чаборка намагаецца жыць жыццё і пісаць тэксты
54 subscribers
77 photos
22 links
Выпадковыя замалёўкі, пісьменніцкія чэленджы, фрагменты твораў і разважанні ні пра што
Download Telegram
чаборка намагаецца жыць жыццё і пісаць тэксты
Photo
Катэгорыя «разважанні ні пра што».

У пэўным сэнсе гэта нейкая злая іронія лёсу, што калі я мела час, на тое, каб пісаць, я не мела аніякай упэўненасці ў тым, што я раблю нешта добрае ці хаця б прымальнае. Калі зараз я стала больш упэўненая ў тым, што раблю, то жыццё робіць літаральна ўсё, каб я была не ў стане ствараць хоць нешта. Памятаючы мае папярэднія пасты, хтось можа сказаць: «Гэй, Чаборка, ты занадта сябе перагрузіла, засяродзьцся лепш на чымсьці адным». Вельмі справядлівая заўвага і я ўжо так і зрабіла, але ёсць пэўныя абавязкі, ад якіх я не магу адмовіцца пры ўсім сваім жаданні. Ёсць, зрэшты, адзін светлы момант ва ўсёй гэтай сітуацыі: я ўсё яшчэ маю ахвоту працаваць над сваімі праэктамі, хоць увесь працэс і зацягнуўся.

Каб зусім змрочна не было, дый каб аблегчыць чаканне, накіну маленькі спойлер: калі камусь спадабаліся русалкі з першай главы, то радуйцеся, бо ў трэцяй яны вяртаюцца ;)

І таксама хачу сказаць дзякуй усім, хто застаецца ў канале, хоць я ўжо даўно нічога не публікавала ❤️
Пакуль я павольна, але ўпэўнена пішу «Матылькоў», людзі пачынаюць паціху атрымліваць на рукі зіны (я яшчэ чакаю свой асобнічак). І вось шаноўная пані Маша з канала (Ня)дбайная чытачка зняла першы агляд! Шчыра кажучы, не чакала, што ўвогуле нехта будзе яго рабіць, так што прыемна здзіўленая. Яшчэ больш прыемна здзіўленая, што маё імя пазналі ☺️

Пра тэксты асабліва нічога не гаворыцца, але затое можна ацаніць цудоўныя малюнкі, таму запрашаю паглядзець.
Трэцяя глава гатовая і чакае перачытвання і ўнясення некалькіх правак! Пакуль што яна займае 20 старонак, але пасля рэдактуры, хутчэй за ўсё, будзе 21 ці нават больш (спадзяюся, што ўсё ж не больш, а тое глава і так расцягнулася).

Таксама мне трэба ўнесці пэўныя праўкі ў першыя дзве главы, але гэта досыць хутка, таму сёння-заўтра ўсё ўжо павінна быць гатова! Калі не забуду, то можа быць нават зраблю асобны пост, дзе прапішу ўсе змены, якія адбыліся ў гэтых главах, каб ніхто потым не збянтэжыўся, чаму некаторыя дэталі памяняліся.

Адпачываю свае заслужаныя дваццаць хвілін і вяртаюся да працы 🫡
🦋 Пасля доўгага перапынку «Матылькі» нарэшце вяртаюцца!

Тыкаць сюды.

Трэцяя глава ўжо ляжыць на ао3, а я з вялікім энтузіязмам чакаю вашых меркаванняў наконт напісанага. Калі хочацца нешта сказаць, каментары на ао3 і тут заўсёды даступныя для любых думак :)

Першая і другая глава ўжо адрэдагаваныя, таму хутка з'явіцца пост з апісаннем змен, а таксама і іншыя розныя цікавосткі.

Да хуткага пабачэння!

#матылькі
чаборка намагаецца жыць жыццё і пісаць тэксты pinned «🦋 Пасля доўгага перапынку «Матылькі» нарэшце вяртаюцца! Тыкаць сюды. Трэцяя глава ўжо ляжыць на ао3, а я з вялікім энтузіязмам чакаю вашых меркаванняў наконт напісанага. Калі хочацца нешта сказаць, каментары на ао3 і тут заўсёды даступныя для любых думак…»
Вечар добры! Нарэшце знайшла некалькі вольных хвілінак, каб распавесці пра змены, што адбыліся ў першых дзвюх главах «Матылькоў».

Навошта ўвогуле змены? Кароткі адказ: я не вельмі арганізаваная. Доўгі адказ: звычайна я пішу творы, груба кажучы, напалову на імправізацыі, напалову па плане. У мяне ёсць план з асноўнымі падзеямі, якія павінны адбыцца ў главе/гісторыі, але пераходныя моманты і многія іншыя штукі я пішу так, як пішацца. У выпадку «Матылькоў» здарыўся дысбаланс у бок імправізацыі, што выйшла мне бокам пры планаванні сюжэта да канца апавядання, так што тое-сёе давялося мяняць.

Самі змены:

+ «Тавэрна» стала «шынком». Не ведаю, чаму я ўспомніла пра існаванне гэтага цудоўнага слова толькі зараз, але дзякуй хоць, што не калі дапісала твор :) Дробная змена, але, як для мяне, гэта дадае каларыту.

+ Таймлайн. У першай версіі другой главы можна было знайсці згадку, што Іза пражыла ў горадзе ўжо год, але я тут падумала, што пры далейшых падзеях такі расклад будзе не асабліва зручным. Па актуальнай версіі гісторыі, ад моманту першай главы да трэцяй прайшло толькі некалькі месяцаў.

+ Час ад'езду Ізы з вёскі. Яшчэ адна драбяза, але вартая ўдакладнення: Іза паехала з вёскі за два дні да Дня Шлюбу (то-бок, 15 студзеня), а не за адзін, як было раней. Галоўная прычына такой змены — мне проста хацелася, каб іх з Лунай вёска была падалей ад сталіцы, што, уласна, выклікае патрэбу павялічыць гераіні час на дарогу.

+ Назвы глаў. Уласна, звязаныя з папярэднімі часавымі зменамі. Я не планавала ніяк называць главы, але так будзе прасцей разумець час дзеяння.

+ «Вядзьмарства». Не ведаю, ці звяртала/ў нехта на гэта ўвагу, але слова «вядзьмарства» я ўжываю дадаткова ў значэнні вядзьмаркі+ведзьмары. Гэта не падмацавана нічым, акрамя майго жадання мець асобны зборны назоўнік для прадстаўнікоў абодвух палоў. Нешта кшталту слоў «спадарства» ці «студэнцтва».

+ «Вядзьмарскія» бранзалеты. Раней яны не мелі аніякай функцыі, акрамя магчымасці адрозніць вядзьмарства ад людзей, але я дадала ім функцыю пацямнення пры выкарыстанні чараў.

Такія вось справы. Гэта не ўсе змены, але самыя дробныя (кшталту змены колеру лускі на хвасце русала) я не згадвала. Мне калісь казалі, што ў падобных пастах няма патрэбы, бо ніхто і не заўважыць, што нешта памянялася, але я хачу фіксаваць такія рэчы. Гэты канал я рабіла не толькі для нейкіх «сур'ёзных» рэчай, але як і асабісты творчы дзённік для ўсялякіх драбнічак, так што, так бы мовіць, to be continued 🫡

#матылькі
Нічога асабліва не пошчу, бо зараз інтэнсіўна дапісваю «Матылькоў» да канца і ў свабодныя хвілінкі раблю прыгажосць для тыктоку. Вось частачка будучага паста пра Разэлію 🫴🏻
Вырашыла паспрабаваць зрабіць забаўную рэч: адкрыла файлы напісаных наступных частак і выбрала кавалкі-спойлеры са старонак, якія супадаюць з нумарам глаў (4-ая старонка для 4-ай главы і г.д.). Атрымалася неяк так:

Глава 4
— Наколькі мне вядома, вы тут нічога не ведаеце пра свае здольнасці,— пачаў хлопец і Іза ўжо адразу адчула неймаверную зацікаўленасць, дзеля якой гатовая была ператрываць іншыя нязручнасці.— Але я крыху ў курсе пра тое-сёе.
— І што ты хочаш гэтым сказаць?— адказала яна, намагаючыся выглядам не выдаваць сваё захапленне.

Глава 5
— Адкуль гэта ў цябе?
— Скрала ў каралевы,— буркнула Іза, раззлаваная тым, што яшчэ нават не паспела прыдумаць годнае апраўданне, як сяброўка ўжо пабачыла нечаканы падарунак.

Глава 6
— Анягож,— Канстанты пасміхнуўся абедзьвюм і паціснуў ім рукі, быццам бы гэтым жэстам пацвярджаючы заключэнне пэўнага саюзу паміж імі.— У мяне пэўныя непатрачаныя грошы ёсць, так што я лёгка магу дакласці іх да агульнай сумы. Мы так з вамі назбіраем усё ў вокамгненне!

***

Цяпер цікава, наколькі без кантэксту зразумела, пра што вядзецца гаворка, бо, мне здаецца, што пра што-нішто можна здагадацца з папярэдніх трох глаў :D

#матылькі
Пакуль я тут занятая здачай іспытаў і іншымі рэчамі, здарылася некалькі абнаўленняў, так што зусім коратка прабягуся па апошніх навінах:

🌼 «Матылькі». Дапісала твор да канца! Усяго выйшла восем глаў (а калісь планавалася тры...) і я нават ужо ўсё вычытала. Таксама ў соты раз замяніла главы, ужо апублікаваныя на ао3. У плане сюжэту нічога не памянялася, я толькі ўнесла дробныя праўкі, датычныя фармулёвак і памылак друку. Пачну публікаваць новыя часткі па адной у тыдзень дзесь дзён праз дзесяць, калі буду свабодная.

🌼 Конкурс. Прыблізна месяц таму я памяняла планы наконт твора, які буду адпраўляць, бо новая гісторыя так разраслася, што я не змагла б яе дапісаць да дэдлайну. Так што на конкурс адправіла дапісаных «Матылькоў». Не чакаю нічога асаблівага ад гэтага конкурсу, але як то кажуць: лепш зрабіць і пашкадаваць, чым не зрабіць і шкадаваць, таму ўдзельнічаю.

🌼 Новая гісторыя. Пра яе я ўжо калісь пісала раней (вось пост). На дадзены момант у мяне прапісана дзесь сюжэт для трох частак цалкам, плюс пачатак чацвёртай. У тэорыі іх пакуль павінна быць пяць, але хто ведае, што там будзе ў канцы. Карацей кажучы, як толькі я вызвалюся, то планую закончыць апісанне сюжэту і пачаць паціху пісаць і публікаваць па адной главе.

🌼 Зін. Нарэшце атрымала свой асобнічак і якраз з'явіўся дазвол аўтарам/кам публікаваць свае тэксты анлайн, так што акрамя фота вокладкі яшчэ і пакажу свае два тэксты разам з неймавернымі ілюстрацыямі.
Калі раптам хто не бачыла/ў, то зрабіла вось такую прыгажосць нядаўна. Свайго роду экслюзіўны кантэнт, бо тыкток па нейкай прычыне зжэр якасць карцінак і змяніў некаторым з іх фармат, так што, атрымліваецца, пабачыць гэты пост у добрай якасці можна толькі тут 😅

#матылькі #безыменны_свет
Не думала, што калі-небудзь буду пачынаць пост са слоў «Пакуль я ўчора прыбіралася», але здарылася забаўныя неспадзяванка: менавіта падчас прыбірання я знайшла першую нататку, прысвечаную сюжэту «Матылькоў», яшчэ з тых часоў, калі не было ані назвы, ані імён гераінь/герояў.

Уласна, сама нататка:

Частка 1. Гераіня перабіраецца ў новае каралеўства
Частка 2. Здараецца стыхійнае бедства
Частка 3. Яна прачынаецца з апрацаванымі ранамі, набытымі ў ходзе ліквідацыі бедства, у якасці лідаркі секты


Раз ужо пайшла пра тое гаворка, то так, нагадваю, у чым быў жарт «Матылькоў»: адна частка = адзін пункт з пісьменніцкага чэленджа, таму главы павінна было быць тры, пакуль я не пачала пашыраць гісторыю і глаў не стала восем. Рэалізацыя пунктаў чэленджа нікуды не падзелася, але цяпер замест схемы «нумар главы = нумар пункта па чарзе», усё выглядае наступным чынам:

Пункт 1. Згубіцца ў горадзе = глава 1
Пункт 2. Нябёсы сталі фіялетавымі = глава 7
Пункт 3. Персанаж/ка прачынаецца ў дзіўнай шапцы = глава 8

Але вернемся да самага цікавага: што за стыхійнае бедства і, што больш важна, што за секта? А нічога, няма іх больш. Прынамсі, калі нешта кшталту стыхійнага бедства засталося, пра што, уласна, і вядзецца гаворка ў сёмай главе, то вось ідэя з сеткай адляцела так хутка, што калі б я не знайшла гэтую нататку, то я ўвогуле не памятала б, што я нешта такое планавала. Зараз нават не магу прыгадаць, а ў чым быў сэнс гэтай лініі з сектай, але добра, мабыць, што адмовілася ад яе на карысць зусім іншай гісторыі.

Успамінаючы, з чаго ўвогуле ўсё пачыналася, трэба прызнаць, што я рада, што ўсё так расцягнулася, бо калі б я пакінула гісторыю ў фармаце трох глаў, то большасць персанажак/аў не атрымала б ніякай увагі ў творы, бо проста не хапіла б месца.

У прыватнасці, я не планавала прысутнасць у гісторыі ані сям'і Ізы, ані фантанных русалак, ані Канстанты, нават Луны ў самым-самым пачатку не было. Яе, што праўда, я прыдумала досыць хутка, але вось усе астатнія гераіні/героіні з'явіліся ў працэсе напісання, дый вельмі стыхійна, што, з аднаго боку, ускладніла мне працэс «укладання» сюжэтных ліній, бо цяпер іх стала некалькі, але, з іншага боку, так у тэксце з'явілася больш жыцця, таму, калі я і скарджуся, то толькі трошкі ;)

#матылькі #расказваю_пра_працэс