Новы свет 🌞
689 subscribers
642 photos
11 videos
2 files
531 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш #ананімна

Кадаўры-дрэвы ў моргу-пушчы,
Паветра чыста, нібы змрок.
У ім і пахкай смолі-тлушчы —

Я змоўк.

Сагрэты лапідарнай дзёнай,
Пакладзены ў імховы шоўк.
Стары, але зусім зялёны —

Я змоўк.

Служыў ярыне, нівам, руні.
Як слодыч у чаі, у поце мок.
Хаўтуры, вербалозу струны —

Я змоўк.
#верш
#Хросная
(верш для яшчэ не дапісанай п'есы)

Жанчына:
А з сабою я удавачку 
Панясу 
На маю, ой на дзявочую 
На красу 

Панясу яе праз поле
І сад
А каханак мой не гляне
Назад 

Будзе мая шыйка
балець 
Аж пакуль не стане моцы 
Цярпець 

Падарыў ён мне ўдавачку 
Падарыў 
А сам з міленькай гуляе 
У двары 

Чорны бровы, сіні вочы
У яе
Толькі ёй маёй удавачкі
Не стае 

Распляце яе касу 
Як і мне 
Свае слёзы прынясу 
Ува сне 

Буду доўга-доўга з ёй 
Гаварыць 
І скажу я ёй нажа
Навастрыць 

А дзяўчына не пачуе
Ой, мяне 
І падлюку, і зладзея 
Не кране 

Будзе яе шыйка
балець 
Аж пакуль не стане моцы
Цярпець 

І падарыць ён удавачку 
Ой, і ёй
Узрасце яе магілачка 
Ля маёй
#А_Б #верш

Аўтабіяграфічнае

- Сядзець уночы і пісаць.
- Цікавае што?
- Ды нецікавае зусім

Апісаць шэры натоўп,
З бліснуўшым вокам у ім
Як хтоссці крануў,
Як штосьці кальнула ў ім.

І гэта нецікава зусім.
Бо кожны ўдзень і ўноч
Спрабуе пісаць не ў стол.
Нецікавае, шэраговае,
Што па-мастацку схаванае
У "нібыта", але трэба адзначыць,
Што і яго запазычыў,
І яго ўзяў з дому быта

Пісаць, пісаць нецікава,
Спрабаваць пісаць не ў стол,
Каб атрымаць народнае званне,
Псаваць паперу і ўлезці ў конкурс,
І атрымаць такім чынам прызнанне.

Каб калі пакінуў ты гэты свет
Хтось эпітафію сціплаю склаў,
Што быў такі
настаўнік, педагог
Палітык, публіцыст і паэт,
Грамадзянін, чалавек.

─────────≪✷≫────────
Канал аўтара
Канал аўтара 2
#верш
#Хросная

Мая зямля
Прарасла каранямі
скрозь мяне
Але сваіх каранёў
Я не маю
І нібыта лунаю
Па-над ёю
І па-над пачуццямі.

таму мне складана
урастаць у глебу
бо як жа урастаць
не ўчапіўшыся ў нешта
як у сэнс ці ў літару?

А літары рассыпаюцца
і я іх збіраю
каб нешта пісаць.

але не пішу шмат
не пішу дасканала
Бо лётаю
па-за пачуццямі:
развучылася
глыбока
ўспрымаць.

нехта ўрастае ў глебу
Нехта - у насенне,
што падае ў яе.

Я пакуль што
ўрасла
толькі
ў мяжу
паміж
зямлёй і небам:
занадта лёгкая -
для хаджэння
па зямлі
Занадта цяжкая -
для палётаў
у небе.

Мне б
урасці ў глебу
З'есці яе
І супакоіцца
#верш #пан_які_прапаў

Ёй

Ты, быццам поўні сьветла, песьціш,
А поглядам сьпякаеш, быццам сонца –
Красы пэрліна у стальцовым месьце,
Маіх пачуцьцяў штоначная акупоўца.

Хай хмары пазацяглі небасхіл,
Я два сьвяцілы бачу ясна, як тады,
Пашчасьціла ня ўсім спазнаць лагоду
тых сьвяціл:
Гэта, бы возеры што поўныя вады,
Глядзяць каханай вочы, што аж з тых
Часоў ня сходзяць з мае галавы.

Бо я распалены ужо, нібы паходня,
Згараю ліхтаром ўнутры, аднак
Мне не гарэць ярчэй сьвятога вогню!,
Ды не пазбавіцца ўжо тых вачэй
сьвятла!

Жыцьцё можа крутнуцца абы-як,
Агонь адужае, ці трапіць пад ваду...
Што бы ні здарылася, Муза мая, дзякуй!
З табою ў сэрцы я стварацьму і твару.
#верш
#Хросная

Плятуць дарогі недзе на нябёсах
А кужалі сплятаюцца ў сувой
Іх амываюць цені, росы, лёсы
І кожны адшукае вырай свой.

А дзе шукаць? Магчыма, па ўсім свеце
Пакуль не знойдзеш месца, дзе спакой
Ты толькі вер прыдуманай прыкмеце
Што кожны адшукае вырай свой

Мы ходзім, мы шукаем вырай гэты
Нам выпіць трэба кужалі да дна
Пакуль плятуцца Леты і санэты
Сярод дарожак - знойдзецца адна
#верш
#Хросная

Цень
лялечнага доміка
Напаўзае на палову свету
А карані яго - у магме
Калі гэта ўкрыжаванне
то вельмі смешнае
Тым, хто вырас
з лялечнага доміка
рэкамендуецца
спаліць яго
ўшчэнт

Верш пасуе як і да асабістых пачуццяў аўтаркі, так і да п'есы Хенрыка Ібсена "Лялечны дом"
#верш
#Nichto_Absalutna

Не прыслухоўвайцеся проці ночы

Будучыня курчыцца ў раздушанай агоніі,
Нешта напаўуцямнае выдзіраецца
З разцамі, позьнімі зубамі - зыбкім поклічам,
Ляціць у чужыя вымярэньні з гравітацыяй.
Ці тое "save our souls",
Ці "kill 'em all".

Хочацца схавацца,
Закапацца глыбока пад зямлю
І над Зямлю, засыпаць выхад і ўваход,
Каб не сьвяціла Сонца ў мозаг,
Праганяючы з рэальнасьцю
Папераблытаныя сьненьні, вывад - увод.

Не адляпіць сьвятло з валосься, пазуроў,
Не адчапіць ад барабанных перапонак
Гэты стогн.
Нібыта сівер у антарктычнае пустэльні,
Ён дзьме праз скуру, косьці - ўсё-нішто,
Растрыбушыў, забіў, зашыў у чарговы том,
З пабеленай патрушчанай паперы.
#верш #да_незабыту #эстраґон_адысэй

да незабыту.

хадзіў я неяк у цішы
хмяльнога дому
маўчання стогны патушы
маўчання стогны
нам важна зараз зразумець
як дзень задыхаў
дурную пыху кінь у клець
дурную пыху

дрыготка сінія, бы смерць,
мае далоні
табе заклейваюць канверт
я зноў у палоне
палоне прывідных ідэй
мінулых зімаў
у нас не ўсё як у людзей
каханне — міна.

эстраґон адысэй, лета'24.
#верш #песня
#Максім_Крывіч

🌌 Зорны шлях

Амаль тры тыдні я сяджу ля акна,
Шукаю ў цемры хоць якога святла...
Што зор, што месяца, што нат ліхтароў
Не дастае, каб абудзіць маю кроў.

Шукаю сонца я у чорнай начы,
І мне, на жаль, нікому не памагчы.
Усё жаданні, мроі, мары мае
Зусім няўдала замянялі цябе.

🌃 У нябёсах зорны шлях, як аскепкі мрой...
Пад струны гітары я зноў засынаю...
Я прайдуся па дварах у апошніх снах...
Пад бэзам і вязам, дзе мы з табой разам,
Дзе мы яшчэ разам з табой.


Амаль тры тыдні я не бачу святла,
На сэрцы смутак, слёзы, холад і тла.
У цемрашальствы, мітусні гарадской
Было нам цяжка заставацца сабой.

Усё пакінулі, спалілі масты:
Такога выйсця не прадбачылі мы.
І з таго часу нашу кроў не сагрэць,
Адно пакінулі: у вершах гарэць.

🌃 У нябёсах зорны шлях, як аскепкі мрой...
Пад струны гітары я зноў засынаю...
Я прайдуся па дварах у апошніх снах...
Пад бэзам і вязам, дзе мы з табой разам,
Дзе мы яшчэ разам з табой.


І міне месяц, а за ім шмат гадоў,
З табою пэўна мы сустрэнемся зноў,
І, не зважаючы на месца і час,
Былое нешта адгукнецца у нас.

У вочы глянуўшы адно аднаго,
У іх убачым мы былое святло...
Але на сэрцы толькі сціснуты боль:
Імгненне, два — мы разыдземся з табой.

🌃 У нябёсах зорны шлях, як аскепкі мрой...
Пад струны гітары я зноў засынаю...
Я прайдуся па дварах у апошніх снах...
Пад бэзам і вязам, дзе мы з табой разам,
Дзе мы яшчэ разам з табой.


• • •
Telegram канал
• • •