Наша Ніва
68K subscribers
21.8K photos
4.07K videos
2 files
12.3K links
Падзяліцца інфармацыяй: @nasa_niva_bot
Пытанні па рэкламе: @nnads_bot
Download Telegram
to view and join the conversation
Літва абмежавала прапускную здольнасць ЛЭП з Беларуссю ў рамках «блакады» БелАЭС

Літоўскі сеткавы аператар Litgrid з серады абмежаваў максімальную прапускную здольнасць трансгранічных ЛЭП на літоўска-беларускім напрамку. Рашэнне прынята ў рамках намераў Літвы не дапусціць трапляння ў энергасістэму краіны электраэнергіі з БелАЭС, якую Вільня лічыць небяспечнай, піша interfax.by.

Такім чынам, пакуль не будзе дасягнутае новае пагадненне Літвы, Латвіі і Эстоніі аб гандлі электраэнэргіяй з трэцімі краінамі (у тым ліку з Расіяй), Літва будзе кіравацца ўласнымі правіламі гандлю.

Латвія і Эстонія гандлююць электраэнергіяй з Расіяй па непацверджанай Літвой методыцы. У выніку, на думку службовых асоб Літвы, электраэнергія з БелАЭС паступае ў Літву праз Латвію, што парушае прыняты Вільняй так званы «антыастравецкі» закон. Латвія сцвярджае, што гандлюе толькі расійскай электраэнергіяй.
У Беларусі забаранілі дзясяткі італьянскіх мясных вырабаў

Адпаведныя паведамленні з’явіліся ў тэлеграм-канале Дзяржстандарта і ў рэестры небяспечнай прадукцыі. Сярод забароненай да ўвозу і рэалізацыі прадукцыі розныя віды салямі, вяндліна і прашута.

Прычына забароны ва ўсіх аднолькавая — утрыманне ў вырабах кансервантаў: нітрату натрыю E251 і нітрату калію E252.
«Выкарыстае візіт, каб перарваць сваю знешнепалітычную ізаляцыю». Чаго чакаць ад удзелу Лукашэнкі на саміце ў Таджыкістане

З 15 да 17 верасня Аляксандр Лукашэнка будзе з працоўным візітам у Таджыкістане, дзе возьме ўдзел у саміце АДКБ і ШАС. За год пасля выбараў ён шэсць разоў ездзіў у Расію да Пуціна і толькі адзін раз — кудысьці яшчэ.

Галоўнай тэмай саміта ў Душанбэ стане сітуацыя ў Афганістане. Што плануюць абмяркоўваць на сустрэчах і які сэнс мае гэта паездка? Эксперты каментуюць для «Нашай Нівы».

Чытайце па спасылцы
Жыхар Баранавічаў 15 хвілін выцягваў 20-кілаграмовага карпа, а пасля адпусціў яго

Карпа вагой больш за 19,7 кілаграм жыхар Баранавічаў Міхаіл Майсей злавіў 12 верасня на возеры ў Бярозаўскім раёне, піша «Інтэкс-Прэс». Гіганцкую рыбу мужчына выцягваў з вады 15 хвілін.

Пасля ўзважвання і фотасесіі карпа адпусцілі, бо рыбалка для Міхаіла не спосаб здабычы рыбы, а від спорту.

— Гэта называецца карпфішынг: уся злоўленая рыба адпускаецца, — растлумачыў ён. — Гэта больш, чым рыбалка. Гэта — стыль жыцця.

Цяпер мужчына марыць злавіць рыбу вагой 25-30 кілаграм.
Вада на цэнтральным пляжы Брэста ператварылася ў зялёны дыван водарасцяў

Вада ў Мухаўцы настолькі пакрылася расліннасцю, што падобная больш да газону, чым да галоўнага пляжу абласнога цэнтра.

Анамальная расліннасць павінна хутка знікнуць, а ўсяму віной незвычайна цёплае лета, паведамляе партал «Віртуальны Брэст».
Генпракуратура выставіла ультыматум бізнэсу, хаця Лукашэнка паабяцаў не зводзіць рахункі

Намеснік генпракурора Сяргей Хмарук заявіў, што любы ўдзел у «антыграмадскай дзейнасці прадстаўнікамі бізнэсу, фінансаванне такой дзейнасці, а таксама пасягальніцтва на грамадскую і дзяржаўную бяспеку будзе карацца самым жорсткім чынам з выкарыстаннем жорсткіх мер адказнасці». Што ў Генпракуратуры лічаць «антыграмадскай» дзейнасцю, Хмарук не патлумачыў.

Нагадаем, што 19 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з бізнэсам ніхто рахункі не будзе зводзіць: «Хтосьці памыліўся, хтосьці заблукаў, хтосьці няправільна зразумеў нешта. Трэба з імі паразумецца. Я гатовы нават на маім узроўні гэта рабіць, калі вы знойдзеце адпаведную форму. Але тых, хто працаваў сумленна ў нас, тых, хто хоча да нас прыйсці працаваць, мы павінны іх прымаць як сваіх людзей, якія ствараюць карысць для народа і дзяржавы. Перагібаў нельга дапускаць ні ў якім разе».
Супрацоўнік МУС на ўваходзе ў ПВТ са сваім «прад’явіце дакументы» — ілюстрацыя стану беларускага IT, што цяпер думае не пра адкрыццё ўніверсітэтаў, а пра тое, як з найменшымі стратамі перажыць палітычны шторм.

На пошуку ворагаў сярод айцішнікаў рэакцыйныя сілы разлічваюць набраць палітычныя балы. Іх асноўны тэзіс агучаны вуснамі Андрэя Савіных: «Каб выйсці з палітычнага крызісу, трэба ліквідаваць дыспрапорцыі, якія да яго прывялі».

Існуе меркаванне, што калі народ у жніўні высыпаў на вуліцы, атачэнне не стала казаць Лукашэнку, што яго не прызнаюць усе слаі насельніцтва. На пытанне «хто гэтыя людзі?» дарадцы адказалі: «Іпэшнікі і айцішнікі».

Аргументы добра ляглі ў агульную канву выбудоўвання альтэрнатыўнай рэальнасці, згодна з якой прычына крызіса ў Беларусі — не падтасоўка выбараў, а змова ўсіх з усімі.

Беларускае ІТ праходзіць фазу дзяржаўнага тэрору з вялікімі стратамі, піша Арцём Гарбацэвіч.
У Мінску да 2025 года з’явіцца новая веладарожка

Будаўніцтва новай веладарожкі запланавана ў перыяд з 2022 па 2025 год. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Уладзімір Латушкін, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Дарожка працягнецца ўздоўж Сляпянскай воднай сістэмы ў межах вуліц Філімонава, Кедышкі, Сядых і Карбышава.
Спецыяліст распавёў, як найлепей вакцынавацца адначасова ад кавіду і ад грыпу

Доктар медыцынскіх навук, рэктар Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома падзяліўся меркаваннем, калі можна вакцынавацца ад грыпу і як сумясціць прышчэпку ад кавіду і ад грыпу.

Яго словы прыводзіць тэлеграм-канал Мінздароўя.

Паводле спецыяліста, эпідэмію грыпу чакаюць вясной 2022 года. Таму прышчапляцца ад грыпу можна не толькі ў кастрычніку, лістападзе, снежні, але нават у студзені, лютым і нават сакавіку.

Стома нагадаў, што медыкі рэкамендуюць, каб інтэрвал паміж прышчэпкай ад кавіду і ад грыпу складаў 14 дзён. Але, пры жаданні пацыента, можна ўводзіць абедзве вакцыны адначасова ў адзін дзень. Напрыклад, у адно плячо ўводзіцца вакцына супраць COVID-19, у іншае — супраць грыпу.

«Большасць краін свету рухаецца да таго, каб зніжаць гэты інтэрвал паміж вакцынамі і рабіць гэтыя прышчэпкі адначасова», — рэзюмаваў Ігар Стома.
Намеснік міністра лясной гаспадаркі прызнаў рост высечкі лясоў. У красавіку паведамленні пра рост называлі фэйкамі

Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка прызнаў, што высечка лясоў у краіне вырасла. Але яна, паводле яго слоў, запланаваная і абгрунтаваная.

«Секчы мы пачалі больш таму, што пачалі спець лясы», — сказаў ён.

Паводле яго даных, сёння ў Беларусі 18% саспелых лясоў. Адпаведна лясгасы прыбіраюць «ураджай».

Валянцін Шатраўка паскардзіўся, што блогеры, якія ўздымалі праблему высечкі лясоў, не прыехалі на прэс-туры, якія арганізоўваў у тым ліку і ён асабіста.

Нагадаем, што вясной паведамленні пра неміласэрную вырубку лесу ў Мінлясгасе называлі фэйкамі.
На мяжы Беларусі і Украіны абстралялі беларускі памежны знак

Пашкоджаны знак выявілі памежнікі заставы «Сварынь» Пінскага памежатрада. Слуп і шчыток з выявай герба Беларусі меў прабоіны ад шраціны. Мяркуецца, пашкоджанні ўтварыліся ад стрэлу з паляўнічай зброі.
Еўрасаюз прызнаў дзеянні Беларусі з бежанцамі «гібрыднай атакай»

Яе мэта — дэстабілізацыя ЕС, заявіла кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Яе словы перадае Deutsche Welle.

«Рэжым у Мінску выкарыстоўвае чалавечыя жыцці як інструмент для дасягнення сваіх мэтаў. Яны пасадзілі гэтых людзей на самалёты і ў літаральным сэнсе «выпхнулі» да межаў ЕС. Гэтага нельга трываць, і хуткая рэакцыя з боку Еўропы гэта паказала», — цытуе выступ фон дэр Ляйен карэспандэнт DW ў Бруселі.

Еўрасаюз мае намер супрацьстаяць гэтым дзеянням Беларусі, працягнуць падтрымку Літвы, Латвіі і Польшчы, якія сутыкнуліся з прытокам бежанцаў.
У Нацбанку расказалі, на якія тавары і паслугі прыкметней за ўсё падскочылі цэны

Нацбанк апублікаваў агляд, у якім аналізуе, якія тавары і платныя паслугі падаражэлі з пачатку года, а якія — патаннелі.

Рэгуляваныя цэны і тарыфы выраслі за апошнія 12 месяцаў на 9,7%.

У лідарах па росце цэн у жніўні ў гадавым выражэнні — маянэз (+27,1%), лекі (+22,1%), масла і тлушчы (+21,3%). Таксама ў лідарах па росце цэн — паслугі па ахове жылля (+20,8%), дываны (+20%), курыныя яйкі (+18,9%), праезд у пасажырскім транспарце (+18,2%), паліва (+15,5%), цыгарэты (+11,4%).

А вось знізіліся цэны ў гадавым выражэнні на страхоўкі на аўто (-2,7%), соль (-0,8%), муку (-0,4%).

Нагадаем, што @nashaniva зрабіла сваё ўласнае даследаванне цэн на прадукты. Яго вынікі можна паглядзець па спасылцы.
У цэнтры Мінска прадаюцца два хостэлы за $40 тысяч

Уладальніца мінскіх хостэлаў Trinity&Riverside Ксенія Курусь вырашыла прадаць свой бізнэс. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Праект у Траецкім прадмесці існуе ўжо 9 гадоў.

«Хлопцы і дзяўчаты, вырашыла прадаць свой флагманскі праект Hostels Trinity & Riverside. Шчыра скажу, што ён цяпер мінусуе, але ў асноўным таму, што вектар маёй энергіі цяпер накіраваны на іншае», — напісала Ксенія.

Хостэлы знаходзяцца ў Траецкім прадмесці. У іх новая мэбля, свежы дызайнерскі рамонт. Таксама ў спадчыну новаму ўладальніку бізнэсу дастанецца сайт і развітыя сацыяльныя сеткі. 

За бізнэс Ксенія Курусь хоча 40 тысяч даляраў, распавяла яна Onlíner. Памяшканні пад хостэл знаходзяцца ў арэндзе.
Каб зарабіць жонцы на падарунак, гарадзенец вырашыў заняцца прастытуцыяй

Гарадзенскія міліцыянеры выявілі двух чалавек, якія былі гатовыя аказаць інтым-паслугі за грошы. Сілавікі ад імя замоўцы перапісваліся з мужчынамі, пасля чаго іх затрымалі.

Адзін з іх хацеў зарабіць жонцы на падарунак, другі — на арэнду гаража.

За прастытуцыю ў Беларусі прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць — штраф, грамадскія працы ці арышт.
«Мінсктранс» павесіў на палітвязня 107 спыненых маршрутаў. Дзмітрыю Кубараву прысудзілі 45 тысяч рублёў кампенсацыі

Два тыдні ў судзе разглядалі пазоў «Мінсктранса» да Дзмітрыя Кубарава, раней асуджанага на 7 гадоў калоніі. Згодна з пазовам, «Мінсктранс» страціў 45 181 рубель ад спынення транспарту з 18:30 11 жніўня да 1:10 12 жніўня каля станцый метро «Малінаўка» і «Пятроўшчына», піша @viasna96.

На судзе адвакат палітвязня заўважыў, што Кубараву «прыпісалі» 57 лішніх маршрутаў адносна акта, які быў прадстаўлены суду раней. Пасля спрэчак высветлілася, што пазоўны акт быў недакладны. Па новых звестках, Дзмітрый Кубараў спыніў транспарт на 107 маршрутах.

Па логіцы прадстаўніцы «Мінсктранса» Святланы Бацьковай, усю суму спаганяюць толькі з Кубарава, бо ён асуджаны за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пракурор прапанаваў Кубараву самому спаганяць суму з «нявысветленых асобаў», калі іх прызнаюць вінаватымі.

Суддзя Інэса Курко задаволіла пазоў «Мінсктранса». Таксама з палітвязня спагоняць пошліну — 2259 рублёў.
Мітрапаліт Веніямін асвеціць капліцу на «Лініі Сталіна»

На тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу 19 верасня пройдзе асвячэнне капліцы ў гонар святога Аляксандра Неўскага.

Чакаецца, што асвячаць капліцу будзе мітрапаліт Веніямін. Яе будаўніцтва пачалося яшчэ ў 2008 годзе па блаславенні мітрапаліта Філарэта.