Суполка беларускіх пісьменнікаў
963 subscribers
4.06K photos
3 videos
1 file
1.39K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
***
Пыл з плячэй дарожны абтрасай,
Сядзь каля парога дарагога.
Хай даруе нам бацькоўскі край
Што парой мы не прыходзім доўга.

Свежы подых туманоў начных…
Траў буянне… Дальні бляск зарніцаў…
Сэрца! Ты гатова ў гэты міг
Веснавой пупшыкай распусціцца!

Рыгор Семашкевіч

#вершдня
📙 “Пра словы і цішыню між імі” - сучасная ўкраінская паэзія

Анлайн-часопіс “Таўбін” і шведскае выдавецтва “Ariel Förlag” выпусцілі зборнік украінскай паэзіі ў перакладах на беларускую мову пад назвай “Пра словы і цішыню між імі”. У аснову кнігі леглі падборкі ўкраінскай паэзіі, што публікаваліся на віртуальных старонках часопіса. 👍

У зборнік увайшлі вершы 13 аўтараў: Дарыны Гладун, Артура Дроня, Сяргія Жадана, Данііла Задарожнага, Паўла Карабчука, Марыяны Кіяноўскай, Алега Коцарава, Дмытра Лазуткіна, Олэсі Мамчыч, Лэсіка Панасюка, Олэны Стэпаненкі, Барыса Херсонскага, Ірыны Шувалавай.

❗️Неўзабаве кніга мае з’явіцца ў Вільні і Варшаве.

👉 Пра часопіс “Таўбін” - тут

#палічка
⭐️ Сёння - сусветны дзень дзіцячай літаратуры

Штогод з 1967 г. у дзень нараджэння Ганса Хрысціяна Андэрсана 2 красавіка ў свеце адзначаецца дзень дзіцячай літаратуры.

Гэта дзень папулярызацыі кніг для дзяцей, а таксама прапаганды і сцвярджэння надзвычайнай каштоўнасці літаратуры, як найважнейшага інструмента выхавання асобы.🔥

Многія беларускія пісьменнікі стваралі і ствараюць цудоўныя творы для дзяцей і падлеткаў - віншуем усіх датычных і заклікаем болей чытаць - і дзецям і разам з імі!👍

#угэтыдзень
⭐️ Даследчы цэнтр беларусазнаўства

Аб стварэнні даследчага цэнтру беларусазнаўства напрыканцы сакавіка 2024 г. паведаміла Скарынаўская бібліятэка ў Лондане. 👍

Новая ўстанова ўтвораная паводле дамовы паміж Катэдрай міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту і Беларускай бібліятэкай і музэем імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Апякун бібліятэкі Павал Шаўцоў адзначыў, што “бібліятэка мае багаты шматгадовы досвед супрацоўніцтва з індывідуальнымі даследнікамі па ўсім свеце. Але цяпер гэтае супрацоўніцтва становіцца інстытуцыйным. Падпісаная дамова з Варшаўскім унівэрсытэтам – гэта для нас першая, з моманту заснавання бібліятэкі ў 1971 г.”

Праф. Юры Грыбоўскі дадаў: "мэта нашага супрацоўніцтва - паспрыяць таму, каб асабліва маладое пакаленне, студэнцтва, пачало больш цікавіцца беларускімі праблемамі, датычнымі культуры і гісторыі.”

👉 болей тут

#навіны
📙 Беларускі слоўнік кінатэрміналогіі

Першы слоўнік, прысвечаны кіно, на беларускае мове выйдзе ў беларускім выдавецтве "Скарына".

Слоўнік кінатэрмінаў мае змяшчаць болей за тысячу артыкулаў:
✔️ прафесійныя і тэхнічныя кінатэрміны (мантаж, кадр, адмысловы эфект);
✔️ жанравыя і відавыя кінатэрміны (вестэрн, дакументальнае кіно, крымі);
✔️ тэрміны кінатэорыі і інш.

Паводле ўкладальнікаў галоўнай адметнасццю слоўніка павінен стаць яго беларускі характар: тэрмінам з іншых моў даюцца беларускія адпаведнікі і прыводзяцца неабходныя тлумачэнні. 👍

#анонс
💡У беларускай мове ёсць процьма цікавых слоўцаў, якія да ўсяго, з'яўляюцца безэквівалентнымі.
Бярыце іх на ўзбраенне, і вашая мова стане багацейшай! 🔥

❗️Пятроўка
❗️

Летні час (чэрвень), на які прыпадаў Пятроўскі пост. 🧐

Калі гэта было? - Ды на пятроўку. Акурат на пятроўку, ага… В. Быкаў.

Мы пасцілі не толькі ў пятроўку ці ў піліпаўку, але і кожную сераду і пятніцу. М. Лужанін

#гаворка
🎧 Кніга "Хто жыве ў гаражы: вершы пра машынкі" цяпер у аўдыёверсіі

Дзіцячая кніга Андрэя Скурко, што ў папяровым выглядзе выйшла ў выдавецтве Gutenberg Publisher, з ілюстрацыямі мастачкі Вольгі Кузьміч цяпер стала аўдыёкнігай.

👉 Паслухаць можна на пляцоўцы "Кніжны воз".

#аўдыё
***
Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою,

Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,

З поту, з дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,

З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні... І так мне здаецца:

Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем?


Максім Танк

#раптамверш
⭐️ ДАБРАЧЫННАЯ ЭКСКУРСІЯ

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на экскурсію ў падтрымку збору сродкаў на помнік Змітраку Бядулю.

Заробленыя грошы будуць залічаныч на рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента пісьменніку і актыўнаму дзеячу літаратурна-грамадскага руху пач. XX ст. З. Бядулю.

Класікаў звязвала не толькі літаратурная дзейнасць, але і сяброўства. Падчас прыезду Багдановіча ў Мінск у кастрычніку 1916 г. метавіта З. Бядуля даў паэту прытулак, выдзеліўшы яму на невялікіх арэндаваных метрах асобны пакой. Пад агульным дахам яны разам пражылі да самага ад’езду Багдановіча ў Ялту...

Экскурсію правядзе загадчык музея Міхаіл Бараноўскі. 🔥

Усіх удзельнікаў чакаюць памятныя сувеніры ад музея! 👍

❗️Унёсак: 20 руб.

👉Адрас: г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 7а.

#анонс
📅 120 гадоў з дня нараджэння Міколы Хведаровіча

Сапраўднае імя Мікалай Фёдаравіч (Хведаравіч) Чарнушэвіч нарадзіўся 6 красавіка 1904 Капыль, Мінскай вобл. — памёр 20 жніўня 1981, Мінск) — паэт, празаік, перакладчык. Брат пісьменніка Нічыпара Чарнушэвіча.
📌 У 1915—1918 гг. праз Першую сусветную вайну ў бежанстве. У 1928 г. скончыў рабфак у Менску, у 1931 годзе — БДУ.
📌 Працаваў у выданнях: “Чырвоная Беларусь, “Полымя рэвалюцыі” і інш. Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў».
📌 У 1936 г. патрапіў пад палітычныя рэпрэсіі, быў у лагерах і высылцы, вярнуўся на Беларусь у 1956 г.
📌 У друку пачаў выступаць у 1924 г. У 1929 г. выйшла першая кніга «Настроі».
📌 Аўтар дзясятка зборнікаў вершаў, кніг успамінаў і перакладаў.

#угэтыдзень
Да 90-годдзя Арсеня Ліса
“Беларускім шляхам” артыкул Ціхана Чарнякевіча
🗞

“Кажучы пра феномен беларускага шасцідзясятніцтва, даследчыкі, зазвычай літаратуразнаўцы, амаль заўсёды імкнуліся весці паралелі са «старэйшым братам», у якога былі Еўтушэнка, Раждзественскі, Вазнясенскі, Ахмадуліна, Акуджава, Плошча Маякоўскага, вечары на стадыёнах і ў Політэхнічным. Раўнаючы на беларускую сітуацыю, адзначалася, што ў нас, маўляў, таксама было сёе-тое, але маштабы не тыя… Ушчэнт забываліся людзі на спецыфіку. Беларускае шасцідзясятніцтва было ў першую чаргу нацыянальна-арыентаваным па сваёй сутнасці.”

👉 Артыкул тут (можна чытаць наўпрост ці спампаваць pdf-версію нумара цалкам)

#лонгрыд
⭐️ Уручаная прэмія «Гліняны Вялес»

Сёлета ёй уганаравалі пасмяротна Юрыя Станкевіча за агульны ўнёсак у літаратуру.

Старшыня аргкамітэту літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» Алесь Аркуш пракаментаваў так:
"Раней ніколі прэмія «Гліняны Вялес» не прысуджалася пасмяротна. Гэтым разам мы вырашылі зрабіць выключэнне і ўшанаваць блізкага нам па творчых, маральных і жыццёвых перакананнях празаіка Юрыя Станкевіча. Пісьменніка не стала ў 2021 годзе. Двойчы яго кнігі намінаваліся на Вялеса. Яго творы заўсёды былі з намі побач. Гэтым разам мы хочам выправіць ранейшую прыкрую памылку і ўшанаваць прэміяй ТВЛ Юрыя Станкевіча."

#навіны
⭐️ "Дзіцячы спеўнік" - прэзентацыя

Сёння 7 красавіка ў Познані пройдзе прэзентацыя "Дзіцячага сьпеўніка".

На імпрэзе вас чакаюць прэзентацыя кнігі і музычная інтэрактыўная праграма ад Сержука Доўгушава і Андрэя Еўдакімава з гульнямі і конкурсамі.👍

Калі маеце вольны час і не ведаеце чым заняць дзетак - абавязкова завітвайце!
12.00, кавярня «Pan Gar» у ДК «Tramwajarza» (Słowackiego 19/21).

❗️Уваход па квітках.

#анонс

#афіша
⭐️ Новае ад Litradio

На тыдні з’явіліся новыя матэрыялы на пляцоўцы “Litradіo”.

Гэта тэкст “Сутнасць адсутнасці” Марыі Літвін
і свежая гутарка ў серыі падкастаў “Супердудко” - “Мой аўтсайд” з Сяргеем Краўчанкам. 👍

Прыемнага чытання ды праслухоўвання! 👍👍👍

#падкаст
📙 "Мінск. Архітэктура сталіцы 1917-1956 гг." Фаб'ен Бэла

Французскі прафесар Фаб’ен Бела напісаў захапляльную кнігу пра архітэктуру Мінска 1920—1950-х гадоў, у якой расшыфроўвае задумы архітэктараў. Паводле аўтара Мінск — гэта не толькі і не столькі сталінскі ампір. Карані пасляваеннай архітэктуры Мінска сягаюць і ў Старажытныя Рым ды Грэцыю, і ў Венецыю і Фларэнцыю часоў Рэнесансу, і ў Францыю Людовіка XIV, і ў нямецкае барока...🔥

Плюс кнігі — рэдкія ілюстрацыі. Гэта і архіўныя матэрыялы і аўтарскія фота сучаснага горада з неймаверна цікавых ракурсаў.👍

❗️Кніга выйшла ў 2020 годзе ў Маскве ў перакладзе на рускую мову.

#палічка
📙 Выйшла кніга вершаў Міхала Анемпадыстава

У кнізе сабраная амаль уся паэтычная спадчына творцы, таксама ў зборніку надрукаваныя фотаздымкі яго аўтарства.👍

Выданне падрыхтавана на замове сям’і да 60-годдзя з дня нараджэння М. Анемпадыстава. Наклад — 300 асобнікаў.

Даведка:
Міхал Анемпадыстаў (1964-2018). Паэт, дызайнер, культуролаг, мастацтвазнаўца. Працаваў мастацкім рэдактарам "Бярозкі", стаў аўтарам ідэі стваральнікам бальшыні песень легендарнага "Народнага альбома", пісаў тэксты для айчынных рок-гуртоў, выступаў як мастак і дызанер.

👉Набыць можна па спасылцы

#палічка
Беларусі

Ты дала мне жыццё, удыхнула мне сілу у грудзі;
Мне з табою ніколі ні сумна, ні цяжка не будзе,
Бо жыву я цяпер тваіх дум жыватворчаю сілай,
Што ўліла ты мне ў сэрца…
Ты песні мае разбудзіла,
Чую я на сабе цеплыню тваёй матчынай ласкі,
Мая родная, добрая, сон мой з дзіцячае казкі.
Вось табе маё сэрца, мой розум, і праца, і песня,
Веру, думкі крылатыя новым святлом ты абвесціш.
Жыць хачу я табой, для цябе, наша родная маці,
Дык прымі ж ты мяне ў сваёй светлай, у радаснай хаце!
Поле роднае вокал.
Збіраюцца з выраю птушкі.
Лёг мой шлях да цябе
шаўкавістай, шырокай істужкай.
Тут квітнеюць твае, творчай працай ўзараныя гоні…
Хай знайду я свой лёс у тваім працавітым сягонні.


Канстанцыя Буйло

#раптамверш