Наша Ніва
68K subscribers
21.8K photos
4.07K videos
2 files
12.3K links
Падзяліцца інфармацыяй: @nasa_niva_bot
Пытанні па рэкламе: @nnads_bot
Download Telegram
to view and join the conversation
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Сёння Святлана Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента з 30-хвіліннай прамовай

Вось некаторыя цытаты:

▪️«Я ўдзячная ЕС за цвёрды адказ на абуральную выхадку Мінска, які пасадзіў еўрапейскі самалёт. У той момант Еўрасаюзам можна было сапраўды ганарыцца. І ўсё ж, быў бы адказ такім жа жорсткім, калі б на борце Ryanair не было грамадзян ЕС?»
▪️«Пакуль Еўропа працягвае сумнявацца, ідзе час — і гэты час незаконна асуджаных, забітых або выгнаных з краіны».
▪️«Як вы лічыце, ці разумеюць нас усе гэтыя беларусы, калі ім кажуць пра доўгія бюракратычныя працэсы ў ЕС і нюансы сусветнай палітыкі і дыпламатыі? Ці даюць беларусам надзею і ўпэўненасць заявы аб глыбокай заклапочанасці? Што на самой справе можа сказаць ЕС беларусам — забытаму ўсімі еўрапейскаму народу, які хоча таго ж, што маюць іншыя краіны Еўропы?»
▪️«Дапамажыце беларусам, каб яны змаглі дапамагчы Беларусі і Еўропе, каб мы маглі працягваць барацьбу за нашу і вашу свабоду».

Еўрапарламентарыі прамову Ціханоўскай віталі авацыяй.
Заўтра ў Ірак вернуцца больш за 100 мігрантаў

Пра гэта паведамляе РІА Навіны са спасылкай на свае крыніцы. Паведамляецца, што мігранты ўжо прыбываюць у мінскі аэрапорт, каб чакаць рэйс у транзітнай зоне.

Нагадаем, што раней адбыліся як мінімум два эвакуацыйныя рэйсы. 18 лістапада ўляцелі каля 430 чалавек, 22 лістапада — 118 чалавек.
МЗС Германіі ўзначаліць прыхільніца санкцый супраць Мінска і жорсткага курсу адносна Масквы

Партыі-ўдзельніцы будучага ўрада Германіі на чале з Олафам Шольцам дамовіліся аб падзеле пасад у кабінеце міністраў. МЗС Германіі ўзначаліць сустаршыня «зялёных» Аналена Бербак, паведамляе нямецкае тэлебачанне.

Бербак мае рэпутацыю жорсткага і паслядоўнага праціўніка аўтарытарызму.

Менавіта «зялёныя» былі найбольш актыўныя ў публічнай падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці на фоне палітычных рэпрэсій у нашай краіне. Яшчэ ў канцы мая Бербак заклікала пашырыць санкцыі ЕС супраць беларускіх уладаў і ўвесці штрафныя меры ў дачыненні да нафтавай галіны Беларусі.

Бербак (як і іншыя «зялёныя») адносіцца да Крамля досыць насцярожана. Напрыклад, яна не падтрымлівае запуск «Паўночнага патоку — 2». Увесну 2021 года, калі Расія ўзмацніла свой кантынгент на мяжы з Украінай, Бербак прапанавала ў адказ узмацніць ціск на Маскву. Крэмль нават спрабаваў перашкаджаць перадвыбарнай кампаніі Бербак з дапамогай кібератак.
10 нумар "Нашай гісторыі" ўжо ў дарозе да нашых падпісчыкаў па ўсёй краіне!

Для тых, хто не афармляў падпіску, нагадаем, дзе яго можна набыць: гандлёвы цэнтр «Купалаўскі» (пад Кастрычніцкай плошчай), крамы 41–42 і 44–45, «Галіяфы» (вул. Няміга, 3, крама № 47 на цокальным паверсе), «Рагна» (вул. Сухая, 4, метро «Фрунзенская»), «Кніжная шафа» (пр. Дзяржынскага, 9). Поштай ці з дастаўкай на дом вы можаце яго замовіць праз knihi.by, kniganosha.by, mmkut.by, halijafy.by, ragna.by. Таксама мы ёсць у аддзелах прэсы розных гіпермаркетаў па ўсёй краіне.

А на 11 нумар яшчэ можна падпісацца праз просты і зручны сайт nashakrama.by — спяшайцеся!
Чаму шведы ядуць па кілаграме цукерак на сям’ю ў тыдзень, а зубы ў іх адны з найлепшых у Еўропе

«Я штосуботы купляю па сем розных відаў цукерак», — хваліцца шведскі хлопчык у краме падчас традыцыйнага Лардагсгодзіса. Што гэта за традыцыя такая і чаму дзякуючы ёй у Швецыі дзеці маюць адны з найздаравейшых зубоў у Еўропе?

Што гэта за традыцыя, чытайце па спасылцы
Суддзя па справе журналісткі «Тутбай» пайшла на павышэнне

Суддзя Святлана Бандарэнка, якая разглядала справу «аб нуль праміле», працавала ў Маскоўскім раённым судзе Мінска, апошнім часам — намеснікам старшыні, займалася адміністратыўнымі і крымінальнымі справамі.

На якую пасаду перайшла суддзя і якімі справамі запомнілася — чытайце па спасылцы
Сёння ўвесь свет абляцела навіна: упершыню ў гісторыі жанчына стала прэм'ер-міністрам Швецыі

Парламент гэтай краіны зацвердзіў на высокай пасадзе Магдалену Андэрсан. Але праз пару гадзін жанчына падала ў адстаўку: яе партнёр па кааліцыі пакінуў урад, а бюджэт, прапанаваны імі, не быў прыняты. Замест гэтага парламент прагаласаваў за бюджэт, складзены апазіцыяй.

«Я сказала спікеру, што хачу сысці ў адстаўку», — заявіла Магдалена Андэрсан журналістам, перадае Бі-бі-сі.
Іракская кампанія Iraqi Аirways адмяніла два рэйсы з Багдада ў Мінск, вылеты былі прызначаныя на 25 і 27 лістапада.

18 лістапада гэтая кампанія вывезла з Беларусі 430 іракскіх грамадзян, якія беспаспяхова спрабавалі трапіць у Еўрапейскі саюз.

З чым звязана адмена рэйсаў, у самой кампаніі не тлумачаць.
Самымі сэксуальнымі ў свеце цяпер лічацца мужчыны 50+

У гэтым месяцы часопіс People вызначыў найсэксуальнейшага мужчыну 2021 года. Ім аказаўся дабрадушны, прыязны, сціплы 52-гадовы Пол Рад, вядомы многім дзякуючы «Чалавеку-мурашу», «Паляўнічым на прывідаў» і серыялу «Сябры».

За такім невідавочным рашэннем аўтарытэтнага часопіса стаіць выразная тэндэнцыя: аказваецца, жанчыны пачалі цаніць ветлівасць, ураўнаважанасць і такую патрэбную надзейнасць значна больш за пераменлівую жарсць і драму. Адпаведна, у фокус жаночай увагі сёння ўваходзяць новыя героі.

У чым шарм новых пяцідзесяцігадовых, чытайце ў матэрыяле.
Олаф Шольц на апошнім пасяджэнні дзейнага Кабінета міністраў ФРГ падарыў Ангеле Меркель метровы куст кізілу. У чым сімвалічнае значэнне такога падарунка?

Па-першае, кізіл трэба вырошчваць у «кіслай» глебе — па-нямецку sauer, што сугучна з прозвішчам мужа Меркель Іахіма Заўэра.

Па-другое, на кусце вырастуць чорныя ягады, а гэты колер сімвалізуе Хрысціянска-дэмакратычны саюз — родную партыю Меркель.
Вашай увазе рэдакцыйныя матэрыялы @nashaniva, якія выйшлі ў сераду, 24 лістапада. Некаторыя вы маглі абмінуць увагай:

«За трохпакаёўку ў верасні налічылі 262 рублі». Беларусы расказваюць, як плацяць павышаную камуналку

Дырэктар канадскіх авіяліній заявіў, што не ведае адну з дзяржаўных моваў ‒ пачаліся пратэсты

Чаму менеджары-міленіялы выгараюць на працы хутчэй за іншых?

«Не баюся асуджэння». Паглядзіце, якая эпатажная настаўніца вядзе ўрокі ў мінскай школе

«Ішоў забіраць дачку з садка». За што затрымалі салігорскага актывіста Паўла Батуева?

У КДБ засталося менш за месяц, каб перадаць справу Эдуарда Бабарыкі ў пракуратуру

«Вельмі амбіцыйны, хоча трапіць у генералы». Хто такі Віталь Казлоў, голас якога часта трапляе на злівы хакераў

Чаму шведы ядуць па кілаграме цукерак на сям’ю ў тыдзень, а зубы ў іх адны з найлепшых у Еўропе

Суддзя па справе журналісткі «Тутбай» пайшла на павышэнне

Самымі сэксуальнымі ў свеце цяпер лічацца мужчыны 50+

Уся карціна дня — на nashaniva.com (З Беларусі — праз VPN). Што гэта і як усталяваць, чытайце тут.

Звязацца з рэдакцыяй і падзяліцца інфармацыяй можна праз @nasa_niva_bot
У хіт-парадзе найлепшых песень усіх часоў змяніўся лідар

Песня выканаўца The Weeknd «Blinding Lights» узначаліла чарт Billboard усіх часоў. Дагэтуль на першым месцы быў хіт 1960-х гадоў Чабі Чэкера «The Twist».

«Blinding Lights», што выйшла ў 2019 годзе, імгненна стала класікай поп-музыкі. На працягу чатырох тыдняў у красавіку-маі 2020 года яна ўзначальвала штотыднёвы чарт Billboard Hot 100. Песня правяла ў гэтым чарце рэкордныя 90 тыдняў запар.

Гэта самы паспяховы сінгл The Weeknd за ўвесь час. Песня стала шырока папулярнай дзякуючы танцавальным чэленджам у тыктоку і выступленню спевака на Супербоўле ў лютым 2021 года. На Spotify «Blinding Lights» праслухалі больш за 2,6 мільярда разоў.
«Некаторыя гаварылі, што прадалі ўсё і гэтыя грошы ў іх тут адабралі». Настаўніца англійскай мовы з Ліды расказала, што ўбачыла ў «Брузгах»

Каб перакладаць мігрантаў на
рускую мову, настаўнікаў англійскай мовы з Гродзенскай вобласці возяць у лагістычны цэнтр «Брузгі». Людзі ездзяць валанцёрамі па чарзе кожны дзень. «Нашай Ніве» ўдалося пагаварыць з адной з настаўніц, якая камунікавала з мігрантамі.

Чытайце па спасылцы
Мінфін на аўкцыёне паспрабаваў прадаць рублёвыя дзяржаблігацыі — іх ніхто не купіў

Міністэрства фінансаў паведаміла, што не адбыўся аўкцыён па продажы дзяржаблігацый у беларускіх рублях. Прычына — адсутнасць заявак. Гаворка пра доўгатэрміновыя каштоўныя паперы. Пры гэтым запазычанні на знешніх рынках для Беларусі пакуль праблематычныя.

Доўгатэрміновыя рублёвыя дзяржаблігацыі выпуску № 301 размясцілі на аўкцыёне 16 лістапада. Іх спрабавалі прадаць праз Беларускую валютна-фондавую біржу. Аднак аўкцыён прызналі несапраўдным праз адсутнасць заявак, паведамляе Мінфін.

Намінальны кошт адной аблігацыі — 1000 рублёў. Тэрмін звароту каштоўных папер — 548 дзён.

Пры гэтым запазычанні на знешніх рынках для Беларусі пакуль праблематычныя. У верасні за межамі краіны пазычыць атрымалася толькі каля 36 млн даляраў у эквіваленце.

Раней Мінфін прызнаў наяўнасць цяжкасцяў з рэфінансаваннем знешняга дзярждоўгу. Адна з прычын, як тлумачылі ў ведамстве, — уплыў уведзеных заходніх санкцый.
Расійскія анлайн-крамы заклапочаныя рызыкай падвойнага падаткаабкладання ў Беларусі і звярнуліся да прэм’ера РФ

Змены ў заканадаўстве Беларусі і Казахстана могуць прывесці да мільярдных страт для расійскіх маркетплэйсаў кшталту Wildberries, Ozon і іншых, з тавараў якіх з наступнага года пачнуць спаганяць ПДВ. Гэта прывядзе да падвойнага падаткаабкладання. Анлайн-прадаўцы ўжо звярнуліся прэм'ера Міхаіла Мішусціна, каб той пасадзейнічаў вырашэнню праблемы, піша «КоммерсантЪ».

З улікам 20% стаўкі ПДВ у Беларусі дадатковая нагрузка на крамы складзе больш за $50 млн. У той жа час адзначаецца, што новыя падатковыя патрабаванні не будуць распаўсюджвацца на анлайн-пляцоўкі, якія знаходзяцца за межамі ЕАЭС, кшталту AliExpress, ebay і іншых.

Анлайн-крамы хочуць адтэрмінаваць увядзенне ПДВ у суседніх краінах да прапрацоўкі пытання падатковага выліку ўнутры краіны.
Памёр архітэктар Алег Вараб’ёў, аўтар будынкаў гасцініцы «Арбіта», офіса Беларускай калійнай кампаніі і іншых

Вараб’ёў памёр 24 лістапада ва ўзросце 74 гадоў, паведамляюць «Мінск-Навіны».

З 1979 па 1999 гады працаваў галоўным архітэктарам дзяржаўнага інстытута «Мінскпраект». У гэты час пад яго кіраўніцтвам былі запраектаваныя і пабудаваныя гандлёва-грамадскі комплекс «Кірмаш» з кінатэатрам «Берасце», адміністрацыйны будынак канцэрна «Белнафтахім» на пр. Дзяржынскага, комплекс гасцініцы «Арбіта».

Сярод апошніх работ Вараб'ёва і яго каманды — офіс Беларускай калійнай кампаніі на пр. Машэрава, комплекс Falcon з гатэлем на пр. Пераможцаў, рэканструяваны будынак фабрыкі-кухні на вул. Свярдлова. А на вул. Я. Купалы на месцы 2-й гарадской бальніцы цяпер будуецца шматфункцыянальны комплекс з гатэлем.
ТБМ ладзіць талаку, каб вызваліць офіс перад закрыццём

Некалькі тыднямі раней Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі, якая існавала з 1989 года.

«Шаноўныя сябры! Для таго, каб вызваліць усё з нашай сядзібы, мы арганізоўваем у суботу талаку. Пачатак у 12 гадзін. Кожны ўдзельнік зможа забраць на памяць якую-небудзь рэч: кнігу, газету. Шмат што будзе вывезена для захавання», — напісала ў сваім фэйсбуку кіраўнік ТБМ, экс-дэпутат Алена Анісім.

Яна таксама спадзяецца, што да канца месяца будзе сабрана 3200 рублёў, каб поўнасцю разлічыцца за арэнду сядзібы і ў снежні не мець ніякіх абавязкаў з гэтай прычыны. 

Офіс ТБМ на вуліцы Румянцава, 13 (станцыя метро «Плошча Перамогі») быў доўгія гады адным з цэнтраў беларускай культуры ў цэнтры Мінска. Тут праводзіліся прэзентацыі кніг, часопісаў, выставы, можна было купіць беларускія газеты, кнігі, значкі, музычныя касеты, дыскі.
«Я ўжо не думаў, што гэты дзень прыйдзе». Праз 43 гады з амерыканскай турмы вызвалілі чалавека, які быў памылкова асуджаны

У аўторак суддзя вынес рашэнне скасаваць прыгавор 62-гадоваму Кевіну Стрыкланду. 43 гады таму яго прыгаварылі да пажыццёвага тэрміну без права на датэрміновае вызваленне за злачынства, якое, як ён казаў, не здзяйсняў.

Як праз столькі год выявілі, што ён невінаваты? Чытайце па спасылцы
Суд над Эдуардам Пальчысам пачнецца 6 снежня

Працэс пачнецца а 10-й гадзіне ў Мінскім гарадскім судзе, судзіць блогера будзе Пётр Арлоў.

Дзеянні Эдуарда Пальчыса кваліфікаваныя следствам па наступных артыкулах КК РБ:

▪️ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
▪️ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
▪️ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
▪️ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).