Наша Ніва
68K subscribers
21.8K photos
4.07K videos
2 files
12.3K links
Падзяліцца інфармацыяй: @nasa_niva_bot
Пытанні па рэкламе: @nnads_bot
Download Telegram
to view and join the conversation
З папугаем на галаве — Ангела Меркель схадзіла ў птушыны парк

23 верасня канцлер ФРГ наведала птушыны парк Марлоў, які знаходзіцца ў федэральнай зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія.

Там канцлер выдатна пабавіла час. Яна пакарміла папугаяў — аўстралійскіх лоры. Птушкам так спадабалася Меркель, што яны сядзелі ў яе на руках і нават на галаве.

Але калі канцлера падвялі да вялікай савы, Меркель сказала: «Не, досыць папугаяў!»

26 верасня палітык сыходзіць са сваёй пасады.
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ліквідавана. Арганізацыя дзейнічала з 1990 года

Рашэнне было абвешчана сёння ў Вярхоўным судзе. Позву ў суд падало Міністэрства юстыцыі.

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» было створана ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і дзейнічала 31 год для кансалідацыі беларусаў у краіне і свеце. «Бацькаўшчына» ладзіла імпрэзы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа.

Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа», а З’езды беларусаў свету сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.

14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус. Цягам года арганізацыя атрымала два пісьмовыя папярэджанні ад Мінюста, што дало магчымасць ліквідаваць арганізацыю. 

На фота — з’езд беларусаў свету ў 2017 годзе, на якім прысутнічаў Уладзімір Макей.
Напішыце нам

Чытачы паведамляюць, што, нягледзячы на графікі падключэння, ацяпленне далі не ўсім.

Раскажыце, ці ў вас падключылі яго па графіку?

Напішыце нам у @nasa_niva_bot
Макей: Санкцыі супраць «Беларуськалія» прывядуць да росту цэн на прадукты і зніжэння ўраджайнасці

У Нью-Ёрку міністр замежных спраў Беларусі ўзяў удзел у саміце ААН па харчовых сістэмах.

Уладзімір Макей раскрытыкаваў санкцыі супраць калійнай галіны Беларусі. Па яго словах, бяздумны санкцыйны ціск заходніх краін на Беларусь ставіць пад пагрозу глабальную харчовую бяспеку.

«Адсутнасць на сусветным рынку беларускіх калійных угнаенняў, якія займаюць 20% рынку, апрыёры вядзе да значнага зніжэння ўраджайнасці ў сельскай гаспадарцы, а дэфіцыт калійных угнаенняў на сусветным рынку прагназавана прывядзе да росту іх цэнаў і, як вынік, да росту цэнаў на прадукты. Недапушчэнне беларускіх калійных угнаенняў на еўрапейскі рынак таксама негатыўна паўплывае на сельскагаспадарчы сэктар эканомікі самога ЕС.

На фоне таго факта, што амаль два мільярды чалавек у свеце недаядаюць, недапушчальна выкарыстанне прадуктаў і злучальных ланцужкоў у якасці інструменту палітычнага ціску і эканамічнага шантажу», — мяркуе міністр.
❗️У стацыянарах краіны ў 2020 годзе памерла на 40% больш пацыентаў, чым у 2019 годзе

Такія даныя вынікаюць са зборніка, што апублікаваў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскіх тэхналогій.

У мінулыя гады смяротнасць у стацыянарах ніколі не перавышала 1,5%. У 2019 годзе яна была 1,43 %. А вось у 2020 годзе стала 2,51%.

Цікава, што колькасць шпіталізаваных у краіне знізілася ў 2020 годзе. У 2019 годзе было шпіталізавана 2 856 326 чалавек, а ў 2020 — 2 264 242.

Простыя падлікі паказваюць, што ў 2019 годзе ў шпіталях памерлі 40 845 чалавек. У 2020 годзе — 56 832. Такім чынам колькасць памерлых у шпіталях у 2020 годзе вырасла на 39%.

Не будзем забываць пра тое, што не ўсе патрапілі ў шпіталі. Гэта вынікае і са статыстыкі, і з логікі: планавая праца медустаноў была з перабоямі з-за кавіду. Няма ніякіх падстаў думаць, што смяротнасць сярод тых, хто не меў якаснай планавай дапамогі, упала.

Ад чаго ж паміралі ў шпіталях згодна з афіцыйнай статыстыкай? Мы бачым, што рэзка і нечакана вырасла смяротнасць у шпіталях шмат ад якіх захворванняў. Хаця галоўнае, што мы ведаем пра 2020 год, — гэта каранавірус. Аднак па статыстыцы рэзка ўзрасла смяротнасць ад захворванняў сэрца, атручванняў, хваробы пячонкі і шмат чаго яшчэ. А вось па лічбах па пнеўманіях можна і не зразумець, што ў нас пандэмія COVID — смяротнасць узрасла з 0,82% да 1,53 % ад «выбыўшых» (не надта зразумелы тэрмін).
У Гомелі затрымалі вартаўніка цэнтра сацабслугоўвання за «распальванне варожасці»

ГУБАЗіК затрымаў 51-гадовага жыхара абласнога цэнтра.

Сцвярджаецца, што з восені 2019 года да мінулага лета мужчына размяшчаў у «дэструктыўных тэлеграм-чатах» матэрыялы, якія абражаюць міліцыянтаў, суддзяў і членаў выбаркамаў.

Таксама ён заклікаў размяшчаць іх асабістыя звесткі.
ДАІ заявіла, што эфектыўныя флікеры толькі двух колераў

Акурат у гэтыя дні ноч параўнялася з днём і цёмны час сутак будзе толькі павялічвацца. ДАІ раіць прымацоўваць флікер (ці святлоадбівальную стужку) так, каб было бачна з усіх бакоў. Святлоадбівальную стужку завязваць трэба на рукаве або штанах.

Найлепш выкарыстоўваць адначасова два ці больш флікераў — з правага і левага бакоў.

Святлоадбівальныя элементы толькі двух колераў — белага і лімоннага — праходзяць сертыфікацыю і адпавядаюць усім патрабаванням. Чырвоныя, сінія, зялёныя флікеры — малаэфектыўныя, падкрэсліваюць у ДАІ.
Таксіст — жонцы Андрэя Скурко: Вязні будуць сядзець датуль, дакуль мы дазволім

Паўліна, жонка палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко, распавяла шчымлівую гісторыю.

«А чаго яны папёрліся на Дзень горада? Такія натоўпы былі, як на Новы год! Последніе теплые денькі, кажуць мне! Я плюнуў, паехаў дамоў: хай нехта іншы гэтых ябацек возіць».

Чытайце цалкам па спасылцы

Калі ласка, падтрымайце нашаніўцаў лістом, тэлеграмай ці грашовым пераводам. Ва ўмовах ізаляцыі гэта дапамагае трымацца.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Марціновічу Ягору Аляксандравічу
Скурко Андрэю Генадзевічу
У Светлагорску жанчына пяць гадзін размаўляла з кібермахлярамі і засталася без 13 тысяч рублёў

Жанчыне патэлефанавалі «супрацоўнікі банка» і прапанавалі ўзяць удзел у спецаперацыі: узяць на сваё імя крэдыты ў пяці банках і перавесці грошы на спецыяльны рахунак. Гэтымі грашыма павінен быў завалодаць «несумленны супрацоўнік банка», пасля чаго яго б выявілі, а аперацыя б скончылася.

Першая размова жанчыны з махлярамі доўжылася пяць гадзін. Яе цалкам пераканалі і прадыктавалі ўсе патрэбныя дзеянні, паўтараючы, што яна не павінна ў банках згадваць сапраўдную мэту атрымання крэдыту, каб не сарваць «аперацыю».

У выніку светлагарчанка набрала пяць крэдытаў на 13 тысяч рублёў, якія пасля перавяла махлярам і чакала сігналу аб сканчэнні «спецаперацыі». Не дачакаўшыся, яна зразумела, што яе падманулі, і пайшла ў міліцыю.
Наша Ніва
Паглядзіце, як лава на Канарскіх астравах паглынае ўсё на сваім шляху і ператварае ваду ў басейне ў кіпень.
На Канарскіх астравах працягваецца вывяржэнне вулкана Кумбрэ-В’еха. Лава нішчыць усё на сваім шляху, рухаючыся з хуткасцю 700 метраў за гадзіну.

Але стыхія абмінула адзін дом, які ўжо паспелі назваць «цуда-домам». Ён належыць пары пенсіянераў з Даніі, якія не прыязджалі на Канары з пачатку пандэміі.
«Зразумела тут Маруся: добра жыць у прафсаюзе». Паглядзіце, якую кніжачку з вершамі, раскраскамі і забаўкамі распаўсюджваюць праз прафсаюзы.
У Мядзінінкаі на мяжы з Беларуссю — вялізная чарга грузавікоў, кіроўцам не хапае ежы і лекаў

Каля Мядзінінкая з літоўскага боку дальнабойшчыкі стаяць на мяжы па некалькі дзён, сярод іх ёсць хворыя замежнікі. Магчыма, яны хворыя на каранавірус, таксама кіроўцам не хапае ежы і вады, паведамляе Delfi.

Замежнікі не могуць вярнуцца дадому і лячыцца. «Усё стаіць, людзі жывуць на паркоўцы па 3-4 дні, ніхто нікога не прапускае, нічога не паведамляюць. Да горада далёка, да крам далёка, аптэк няма, мы ў палях. Кіроўцы тэлефануюць памежнікам, ім кажуць, усё ў парадку, працуем у звычайным рэжыме. Праблему трэба вырашаць, а то будзе дрэнна», — сказаў адзін з кіроўцаў.

У кантрольна-прапускным пункце ў Мядзінінкаі праводзяць рэканструкцыю. Кіроўцам рэкамендуюць ехаць у іншыя пункты пропуску.

⁉️ «Наша Ніва» просіць адгукнуцца кіроўцаў-дальнабояў, якія захраслі на мяжы з Літвой, альбо іх сваякоў. Напішыце нам у @nasa_niva_bot
Белстат: сярэдні заробак беларусаў знізіўся на 8,5 рубля

Цяпер ён склаў 1463,2 рубля. Для параўнання, у ліпені ён быў 1471,7 рубля.

Гэта сума да выліку падаходнага падатку і 1% адлікаў у ФСАН.
З'явілася новае расследаванне смерці Рамана Бандарэнкі. Якія новыя рэчы адтуль вядомыя?

Аб’яднанне былых сілавікоў апублікавала другое ўласнае расследаванне смерці Рамана Бандарэнкі. Гэта адбылося пасля таго, як Генпракуратура прыпыніла справу, бо не змагла знайсці, каго прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Дадатковае раследаванне грунтуецца на злівах размоваў. Галасы на аўдыязапісах падобныя да галасоў Наталлі Эйсмант, Дзмітрыя Балабы, кіраўніка мінскай міліцыі Міхаіла Грыба і іншых. Сілавыя структуры не каментуюць злітыя ў сетку запісы.

Што новага стала вядома?

▫️У пачатку лістапада ў Новай Баравой мясцовыя далі адпор людзям, якія прыехалі зразаць стужкі. Пасля гэтага раён застаўся на некалькі дзён без вады і цяпла. Былыя сілавікі сцвярджаюць, што гэта было даручэннем, дадзеным Наталлі Качанавай і Аляксандру Барсукову. Галасы, падобныя да Эйсмант і Балабы абмяркоўваюць яго, жаночы голас кажа, што была вельмі незадаволена.
▫️Увечары 11 лістапада, калі збілі Бандарэнку, разам з групай, якая зразала стужкі, былі байцы САХР, а таксама група амапаўцаў. За дзень да гэтага голас, падобны да Наталлі Эйсмант, кажа, што яе раскрытыкавалі: «Падзеі не скончыліся, а я тут па вечарах шмат адпачываю».
▫️Пасля інцыдэнту на Плошчы Перамен, калі Раман Бандарэнка быў збіты і затрыманы, голас, падобны да камандзіра групы АМАП Руслана Куляшова, кажа свайму камандзіру, што затрыманы быў моцна п’яны і кідаўся на САХР. Пасля яго перадалі амапаўцам, якія даставілі Бандарэнку ў Цэнтральнае РУУС. У гэты час Раман быў ужо ў цяжкім стане, але яго прынялі за ап’яненне.
▫️Былыя сілавікі прыводзяць запіс размовы галасоў, падобных да Дзмітрыя Балабы і капітана міліцыі Генадзя Молаша. Гэты званок, як сцвярджаецца, адбыўся раніцай 12 лістапада. «Балабу» дакладваюць пра цяжкія цялесныя пашкоджанні і стан Бандарэнкі, які памылкова прынялі за нецвярозы. Голас, падобны да Балабы, эмацыйна ўскліквае і пасля тэлефануе чалавеку з голасам, падобным да кіраўніка Мінскай міліцыі Міхаіла Грыба. У размове «Балаба» выказвае меркаванне, што «гэта Шакута недзе там прыклаўся» і што «нашы яго пальцам не кранулі».
▫️Пасля публікуецца запіс размовы галасоў, падобных да Балабы і Куляшова, які адбыўся меркавана 12 лістапада ў 11:20. У ім «Балаба» кажа калегу, што трэба пад’ехаць да следчых і распавесці ім абставіны затрымання Бандарэнкі. Нібыта амапаўцы пабачылі цела ў раёне прыпынку і адвезлі ў РУУС. Пасля «Балаба» робіць яшчэ адзін званок «Куляшову» і перапытвае, што той сказаў следчым. У размове ён шкадуе, што беспрытомнага Бандарэнку не знялі на відэа. Як заўважаюць былыя сілавікі, голас, падобны да Куляшова, не сказаў інфармацыі пра тое, што Бандарэнка АМАПу перадаў САХР.

Нагадаем, у мінулых расследаваннях аб’яднанне былых сілавікоў ужо пералічыла імёны тых, хто ў той вечар быў у двары на Плошчы Перамен. Сцвярджаецца, што іх вылічылі па білінгу тэлефонных нумароў. Гэта Дзмітрый Баскаў, Дзмітрый Шакута, Наталля Эйсмант, Ганна Эйсмант, Павел Воўчак, Жанетта Воўчак. А таксама супрацоўнікі САХР Сяргей Сарман, Сяргей Анцюфееў, Алег Буйкевіч, Раман Савенка, Яўген Ціманоўскі. І супрацоўнікі АМАП Руслан Куляшоў і Раман Крывашэін.

З усіх вышэйпералічаных сітуацыю пракаментавала толькі вядучая Ганна Эйсмант. Яна напісала, што ў той момант была на тэлебачанні. Сілавікі шматлікія «злівы» не каментуюць.