Беларуская музыка
2.69K subscribers
79 photos
208 links
Пішу ў гэтым канале пра сваю любімую беларускую музыку

Сувязь - @charnukha
Download Telegram
Дзесяць беларускіх альбомаў 2022. Мой асабісты спіс 🐽

ske.in «Rove». Альбом як сімвал бясконцага падарожжа. Пярэсты і манахромны адначасова, прыгожы і сумны, блізкі і далёкі — вельмі глыбокая і пранізлівая праца Сяргея Краўчанкі, якую кожны мусіць адчуць і зразумець па-свойму. Бо ўсе мы цяпер падарожнікі.

Gregory Neko «Emergent Drama». Сапраўднае адкрыццё асабіста для мяне: эксперыментальны альбом беларускага музыканта з акадэмічнай адукацыяй і цікавым поглядам. Мікс джазу і электронікі, небанальны і шматабяцальны. Калі любіце The comet is coming, паспрабуйце паслухаць гэты альбом.

Света Бень и Галя Чикис «Приём!». Бенька разам з Галей Чыкіс запісала магутны альбом-рэфлексію. Ніколі яе лірыка не была настолькі моцнай і вобразнай. Гэта няўтульнае адчуванне болю і адчаю чалавека, які апынуўся сам-насам з невыразнай і невыноснай рэчаіснасцю і намагаецца жыць у цяперашніх абставінах.

Akute «Напалову тут». На гэтым альбоме хлопцы з Магілева вырашылі вярнуцца да каранёў і класічнага гітарнага саўнду. Калі параўноўваць з мінулымі запісамі Akute, гэта дакладна не крок наперад. Але ў межах сучаснага беларускага року вельмі ўдалы і прыгожы запіс.

Аляксандр Ясінскі «Глыбіні». Баяніст, які быў удзельнікам класных беларускіх калектываў Fratrez і BosaeSonca, выдаў сольны альбом — экспрэсіўны і насычаны: тэхнічная дасканаласць гэтай працы цудоўна спалучаецца з прыгожымі і неўласцівымі для баяна вынаходніцтвамі. Прог-рок, джаз, ворлд мьюзік — цікавы мікс у таленавітым выкананні.

Союз «Сила ветра». Мінскае трыа запісала вельмі цёплы і ўтульны альбом-рэспект лацінаамерыканскай музыцы 70-х. Гэта гучыць вельмі незвычайна для ўсходнееўрапейскай традыцыі, але і вельмі прыгожа. Гурт з велізарным патэнцыялам зрабіў яшчэ адзін крок наперад.

Relikt «Былі, ёсць, будзем». Яшчэ адзін альбом-рэспект, у якім хлопцы з Relikt кажуць дзякуй класікам айчыннай рок-музыкі. Гэта аўдыямузей, заля славы, дзе музыкі выступаць у якасці экскурсаводаў. Вельмі каштоўны запіс для тых, хто хоча быць у тэме і ведаць, з чаго усё пачыналася.

Pukst «double click here». Няўтульны альбом ад Сяргея Пукста, нібы здзек з масавай музыкі і пластыкавага дызайну сэнсаў. Адзінота, сум і нават адчай. Пукст прымушае ўважліва слухаць сябе нават вось так — праз прымітыўныя і недасканалыя сінты і агідныя атанальныя гітары. Замалёўкі вечнага эксперыментатара, маналог таленавітага музыкі — вокладка не мае значэння.

KOOB «Sadder Days». Відэаальбом-эксперымент ад Валерыі Дэле, прысвечаны знакамітай «бабулі мастацтва перфомансу» Марыне Абрамавіч. Тут зміксаваны соўл і электроніка, этна і авангард — гэты альбом даследуе межы вытрымкі і раскрывае Валерыю не толькі як цудоўную спявачку, але як таленавітага перформера.

Super Besse «Tristesse». Гэта зборнік дынамічных, пульсуючых жвавым рытмам драм-машыны трэкаў з нервовым і эмацыйным вакалам Максіма Кульшы. Альбом, у якім зміксаваліся пост-панк, тэхна, краўт і яшчэ шмат чаго, прычым вынік атрымаўся традыцыйна мінімалістычны. Цікава, як можна акумуляваць столькі энэргіі ў сціплы 23-хвілінны хранаметраж.

А якія беларускія альбомы-2022 спадабаліся вам? Пішыце ў каментарах!
Прывітанне, даражэнькія! За наступнага году планую дадаць у гэты канал яшчэ адну опцыю і прапаную вам выбраць найбольш цікавую. Усё, як мы любім, ананімнае галасаванне! Вынікі падвядзем заўтра. А пакуль — стартуем!
Час падвесці вынікі! Я абяцаў дадаць адзін пункт у наступным годзе, але вырашыў бамбануць адразу тры. Цяпер буду паведамляць вам пра новыя цікавыя беларускія рэлізы, рабіць падборкі цікавых замежных альбомаў і час ад часу публікаваць топы вядомых і цікавых беларусаў. А пакуль сыходзім на маленькія калядныя канікулы. Дзякуй вам усім, што чытаеце гэты канал. З надыходзячымі святамі!
Назбіраў для вас шэсць класных рэлізаў, якія выходзілі цягам снежня і студзеня. Столькі крутога матэрыялу, што хопіць вам на ўвесь тыдзень: ёсць мідвэст эма, змрочны пост-панк, імправізацыйная музыка, эксперыментальны гітарны лоў-фай і нават гомельскі блэк метал. Паслухайце!

Name Killer Birchenson «Variablrs». Альбом выйшаў у пачатку снежня, але даведаўся я пра яго толькі цяпер. Які ж тут класны матэрыял! Хлопцы міксуюць мідвэст эма, мат рок і панк і робяць гэта па-беларуску. Гучыць усё вельмі цікава і разняволена: якасна, разнастайна, з гумарам. Вельмі раю звярнуць увагу на калектыў са смешнай назвай Name Killer Birchenson!

Sož «Apošnija Tancory». Гомельскія хлопцы з досведам і імпэтам запісалі міні-альбом змрочнага і манатоннага пост-панку з экзістэнцыяльнай лірыкай. Ён вельмі тэкстацэнтрычны і пульсуе класнымі метафарамі і гатовымі цытатамі для вашых сацсетак. Не самы ласкавы саўнд і не самыя ўтульныя вобразы, але і часы такія, што тут скажаш.

Fantastic Swimmers «Onin». Адзін з самых актыўных предстаўнікоў беларускай імправізацыйнай сцэны Віктар Сямашка выдаў разам з паплечнікамі альбом пад шыльдай Fantastic Swimmers. Слухаць тое, як тут усё працуе разам — суцэльны кайф: музыкі сапрўды знаходзяцца на нейкім фантастычным узроўні разумення адзін аднаго.

Imšar «Klič minulych časoū». Яшчэ адзін рэліз з Гомеля: на гэты раз суворы one man project эпічны блэк метал. Даволі стандартны, але класны сыры матэрыял з адчувальным фальклорным уплывам. Такія трэкі мы слухалі яшчэ на касетах Hard Life Heavy Music, таму неяк асабліва ўтульна слухаць цяпер гэты альбом. Бонусам класны кавер на кананічную «Слуцкую Браму».

Applepicker «Haunted Tapes». У самым пачатку года ўдзельнік гурта «Союз» Мікіта Арлоў выдаў класны альбом яшчэ аднаго свайго праекта Applepicker. Гэта прыгожая гітарная імправізацыя, запакаваная ў касетны лоў-фай. Бонусам 12-хвілінная кампазіцыя, запісаная падчас выступу Мікіты.

фарфоровые коты «Принятие». Сінтэтычны пост-панк ад звышактыўнага беларускага гурта «фарфоровые коты». Гэта расейскамоўны сайд-праект удзельніка Nürnberg Юрыя Лугаўцова. Даволі прымітыўны па музычным складніку матэрыял, больш падобны да серыі замалёвак. Але гучыць вельмі атмасферна.
Пяць любімых беларускіх альбомаў культмэнэджэра і дыджэя Аляксандра Багданава

«Усё, што я абраў — гэта максімальна невідавочныя, недаацэненыя працы музыкаў, якім, магчыма, не пашанцавала тварыць у Беларусі. Лічу, што калі б гэтыя працы выйшлі ў краінах з развітай музычнай індустрыяй, у іх былі б усе шанцы на поспех і прызнанне. Давайце хаця б не дапусцім забыцця родных і важных шэдэўраў»

Мох «Pt.» Насамрэч, адзін са мноства атожылкаў бязмежнай, дзіўнай псіхадэлічнай грыбніцы Антона Крывулі пад назвай «Солнцецветы». Цяжка вызначыць разнастайнасць стыляў, спасылак, перадумоў і саўндаў, калейдаскоп складаў і перыядаў. І ўсё гэта Творчасць — як свой мікрасусвет з канонамі і вечнай эвалюцыяй, якую не спыніць і не пакратаць.

Анонимка «Дискомфортно». Альбом супер-хітоў ад недаацэненага майстра бэнгераў Ліберзона і яго тагачаснай жонкі (па сумяшчальніцтве сястры Іллі Чарапко) на вакале. Наймагутнейшы дзіцячы панк-рок, дзе кожны трэк — вушны чарвяк.

Сергей Пукст «Jazz». Геній пераўвасабленняў, наш Майк Патан, майстар жанглявання стылямі і неверагодны маэстра на ўсе рукі. Сяргей Пукст у альбоме Jazz агаляе тонкія матэрыі свайго бязмежнага таленту.

.К «УніСон». Жэня — яскравы прыклад бескампраміснага гарадзенскага андэграўнду, харызматычны аўтэнтычны артыст, які запісаў альбом, перанасычаны сэнсамі, спасылкамі і аммажамі, які ўводзіць у стан псіхадэлічнага трыпу.

ДахаБраха & Port Mone «Хмелева project». Port Mone заўсёды былі асаблівым, унікальным беларускім-небеларускім гуртом, які стварае і жыве ў сваім мікракосмасе. Але менавіта сумесны альбом з украінскім супер-гуртом ДахаБраха паказаў, што музыкі не толькі могуць існаваць і развівацца аўтаномна ад любых сусветных традыцый, але і ўплятаць залатыя ніткі свайго ўнікальнага бачання і метаду стварэння музыкі ў пазачасавы культурны кантэкст.
🔥Можаце рабіць скрыншот: па выніках 2023 году гэты альбом трапіць ва ўсе беларускія топы найлепшых рэлізаў (калі такія топы яшчэ ўвогуле будуць існаваць).

Vostraŭ skarhaŭ нібыта наўмысна выйшаў сёння, 12 студзеня, ці не ў самы непрыдатны для рэлізаў час. Але гэта настолькі моцная і дасканалая праца, што вы проста абавязаны яе паслухаць. Яна вельмі беларуская і небеларуская адначасова, таму што мацнейшы тэкставы складнік са шматлікімі спасылкамі (ад таварыша маёра да Бахарэвіча) спалучаецца з сусветнымі музычнымі рэферэнсамі (ад Can да Television).

Музыкі запісалі злы і тэхнічны, вынаходлівы і наўпроставы адначасова альбом, у якім ёсць увесь спектр эмоцый: ад тугі і адчаю да іроніі і сарказму. Слухаць яго — гэта суцэльнае задавальненне, бо Syndrom Samazvanca не гуляюцца са здабыткамі сусветнай музыкі, а ствараюць уласны пазл з арт-року, псіхадэлікі і краўта, аздоблены харызматычнымі і трапнымі тэкстамі Уладзя Лянкевіча.

Vostraŭ skarhaŭ — альбом, які хочацца патрымаць на рэпіце: ўважліва ўслухацца ў дэталі, рассмакаваць, а потым крутануць яшчэ раз. Вельмі таленавітая праца пра «існаванне і выжыванне ў сучасным постсавецкім горадзе».

https://syndromsamazvanca.bandcamp.com/album/vostra-skarha
Пяць любімых беларускіх альбомаў ад журналіста і аўтара YouTube-канала «жизнь-малина» Мікіты Мелказёрава


NRM «Dom kultury». Падгон майго больш свядомага аднакласніка прыблізна пасярэдзіне тэрміна нашага навучання. Я яшчэ здзівіўся, што беларускае можа быць такім якасным. Любімы твор з гэтага альбому — «Лёгкія-лёгкія». У мяне ёсць звычка круціць адзін трэк па тысячы разоў. Напэўна, з гэтай кранальнай песні яна і распачалася.

ТТ-34 «Грубый помол». Цалкам мая музыка. Громка, шчыльна, агрэсіўна. Да гэтага часу люблю пераслухоўваць асноўныя баевікі — «Джэк» і «Бум». Другі люблю больш. Памятаю, як бегаў па бацькоўскай кватэры і пужаў котку сваім выканання гэтага твору. Доўга не ведаў, што хлопцы — гомельскія. У іх была вялікая паўза паміж альбомамі. Але я дачакаўся «Падая И Задыхаясь Добиваешься Единой Цели» і паслухаў з задавальненнем.

Нестандартный вариант «Не Как Все…» Не пераслухваю трэкаў, вельмі рэдка ўзгадваю хлопцаў, але іх рэп — гэта штосьці важнае для мяне. Як успаміны пра нейкія першыя эмоцыі. Думаю, такога наіўнага пачуцця ад адкрыцця новай музыкі ў мяне ўжо ніколі не здарыцца. Плюс я слухаў хлопцаў з Барысава яшчэ на касетах. Спадзяюся, калі-небудзь здыму дакументалку пра іх.

Петля Пристрастия «Фобос». Неспадзяванка ад парталу Ultra-Music. Не памятаю падрабязнасцей, але на сайце была рубрыка, у якой людзі зусім міма беларускай музыкі знаёмяцца з ёй. Мне далі паслухаць «Петлю». Атрымаўся стоадсоткавыы мэтч. Ну, і так — я зноў не паверыў, што нашыя музыкі могуць так якасна. Раней хлопцы ўспрымаліся для мяне музыкай вясновага авітамінозу ці восеньскай хандры. Цяпер слухаю іх увесь год. Мо, дарос.

РСП «Ашчушчэнія». Вынік маёй працы ў праекце «жыццё-маліна». Раней ведаў гурт толькі па назве. Адзначаў, што прышпільна, але далей не лез. Пасля былі беларускія пратэсты, сінгл «Ашчушчэнія» і альбом з той жа назвай. Цяпер хажу амаль на кожны выступ хлопцаў, а песенку «Культавы» лічу лепшай пра мужчынскі сум.
Нядаўна ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла вельмі важная і цікавая кніга «От Паниковки до Шайбы: гайд по тусовочному Минску девяностых». І я б вельмі хацеў расказаць пра яе падрабязна.

Укладальнікі гэтай кнігі Павел Валатовіч і Аляксей Кавалёў праз маналогі герояў малююць перад намі карціну Менску, які быў жывым горадам са сваім легендаруюмам: амаль фантастычнымі персанажамі і лакацыямі, якія параслі чуткамі і былі тусовачнымі цэнтрамі для ўсіх тых, хто тады жыў і працаваў у беларускай сталіцы.

Часам гэтая кніга нагадвае «Please kill me» (цяпер смешна, але я падарыў гэтую кнігу Максу Каржу на 30-годдзе), але, натуральна, з беларускім каларытам. Фактычна, гэта зборнік легенд. З іх і складаецца гісторыя кожнага жывога горада, у якім гаспадар не мент з дубінай, а сапраўдны чалавек — моцны і слабы. Ты чытаеш гэтыя байкі, глядзіш на гэтыя фотаздамкі і разумееш, што вось так і адбываецца сапраўднае жыццё: так людзі святкуюць маладосць, так яны атрымліваюць досвед, так яны пачынаюць разумець дабро і зло.

Часам падаецца, што героі гэтай кнігі не вельмі хочуць дзяліцца сваімі гісторыямі. Маўляў, шмат чаго было, але гэта не для друку. Такая пазіцыя здзіўляе, таму што легенда пачынае жыць, калі яе ведаюць і пераказваюць адзін аднаму. Гэта і фарміруе наш, беларускі, кантэкст, у якім ёсць свае героі, якіх абмяркоўваць нашмат цікавей, чым расейскіх акцёраў трэцяга гатунку.

«От Паниковки до Шайбы: гайд по тусовочному Минску девяностых» — гэта не ідэальная праца: у ёй шмат прабелаў, недасканаласцяў і хібаў. Але яна і вельмі важная, бо ў ёй ёсць душа Менску, якога больш няма. І гэта найлепшае падцверджанне таго, што ён калісьці існаваў. Я шчыра раю прачытаць вам гэтую кнігу: дзякуючы ёй, вы зможаце ўзгадаць пра тыя часы, ці ўвогуле даведацца пра іх.

https://allegro.pl/oferta/ot-panikovki-do-sajby-gajd-po-tusovocnomu-minsku-13031998621
Рубрыка «Свежыя рэлізы»🔥

John Cale «Mercy» Аўтарытэтны і заслужаны чалавек сабраў фантастычны сэт ап для свайго новага альбома і зрабіў сапраўдны гукавы цуд у змрочных дэкарацыях. На фітах Weyes Blood, Fat White Family і Animal Collective, а яшчэ ёсць песня-прысвячэнне Ніко.

The Murder Capital «Gigi’s Recovery». Другі паўнафарматны альбом ад ірландскага гурта, які гучыць так, нібыта Fontaines DC спрабуюць граць In Rainbows. Гучыць даволі цікава і атмасферна: манерны вакал, цікавыя гітарныя партыі, шмат атанальных і нестандартных момантаў.

Katatonia «Sky void of stars». Пра гурт Katatonia вам трэба ведаць тры словы: Brave Murder Day. Але ёсць і фанаты цяперашняга перыяду гурта — вось для іх сёння свята, выйшаў новы альбом. На мой густ, у ім надта прылізаны гук (пра яго нават вокладка сведчыць), але ёсць неблагія кампазіцыі.

Ladytron «Time’s arrow». З брытанскім гуртом вось такая гісторыя: з аднаго боку, ён і блізка не паўтарыў поспех культавых альбомаў Witching hour і Velocifero, а з іншага — ніхто не перашкаджае музыкам займацца пашырэннем сваёй дыскаграфіі. Усё тыя ж прыёмы, усё той жа рытмічны малюнак. Калі ніколі не чулі пра Ladytron, то можаце смела пачынаць і з гэтага альбома.

Låpsley «Cautionary tales of youth». Прыемны фонавы альбом з мінімалістычнымі аранжыроўкамі і класнымі вакальнымі партыямі. Запіс раскрываецца бліжэй да другой часткі, то бок дачакайцеся абавязкова.

Måneskin «Rush!» Абсалютна неабавязковы альбом ад італьянскіх суперзорак, у які напхалі ажно сямнаццаць аднастайных кампазіцый. З прыемных сюрпрызаў — фіт з Томам Марэла, які рубае кароткае сола на трэку «Gossip». Карацей, усё даволі прадказальна: гурт выціскае маркетынгавы максімум са сваёй папулярнасці.

Imperium Dekadenz «Into Sorrow Evermore». Круты нямецкі блэк метал з магутным гукам і гучным вакалам нібыта з сутарэнняў. Выклікае вельмі цёплыя адчуванні, нібыта ты вярнуўся на 20 год назад і слухае нешта вельмі класічнае, таму што Imperium Dekadenz падобныя на ўсё адразу, але гэта і няблага.
Пяць любімых беларускіх альбомаў ад удзельніка NaviBand і аўтара YouTube-канала «Лонгплей» Аляксандра Табольскага


Sang Sattawood «Tree». Напэўна, мой самы любімы беларускі альбом. Запісаны ў не вельмі прыдатных умовах, дзякуючы таленту ўдзельнікаў і асабліва Жэні Сухавея, ён вельмі моцна пагружае ў гаражную атмасферу.
Можна, канешне, уключыць душнілу і нагадаць асацыяцыі з The Dead Weather ды Ланай Дэль Рэй, але лепш проста слухаць ад пачатку да канца і атрымліваць асалоду.

Ляпис Трубецкой «Manifest». Калі рабіць максімальна аб’ектыўны рэйтынг, у складзе топ-10 лепшых альбомаў у гісторыі Беларусі больш за палову будзе ад Ляпісаў. У сваім рэйтынгу вызначу Manifest, таму што ў мае 18 з майго плэера яго мог выкінуць толькі Death Magnetic. І тое, не надоўга, бо занадта ён быў гучны.

Без Билета «Мечтатели». Музыка, ад якой пахне цёплым і бестурботным свежым паветрам нядаўняга мінулага. Вяртацца ў яго нібы не хочацца, але ад такога паветра ў найблiжэйшай будучыні не адмовіўся б. А яшчэ гэта лепшыя поп-тэксты ў беларускай музыкі.

Крама «Будзь разам з намi». Калi на зямлю падае дождж і абмывае мой твар, мне адразу хочацца ўключыць гэты альбом у фармаце «Greatest Hits». Песні, якія хочацца спяваць, і, што мне асабліва падабалася ў мае 16, гітарныя сола, якія хочацца спяваць.

N.R.M. «Тры Чарапахi». Нават калі б я моцна паспрабаваў пераацаніць ролю гэтай кружэлкі ў сваім жыцці, нічога б не атрымалася. Калі «Калыханка» Верасоў не гледзячы ні на што захавала ў маленькім Сашы беларуса, «Тры чарапахі» зрабілі з юнага Сашы беларуса свядомага.
Простыя ў лепшым сэнсе, але даволі цяжкія гітарныя рыфы, голас Лявона, які дакранаецца да кожнага нерва, дзіўна актуальныя як тады, так і зараз тэксты. Ну і канешне, галоўны песенны гімн у гісторыі Беларусі.

Бонус🔥

Personal Depeche — беларускi трыб’ют-альбом з пачатку нулявых.
Можа і не ўсе працы там хочацца назваць якаснымі, але на той момант мяне гэта вельмі зачапіла і натхніла пазнаёміцца бліжэй з DM. Калі пераслухаў зараз, уразіла версія спявачкі Людмілы - ніколі не ўяўляў, што гэты радыё-гіт з таго часу насамрэч See You дэпешэй. І, дакладна, кавер на Freelove Кругловай у сэрцы назаўсёды.
Якасны беларускі рэп. У маім уяўленні менавіта так ён і мусіць гучаць: дзёрзка, трапна, недасканала, але вельмі харызматычна. Сёння я раскажу вам пра цудоўны альбом «Коска» героя мінскага андэграўнда Зэмана — зборнік бадзёрага олдскульнага хіп-хопу па-беларуску.

Гэта вельмі важны запіс, таму што ў ім ёсць непадробная эмоцыя. Часам Зэман цынік, часам — рамантык. Часам ён наганяе пафасу, а часам — наадварот уключае простага хлопца і распавядае пра звычайнае мінскае жыццё. Мінскага жыцця тут багата: вы пазнаеце месцы, магчыма, нават людзей, пачуеце трапныя выразы і крутыя панчлайны, але ўсё гэта гучыць так, нібыта проста размаўляеце са знаёмым — чалавекам, які выдатна ўмее фармуляваць свае думкі і хоча падзяліцца з вамі сваім досведам.

Уключайце трывожную «Коску», слухайце вясёлую самаіронію «Героі не старэюць», пазнавайце знаёмыя сюжэты ў цынічным «Бары», ці сумуйце пад «Слоту» з надакучлівым сэмплам з «Roads». Гэта складанка зусім розных па настроі і наратыву, але аб’яднаных шчырасцю кампазіцый з цікавымі рыфмамі, пазнавальнымі лакацыямі і сюжэтамі і любоўю да сапраўднага хіп-хопу.

Лічу, што гэта выдатны прыклад рэпа па-беларуску. А вам падабаецца?

https://zemancello.bandcamp.com/album/--3
Учора мы атрымалі чарговую порцыю сумных навін: у Мінску была затрымана спявачка Саша Захарык. Яе вы маглі бачыць у складзе джазавага гурта Apple Tea ці сольна — Саша вельмі актыўная і заўсёды знаходзіць выйсце для сваёй энэргіі. Зараз не буду пісаць пра акалічнасці гэтага затрымання, скажу толькі, што музыкі не злачынцы. Злачынцы — тыя, хто напляваў на закон.

Пакажу вам цікавы і шчыры тытульны праект Сашы Захарык, у якім яна раскрываецца ў новай для сябе ролі: у якасці самастойнага артыста з аўтарскім рэпертуарам. І шкада, што яна не зрабіла гэтага раней! З дапамогай Яраслава Тамілы яна запісала сапраўдны поп-хіт, які гучыць свежа, актуальна і цікава. Модны рэтрасаўнд, запамінальная вакальная партыя — трэк у выніку трапіў на лэйбл Дорна Masterskaya і атрымаў там шмат кампліментаў.

Адзінае, што не спадабалася мне — тое, як гучыць у трэку Сашын вакал. Яна абрала для праекта нязвыклую для сябе манеру спяваць і адчуваецца, што Захарык яшчэ толькі намацвае сябе ў новай ролі. Але ўсё адно: у Zaharik вялікі патэнцыял і я вам шчыра раю паслухаць песню «Тайна» і паглядзець кліп на яе. Ну а Сашы жадаю як магу хутчэй трапіць на волю. Паўтаруся: музыкі не злачынцы, злачынцы — тыя, хто напляваў на закон.

https://www.youtube.com/watch?v=Yo_jedFDqvc
Сёння выйшыў міні-альбом аднаго з самых папулярных беларускіх гуртоў Nürnberg, які атрымаў вялікую аўдыторую за межамі краіны на хвалі папулярнасці колдвэйву і сінтэтычнага пост-панку. Гэта ўвогуле вельмі цікавы феномен, які заслугоўвае асобнага даследвання, але цяпер пра іншае.

Nürnberg граюць дастаткова просты пост-панк па-беларуску: усе складнікі гэтага рэцэпту на паверхні — пульсуючая рытм-секцыя, рэтра-сінты, змрочны і манатонны вакал. Але ў хлопцаў атрымліваецца пры гэтым пісаць яркія мелодыі, і гэта вылучае гурт з шэрагу шматлікіх аналагаў.

Новы міні-альбом «Ahida» — гэта зборнік харакітэрных кампазіцый, сярод якіх я б вылучыў хітовы «Himn»: просты клавішны сэмпл, пругкі сінтэтычны бас, гучны экспрэсіўны вакал і запамінальны рэфрэн «Будзь адзін, калі хочаш быць маладым!» Уяўляю, як гэтая кампазіцыя ўзбуджае танцпляц!

«Ahida» — гэта простая і зразумелая музыка, якая, тым не менш, выдатна працуе: ёсць нешта вельмі прывабнае ў саўндзе з васьмідзесятых. А вам падабаецца такое гучанне?

https://nurnbergminsk.bandcamp.com/album/ahida
Гэта вельмі трагічная гісторыя. Гурт Litvintroll працяглы час працаваў над гэтым запісам і ў выніку выдаў круцейшы метал-альбом: харызматычны, разнастайны, каларытны. Але, на жаль, адзін з удзельнікаў гурта не дачакаўся яго выхаду — у кастрычніку 2012 года бас-гітарыст Litvintroll памёр на сцэне ў Гомелі на фестывалі «Mass Medium 2012». У выніку «Чорную панну» прысвяцілі памерламу ўдзельніку гурта.

Сам альбом атрымаўся вельмі меладычным і розным па настроі. Тут ёсць вясёлая «Да сябра» і эпічная народная «Ліпка», блэк сабатаўская па настроі «Чорная панна» і прыгожы інструментал Ad Astra — якасна запісаны матэрыял на любы густ. Гэта свайго роду Беларусь у фантастычных апавяданнях, зборнік страшылак, ад якіх не страшна, але якія данесеныя да слухача з каларытам.

На жаль, пасля гэтага альбома паміж музыкамі гурта здарыўся канфлікт праз юрыдычныя нюансы. Вось тут пра яго можна пачытаць падрабязна. Фактычна, Litvintroll раскалоўся на две часткі, а потым і ўвогуле перастаў існаваць. Але ў спадчыну пакінуў нам выдатную «Чорную панну», якую і сёння можна пераслухаць з задавальненнем.

https://litvintroll.bandcamp.com/album/czornaja-panna
Гомельскі андэграўнд працягвае жыць: у канцы студзеня выйшаў цікавы альбом праекта «Чёрточка», пра які да гэтага я нічога не чуў. Нервовы, сыры пост-панк з меладэкламацыямі, якія часам зрываюцца ў крык, чыстую эмоцыю. Гучыць так, нібыта вакалістка гурта Наста Шакунова вядзе нейкі балючы ўнутраны маналог, аздоблены магутнай рытм-секцыяй.

Мінімалізм гэтага запісу стварае неабходную атмасферу: нічога лішняга — толькі атмасферныя тэксты і калючы, неўтульны саўнд, каб падкрэсліць іх настрой. Тут паўстаюць цені змрочнага горада, балючыя інтравертныя маналогі, метафізічная лірыка — усё разам працуе выдатна.

Што мне не спадабался ў гэтым альбоме, дык гэта няякасная вокладка. Адзінае, што можа адштурхнуць слухача. У астатнім — вельмі круты матэрыял! А ці спадабалася вам?

https://chertochka.bandcamp.com/album/-
З усёй беларускай калягранжавай тусоўкі гурт «Мутнаевока» вылучаўся дзякуючы ўменню ствараць яскравыя мелодыі і рабіць са сваіх выступаў сапраўднае шоў. Усё разам працавала выдатна, і вакол калектыву згуртавалася багатая фанацкая суполка. У краіне з больш-менш развітым музычным бізнэсам гэта магло б даць уцямны вынік, але ў Беларусі такія гурты нараджаюцца і паміраюць, у лепшым выпадку паспяваючы пусціць хвалю ў мутнай вадзе. На жаль.

Сёння я прапаную вам паслухаць альбом «Дзень Незалежнасці» — галоўны запіс гурта, які з’явіўся ў 2014 годзе і мусіў стаць вялікім крокам наперад, але ў выніку зрабіўся пікавым у кар’еры калектыву (альбом «Метро», які выйшаў праз чатыры гады, падаецца неабавязковым і вымучаным). «Дзень Незалежнасці» — гэта складанка лаканічных, але пры гэтым вельмі разнастайных і харызматычных рок-песен. У іх ёсць нармальнае ракенрольнае нахабства, патрэбная дынаміка, выдатная мелодыка — не хапае хіба толькі добрай працы з гукам.

Так, «Дзень незалежнасці» гучыць так, нібы запісаны падчасм рэпетыцыі гурта — у гэтым ёсць свойасаблівы кайф «жывога» запісу, але ёсць і свае хібы: менавіта тут «Мутнаевока» дэманструе свой камерцыйны патэнцыял і размаўляе з максімальна шырокай аўдыторыяй, а для такой камунікацыі запіс занадта брудны. З іншага боку, фанаты гурта гэтага, верагодна, не заўважылі.

https://www.youtube.com/playlist?list=OLAK5uy_kVAy5QsmH6MDxTopvf37UEKW-Gnj4SB4E
У гэтую пятніцу на італьянскім лэйбле Avantgarde Music адбудзецца афіцыйны рэліз альбома The Tread Of Darkness беларускага гурта Ciemra. Але паслухаць яго цалкам на Bandcamp можна ўжо цяпер. Як вы, напэўна, здагадаліся, музыкі граюць блэк метал. І робяць гэта вельмі кананічна!

У Беларусі заўсёды існавала вельмі моцная блэк метал сцэна: тут можна знайсці і вельмі традыцыйныя гурты, і давалі цікавыя эксперыменты (я абавязкова зраблю свой асабісты топ). Ciemra балансуе: агрэсія і меладычнасць, шчыльнае і якаснае гучанне і сырасць нібы са скляпенняў. The Tread Of Darkness — гэта матэрыял сусветнага ўзроўню ў межах артадаксальнага жанра.

Альбом вельмі разнастайны: тут ёсць і атанальныя рыфы, і меладычныя гітарныя сола, і выдатная рытм-секцыя, якая не абмяжоўваецца аднымі бластбітамі — можна сказаць, што над гэтым матэрыялам працавалі класныя кампазітары і аранжыроўшчыкі.

Ну і пра канцэптуальнасць. Проста пачытайце кароткія біяграфічныя звесткі пра гурт: Ciemra, Belarusian for “Darkness”, is a Black Metal band from Minsk which came to life in 2019, when five essences emerged from the Abyss to the veils of night on the eve of the end times, in order to reap the living, to satisfy the hunger of Darkness and to nourish the wombs of the Dark Gods.

Ну і каб праілюстраваць гэтую вытрымку з апакаліптычнага фэнтазі, пакажу вам яшчэ і кліп да сінгла Serpent’s. Вельмі якасная праца, натхнённая лепшымі запісамі Mgła і іншых сучасных зорак чорнага метала.

https://avantgardemusic.bandcamp.com/album/the-tread-of-darkness
Сёння раскажу вам пра выдатны гарадзенскі гурт «Папараць». Акустычны квартэт робіць чароўную музыку — з вельмі лёгкімі, але дасканалымі аранжыроўкамі, цікавымі меладычнымі рашэннямі і празрыстым акустычным гучаннем.

У гурта ёсць два альбомы: беларускамоўная «Вуціца», якая часам нагадвае «Троіцу», але зроблена крыху па іншых канонах і правілах, і расейскамоўная «Глубина» на вершы вядомых паэтаў. Мне спадабаліся і першы, і другі.

«Вуціца» — пра выдатную працу з аўтэнтычным матэрыялам. Лаканічны, пяшчотны запіс, на якім музыкі дэманструюць сваё ўменне апрацоўваць і далікатна ўпрыгожваць народныя песні. Гэта матэрыял спеты з такой любоўю і павагай да першакрыніцы, што часам прабівае на слязу ад эмоцыі.

«Глубина» — праца больш цікавая і дасканалая, таму што тут музыканты працуюць з уласным музычным матэрыялам і робяць гэта вельмі таленавіта. Празрыстае гучанне, у якім можна пачуць і адчуць шмат нюансаў, класныя і небанальныя для абранага жанра мелодыі — тут усё на сваіх месцах і проста лечыць душу сваёй прыгажосцю.

Гэтыя запісы сапраўды пра тэрапію. Спакойныя і ў той жа час вельмі эмацыйныя песні, у якіх адчуваецца надзвычайнае ўменне музыкаў густоўна перадаць свае пачуцці праз музыку. Абавязкова паслухайце!
Сёння раскажу вам пра адзіны альбом вельмі цікавага гурта Wasp’n’Hornet. Ён выйшаў у 2012 годзе і амаль адразу пасля гэтага спыніў сваё існаванне. Абсалютна культавы падыход. Ад гурта нам застаўся тузін песен дэбютніка і некалькі максімальна суворых кліпаў, з якіх пры жаданні можна зманітаваць неблагі фільм катэгорыі Б.

Падыход Wasp’n’Hornet лёгка патлумачыць канцэпцыяй. Па словах музыкаў, увесь гвалт і трэш кліпаў з’яўляецца ўвасабленнем гуманістычнай канцэпцыі, якой яны ідуць. То бок, гэта выцясненне негатыву ў віртуальную прастору. Пры гэтым музыку гурта нельга назваць цалкам агрэсіўнай: гэта пабудаваны на рытм-секцыі трып-хоп з багатымі аранжыроўкамі і мінімалістычным пры гэтым гучаннем.

Альбом Wasp’n’Hornet вельмі брытанскі па сваё сутнасці і больш за ўсё нагадвае першыя працы Kasabian, і ідэнтыфікаваць у гэтай музыцы беларускі гурт можна хіба дзякуючы усходнееўрапейскаму акцэнту, які надае гучанню свойасаблівае адценне.

Але гэта нюансы: дэбютны і адзіны ў дыскаграфіі альбом Wasp’n’Hornet гучыць вельмі ўпэўнена і нахабна, яскрава і аўтэнтычна — ён класна прапрацаваны і зміксаваны. Шкада, што гурт на гэтым паставіў кропку: з часам, Wasp’n’Hornet маглі б стаць сапраўднай з’явай.

https://soundcloud.com/34magnet/sets/waspnhornet-waspnhornet