Новы свет 🌞
713 subscribers
619 photos
10 videos
2 files
508 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#вікця_жытнік

калісьці я для сябе
адкрыла дзівосны свет
чароўны сваёй невядомасцю
прываблівы і яскравы

света майго кожны гук
я карпатліва збіраю

нібы на пацеркі з журавінавага балота
што нас упрыгожваюць
бо пасуюць
да ўсмешкі і бляску вачэй

нібы гарачыя іскры ў агмень
што асветліць шлях і сагрэе
бо ў сэрцы так ясна гарыць
а таму і ў галовах яснее

нібы кроплі жывільнай вады
што перлінамі ззяе на траве
па якой праходжу басанож

нібы промні сонечныя
што асвятляюць зямлю святую
ласкаюць і песцяць нас

я тыя гукі збіраю
каб прынесці вам
падзяліцца
маёй любоўю
і магіяй кожнага слова

простыя словы ў сабе
збіраюць гісторыю свету
маладзенькія ці сівыя
словы мае жывыя

прылашчыш
прыгрэеш пяшчотна
бо кожнае слова
роднае

слова кожнае
духмяняе і крамянае
агністае і прамяністае
шчырае і лагоднае
трапяткое і шчодрае
самотнае ці набалелае
ліхое суровае гнеўнае
уладнае і трывалае
сардэчнае і адданае
важкае мудрае грознае
слова роднае рознае

пачуеш якое ад блізкага
і ўсміхнешся ветліва
ён усміхнецца ў адказ
бо вашыя думкі
светлыя

словы змяняюць нас
а калі назбіраеш словаў
іх можна сплесці ў сказ
як стужкі ці косы моўныя

---

ды не магу я адна
гэтаму цуду дзівіцца
мова мая - агмень
я мушу ім падзяліцца

каб засталася жывой
каб не пакінулі болей
свет мой - святло людское
беларускае сэрца - у мове
#верш
#Хросная

На руках тваіх - кіпцюры, і ваўчыны - твой енк і вой
Ты глядзіш ў люстэрка: "Гары! Хоча хтосьці пабыць табой?"
А ў целе тваім - вятры, разарвеш ты яго рукой
Твар малодшы, пачэсны, стары, толькі б, толькі б не быць
такой
Разрываеш цела само, выпускаеш вятры з грудзей -
След крывавы - нясе аер, холад дзьме у краіне падзей.
Па плячах тваіх, як па дні, ходзяць боты жалезнай хадой
Трушчаць рэбры, ірвуць абразы... Ты ахоплена нейкай нудой

Нараджэнне - цікавая справа. Хтось - ў пекле, камусь - мячы
Ты збірай каласкі ці косы, толькі зубы адно - тачы
Ты ідзі танцаваць у поўню, ты - пярэварацень, ваўкалак
Усё павінна быць па-другому, ты не з тымі, не тут, не так
Не жалезнай і не зламанай, нават чэснай табе не быць
Ні па-людску, ні па-звярынаму, ой ніяк табе, дзеўка, не жыць
Цалаваць цябе будуць не тыя, спавядаць табе трэба не тых
Уплятаюцца цені ліхія - і ў сонца, і ў песню, і ў міг.

Колькі б пацеры не чытала, грэшнай будзеш, Святой - не плыць
Ты ж так болем будзеш і славай, а з свянцонай вадой - не выць
Называюць цябе ненармальнай, таму мусіш ісці ў касцёр
Кайданы, і цвікі ў твары, меч і попел, а нож - васцёр.
На руках тваіх - кіпцюры, і ваўчыны - твой енк і вой
Ты глядзіш ў люстэрка: "Гары! Хоча хтосьці пабыць табой?"
А ў целе тваім - вятры, разарвеш ты яго рукой
Твар малодшы, пачэсны, стары, толькі б, толькі б не быць
такой.
#навіны #малюнак #Танатас

Вітаю! Мяне завуць Танатас, я мастачка. У большасці раблю фанарты па мультфільму "Мой маленькі поні", але часам малюю і аніме

Таксама я ёсць у ВК, Тік Току і Твітэры

Спадзяюся, вам спадабаюцца мае малюнкі ❤️
#песня
#пераклад
#Максім_Крывіч

«Saggita» (the Retuses), пераклад М.Крывіча

Паўзла, ляцела, паплыла цяпер.
Я бачу тое, што раней не бачыў.
Гады сівыя стануць ля дзвярэй,
Што за сабой хаваюць час нязначны.

Хто вогнішча паліў — той сёння лье
Сваю слязу над чорным папялішчам...
Хто распазнаў у ім свой дом, той лічыць,
Што шлях праз воды, ці праз мост ідзе.

Шукалі шчасце — а знайшлі віно,
І захмялелі, бессаромна надта
Плялі, як бабчына верацяно —
Назад пляліся мы амаль уранку.

Любоў шукалі — а знайшлі Садом,
І зноў гулялі мы: і дзе сумленне?
Пад шэрым воблакам, пад чэрствым пірагом,
Гісторыі адно стварэнне.

Хто ў сіняй шалі пазаве з сабой.
Каго завабіць шэрымі садамі?
Быць можа, гэты вечны вобраз той,
Што тваё сэрца разарве слязамі?

Калісьці, можа, зразумею я,
Значэнне тых двух праўдаў: «так» і «не» —
Тады дарога сыдзе і мая
З перона белага на белы...


Тэлеграм: @m_kryvichV
Ціўтар: https://twitter.com/m_kryvich
#выраб
#госць
#Kot_de_Prince_Murasaki_Sin

Вось і апошняя закладка!
Самая доўгая і самая складаная 🐍
#выраб #яварынка
Калісьці зваляла з поўсьці куранё.
Яно двойчы езьдзіла на вялікоднюю выстаўку ў Запарожжы, а цяпер абпачывае дома.
#верш
#Хросная

****
- Маці ведзьмаў! Вось ён - мой меч
Толькі я
не магу
падняць
У віхуры нясецца сеч
Ды не маю
моцы
страляць

- Маці Ева, цела тваё - у крыві
А сыны твае ў танцы топчуць
хрыбет
Адкажы, як у гэткай любві
Мусім мы
закахацца ў
Свет?

-
#выраб #Яварынка

Нарабіла трохі рознага з тэрмамазайкі. Павуцінку для маленькага родзіча, які марыць стаць чалавекам павуком, а котку для мяне.
Праўда, гэта павінна была быць мышка, але няхай ужо так.
#навіны
#Максім_Крывіч

Вітаю ўсіх!
Запрашаю паўдзельнічаць у апытанні на пераклад новай песні! Сёння ў нас — мюзіклы!

https://t.me/m_kryvichV/55
#верш
#госць
#лін_b

«срэбра зор»

угару я лячу ў пустэчу,
срэбра зор мірыяды мігцяць.
ты ніколі мяне не калечыў,
нат калі сам хацеў крычаць.

я віншую –узняў свае вейкі–
твае вусны і сэрца.
–стук.–
пад жыцця цягніком рэйкі
надаюць маім думкам грук.

дагарэла ружай світанне,
а пад пеклам –блакіту вочы–
маляваў ты слоў спатканне:
як жыццё шляхам мроі крочыць.

мой мастак, улюбёны лёса,
твае рукі цалуюць хвалі.
аржаное калоссе бялёса
танчыць.
партнёр са сталі.

знічкі –згас нехта ці то брахня?
кожны ў іх адшукаў давер.–
упрыгожваннем з грывы каня
раскіданы па свеце цяпер.

а ў травах пахучых уночы
стракатаннем нас конікі стрэлі.
ты складаць спевы ветру ахвочы,
ён качае мяне на арэлях.
#верш
#вікця_жытнік

позіркі
асуджэнне
ты думаеш, нам тут лёгка?
ты памыляешся
вельмі
жыць безнадзейнай трывогай і хавацца
баяцца
думаеш, ты так змог бы?
складана не забывацца
а сэрцы нашыя крохкія
калі ты не маеш крылаў
што ў неба цябе ўзнімаюць
не блытай
гэта не тое, калі іх з цябе
здзіраюць

за што мы пакутуем сёння?
чаго захацелася катам?
мне проста разумныя надта
і самі сабе сталі статкам
#верш
#вікця_жытнік

чаго табе каштуе існаваць?

увесь свет перад табой
я дару яго табе
вазьмі мае радасць і шчасце
замілаванне і пяшчоту
любоў і ласку
трошку тугі
(але не моцнай)
каб адчуць асалоду сустрэчы
яшчэ цяпла
каб не змерзнуць гэтым прахладным вечарам
(хочаш, дадам у яго цукру?)
цікаўнасці
(я схаваю яе ў кніжку, ты знойдзеш)
адказнасці
(хаця адкуль яна ў мяне?)
я знайду
абяцаю

ты толькі будзь тут
мне цябе не стае
#верш
#Nichto_Absalutna

Чаму вершы ўсе пра каханьне-любоў
Такая папса?
Такія пустыя?
Няўжо геніяльнае нельга штось
Напісаць і працяць
Плоймы душаў наскрозь?

Чаму вершы ўсе пра каханьне-любоў
Такая мана?
Такія чужыя?
Няўжо немагчыма Сусьветную вось
Разьбіць - і згараць,
Збудаваныя ўкось,

Як лядовы палац,
Усе гэтыя сраныя:
"Я пабачыў цябе ў нейкім сьненьні,
Твая здань у ім здалася няпэўнай.
Твае вочы былі, нібы мора.
Грудзі поўны, а вусны... чырвоны?

І ядвабам здавалася скура,
Не чапаў я, але так здалося,
Я згараю любоўю акрутнай,
Пайду лепей прылягу ў зямлю я,
Хай маё цела ўкрые калосьсе.
Дарагая-каханая
(Уставіць новае ймя)

Вось чаму вершы ўсе пра каханьне-любоў
Такая нуда
Бярэ аж жуда.
Чаму ў кожным чую жывёліны роў?
Гарачую кроў,
Што цячэ з галавы
Уніз, к нагам.
(У часткі цела якія няможна назваць)

Можа, бо я таксама жывы.
На дарозе ня ўвысь
А кудысь к прабацькам.
А за мной прасыны. Хто, ня ведаю сам.
І ўсе сьнім
(Праз самоту, прастору і час)
адны й тыя ж сны.
Пра каханьня-любові мітычны Грааль.