Наша Ніва
68K subscribers
21.8K photos
4.07K videos
2 files
12.3K links
Падзяліцца інфармацыяй: @nasa_niva_bot
Пытанні па рэкламе: @nnads_bot
Download Telegram
to view and join the conversation
Мінчанцы прысудзілі два гады хатняй хіміі і 1500 рублёў штрафу за абразу даішніка. За пагрозу смерцю даюць больш мяккае пакаранне

Мінчанка ў «Аднакласніках» пад адным з допісаў пра даішніка Ігара Вольніча напісала слова «ч*о». Была распачатая крымінальная справа за абразу супрацоўніка ДАІ, піша @viasna96.

У выніку суд прызнаў жанчыну вінаватай і прысудзіў той два гады хатняй хіміі і 1500 рублёў штрафу як кампенсацыю маральнай шкоды Вольнічу.

Для параўнання, у Маладзечне мужчына, які душыў жонку, пасля хацеў адрэзаць той язык, уставіўшы ў рот нажніцы, атрымаў паўтара года хатняй хіміі.
❗️«Наступны год будзе яшчэ цяжэйшым». Чыноўнік і старшыня «калгаса» аналізуюць сельскагаспадарчую статыстыку і даюць прагнозы

Белстат апублікаваў статыстыку па стане сельскай гаспадаркі. Акрамя лічбаў уборкі збожжа, надояў, колькасці кароў ды свіней і падобных характарыстык, ёсць параўнанне з сітуацыяй на тую ж дату мінулага года. Мы папрасілі прааналізаваць гэтыя лічбы чыноўніка з упраўлення сельскай гаспадаркі і дырэктара аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Яны мяркуюць, што з апублікаваных лічбаў можна зрабіць высновы аб цяжкім годзе, які чакае сельскую гаспадарку пасля гэтай зімы. 

Чытайце далей
Пракурорка запатрабавала пакараць шматдзетную маці Вольгу Залатар пяццю гадамі калоніі

У Мінскім гарадскім судзе 29 лістапада працягнуўся суд над палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вольгай Залатар. Ёй ставяць у віну наступныя артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (дапамога ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вольга не прызнае віну ні па адным з гэтых артыкулаў.

Палітзняволеная абвінавачваецца ў тым ліку ў стварэнні экстрэмісцкіх фарміраванняў: тэлеграм-чатаў «Ждановічы сёння», «Ждановичи 2020 – клуб любителей песен Цоя», якія прызналі экстрэмісцкімі праз сем месяцаў пасля затрымання Вольгі.

Сёння пракурорка Жанна Баранава запрасіла пакаранне для зняволенай шматдзетнай маці – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша @viasna96.
Стайню Пуслоўскіх у Слоніме прадалі за 67 тысяч даляраў

Хто выкупіў стайню на аўкцыёне і што там будзе знаходзіцца — пакуль невядома, паведамляе budzma.by.

Стайня — помнік гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Яна ўваходзіць у комплекс сядзібы Пуслоўскіх у Альбярціне. Стайня, як і сам палац, флігель, шэраг прадпрыемстваў былі пабудаваныя ў першай палове XIX стагоддзя. Тады ў Альбярціне побач быў закладзены і вялікі парк з рэдкімі пародамі дрэў.

Пасля Другой сусветнай вайны палац і стайня Пуслоўскіх належалі Слонімскаму кардонна-папяроваму заводу. Потым у стайні зрабілі моладзевы цэнтр адпачынку, а ў апошні час стайня пуставала.
Былы дыпламат распавёў пра ролю МЗС Беларусі ў перапахаванні Каліноўскага і іншых паўстанцаў у Вільні

Экс-дыпламат Павел Слюнькін, які звольніўся з МЗС пасля выбараў 2020 года, успамінае аб падрыхтоўцы перапахавання ў Вільні ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. 

«Памятаю, як назаўтра ўбачыў гэта мора беларусаў са сваёй гістарычнай сімволікай, якія запоўнілі ўсе вуліцы Вільні, і як лічыў, што лепшага падарунка да дня нараджэння проста немагчыма прыдумаць. А потым яшчэ і пачуў на цырымоніі ў храме тыя самыя словы пра «Люблю Беларусь! — Дык узаемна!» і ледзь не заплакаў ад гонару».

Чытайце цалкам
Наша Ніва
Сёння ўвесь свет абляцела навіна: упершыню ў гісторыі жанчына стала прэм'ер-міністрам Швецыі Парламент гэтай краіны зацвердзіў на высокай пасадзе Магдалену Андэрсан. Але праз пару гадзін жанчына падала ў адстаўку: яе партнёр па кааліцыі пакінуў урад, а бюджэт…
Магдалену Андэрсан у другі раз за тыдзень абралі прэм'ерам Швецыі. У першы раз яна сышла ў адстаўку праз некалькі гадзін

Лідарка сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Швецыі Магдалена Андэрсан не атрымала пярэчанняў парламенцкай большасці і зноў была зацверджана прэм'ер-міністрам каралеўства. Палітык была абраная другі раз менш чым за тыдзень.

24 лістапада, праз некалькі гадзін пасля зацвярджэння Андэрсан была вымушаная падаць у адстаўку з-за распаду кааліцыі.

Андэрсан стала першай жанчынай у гісторыі Швецыі, якая заняла пасаду прэм’ер-міністра.
Сілавікі прапануюць завочныя крымінальныя суды. Пачаць могуць з апазіцыянераў, а пасля перайсці да бізнэсоўцаў і замежнікаў

Старшыня Рады бяспекі заявіў, што СК прапаноўвае ўвесці ў Беларусі завочныя крымінальныя суды. Па словах Аляксандра Вальфовіча, ідэю ўжо падтрымалі Вярхоўны суд і Генпракуратура.

І хоць Вальфовіч адразу заявіў, што так судзіць пачнуць па справах, звязаных з палітычнай пазіцыяй, ніхто не будзе прымаць закон пад умоўную Ціханоўскую ці Латушку. Пачаць могуць з іх, але гэта развазвае рукі далей судзіць такім чынам любога бізнэсмена, які з’ехаў з Беларусі, ці нават замежніка, супраць якога беларускія сілавікі завядуць справу.

Што гэта за практыка, дзе яна існуе і да чаго можа прывесці?

Чытайце па спасылцы
«Разышоўся з дзяўчынай, каб не псаваць ёй жыццё». Асуджаны на хімію па «карагоднай справе» палітвязень збег з Беларусі

20-гадовы Ілля Ягораў вырашыў бегчы з краіны, пасля таго як атрымаў паўтара года «хіміі» па сумна вядомай брэсцкай «карагоднай справе». Пагаварылі з ім.

▫️«Я ўзважыў усе «за» і «супраць» і вырашыў, што не хачу заставацца рабом сістэмы. І прыняў рашэнне бегчы».
▫️«Была дзяўчына, але пасля майго выхаду на волю мы разышліся. Гэта ў мяне нічога няма, а ў яе мама-тата.. Вырашыў не псаваць ёй жыццё».
▫️«Бег сам. Знаёмыя давезлі да мяжы, далей перабіраўся».

Чытайце цалкам
Жонку Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую прызналі палітзняволенай

40-гадовую жанчыну затрымалі 28 верасня пасля перастрэлкі ў кватэры, падчас якой загінуў ейны муж Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ. Цяпер яна ўтрымліваецца за кратамі.

Паводле распаўсюджаных Следчым камітэтам звестак, затрыманне Марыі Успенскай было звязанае з падазрэннем ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. Разам з тым, відэасюжэт з кватэры пацвярджае той факт, што непасрэднай ролі ў той перастрэлцы Марыя Успенская не выконвала, толькі ажыццяўляла відэаздымку дзеянняў мужа; іншыя акалічнасці таго здарэння выключаюць абгрунтаваныя абвінавачванні ў любых формах саўдзелу паводле папярэдняй змовы, пішуць праваабаронцы.

Разам з ёй яшчэ чатыры чалавекі атрымалі статус палітвязняў. Агульная колькасць палітвязняў склала 891.

Прадавачка, збірала подпісы за Ціханоўскую, пагражае 25 гадоў. Што вядома пра жонку Андрэя Зельцэра, які застрэліў сілавіка
Улады Ірака: заўтрашні эвакуацыйны рэйс з Мінска будзе апошнім

30 лістапада адбудзецца апошні вывазны рэйс Iraqi Airways з Мінска ў Ірак. Пра гэта паведаміў сайту SHAFAQ News прэс-сакратар Міністэрства міграцыі і перамешчаных асоб Ірака Алі Абас Джахангір.

Ён дадаў, што ўсе рэйсы ладзіліся за кошт ірацкага ўрада.

Па словах прадстаўніка міністэрства, усяго аб жаданні вярнуцца дадому заявілі больш за 3000 іракцаў, пераважна выхадцаў з Курдыстана. Як яны будуць вяртацца ў Ірак, пакуль няясна.
Польшча ўводзіць больш жорсткія правілы ўезду ў сувязі з амікронам, яны закрануць і беларусаў

Польшча з 1 снежня спыніць палёты ў сем краін Паўднёвай Афрыкі: Батсвану, Эсваціні, ПАР, Мазамбік, Лесота, Намібію і Зімбабвэ. Людзі, якія прыбудуць з гэтых краін, незалежна ад маршруту, будуць адпраўляцца на 14-дзённы каранцін без магчымасці перапыніць яго датэрмінова.

Урад павялічыць да 14 дзён каранцін для людзей, якія заязджаюць у Польшчу з-за межаў Шэнгенскай зоны, у тым ліку і з Беларусі. Цяпер каранцін для гэтай катэгорыі падарожнікаў складае 10 дзён. Патрабаванні аб каранціне па-ранейшаму не будуць тычыцца прышчэпленых вакцынамі, прызнанымі ў ЕС.

Больш жорсткімі сталі абмежаванні ўнутры краіны. Узровень запаўняльнасці публічных аб'ектаў зніжаецца з 75% да 50%.

Гэтыя правілы і абмежаванні будуць дзейнічаць да 17 снежня.

Усё больш краін Еўропы фіксуюць у сябе амікрон
«Прэтэндуюць на сацыяльныя даброты». Мэр Мінска назваў колькасць «дармаедаў» у горадзе

Мэр Мінска Уладзімір Кухараў расказаў, колькі дармаедаў налічылі ў сталіцы, і запатрабаваў узмацніць за імі кантроль.

«Пераважная большасць з 32 тысяч доўгі час незанятых у эканоміцы не жадаюць уносіць неабходныя ўклады, пры гэтым прэтэндуюць на сацыяльныя даброты. Раённым камісіям з усімі зацікаўленымі структурамі неабходна ўзмацніць кантроль за такой катэгорыяй людзей», — сказаў мэр.
Да рэферэндуму пара месяцаў. Гэта нармальна, што праект Канстытуцыі дагэтуль не апублікаваны?

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка паабяцаў, што праект абноўленай Канстытуцыі прэзентуюць ужо ў першай палове снежня.

Пры гэтым рэферэндум запланаваны на люты 2022 года — то-бок, на грамадскае абмеркаванне і ўнясенне правак у лепшым выпадку застанецца два месяцы з невялікім.

Ці нармальна гэта і чаму праект так доўга хаваюць ад людзей? Папрасілі адказаць на гэтыя і іншыя пытанні наконт Канстытуцыі абазнаных людзей.

Чытайце па спасылцы.
Польшча папярэдзіла Украіну, што атака на мяжы з Беларуссю яшчэ «вельмі імаверная»

Польскі міністр унутраных спраў Марыуш Камінскі папярэдзіў украінскага міністра Дзяніса Манастырскага, што дагэтуль існуе высокая імавернасць гібрыднай атакі на мяжы Украіны і Беларусі.

Камінскі перасцярог, што захоўваецца высокая імавернасць гібрыднай атакі супраць Украіны з боку беларускай мяжы.

Міністры абмяркоўвалі сітуацыю з бежанцамі на польска-беларускай мяжы і варыянты рэагавання праваахоўнымі ведамствамі.

Польскі міністр паведаміў, што тактыка нападнікаў змянілася, і на гэты момант яны штурмуюць мяжу ў розных месцах невялікімі групамі.
Урад задумаўся аб увядзенні картак на ежу для незаможных

Намеснік прэм'ера Аляксандр Субоцін расказаў аб перспектывах увядзення адраснай дапамогі і прадуктах, цэны на якія хутка перастануць рэгуляваць.

«Пералік сацыяльна значных тавараў мы скароцім да 17, прыбяром бескасцёвае мяса і іншыя пазіцыі. Пакідаем хлеб, малако, натуральнамалочную прадукцыю і гэтак далей», — адзначае Субоцін.

Ва ўрадзе лічаць, што пастанова №100 выйдзе з ужытку і на яе месца, хутчэй за ўсё, прыйдзе адрасная дапамога тым, хто мае патрэбу.

«У якім фармаце гэта будзе? Думаю, у найбліжэйшы час вы ўбачыце. З сеткамі размова на гэтую тэму ўжо адбылася. Магчыма, будуць нейкія бонусныя карты для пенсіянераў, незаможных, шматдзетных сем'яў», — кажа віцэ-прэм'ер.

Рэгуляванне цэн у краіне адбываецца праз пастанову Саўміна №100, якая забараняе павышаць цэны на некаторыя прадукты больш чым на 0,2% у месяц. Таксама ў крамах існуе максімальная гандлёвая надбаўка для пэўных тавараў.
ГУБАЗіК аб планах апазіцыі на рэферэндум: Падбухторшчыкаў ізалюем і прыцягнем да адказнасці

Лідары апазіцыі стваралі ўмовы для непрызнання Захадам вынікаў рэферэндуму па Канстытуцыі. Такое меркаванне выказаў начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС Вячаслаў Арлоўскі ў прапагандысцкім тэлешоу на СТБ.

«Мы высветлілі, што лідары апазіцыі, якія збеглі за мяжу, ставілі для сябе задачу стварыць умовы для непрызнання заходнімі краінамі вынікаў рэферэндуму па Канстытуцыі. Для рэалізацыі гэтай задачы яны абмяркоўвалі розныя варыянты: ад байкоту да стварэння правакацый на ўчастках для зрыву галасавання. Па выніку ўсіх сваіх абмеркаванняў, з улікам рызык для выканаўцаў, яны ў гэты момант прынялі адзіную стратэгію — зрыў галасавання шляхам масавага ўкіду несапраўдных бюлетэняў», — адзначыў ён.

«Усе падбухторшчыкі да здзяйснення падобных антыдзяржаўных дзеянняў, што знаходзяцца ў краіне, і іх актыўныя памагатыя будуць намі ізаляваныя і прыцягнутыя да адказнасці», — пагражае сілавік.
Мінімальная зарплата ва Украіне вырасце да 240 даляраў. Гэта ў паўтара раза больш, чым у Беларусі

З 1 снежня ва Украіне адбудзецца павышэнне памеру мінімальнай зарплаты і пражытачнага мінімуму ў адпаведнасці з Законам Украіны «Аб Дзяржаўным бюджэце Украіны на 2021 год».

Мінімальная зарплата падвысіцца да 6500 грыўняў (практычна 240 даляраў альбо 610 рублёў у эквіваленце).

Нагадаем, у Беларусі мінімальны заробак цяпер складае 400 рублёў, з улікам індэксацыі за кастрычнік — 418,14 рубля.
9-гадовы хлопчык стварыў дадатак, які дапамагае яго малодшаму брату з аўтызмам камунікаваць з людзьмі

Шасцігадовы Адам Портэр не мог папрасіць нават самыя простыя рэчы. Калі яму было два, у яго дыягназавалі аўтызм. Хлопчык да апошняга часу амаль зусім не гаварыў.

Але цяпер, карыстаючыся дадаткам, які распрацаваў яго 9-гадовы брат, Адам можа камунікаваць з людзьмі, націскаючы на карцінкі.

Шон Портэр з Англіі стварыў праграму для дзяцей, якія не гавораць і ў якіх дыягназавалі аўтызм.

Чытайце па спасылцы.
Вашай увазе рэдакцыйныя матэрыялы @nashaniva, якія выйшлі ў панядзелак, 29 лістапада. Некаторыя вы маглі абмінуць увагай:

«Некалькі тыдняў чытала ў архівах КДБ яго дасье». Гутарка з унучкай Антона Луцкевіча

Як змагацца з залежнасцю падлеткаў ад відэагульняў? Раяць самі падлеткі

Пачаўся Адвент. Як яго праводзяць людзі ў розных краінах?

«Наступны год будзе яшчэ цяжэйшым». Чыноўнік і старшыня «калгаса» аналізуюць сельскагаспадарчую статыстыку і даюць прагнозы

Сілавікі прапануюць завочныя крымінальныя суды. Пачаць могуць з апазіцыянераў, а пасля перайсці да бізнэсоўцаў і замежнікаў

«Разышоўся з дзяўчынай, каб не псаваць ёй жыццё». Асуджаны на хімію па «карагоднай справе» палітвязень збег з Беларусі

Да рэферэндуму пара месяцаў. Гэта нармальна, што праект Канстытуцыі дагэтуль не апублікаваны?

Уся карціна дня — на nashaniva.com (З Беларусі — праз VPN). Што гэта і як усталяваць, чытайце тут.

Звязацца з рэдакцыяй і падзяліцца інфармацыяй можна праз @nasa_niva_bot
СМІ: Кіраўнік беларускай федэрацыі футбола Базанаў паляцеў у Чэхію са сваёй жонкай. Кіраўнік МЗС Чэхіі: Калі Базанаў сапраўды тут, яму давядзецца з’ехаць

Міністр замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганэк пракаментаваў інфармацыю пра тое, што кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў прыехаў у Чэхію разам з жонкай на гульню жаночай зборнай.

«На дадзены момант у міністэрства няма інфармацыі пра тое, што гэты чалавек знаходзіцца на нашай тэрыторыі. <…> Калі высветліцца, што ён сапраўды знаходзіцца ў Чэхіі, то будуць прынятыя адпаведныя меры, ажно да дэпартацыі. Калі ён сапраўды тут, яму давядзецца з’ехаць з Чэхіі», — сказаў Кулганэк.

Кулганэка падтрымаў і сенатар Томаш Чэрнін, які напісаў: «Пакуль у Беларусі спорт выкарыстоўваецца для таго, каб паляпшаць імідж Лукашэнкі, з гэтым неабходна змагацца. Кіраўніку мясцовай футбольнай асацыяцыі няма чаго рабіць у Еўропе. Пазіцыя міністра замежных спраў Кульганека адзіна правільная — выгнаць!»