Наша Ніва
68K subscribers
21.8K photos
4.07K videos
2 files
12.3K links
Падзяліцца інфармацыяй: @nasa_niva_bot
Пытанні па рэкламе: @nnads_bot
Download Telegram
to view and join the conversation
Беларускі брэнд касметыкі выклаў відэа з нафарбаваным хлопцам-візажыстам — і тут пачалося

Брэнд касметыкі LuxVisage Cosmetics на гэтым тыдні выклаў у сваім інстаграме відэа з парадамі па макіяжы з выкарыстаннем пудры.

У ролі майстра ў роліку выступіў хлопец-візажыст. Праз пару дзён ролік знік з сацсеткі.

Чытайце па спасылцы.
СААЗ патлумачыла назву штаму «амікрон» і пропуск дзвюх літар алфавіту

Новы штам каранавіруса, выяўлены ў Паўднёвай Афрыцы, атрымаў назву «амікрон» (15-я літара грэчаскага алфавіту) у абыход 13-й («ню») і 14-й («ксі») літары, бо ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) хацелі пазбегнуць нязручнасцяў для носьбітаў англійскай і кітайскай моў.

Літара «ню» занадта сугучная з англійскім словам new (новы). У фразе «новы варыянт «ню» побач стаялі б два вельмі падобных па гучанні словы і людзі думалі б, што гаворка ідзе пра новы варыянт кавіду, а не пра яго назву.

Што тычыцца літары «ксі», то яе прапусцілі, каб пазбегнуць непаразумення сярод тых, хто гаворыць на кітайскай мове, таму што Xi (Сі) — распаўсюджанае кітайская прозвішча. Нагадаем, лідара Кітая завуць Сі Цзіньпін.
Марфе Рабковай пагражае да 15 гадоў калоніі

Палітзняволеная каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ «Вясна» Марыя Рабкова паведаміла сваякам у лісце, што ёй выстаўленыя канчатковыя абвінавачванні, па якіх яе будуць судзіць — гэта 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Цяпер праваабаронцы пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Рабкова знаходзіцца ў зняволенні больш за 14 месяцаў і адмаўляецца даваць паказанні.

Раней яна паведамляла сваякам у лістах, што супрацоўнікі міліцыі «паабяцалі» ёй тэрмін «паміж Бабарыкам і Калеснікавай».
Усё больш краін Еўропы фіксуюць у сябе амікрон

Новы патэнцыйна больш заразны варыянт каранавіруса амікрон выяўляюць усё больш еўрапейскіх краін.

Вялікабрытанія, што пацвердзіла першыя два выпадкі, у суботу зрабіла больш жорсткімі свае правілы па нашэння масак і тэставанні людзей, якія прыбылі з-за мяжы.

Выпадкі новага штаму былі пацверджаны ў суботу ў Германіі і Італіі, а Бельгія, Ізраіль і Ганконг таксама паведамілі, што гэты варыянт быў знойдзены ў людзей, якія прыбылі ў краіну.

Міністэрства аховы здароўя нямецкай зямлі Баварыя абвясціла аб двух пацверджаных выпадках у людзей, якія прыбылі ў аэрапорт Мюнхена 24 лістапада. Гэтыя людзі цяпер знаходзяцца ў ізаляцыі.

У Італіі Нацыянальны інстытут аховы здароўя паведаміў, што выпадак новага варыянту быў знойдзены ў Мілане ў чалавека, які прыехаў з Мазамбіка.

Чэшскія органы аховы здароўя таксама заявілі,што вывучаюць падазраваны выпадак гэтага варыянту ў чалавека, які знаходзіўся ў Намібіі.

Таксама штам зафіксавалі ў Аўстраліі.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Аб'яднанне хакераў апублікавала відэа, знятае дронам у Мінску, як сцвярджаецца, падчас разгону акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года. На кадрах можна пабачыць, як сілавікі выбудоўваюцца ў вялікую калону на праспекце Пераможцаў, а потым ідуць на калону дэманстрантаў. У выніку людзі разбягаюцца.

Нагадем, раней аб'яднанне хакераў атрымлівала доступ і публікавала размовы людзей з галасамі, падобнымі да галасоў беларускіх сілавікоў.
«Вакцына з'явілася не з наскоку!» Прафесар Карпаў адказаў антывакцынатарам

У чым важнасць вакцынацыі супраць COVID-19 і ці праўдзівыя аргументы праціўнікаў прышчэпак ад кавіду, расказаў прафесар Ігар Карпаў.

Гаворачы пра важнасць вакцынацыі, Карпаў падкрэсліў, што яна цяпер з'яўляецца даступным і эфектыўным метадам з пункту гледжання таго, каб не падвяргацца цяжкай форме гэтага захворвання.

— Мы вакцынуемся, каб пазбегнуць цяжкай формы хваробы і самага непрыемнага зыходу ў гэтай сітуацыі, — адзначыў прафесар Карпаў.

Некаторыя скептыкі адзначаюць, што такія прэпараты створаны ў абмежаваны перыяд часу.

— Добра, што тэхналагічна аказаліся гатовыя да таго, каб на працягу года стварыць вакцыну. І яна, у тым ліку вектарная, якая выкарыстоўваецца ў нас, — я маю на ўвазе «Спутнік V», «Спутнік Лайт» — з'явілася не з наскоку, не проста так: вось узялі і зрабілі, — адзначыў Карпаў.

Паводле яго слоў, існавала такая лінія і базіс, дастаткова добра адпрацаваны, які бярэ пачатак яшчэ ў савецкі час.
Польшча гатовая вылучыць грошы на вяртанне іракскіх мігрантаў з Беларусі на радзіму

Польскі прэм'ер Матэуш Маравецкі заявіў аб гатоўнасці Варшавы фінансаваць вяртанне мігрантаў на радзіму.

Па словах палітыка, Варшава гатовая супрацоўнічаць па гэтым пытанні, калі Лукашэнка «праявіць добрую волю».

«Мы адразу распазнаем гэты станоўчы сігнал і будзем супрацоўнічаць па фінансаванні вяртання мігрантаў на радзіму ў Ірак і іншыя краіны», — сказаў кіраўнік польскага ўрада.

Прэм'ер-міністр дадаў, што ЕС таксама павінен браць удзел у вырашэнні міграцыйнага крызісу.
Праўладны аналітык абвінаваціў у міграцыйным крызісе на беларуска-польскай мяжы ўкраінцаў

Сярод затрыманых у Польшчы перавозчыкаў мігрантаў кідаюцца ў вочы грамадзяне Украіны. Такое меркаванне выказаў праўладны палітычны аналітык Юрый Шаўцоў.

«Праглядаю польскую афіцыйную зводку: дзве спробы прарыву за ноч па некалькі дзясяткаў чалавек кожная. Затрыманыя некалькі кур'ераў, якія спрабавалі вывезці бежанцаў, якія прабраліся ў Польшчу, у Нямеччыну. Зноў некалькі грамадзян Украіны. Грамадзяне Украіны наогул кідаюцца ў вочы сярод затрыманых кур'ераў. Палякі іх бяруць практычна кожны дзень», — адзначыў каментатар.

Юрый Шаўцоў лічыць, што ўкраінская арганізаваная злачыннасць стала важным каналам трафіку бежанцаў ад беларускай мяжы ў Германію.

«Калі яны падключыліся і да трафіку ад беларускай мяжы, гэта значыць, украінскія магчымасці ў Польшчы і Германіі для трафіку павінны зараз рэзка вырасці. Гэта значыць, трэба звярнуць увагу на ўкраінска-польскую мяжу», — падкрэсліў праўладны палітычны каментатар.
У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета

У Кіеве праходзіць акцыя памяці забітага журналіста Паўла Шарамета — 28 лістапада яму споўнілася б 50 гадоў, піша «Украінская праўда».

У акцыі бяруць удзел беларускія і ўкраінскія журналісты, сябры Паўла, іншыя неабыякавыя.

Яны сабраліся каля помніка Шарамету на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко, дзе і загінуў журналіст.

Павал Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску.

Журналіст працаваў у трох краінах: Беларусі, Расіі і Украіне. Пасля ягонага арышту ў Беларусі за крытычныя матэрыялы ў 1997 годзе быў вымушаны з'ехаць у Расію. Пазней Шарамета пазбавілі беларускага грамадзянства.

З 1998 года журналіст будаваў прафесійную кар'еру ў Расіі. Але ў канцы 2000-х ён вымушаны быў пакінуць Першы расійскі канал, таму што не захацеў мірыцца з цэнзурай і ціскам.

З 2012 года Шарамет жыў і працаваў у Кіеве.
Кіраўнік Еўракамісіі паабяцала 200 млн еўра Польшчы, Літве і Латвіі на ахову межаў

ЕС павялічыць фонды па кіраванні межамі для Літвы, Польшчы і Латвіі да 200 мільёнаў еўра ў гэтым і наступным годзе. Пра гэта кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла сёння ў Вільні падчас сустрэчы з Генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам і прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.

Фон дэр Ляен запэўніла, што ЕС працягне падтрымку ў гэтым кірунку і нагадала аб ужо прынятых мерах.

«Мы патроім фонды ЕС па кіраванні межамі для Літвы, Польшчы і Латвіі да 200 мільёнаў еўра ў цэлым у гэтым і наступным годзе», — заявіла яна.
Дзяржсакратар Рады бяспекі расказаў аб ініцыятыве СК завочна прыцягваць грамадзян да крымінальнай адказнасці

На найбліжэйшым пасяджэнні Рады бяспекі прапануюць разгледзець ініцыятыву СК па завочным прыцягненні грамадзян да крымінальнай адказнасці, паведаміў у эфіры СТБ дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

— Чалавек здзейсніў тут злачынства, з'ехаў і спакойна жыве за мяжой. Па запыце праваахоўнага блока па палітычных матывах іх не выдаюць адтуль. Прапануецца ўвесці папраўкі ў закон, каб была магчымасць прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Суд завочна прысудзіць да таго ці іншага пакарання ў залежнасці ад цяжару здзяйснення правіны. Вядома, ён будзе знаходзіцца за мяжой, вядома, яго не выдадуць. Але тое, што ён прысуджаны, напрыклад, да двух-трох гадоў пазбаўлення волі, або да іншага тэрміну, які вызначыць суд, будзе, напэўна, накладваць адбітак, — сказаў Вальфовіч.

Паводле яго слоў, з такой ініцыятывай выступіў Следчы камітэт і яе падтрымаў Вярхоўны суд і Генпракуратура.
Праект абноўленай Канстытуцыі ў першай палове снежня прадставяць на грамадскае абмеркаванне

Пра гэта заявіў у эфіры БТ кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сергеенка.

«Я думаю, што ў першай палове снежня мы зможам азнаёміцца, калі прыйдзем да канчатковага рашэння літаральна па некалькіх пазіцыях, якія прагучалі на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. І я ўпэўнены, што далейшая праца над Канстытуцыяй будзе працягнутая ўжо на пляцоўках падчас усенароднага абмеркавання», — сказаў Ігар Сергеенка.

Ён заклікаў беларусаў узяць актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта Канстытуцыі.
Вальфовіч: Каля 300 чатаў прызнаныя экстрэмісцкімі

Дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч у эфіры СТБ расказаў аб так званых «экстрэмісцкіх чатах».

«За гэты час каля 300 чатаў прызнаныя экстрэмісцкімі, спыненая праца каля 100 чатаў, 17 груп асоб, якія працавалі на розных YouTube, інтэрнэт-пляцоўках, таксама прызнаныя экстрэмісцкімі, — адзначыў дзяржсакратар. — Адны чаты мы закрываем — іншыя з'яўляюцца», — сказаў ён.

Аляксандр Вальфовіч запэўніў, што праваахоўныя органы гатовыя спыніць любыя правакацыі падчас рэферэндуму.
Тэлеканал «МатчТБ»: МАЗу забаранілі ўдзельнічаць у ралі «Дакар»

Расійскі спартовы тэлеканал са спасылкай на крыніцу паведаміў, што арганізатары прэстыжнага ралі не дапусцяць да ўдзелу беларускую каманду «МАЗ-Спортаўта». Па звестках, грузавікі накіроўваліся ў французскі Марсэль на паром у Саудаўскую Аравію, але каманду не пусцілі.

Другая крыніцу звязвае рашэнне з санкцыямі супраць аўтазавода, якія былі ўведзеныя летам.

Таксама паведамляецца, што «МАЗ-Спортаўта» распрацоўвае альтэрнатыўны наземны маршрут праз Сірыю і не губляе надзеі на ўдзел у «Дакары». Ралі пройдзе ў студзені ў Саудаўскай Аравіі.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Загінуў знакаміты морж-ютубер з Нарвегіі

Тор Экхаф па мянушцы Apetor здымаў дзіўныя ролікі, у якіх катаўся на каньках па заледзянелым возеры, даваў нырца ў палонку і піў алкаголь на камеру. У яго было больш за мільён падпісчыкаў, ролікі збіралі дзясяткі мільёнаў праглядаў, а нарвежца называлі легендай відэахостынгу.

Блогер праваліўся пад лёд 26 лістапада, паведамляюць СМІ. Яго крыкі пачуў мінак, які і выклікаў ратавальнікаў. Вадалазы выцягнулі мужчыну з вады, пасля чаго яго даставілі ў шпіталь. Але медыкам не ўдалося яго выратаваць.

За чатыры дні да смерці Экхаф апублікаваў відэа з загалоўкам «Я не памёр, мне сёння 57».
«Некалькі тыдняў чытала ў архівах КДБ яго дасье». Гутарка з унучкай Антона Луцкевіча

Алеся — унучка Антона Луцкевіча, аднаго з заснавальнікаў БНР. Гісторыя яе сям’і — гэта пакручысты раман пра выпрабаванні, годнасць і каханне.

Кватэра жанчыны нагадвае невялікі музейчык. Карціны, намаляваныя мужам, фота з сямейнага архіва, бюст Івана Луцкевіча, які калісьці стаяў у Беларускім музеі і быў схаваны ў вайну.

▫️«Прабабуля мела латарэйны квіток і моцна малілася, каб ён выйграў. І пасля малітвы пачаліся беды. Яна напісала ліст сваім нашчадкам: «Ніколі не прасіце ў Бога грошай».
▫️«Дзяцінства сыноў Луцкевіча прайшло сярод музейных экспанатаў. Хлопцы гулялі з пярсцёнкам Усяслава Чарадзея, белай мядзведжай поўсцю, сапраўднай зброяй».
▫️«Бацька казаў пра Калыму: «Што ты, я трапіў у такое цудоўнае месца, там была ўся інтэлігенцыя. Я б ніколі ў жыцці не сустрэў у адным месцы столькі адукаваных людзей».

Чытайце цалкам па спасылцы
Уладальнік аэрапорта ў нямецкім горадзе арганізаваў прышчэпачны пункт з уласнай вакцынай ад каранавіруса

Нямецкая паліцыя закрыла нелегальны пункт вакцынацыі ад каранавіруса, які размяшчаўся ў аэрапорце горада Любек, паведамляе Welt.

Акцыя па вакцынацыі незарэгістраваным прэпаратам ад COVID-19 была спыненая 27 лістапада. Паводле падлікаў праваахоўных органаў, прышчапіцца ў аэрапорце збіраліся больш за 200 чалавек. Да прыбыцця паліцыі зрабіць прышчэпку паспелі 50 чалавек. Паліцыянты канфіскавалі ўзоры вакцыны, выкарыстаныя шпрыцы і спісы вакцынаваных, а таксама перапісалі асабістыя звесткі прысутных.

Стваральнікам прэпарата з'яўляецца нямецкі бізнэсмен і медык Вінфрыд Шцёкер, якому належыць аэрапорт Любека. Ён самастойна распрацаваў уласную вакцыну ад каранавіруса вясной 2020 года, аднак не здолеў яе зарэгістраваць.

Пры гэтым іншыя дактары пацвярджалі эфектыўнасць вакцыны Шцёкера і выявілі антыцелы ў добраахвотнікаў, якія выпрабавалі гэты прэпарат.
У Беларусі ў наступным годзе з’явіцца каўбаса без мяса

У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці НАН распрацавалі рэцэптуру каўбасы на расліннай сыравіне. Як сцвярджаюць навукоўцы, па смаку каўбаса падобная да мясной і будзе каштаваць значна танней.

Як піша газета «Рэспубліка», павінны з’явіцца яшчэ і раслінныя сасіскі са смакам курыцы і ялавічыны. Пры вытворчасці было вырашана адмовіцца ад соі, таму выкарыстоўваюць фасолю, гарохавую муку, бульбяное пюрэ, сухое малако і сыроватачны бялковы канцэнтрат, а таксама сметанковае масла.

Каб атрымаць смак мяснога вырабу, у склад расліннай каўбасы ўключаны смакаараматычныя рэчывы.

Таксама ў наступным годзе навукоўцы абяцаюць і марозіва без малака. Замест яго будуць выкарыстоўваць аўсянае малако, атрыманае па спецыяльнай тэхналогіі з аўсяных камячкоў.