MovaMed
147 subscribers
24 photos
5 files
26 links
Ініцыятыва для пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў медыцыне.
Пішыце ў бот: @MovaMedBot
Download Telegram
Як вы думаеце, які беларускамоўны варыянт лепш пасуе да лацінскага тэрміну valva, па-расейску 'клапан'?
Anonymous Poll
34%
Клапан
54%
Засланка
12%
Затамка
Рыхтуемся да заняткаў «Ультрагукавая дыягностыка пры вострай хірургічнай паталогіі».

Прапануем прагаласаваць за найлепшы пераклад Omentum - сальник. Знойдзеныя ў слоўніках варыянты:
Anonymous Poll
78%
Сальнiк
22%
Чапец
«Словы, мова – не пытанне лінгвістыкі. Калі б было так, слова не было б, як сказана ў Святым пісанні, напачатку ўсяго. Словы, мова – пытанне быцця» - напісаў Уладзімір Някляеў, якому сёння спаўняецца 75 год.

Словы, мова таксама з'яўляюцца моцным лекавым сродкам. Гэта ведае кожны практыкуючы лекар. Таму і з'явілася ініцыятыва MovaMed.

«Вы чаму, дасканала валодаючы ангельскай, сусветнай мовай, пішаце на той, якой ніхто ў свеце, апроч людзей вашага племені, не ведае?» – пытаюць аднаго з персанажаў новага рамана Уладзіміра Някляева "Гэй Бэн Гіном". І ён адказвае, што піша на той мове, якая змагаецца за свабоду ягонага народа. «Мова народа, – адказвае ён, – ягоная зброя. А заваёўнікі прыходзяць са сваёй. І народ, які прымае чужую мову, прымае чужое валадаранне. Куля – сродак фізічнага падпарадкавання, а мова – сродак падпарадкавання духоўнага».

Далучаемся да віншаванняў Уладзіміра Пракопавіча з юбілеем!
«Ультрагукавая дыягностыка пры вострай хірургічнай паталогіі»

Надзея Камінская, лекарка УГД

Відэа з заняткаў 6 ліпеня

Другую частку па УГД судзінаў ніжніх канцавінаў, прыклады УГД пратаколаў, шаблоны пратаколаў, прэзентацыі і тэматычны слоўнік выкладзем неўзабаве.

Не на ўсе пытанні мы знайшлі адказы 😔
Прапануйце, як будзе па-беларуску «Сочетанная травма»?
MovaMed далучылася да тыдня беларускай культуры і зладзіла паездку ў першы музей выцінанкі ў Беларусі.

Гаспадыня музея — майстрыца выцінанкі Вольга Бабурына прышчапіла нас да гэтага неверагоднага віду мастацтва. Бо выцінанка — гэта значна больш, чым проста ажурны ўзор, выразаны з паперы. У беларускай выцінанцы выкарыстоўваецца шмат сімвалаў беларускай традыцыі: з вуснага фальклору, вышыўкі, ткацтва, роспісу. І яна адрозніваецца ад выцінанак нашых суседзяў з Польшчы, Літвы, Расеі і Ўкраіны, якія таксама можна пабачыць у музеі.

Музей яшчэ афіцыйна не адкрыты, але яго можна наведаць і падтрымаць. Ён знаходзіцца ў вёсцы Лоск Валожынскага раёну - 100 км ад Мінска ў бок Вільні. Па дарозе вы атрымаеце сапраўдную асалоду ад навакольных краявідаў, якія не горш за пагоркі Тасканы :)

#музейвыцінанкі #выцінанка
#by_culture
ЗДАРОЎЕ — абсалютная каштоўнасьць у беларускай мове. Слова ад кораня дрэва/дзерава — гатовы магічны эпітэт-параўнаньне у адным слове.
Здаровага чалавека параўноўваюць з дубам, з быком і мітычным турам, зь вялікімі стыхіямі: „Будзь здаровы, як вада, багаты, як зямля!“
У беларускім традыцыйным этыкеце — усюды зычэньні здароўя: у вітаньнях (чалом-здароў!), у разьвітаньнях (бывайце здаровы!), у small talks (як жыў-дуж?).
Здароўе — лідэр першай тройкі народных каштоўнасьцяў у сьвяточных зычэньнях і тостах: На здароўе нам, на злосьць варагáм!
Маем запамінальныя дзеясловы для паправунку — адужаць, паправіцца, акрыяць, ачуняць.
Падрабязна: https://svb1234.azureedge.net/a/30530056.html
KavidnayaUliotka.pdf
510.4 KB
#covidfree
#COVID19

📍Зрабі прышчэпку
📍Раздрукуй і распаўсюдзь улётку
📍Заставайся дома і вучы беларускую мову
📍Рабі, як нашыя славутыя лекары - насі маску!
Яўген Уладзіміравіч Клумаў (1878 - 1944) - доктар-гуманіст і герой-падпольшчык, чыё імя сёння носіць 3-я гарадскі клінічны шпіталь, а таксама вуліца і сквер у сталіцы Беларусі. Прафесар кафедры акушэрства і гінекалогіі Мінскага медычнага інстытута.

У ліку першых земскіх лекараў арганізаваў на тэрыторыі Беларусі стацыянарную хірургічную дапамогу ва ўмовах участковага шпіталя.

З 1921 года Яўген Клумаў стала працуе ў тым жа шпіталі, што сёння носіць ягонае імя. Менавіта тут мясцілася база для падрыхтоўкі лекараў медфака БДУ, з 1930-га ў бальніцы практыкавалі і навучаліся прафесары і студэнты Мінскага медінстытута. Тут працавалі тагачасныя выдатныя вучоныя-медыкі: афтальмолаг Сямён Камінскі, тэрапеўт Сяргей Мелкіх, хірург Юрый Іргер і іншыя. Яўген Клумаў сярод іх - бясспрэчны аўтарытэт.

У гады Другой Сусветнай вайны быў актыўным ўдзельнікам мінскага падпольнага руху. Праз Клумава - ён быў вядомы партызанам пад псеўданімам Самарын - ішлі ў лес медыкаменты, бінты, хірургічныя інструменты. Пад наглядам і кіраўніцтвам Клумава былі разгорнутыя два палявыя шпіталі ў лясах.

У 1943 годзе его выдаў немцам правакатар. У канцлагеры Трасцянец, куды прывезлі сям'ю Клумавых, іх адразу ж пазналі. Лагернае начальства прапаноўвала яму выехаць у Германію, каб працягваць там лекаваць. Клумаў адмовіўся.
Доктар Клумаў загінуў 13 лютага 1944 года у газавай камеры разам з жонкай у лагеры смерці "Малы Трасцянец".

Земскі лекар Яўген Клумаў стаў правобразам доктара Савіча ў знакамітым рамане Івана Шамякіна "Сэрца на далоні".
Мікалай Яўсеевіч Саўчанка (1922-2001) - беларускі уролаг, акадэмік НАНБ, доктар медычных навук, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, прафесар. Міністр аховы здароўя БССР (1966-1986).

Сялянскі сын, ураджэнец Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. 15-гадовым хлопцам паступіў у Мінскі медычны інстытут, а ў 1941, будучы студэнтам 3-га курса, пайшоў на фронт санінструктарам.

Пасля вучобы ў ад'юнктуры кафедры уралогіі Ленінградскай ваенна-медычнай акадэміі (1951-1954) і абароны кандыдацкай дысертацыі спецыялізаваўся ў галіне уралогіі.

Мікалай Яўсеевіч стаў ініцыятарам стварэння і кіраўніком Беларускага цэнтра нефралогіі і трансплантацыі нырак, дзе ў 1970 годзе была выканана першая ў Беларусі перасадка ныркі. Укараніў у практыку і ўдасканаліў асобныя хірургічныя прыёмы перасадкі нырак. Упершыню ў СССР распрацаваў хірургічныя метады карэкцыі пола пры гермафрадытызме.

Аўтарытэт беларускай уралогіі і асабіста Саўчанкі быў у тыя гады настолькі высокі, што штогадовыя ўсесаюзныя канферэнцыі уролагаў збіраліся менавіта ў Мінску. Кафедра ўралогіі і нефралогіі Мінскага медінстытута стала галаўной установай у СССР па лячэнні прыроджаных анамалій мочапалавых органаў.


За 20 гадоў працы на пасадзе міністра аховы здароўя рэспубліка выйшла на перадавыя пазіцыі ў СССР па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўцы і укамплектаванню медыцынскімі кадрамі, паказчыках здароўя насельніцтва і дзейнасці лячэбна-прафілактычных устаноў. Належнае развіццё атрымала медычная навука - адкрыты шэраг новых навукова-даследчых інстытутаў.

Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 11 манаграфій і 9 вынаходстваў.

4-ы Мінскі клінічны шпіталь носіць імя Мікалая Яўсеевіча Саўчанкі, заснавальніка беларускай уралогіі.
Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка (1848-1905) – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай навуковай думкі другой паловы XIX - пачатку XX ст., чые даследаванні апярэдзілі свой час. Доктар медыцыны, прафесар, член-карэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства. Яго навуковыя інтарэсы ахоплівалі галіны медыцыны і прыродазнаўства. Іх асаблівасцю быў універсалізм. Усебаковы знаўца таемнасцей электрычнасці, ён зрабіў шэраг выдатных адкрыццяў. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму электрамагнітных хваляў на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, 1891), але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае прыярытэт Я. Наркевіча-Ёдкі ў гэтым вынаходніцтве - пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898).
Апроч таго, зрабіў значныя адкрыцці ў галіне метэаралогіі, за што ўзнагароджаны сярэбраным медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Нарадзіўся ў Менскай губерніі, паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў гербу "Ліс". Нашчадак у тым ліку роду Касцюшкаў па матчынай лініі. Скончыў Менскую гімназію (1865), працягваў навучанне ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене. Асноўная навуковая дзейнасць вучонага праходзіла ў яго радавым маёнтку Наднёман. Тут была створана метэаралагічная станцыя, якая ўваходзіла ў склад Галоўнай фізічнай абсерваторыі Расіі.

Якуб Атонавіч быў таксама выдатным урачом. Ён даказаў, што з дапамогай электраграфіі можна вызначыць псіха- і фізіялагічны стан чалавека і ўдала выкарыстоўваў яе для дыягностыкі хвароб і лячэння захворванняў. За гэта адкрыццё ў 1900 г. магнетычная секцыя Міжнароднага кангрэса ў Парыжы абрала Я. Наркевіча-Ёдку сваім прэзідэнтам, і яму было прысвоена званне прафесара электраграфіі і магнетызму.

У 1892 годзе ён адкрыў у Наднёмане аднайменны санаторый. Тут практыкаваліся самыя перадавыя метады аздараўлення: лячэбныя ванны, спецыяльная гімнастыка, мінеральныя воды, дыетычнае харчаванне. А галоўнае - электратэрапія і электрамасаж, распрацаваныя і запатэнтаваныя самім Наркевічам-Ёдкам, якія выкарыстоўваліся для спаралізаваных і нервова-хворых.

У 1896 годзе ў санаторыі адкрылася кумыса-лячэбная ўстанова, дзе пад кіраўніцтвам лекара памочнікі з Башкірыі гатавалі для пацыентаў карысны для здароўя кумыс.

У тыя часы на тэрыторыі сучаснай Беларусі лютавалі сухоты, лячэнне якіх стала адным з асноўных кірункаў медычных пошукаў навукоўца. У санаторый "Наднёман" з'язджаліся хворыя на сухоты забяспечаныя людзі з усёй Еўропы. Яны жылі ў асобных будынках, кожны - на аднаго пацыента, у светлым сасновым лесе. Паблізу былі адкрыты крыніцы мінеральнай вады, цяпер побач з імі месціцца санаторый Пад'ельнікі.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. у маёнтку у Наднёмане размяшчалася школа механізатараў, частку пабудоў разабралі на будаўнічы матэрыял. Навуковае абсталяванне вывезлі. Да 1941 г. тут мясціўся дзіцячы санаторый. Падчас вайны партызаны ўзарвалі палац. А ў 1995 г. рухнула вежа, дзе знаходзілася метэралагічная станцыя.

Рэшткі сядзібы і санаторыя знаходзяцца ў вёсцы Наднёман, Уздзенскі раён, Менская вобласць, 84 км ад Менску.