Беларуская музыка
2.59K subscribers
56 photos
186 links
Пішу ў гэтым канале пра сваю любімую беларускую музыку

Сувязь - @charnukha
Download Telegram
Гэта была сапраўдная неспадзяванка: я трапіў на гэты альбом на Bandcamp абсалютна выпадкова і нічога не ведаў пра яго стваральніка. Як жа быў здзіўлены, калі паслухаў матэрыял!

Пачну здалёк. Нядаўна я быў на канцэрце выдатнага лонданскага гурта The comet is coming на чале з адным з самых яскравых сучасных джазавых музыкаў Шабакай Хатчынгсам. Гурт смела міксуе электроніку і джаз — часам гэта модны рэйв, часам — псіхадэлічнае падарожжа, часам — шалёная імправізацыя.

Музыка Рыгора Харанекі, які запісаў альбом Emergent Drama пад псеўданімам Gregory Neko, блізкая да «каметы» па характары і падыходзе, але, канешне, адрозніваецца па настроі і стылістычных кірунках. Рыгор больш працуе з агрэсіўнай электронікай — ад тэхна да драм-н-бэйса — і кідае ў гэтае варыва дзёрзкі саксафон.

Кампазіцыя пачынаецца з, быццам, даволі простай і месцамі атанальнай партыі, а потым разганяецца, атрымлівае патрэбную афарбоўку і гучыць як смелы і ўдалы эксперымент. Матэрыял, магчыма, месцамі сыраваты, але ў межах абраная стылістыкі і творчага падыходу гэта ўжо і не так важна. Галоўнае, што ў Рыгора атрымалася стварыць сапраўды нешта цікавае. Тут ёсць непадробная эмоцыя, драйв, энэргія і густоўнасць. Усё разам гучыць вельмі натуральна і цікава!

Дарэчы, яшчэ да выхаду гэтага альбома Харанека выдаў яшчэ адзін трэк з Валерыяй Валадзько — «Пахне чабор». Ён таксама класны, але з лацінкай трэба было б папрацаваць.

https://grinchneko.bandcamp.com/album/emergent-drama
Сёння ў нашай хаце свята для аматараў якаснага «мяса». Хачу вам распавесці пра ветэранаў беларускай грайнкор-сцэны выдатны гурт Exegutor, які на пачатку гэтага года выдаў альбом Biez Dna.

Я шмат разоў казаў пра тое, што ў Беларусі вельмі мала па-сапраўднаму злой музыкі прамога ўздзеяння. Я не ведаю, чаму, Магчыма, гэтая злосць сядзіць недзе вельмі глыбока і праяўляецца толькі ў побытавых момантах. Магчыма, мы з вамі ўвогуле эмацыйныя калекі і не можам закумуляваць патрэбны найтрой. Але вось тут перад намі цудоўны прыклад, як гэта можа быць.

Biez Dna — гэта класічны падыход: экстрэмальна кароткія трэкі з вялікай колькасцю чорнага гумару і сапраўднымі хукамі, тлусты гук і шмат той самай злосці. Мой фаварыт на альбоме — цудоўная кампазіцыя «Chto macnej» пра тое, як людзі б’юць касманаўта, але «Юра Гагарин, ты ни при чем, ты не лупил дубинками женщин».

Такіх прыемных момантаў у альбоме шмат: за 20 хвілін ты атрымліваеш добрую порцыю адрэналіну, таму з гэтым альбомам у вушах можна смела ісці ў сілоўню ці ўключаць яго пасля прачытання навін з Беларусі — гарантавана адпусціць.

Карацей, вельмі раю лячыць душэўныя раны гэтым запісам. А бонусам можаце паслухаць круцейшы трэк пра беларускага супергероя Латругу, дзе на фіце засвяціўся сам маэстра Памідораў. Гучыць так тлуста і якасна, што хочацца бясконца ганяць гэты баевічок на рэпіце!

https://exegutor.bandcamp.com/album/biez-dna
Нядаўна я пісаў пра выдатны гурт Tonqixod і яго дэбютны альбом Pradmova, а сёння хачу распавесці вам пра яго музычных аднадумцаў — Teleport. Хлопцы выдалі ўсяго толькі два паўнавартасныя альбомы, але якія гэта альбомы!

Сёння распавяду вам пра другі лонгплэй Teleport пад назвай Padvojnasć — выдатны мікс прог-рока і псіхадэліі, дзе часам можна пачуць King Crimson, а часам Pink Floyd, але па-беларуску і з асабістым тварам. Гэта не проста гульня ў майстравіты кавер-бэнд пад сваёй шыльдай, гэта сапраўды аўтарская музыка з цікавымі музычнымі прыёмамі, класнымі мелодыямі і шыкоўным гучаннем.

Паслухайце першы ж трэк Niaūtolnasć — у якую цікавую гульню паміж сабою гуляюць гітара і бас, як развіваецца кампазіцыя і як выдатна яна пабудаваная. А потым ідзіце далей па трэк-лісту — там будзе выдатная лірыка і шыкоўныя псіхадэлічныя нумары: музыкі вынайшлі на гэтым альбоме амаль ідэальную камбінацыю гучання, настрою і падыходу да аранжавання. Амаль, таму што лішнімі тут падаюцца англамоўныя нумары ў самым канцы альбома.

Padvojnasć выйшла у лютым 2020 года і гэта быў адзін з лепшым альбомаў шалёнага ва ўсіх сэнсах перыяду — яшчэ дакавідны і дапратэстны, ён вяртае нас у тыя часы, калі можна было проста кайфаваць і займацца музыкай без ціску з усіх бакоў. Паслухайце яго абавязкова, магчыма, ён зможа вам падарыць гэтае адчуванне.

https://teleportband.bandcamp.com/album/padvojnas
Мой сябра і паплечнік Вячаслаў Радзівонаў, стваральнік выдатнага сайта Ultra-Music, завёў свой тэлеграм-канал, у якім будзе пісаць пра цікавую польскую музыку. Вельмі раю падпісацца, там будзе шмат цікавага! https://t.me/posluchaj
Вайцюшкевіч — вельмі розны. У адну хвіліну ён прымушае цябе ўсміхнуцца, а ў наступную ты ўжо сумуеш разам з ім. Ён выклікае эмоцыі і таму яго немагчыма не любіць. Пры гэтам Тодар шыкоўна працуе з вершамі выбітных беларускіх і не толькі паэтаў. Дзякуючы яму, гэтыя творы атрымліваюць дадатковую афарбоўку, пачынаюць жыць зусім іншым жыццём і радуюць слухача.

Сёння я хачу расказаць пра адзін з мацнейшых альбомаў у багатай дыскаграфіі Вайцюшкевіча — «Ваячак». Гэта альбом, створаны на вершы польскага паэта Рафала Ваячака, які пражыў вельмі кароткае, але насычанае жыццё.

Паслухайце, як на гэтым запісе Вайцюшкевіч працуе з тэкставым матэрыялам, як ён расстаўляе акцэнт і як эмацыйна рэагуе на вершаваныя радкі. Якія сакавітыя і дакладныя аранжыроўкі зрабілі для гэтага запісу музыкі WZ-Orkiestra і як шыкоўна яны ўпрыгожваюць тую магію, якую стварае Тодар.

У дыскаграфіі Вайцюшкевіча ёсць шмат прыгожых і прынізлівых альбомаў, кожны з іх —адкрыцьцё. Але «Ваячак» — гэта проста фантастычнага ўзроўню запіс ад чалавека, які вельмі тонка адчувае творчасць, які можа сваім голасам так дакладна перадаць эмоцыю, што слезы праступаюць на вачах.

http://www.experty.by/content/zm-tser-vaitsyushkev-ch-wz-orkiestra-vayachak-dye
Рома Англічанін — адзін з самых яскравых і таленавітых беларускіх музыкаў. Цяпер ужо цалкам відавочка, што менавіта ён фармуляваў гучанне і настрой гурта ЛСП: змрочны, дэпрэсіўны, але такі прывабны. Гэта чалавек, які мог зрабіць не проста фабрычны паўфабрыкат-мінус, а паўнавартасную кампазіцыю — падкрэсліць яе настрой, аздобіць цікавымі фішачкамі, каб яно ўсё ў выніку гучала, не гледзячы на стылістычныя межы.

Менавіта таму ЛСП з Ромам слухаць цікава, а без яго — не.

Але сёння я прапаную паслухаць іншы праект з удзелам Англічаніна — John Doe. Гэта адзін з тых гуртоў, які меў неверагодны патэнцыял, але, на жаль, так застаўся ў памяці нешматлікіх фанатаў, дзякуючы аднаму міні-альбому. Гэты запіс называецца «Процесс» — мікс рэчытатыву і гучных гітарных рыфаў, жорсткіх тэкстаў і класных мелодый.

У гэтай музыцы адразу можна пазнаць Англічаніна. Яго фірмовы почырк, яго меланхолію. Але тут ёсць і іншыя музыкі — напрыклад, Дзяніс Астапаў, які пасля створыць з тым жа Ромам праект «Грязь». Агулам гэта гучыць настолькі пранізліва, быццам ты сам пераносішся ў Магілёў 2014 года і глядзіш на гэты горад вачыма John Doe. Усяго толькі шэсць кампазіцый, але якія!

https://soundcloud.com/34magnet/sets/john-doe-protsess
Хлопцы з The Toobes з’явіліся ў беларускай музыцы нечакана і адразу нарабілі шмат шуму. Абмяркоўвалі іх музыку, нібыта яны запісалі яе ў гаражы ў 70-х. Абмяркоўвалі іх знешні выгляд, бо такіх моднікаў ў беларускім року таго часу было не шмат. Часам здараліся і моўныя скандалы. Карацей, увесь час з’яўляліся нагоды абмеркаваць трыа.

Дэбютнік Hello быў недасканалым і сырым, але нават пры гэтым цудоўна дэманстраваў узровень валодання матэрыялам і першакрыніцамі і закладваў вялікі патэнцыял для далейшага развіцця гурта. Хлопцы гралі классную і вельмі заходнюю гітарную музыку і намагаліся існаваць у Беларусі так, нібыта тут ёсць паўнавартасны шоў-бізнэс і адпаведныя ліфты.

Музыка гурта - гэта мікс з класічнага хард-року і блюзу, аздобленая нервовым і надрыўным вакалам. Гэта было сапраўднае шоў для беларускай публікі, бо нарэшце мы атрымалі ўсе складнікі якаснага рок-гурта: класна апранутыя хлопцы з моднымі фрызурамі на выйшэйшым узроўні валодаюць інструментамі і паводзяць сябе на сцэне так, быццам яны ўжо сапраўдныя зоркі. Драйв, энэргія, стыль!

Чаго заўсёды не хапала The Toobes дык гэта здольнасці ствараць мелодыі: часам іх матэрыял пераўтвараўся ў адзін зацягнуты джэм — пасіянарная публіка не асабліва звяртала на гэта ўвагу, але для нейкага сапраўднага прарыву яе было недастаткова. The Toobes запісалі тры альбомы, зрабілі спробу заваяваць Польшу і ў выніку перасталі існаваць. Прапаную сёння ўзгадаць той самы альбом Hello з хітамі Madonna і What do you want.

http://www.experty.by/content/toobes-hello-audio
Дзевяць год таму ў мінскім «Доме радыё» адбылася сапраўдная магія. Гурт BosaeSonca запісаў тут жыўцом акустычны альбом такога гатунку, такіх эмоцый, што і цяпер прабівае на слязу, калі яго слухаеш. Спачатку падаецца, што 15 трэкаў для такога запісу — гэта занадта, але я гарантую: вы не паспееце ні засумаваць, ні стаміцца. Наадварот, «Адпусці» хочацца слухаць яшчэ і яшчэ, каб не згубіць гэтую прыгажосць.

Усё пачалося з альбома «Залаты», які быў запісаны ў паўнавартасным «электрычным» сэт-апе. Але ў гурта назапасіліся кампазіцыі, якія ў гэты альбом па нейкіх прычынах не трапілі: іх варта было выдаць, і для гэтага была прыдумана вось такая акустычная live-канцэпцыя. А далей адбыўся сапраўдны цуд. «Залаты» мне падаецца надта салодкім і часам тэатральным крыху больш, чым трэба. А ў «Адпусці» нават тыя электрычныя песні з «Залатога» атрымалі іншае адценне — быццам музыкі вынайшлі ідэальную формулу, быццам гэтым песням і не трэба было настолькі пярэстае аздабленне.

Да месца тут струнная секцыя, шыкоўна гучыць баян — нішто пры гэтым не перашкаджае Алесю Кот-Зайцаву спяваць. Менавіта голас тут галоўны інструмент, які пераносіць нас у гэты чароўны сусвет «Адпусці». Гэта лірыка вышэйшага гатунку. Беларускія песні, у якіх столькі прыгажосці і непадробных эмоцый! Сапраўдная асалода ад кожнага гуку, ад кожнай песні.

https://soundcloud.com/bosaesonca/sets/i-live-unplugged-2013
Сярэдзіна «дзясятых» — гэта ці не апошняя моцная хваля цікавай гітарнай музыкі ў Беларусі. Гуртоў было так шмат, што хапала на крутыя лакальныя фестывалі і яшчэ заставалася. Гурты былі рознай ступені якасці і моднасці, і сярод іх я б вылучыў вельмі таленавітых хлопцаў Challenger Deep.

Карані гэтай музыкі ў цягучым, змрочным і дэпрэсіўным дум-метале, агрэсіўным і бязлітасным хардкоры і аутычным і атмасферным шугейзе — мікс, які прадугледжвае выдатнае валоданне інструментам і выразную гукавую канцэпцыю. У Challenger Deep былі ўсе гэтыя складнікі: яны дакладна ведалі, чаго хочуць, і працавалі над матэрыялам, пакуль не атрымлівалі ідэальны вынік.

Альбом «Irreversible» анансаваўся некалькі разоў, але яго выхад затрымліваўся менавіта праз гэты перфекцыянізм. І ў выніку атрымаўся вельмі прыгожы і разнастайны запіс, у якім ёсць моц пост-металічных рыфаў, прыгожыя аранжыроўкі, фірмовы саўнд і, галоўнае, душа. Усе гэтыя песні запісалі людзі, якія сапраўды любяць музыку — і гэта адразу адчуваецца: ніякія жанры і тэгі тут не маюць значэння, таму што сапраўдная музыка не ведае межаў.

У інтэрв’ю з нагоды выхаду гэтага альбому хлопцы казалі, што будуць гнуць сваю лінію, колькі спатрэбіцца. Але «Irreversible» у выніку стаў апошнім для гурта рэлізам. Мінула ўжо восем год, але і дагэтуль ён гучыць выдатна.

https://challengerdeepby.bandcamp.com/album/irreversible
Пасля 2020 года мне вельмі не хапала якаснай рэфлексіі ў беларускай музыцы. Былі розныя альбомы і рознага гатунку спробы нейкім чынам асэнсаваць той сусвет, у якім мы апынуліся цяпер, але менавіта Бенька змагла сфармуляваць тое, што баліць, і прамовіць гэта так шчыра.

«Серебряная свадьба» была лайв-калектывам, за якім цікава было назіраць на канцэртах, бо гэта было сапраўднае шоў — музычны тэатр з фантастычнымі акцёрамі. Але студыйныя працы без візуалу пакідалі адчуванне незавершанасці. На альбоме «Приём!» гэтага адчування няма: магчыма, таму што Беньцы не патрэбныя грувасткія аранжыроўкі, а магчыма таму што на гэты раз яна стварае візуал у галовах слухачоў.

Ніколі яе лірыка не была настолькі моцнай і вобразнай. Гэта няўтульнае адчуванне болю і адчаю чалавека, які апынуўся сам-насам з невыразнай і невыноснай рэчаіснасцю і намагаецца жыць у цяперашніх абставінах.

Паслухайце страшныя «Черные бидоны» з балючым рэфрэнам «Мне нужно все это забыть, чтобы никого не убить». Ці экзістэнцыяльны шансон «Не печалуйся». Ці пранізлівы джазавы нумар «Я слышу чаек». Усе дзесяць кампазіцый складаюць разам неверагодна моцны альбом-рэфлексію, які варта паслухаць кожнаму.

https://svetaben.bandcamp.com/album/--2
Дзесяць беларускіх альбомаў 2022. Мой асабісты спіс 🐽

ske.in «Rove». Альбом як сімвал бясконцага падарожжа. Пярэсты і манахромны адначасова, прыгожы і сумны, блізкі і далёкі — вельмі глыбокая і пранізлівая праца Сяргея Краўчанкі, якую кожны мусіць адчуць і зразумець па-свойму. Бо ўсе мы цяпер падарожнікі.

Gregory Neko «Emergent Drama». Сапраўднае адкрыццё асабіста для мяне: эксперыментальны альбом беларускага музыканта з акадэмічнай адукацыяй і цікавым поглядам. Мікс джазу і электронікі, небанальны і шматабяцальны. Калі любіце The comet is coming, паспрабуйце паслухаць гэты альбом.

Света Бень и Галя Чикис «Приём!». Бенька разам з Галей Чыкіс запісала магутны альбом-рэфлексію. Ніколі яе лірыка не была настолькі моцнай і вобразнай. Гэта няўтульнае адчуванне болю і адчаю чалавека, які апынуўся сам-насам з невыразнай і невыноснай рэчаіснасцю і намагаецца жыць у цяперашніх абставінах.

Akute «Напалову тут». На гэтым альбоме хлопцы з Магілева вырашылі вярнуцца да каранёў і класічнага гітарнага саўнду. Калі параўноўваць з мінулымі запісамі Akute, гэта дакладна не крок наперад. Але ў межах сучаснага беларускага року вельмі ўдалы і прыгожы запіс.

Аляксандр Ясінскі «Глыбіні». Баяніст, які быў удзельнікам класных беларускіх калектываў Fratrez і BosaeSonca, выдаў сольны альбом — экспрэсіўны і насычаны: тэхнічная дасканаласць гэтай працы цудоўна спалучаецца з прыгожымі і неўласцівымі для баяна вынаходніцтвамі. Прог-рок, джаз, ворлд мьюзік — цікавы мікс у таленавітым выкананні.

Союз «Сила ветра». Мінскае трыа запісала вельмі цёплы і ўтульны альбом-рэспект лацінаамерыканскай музыцы 70-х. Гэта гучыць вельмі незвычайна для ўсходнееўрапейскай традыцыі, але і вельмі прыгожа. Гурт з велізарным патэнцыялам зрабіў яшчэ адзін крок наперад.

Relikt «Былі, ёсць, будзем». Яшчэ адзін альбом-рэспект, у якім хлопцы з Relikt кажуць дзякуй класікам айчыннай рок-музыкі. Гэта аўдыямузей, заля славы, дзе музыкі выступаць у якасці экскурсаводаў. Вельмі каштоўны запіс для тых, хто хоча быць у тэме і ведаць, з чаго усё пачыналася.

Pukst «double click here». Няўтульны альбом ад Сяргея Пукста, нібы здзек з масавай музыкі і пластыкавага дызайну сэнсаў. Адзінота, сум і нават адчай. Пукст прымушае ўважліва слухаць сябе нават вось так — праз прымітыўныя і недасканалыя сінты і агідныя атанальныя гітары. Замалёўкі вечнага эксперыментатара, маналог таленавітага музыкі — вокладка не мае значэння.

KOOB «Sadder Days». Відэаальбом-эксперымент ад Валерыі Дэле, прысвечаны знакамітай «бабулі мастацтва перфомансу» Марыне Абрамавіч. Тут зміксаваны соўл і электроніка, этна і авангард — гэты альбом даследуе межы вытрымкі і раскрывае Валерыю не толькі як цудоўную спявачку, але як таленавітага перформера.

Super Besse «Tristesse». Гэта зборнік дынамічных, пульсуючых жвавым рытмам драм-машыны трэкаў з нервовым і эмацыйным вакалам Максіма Кульшы. Альбом, у якім зміксаваліся пост-панк, тэхна, краўт і яшчэ шмат чаго, прычым вынік атрымаўся традыцыйна мінімалістычны. Цікава, як можна акумуляваць столькі энэргіі ў сціплы 23-хвілінны хранаметраж.

А якія беларускія альбомы-2022 спадабаліся вам? Пішыце ў каментарах!
Прывітанне, даражэнькія! За наступнага году планую дадаць у гэты канал яшчэ адну опцыю і прапаную вам выбраць найбольш цікавую. Усё, як мы любім, ананімнае галасаванне! Вынікі падвядзем заўтра. А пакуль — стартуем!
Час падвесці вынікі! Я абяцаў дадаць адзін пункт у наступным годзе, але вырашыў бамбануць адразу тры. Цяпер буду паведамляць вам пра новыя цікавыя беларускія рэлізы, рабіць падборкі цікавых замежных альбомаў і час ад часу публікаваць топы вядомых і цікавых беларусаў. А пакуль сыходзім на маленькія калядныя канікулы. Дзякуй вам усім, што чытаеце гэты канал. З надыходзячымі святамі!
Назбіраў для вас шэсць класных рэлізаў, якія выходзілі цягам снежня і студзеня. Столькі крутога матэрыялу, што хопіць вам на ўвесь тыдзень: ёсць мідвэст эма, змрочны пост-панк, імправізацыйная музыка, эксперыментальны гітарны лоў-фай і нават гомельскі блэк метал. Паслухайце!

Name Killer Birchenson «Variablrs». Альбом выйшаў у пачатку снежня, але даведаўся я пра яго толькі цяпер. Які ж тут класны матэрыял! Хлопцы міксуюць мідвэст эма, мат рок і панк і робяць гэта па-беларуску. Гучыць усё вельмі цікава і разняволена: якасна, разнастайна, з гумарам. Вельмі раю звярнуць увагу на калектыў са смешнай назвай Name Killer Birchenson!

Sož «Apošnija Tancory». Гомельскія хлопцы з досведам і імпэтам запісалі міні-альбом змрочнага і манатоннага пост-панку з экзістэнцыяльнай лірыкай. Ён вельмі тэкстацэнтрычны і пульсуе класнымі метафарамі і гатовымі цытатамі для вашых сацсетак. Не самы ласкавы саўнд і не самыя ўтульныя вобразы, але і часы такія, што тут скажаш.

Fantastic Swimmers «Onin». Адзін з самых актыўных предстаўнікоў беларускай імправізацыйнай сцэны Віктар Сямашка выдаў разам з паплечнікамі альбом пад шыльдай Fantastic Swimmers. Слухаць тое, як тут усё працуе разам — суцэльны кайф: музыкі сапрўды знаходзяцца на нейкім фантастычным узроўні разумення адзін аднаго.

Imšar «Klič minulych časoū». Яшчэ адзін рэліз з Гомеля: на гэты раз суворы one man project эпічны блэк метал. Даволі стандартны, але класны сыры матэрыял з адчувальным фальклорным уплывам. Такія трэкі мы слухалі яшчэ на касетах Hard Life Heavy Music, таму неяк асабліва ўтульна слухаць цяпер гэты альбом. Бонусам класны кавер на кананічную «Слуцкую Браму».

Applepicker «Haunted Tapes». У самым пачатку года ўдзельнік гурта «Союз» Мікіта Арлоў выдаў класны альбом яшчэ аднаго свайго праекта Applepicker. Гэта прыгожая гітарная імправізацыя, запакаваная ў касетны лоў-фай. Бонусам 12-хвілінная кампазіцыя, запісаная падчас выступу Мікіты.

фарфоровые коты «Принятие». Сінтэтычны пост-панк ад звышактыўнага беларускага гурта «фарфоровые коты». Гэта расейскамоўны сайд-праект удзельніка Nürnberg Юрыя Лугаўцова. Даволі прымітыўны па музычным складніку матэрыял, больш падобны да серыі замалёвак. Але гучыць вельмі атмасферна.
Пяць любімых беларускіх альбомаў культмэнэджэра і дыджэя Аляксандра Багданава

«Усё, што я абраў — гэта максімальна невідавочныя, недаацэненыя працы музыкаў, якім, магчыма, не пашанцавала тварыць у Беларусі. Лічу, што калі б гэтыя працы выйшлі ў краінах з развітай музычнай індустрыяй, у іх былі б усе шанцы на поспех і прызнанне. Давайце хаця б не дапусцім забыцця родных і важных шэдэўраў»

Мох «Pt.» Насамрэч, адзін са мноства атожылкаў бязмежнай, дзіўнай псіхадэлічнай грыбніцы Антона Крывулі пад назвай «Солнцецветы». Цяжка вызначыць разнастайнасць стыляў, спасылак, перадумоў і саўндаў, калейдаскоп складаў і перыядаў. І ўсё гэта Творчасць — як свой мікрасусвет з канонамі і вечнай эвалюцыяй, якую не спыніць і не пакратаць.

Анонимка «Дискомфортно». Альбом супер-хітоў ад недаацэненага майстра бэнгераў Ліберзона і яго тагачаснай жонкі (па сумяшчальніцтве сястры Іллі Чарапко) на вакале. Наймагутнейшы дзіцячы панк-рок, дзе кожны трэк — вушны чарвяк.

Сергей Пукст «Jazz». Геній пераўвасабленняў, наш Майк Патан, майстар жанглявання стылямі і неверагодны маэстра на ўсе рукі. Сяргей Пукст у альбоме Jazz агаляе тонкія матэрыі свайго бязмежнага таленту.

.К «УніСон». Жэня — яскравы прыклад бескампраміснага гарадзенскага андэграўнду, харызматычны аўтэнтычны артыст, які запісаў альбом, перанасычаны сэнсамі, спасылкамі і аммажамі, які ўводзіць у стан псіхадэлічнага трыпу.

ДахаБраха & Port Mone «Хмелева project». Port Mone заўсёды былі асаблівым, унікальным беларускім-небеларускім гуртом, які стварае і жыве ў сваім мікракосмасе. Але менавіта сумесны альбом з украінскім супер-гуртом ДахаБраха паказаў, што музыкі не толькі могуць існаваць і развівацца аўтаномна ад любых сусветных традыцый, але і ўплятаць залатыя ніткі свайго ўнікальнага бачання і метаду стварэння музыкі ў пазачасавы культурны кантэкст.
🔥Можаце рабіць скрыншот: па выніках 2023 году гэты альбом трапіць ва ўсе беларускія топы найлепшых рэлізаў (калі такія топы яшчэ ўвогуле будуць існаваць).

Vostraŭ skarhaŭ нібыта наўмысна выйшаў сёння, 12 студзеня, ці не ў самы непрыдатны для рэлізаў час. Але гэта настолькі моцная і дасканалая праца, што вы проста абавязаны яе паслухаць. Яна вельмі беларуская і небеларуская адначасова, таму што мацнейшы тэкставы складнік са шматлікімі спасылкамі (ад таварыша маёра да Бахарэвіча) спалучаецца з сусветнымі музычнымі рэферэнсамі (ад Can да Television).

Музыкі запісалі злы і тэхнічны, вынаходлівы і наўпроставы адначасова альбом, у якім ёсць увесь спектр эмоцый: ад тугі і адчаю да іроніі і сарказму. Слухаць яго — гэта суцэльнае задавальненне, бо Syndrom Samazvanca не гуляюцца са здабыткамі сусветнай музыкі, а ствараюць уласны пазл з арт-року, псіхадэлікі і краўта, аздоблены харызматычнымі і трапнымі тэкстамі Уладзя Лянкевіча.

Vostraŭ skarhaŭ — альбом, які хочацца патрымаць на рэпіце: ўважліва ўслухацца ў дэталі, рассмакаваць, а потым крутануць яшчэ раз. Вельмі таленавітая праца пра «існаванне і выжыванне ў сучасным постсавецкім горадзе».

https://syndromsamazvanca.bandcamp.com/album/vostra-skarha
Пяць любімых беларускіх альбомаў ад журналіста і аўтара YouTube-канала «жизнь-малина» Мікіты Мелказёрава


NRM «Dom kultury». Падгон майго больш свядомага аднакласніка прыблізна пасярэдзіне тэрміна нашага навучання. Я яшчэ здзівіўся, што беларускае можа быць такім якасным. Любімы твор з гэтага альбому — «Лёгкія-лёгкія». У мяне ёсць звычка круціць адзін трэк па тысячы разоў. Напэўна, з гэтай кранальнай песні яна і распачалася.

ТТ-34 «Грубый помол». Цалкам мая музыка. Громка, шчыльна, агрэсіўна. Да гэтага часу люблю пераслухоўваць асноўныя баевікі — «Джэк» і «Бум». Другі люблю больш. Памятаю, як бегаў па бацькоўскай кватэры і пужаў котку сваім выканання гэтага твору. Доўга не ведаў, што хлопцы — гомельскія. У іх была вялікая паўза паміж альбомамі. Але я дачакаўся «Падая И Задыхаясь Добиваешься Единой Цели» і паслухаў з задавальненнем.

Нестандартный вариант «Не Как Все…» Не пераслухваю трэкаў, вельмі рэдка ўзгадваю хлопцаў, але іх рэп — гэта штосьці важнае для мяне. Як успаміны пра нейкія першыя эмоцыі. Думаю, такога наіўнага пачуцця ад адкрыцця новай музыкі ў мяне ўжо ніколі не здарыцца. Плюс я слухаў хлопцаў з Барысава яшчэ на касетах. Спадзяюся, калі-небудзь здыму дакументалку пра іх.

Петля Пристрастия «Фобос». Неспадзяванка ад парталу Ultra-Music. Не памятаю падрабязнасцей, але на сайце была рубрыка, у якой людзі зусім міма беларускай музыкі знаёмяцца з ёй. Мне далі паслухаць «Петлю». Атрымаўся стоадсоткавыы мэтч. Ну, і так — я зноў не паверыў, што нашыя музыкі могуць так якасна. Раней хлопцы ўспрымаліся для мяне музыкай вясновага авітамінозу ці восеньскай хандры. Цяпер слухаю іх увесь год. Мо, дарос.

РСП «Ашчушчэнія». Вынік маёй працы ў праекце «жыццё-маліна». Раней ведаў гурт толькі па назве. Адзначаў, што прышпільна, але далей не лез. Пасля былі беларускія пратэсты, сінгл «Ашчушчэнія» і альбом з той жа назвай. Цяпер хажу амаль на кожны выступ хлопцаў, а песенку «Культавы» лічу лепшай пра мужчынскі сум.
Нядаўна ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла вельмі важная і цікавая кніга «От Паниковки до Шайбы: гайд по тусовочному Минску девяностых». І я б вельмі хацеў расказаць пра яе падрабязна.

Укладальнікі гэтай кнігі Павел Валатовіч і Аляксей Кавалёў праз маналогі герояў малююць перад намі карціну Менску, які быў жывым горадам са сваім легендаруюмам: амаль фантастычнымі персанажамі і лакацыямі, якія параслі чуткамі і былі тусовачнымі цэнтрамі для ўсіх тых, хто тады жыў і працаваў у беларускай сталіцы.

Часам гэтая кніга нагадвае «Please kill me» (цяпер смешна, але я падарыў гэтую кнігу Максу Каржу на 30-годдзе), але, натуральна, з беларускім каларытам. Фактычна, гэта зборнік легенд. З іх і складаецца гісторыя кожнага жывога горада, у якім гаспадар не мент з дубінай, а сапраўдны чалавек — моцны і слабы. Ты чытаеш гэтыя байкі, глядзіш на гэтыя фотаздамкі і разумееш, што вось так і адбываецца сапраўднае жыццё: так людзі святкуюць маладосць, так яны атрымліваюць досвед, так яны пачынаюць разумець дабро і зло.

Часам падаецца, што героі гэтай кнігі не вельмі хочуць дзяліцца сваімі гісторыямі. Маўляў, шмат чаго было, але гэта не для друку. Такая пазіцыя здзіўляе, таму што легенда пачынае жыць, калі яе ведаюць і пераказваюць адзін аднаму. Гэта і фарміруе наш, беларускі, кантэкст, у якім ёсць свае героі, якіх абмяркоўваць нашмат цікавей, чым расейскіх акцёраў трэцяга гатунку.

«От Паниковки до Шайбы: гайд по тусовочному Минску девяностых» — гэта не ідэальная праца: у ёй шмат прабелаў, недасканаласцяў і хібаў. Але яна і вельмі важная, бо ў ёй ёсць душа Менску, якога больш няма. І гэта найлепшае падцверджанне таго, што ён калісьці існаваў. Я шчыра раю прачытаць вам гэтую кнігу: дзякуючы ёй, вы зможаце ўзгадаць пра тыя часы, ці ўвогуле даведацца пра іх.

https://allegro.pl/oferta/ot-panikovki-do-sajby-gajd-po-tusovocnomu-minsku-13031998621
Рубрыка «Свежыя рэлізы»🔥

John Cale «Mercy» Аўтарытэтны і заслужаны чалавек сабраў фантастычны сэт ап для свайго новага альбома і зрабіў сапраўдны гукавы цуд у змрочных дэкарацыях. На фітах Weyes Blood, Fat White Family і Animal Collective, а яшчэ ёсць песня-прысвячэнне Ніко.

The Murder Capital «Gigi’s Recovery». Другі паўнафарматны альбом ад ірландскага гурта, які гучыць так, нібыта Fontaines DC спрабуюць граць In Rainbows. Гучыць даволі цікава і атмасферна: манерны вакал, цікавыя гітарныя партыі, шмат атанальных і нестандартных момантаў.

Katatonia «Sky void of stars». Пра гурт Katatonia вам трэба ведаць тры словы: Brave Murder Day. Але ёсць і фанаты цяперашняга перыяду гурта — вось для іх сёння свята, выйшаў новы альбом. На мой густ, у ім надта прылізаны гук (пра яго нават вокладка сведчыць), але ёсць неблагія кампазіцыі.

Ladytron «Time’s arrow». З брытанскім гуртом вось такая гісторыя: з аднаго боку, ён і блізка не паўтарыў поспех культавых альбомаў Witching hour і Velocifero, а з іншага — ніхто не перашкаджае музыкам займацца пашырэннем сваёй дыскаграфіі. Усё тыя ж прыёмы, усё той жа рытмічны малюнак. Калі ніколі не чулі пра Ladytron, то можаце смела пачынаць і з гэтага альбома.

Låpsley «Cautionary tales of youth». Прыемны фонавы альбом з мінімалістычнымі аранжыроўкамі і класнымі вакальнымі партыямі. Запіс раскрываецца бліжэй да другой часткі, то бок дачакайцеся абавязкова.

Måneskin «Rush!» Абсалютна неабавязковы альбом ад італьянскіх суперзорак, у які напхалі ажно сямнаццаць аднастайных кампазіцый. З прыемных сюрпрызаў — фіт з Томам Марэла, які рубае кароткае сола на трэку «Gossip». Карацей, усё даволі прадказальна: гурт выціскае маркетынгавы максімум са сваёй папулярнасці.

Imperium Dekadenz «Into Sorrow Evermore». Круты нямецкі блэк метал з магутным гукам і гучным вакалам нібыта з сутарэнняў. Выклікае вельмі цёплыя адчуванні, нібыта ты вярнуўся на 20 год назад і слухае нешта вельмі класічнае, таму што Imperium Dekadenz падобныя на ўсё адразу, але гэта і няблага.
Пяць любімых беларускіх альбомаў ад удзельніка NaviBand і аўтара YouTube-канала «Лонгплей» Аляксандра Табольскага


Sang Sattawood «Tree». Напэўна, мой самы любімы беларускі альбом. Запісаны ў не вельмі прыдатных умовах, дзякуючы таленту ўдзельнікаў і асабліва Жэні Сухавея, ён вельмі моцна пагружае ў гаражную атмасферу.
Можна, канешне, уключыць душнілу і нагадаць асацыяцыі з The Dead Weather ды Ланай Дэль Рэй, але лепш проста слухаць ад пачатку да канца і атрымліваць асалоду.

Ляпис Трубецкой «Manifest». Калі рабіць максімальна аб’ектыўны рэйтынг, у складзе топ-10 лепшых альбомаў у гісторыі Беларусі больш за палову будзе ад Ляпісаў. У сваім рэйтынгу вызначу Manifest, таму што ў мае 18 з майго плэера яго мог выкінуць толькі Death Magnetic. І тое, не надоўга, бо занадта ён быў гучны.

Без Билета «Мечтатели». Музыка, ад якой пахне цёплым і бестурботным свежым паветрам нядаўняга мінулага. Вяртацца ў яго нібы не хочацца, але ад такога паветра ў найблiжэйшай будучыні не адмовіўся б. А яшчэ гэта лепшыя поп-тэксты ў беларускай музыкі.

Крама «Будзь разам з намi». Калi на зямлю падае дождж і абмывае мой твар, мне адразу хочацца ўключыць гэты альбом у фармаце «Greatest Hits». Песні, якія хочацца спяваць, і, што мне асабліва падабалася ў мае 16, гітарныя сола, якія хочацца спяваць.

N.R.M. «Тры Чарапахi». Нават калі б я моцна паспрабаваў пераацаніць ролю гэтай кружэлкі ў сваім жыцці, нічога б не атрымалася. Калі «Калыханка» Верасоў не гледзячы ні на што захавала ў маленькім Сашы беларуса, «Тры чарапахі» зрабілі з юнага Сашы беларуса свядомага.
Простыя ў лепшым сэнсе, але даволі цяжкія гітарныя рыфы, голас Лявона, які дакранаецца да кожнага нерва, дзіўна актуальныя як тады, так і зараз тэксты. Ну і канешне, галоўны песенны гімн у гісторыі Беларусі.

Бонус🔥

Personal Depeche — беларускi трыб’ют-альбом з пачатку нулявых.
Можа і не ўсе працы там хочацца назваць якаснымі, але на той момант мяне гэта вельмі зачапіла і натхніла пазнаёміцца бліжэй з DM. Калі пераслухаў зараз, уразіла версія спявачкі Людмілы - ніколі не ўяўляў, што гэты радыё-гіт з таго часу насамрэч See You дэпешэй. І, дакладна, кавер на Freelove Кругловай у сэрцы назаўсёды.