.
Цяпер фраза «„Рома“ — левыя, „Ляцыё“ — правыя» выкарыстоўваецца, хутчэй, дзеля таго, каб выявіць чалавека, неабазнанага ў сьвеце ультрас. Аднак, напрыклад, у канцы 80-х становішча ў Рыме прыкладна гэтак і выглядала. Нідзе ў Эўропе ультрас-рух ня быў настолькі палітызаваным, як у Італіі. Левыя элемэнты ў сталіцы амаль цалкам аддавалі сымпатыі «ваўкам», паўсталі 🔴🟡 C.U.C.S. і Fedayn. Правыя — «арлам», адсюль магутная супольнасьць 🔵⚪️ Irriducibili.

З таго часу італійская сцэна моцна ўзяла ўправа. У Рыме ўжо ня сьвішчуць над галавою кулі і не разрываюцца самаробныя бомбы ў вулічнай вайне прыхільнікаў розных радыкальных ідэй. Аднак любоў наведнікаў ножнага шпурляку да краёў палітычнага спэктру захоўваецца. Гэтыя ідэі цяпер пераважна правага толку, але на трыбуне «Ромы» застаюцца й ультралевыя, пры ўсёй адноснасьці гэтага падзелу цяпер. На налепцы, сустрэтай у Рыме, ультрас «Ромы» выявілі ў строях свайго клюбу… савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна.

Адным Мусаліні, другім Сталін. Мама, я радыкал!
Да кіраваньня Злучанымі Штатамі прыйшоў Дональд Трамп, ён часова прыпыніў фінансаваньне Амэрыкай шэрагу праектаў замежнай дапамогі. Пошукам грошай зараз займаюцца як карысныя ініцыятывы, так і вельмі сумнеўныя.

Але ўсё гэта ніяк ня тычыцца «Радыё Аршыца». Наш сеціўны дзёньнік ад самага пачатку існаваньня ўзяў ад міжнародных фондаў роўна 0 беларускіх рублёў (згодна зь бягучым курсам НБРБ гэта 0 даляраў ЗША, а таксама 0 эўра паводле курсу, устаноўленага Эўрапейскім Цэнтрабанкам).

Калі ж вы проста хочаце падзякаваць аўтарам каналу за працу ў дасьледаваньні гісторыі спорту ў Воршы і сьвеце, можаце кінуць нам жменьку манэтак на 🪙 buycoffee.to/orshafans. На каву, праўда, гэтыя грошы ня пойдуць, мы такога ня п’ем, затое будуць патрачаныя на кілбаску зь півам на чарговым стадыёне, зь якога чытачоў будзе чакаць тэкст з фота. А таксама грошы пойдуць на новыя кнігі і часопісы, адкуль гісторыі, асэнсаваныя і перакладзеныя намі, будуць публікавацца тут у тэлеграме, і ў ціўцеры.

📻 Заставайцеся на хвалях «Аршыцы»!
Старая Ворша. Ікарус 260, а за ім Ікарус 250 на яшчэ старым аўтавакзале. Жарты жартамі, але гэта іспыт на ўзрост. Аршанцы, якім няма 25-30 гадоў, могуць ня ведаць, дзе раней быў аўтавакзал, і пагатоў ня памятаць такі транспарт на нашых вуліцах.
Насуперак чуткам пра сыход, «Стартавец году-2024» злучны Аляксей Чарнадараў падпісаў новы кантракт са «Стартам».

Акрамя яго, у Воршу вярнуўся брамнік Арцём Валадзькоў.
Верынец для каманды — важная справа. Многія запамінаюцца і служаць такім самым складнікам тоеснасьці і адданасьці клюбу, як колеры і назва. Вось парачка цікавых неафіцыйных верынцоў з розных краёў Эўропы, з Ангельшчыны і Босьніі і Герцагавіны.

Ціўцер «Манчэстэр Юнайтэд» мае подпіс «Hated. Adored. Never ignored» — цудоўная рыфма, якую можна вольна перакласьці як «нас ненавідзяць і абажаюць, але ня ставяцца абыякава».

Вы маглі чуць расейскую прымаўку «Беречь как зеницу ока» — берагчы нібы зрэнку вока, то бок пра самае дарагое, якое неабходна захоўваць. Слова «zjenica» ёсьць і ў башняцкай мове. Фанаты «Чэліку» пакаламбурылі пры стварэньні зборніку песень пра свой клюб. Па-башняцку слова вельмі падобнае да назвы іхнага роднага места. Адпаведна: Zenica je Bosne zjenica (Зэніца зрэнка Босьніі).
Відавочна, наш клюб у міжсэзоне нарэшце атрымаў нейкія гарантыі падтрымкі і, магчыма, новыя задачы. Усе папярэднія гады аснова нашай дружыны пераходзіла ў іншыя клюбы, але 4 лютага клюб паведаміў пра падпісаньне новых кантрактаў ня толькі з Валадзьковым, які адслужыў у войску, але і з Чарнадаравым, Тамэлам, Іршавым і Антонавым.

Значыць, нездарма Мікалай Кітаёў увосень казаў пра пляны зьберагчы калектыў. Пабачым, што будзе далей, але пакуль такія навіны ад клюбу цешаць.

А вось Дзьмітры Ціхаміраў цяпер будзе гуляць у Баранавічах.
🏐 55 гадоў таму, у 1970 годзе валейбольны аршанскі «Лякаматыў» стаў 3-м на першынстве Беларускай чыгункі ў Гомлі сярод мужчынскіх камандаў, а ў першынстве вагонных дэпо, якое прайшло ў Воршы, «Лякаматыў» стаў пераможцам у трэці раз, забраўшы трафэй назаўсёды.

Склад той дружыны чыгуначнікаў: Леанід Шарай (капітан), Эдуард Шарай, Мікалай Чэкан, Валер Арцюшкевіч, Вячаслаў Грыгарэнка, Барыс Крутаўцоў, Аляксей Дубінін.
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Каманда «Воднік» з расейскага места Архангельск адсьвяткавала 100-годзьдзе. Ультрас жоўта-зялёных падрыхтавалі на трыбунах яўлю з выкарыстаньнем двуручных штандароў з выявамі найлепшых гульцоў бэндзі-клюбу.
Людзі часам называюць сераду «маленькай пятніцай». А мы ўспомнім выказваньне легендарнага нападніка Джорджа Бэста. Ірляндзец казаў:

«У сваім жыцьці я шмат грошай вытраціў на жанчын і алькаголь. Астатнія грошы я проста змарнаваў»
Напэўна, шмат хто з вас глядзеў фільм Ghostbusters 👻 і памятае знакамітую музычную тэму адтуль. Ультрас левэркузэнскага «Баеру-04» 🔴⚫️ перайначылі назву фільму пад Goatbusters, а ўнізе падпісалі тое самае па-нямецку. «Паляўнічыя на казлоў». Гэта — мянушка 🔴⚪️ «Кёльну», паміж «аптэкарамі» і «казламі» даўняе суперніцтва.

Дарэчы, на полі левэркузэнцам сапраўды ўдалося «ўпаляваць» гасьцей. Справа дайшла да дадатковага часу, у якім «Баер-04» загнаў патрэбны для сябе гол, перамог 3:2 і прайшоў у паўфінал Кубку Нямеччыны.
90 гадоў таму, у 1935-м годзе каманда Воршы ў бэндзі на коўзанцы чыгуначнай станцыі ўчыніла разгром у ½ фіналу абласнога кубку камандзе Полацку 6:0.
Як кажуць, good old days. 1995 год, хуліганы «Чэлсі» наўпрост на трыбуне б’юцца з «калегамі» з іншага лёнданскага клюбу — «Мілўол». Headhunters былі аднымі зь нешматлікіх, хто наважваўся атакаваць такога суперніка, ды яшчэ на ягоным стадыёне The Den. Цяпер героям тых вясёлых дзянёчкаў пад і за 60, але многіх можна дагэтуль сустрэць у пабе каля стадыёну з куфлем сьвежага піва.