MovaMed
150 subscribers
24 photos
5 files
26 links
Ініцыятыва для пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў медыцыне.
Пішыце ў бот: @MovaMedBot
Download Telegram
Раней, у сівую мінуўшчыну, людзі «тырчалі» з дапамогай прэпаратаў ці рэчываў. Бухло, тытунь, грыбочкі-псілацыбы, ганджубас-мурава, апіяты, морфій, герыч. Яны «хадзілі па вене» і «нюхалі». Яны палілі люльку і глыталі таблетачкі. Усё гэта ўзаемадзейнічала з мозгам, сасудамі, нервовай сістэмай, сэрцам, прыгнятала, узбуджала, правакавала нейкія там гармоны.
Галоўнае: наркотыкі можна было памацаць. Марачкі-ЛСД, эфедрынчык, спіды. Цудадзейныя дарожкі і шышачкі, празрыстыя пакецікі з канабіноідамі, сінтэтычны спайс у папяровых канверціках з паэтычнымі назвамі. Нават клей «Мамент» быў для іх брамай у «Дзіўны новы свет». Чалавек прагна аглядаў наваколле ў пошуках торча. У маках ён бачыў опій, у чырвоных мухаморах - псілацыбін, у каноплях - канабіноіды, у Erythroxylon coca - коку. Ён жор, калоўся, удыхаў і губіў сваё цела, свой мозг, сваю нервовую сістэму. Тыя цёмныя часы мінулі.

Віктар Марціновіч, «Мова»
Заўтра, ср 21.04 а 19:00 адбудзецца лекцыя анлайн у простым эфіры на YouTube

Тэма: «Атручванні псіхаактыўнымі рэчывамі: сімптомы, дапамога»
Лектар: Урач-псіхіятр-нарколаг, кандыдат медычных навук Уладзімір Пікірэня

https://youtu.be/z8vOpafthCk
MovaMed
Спасылка на трансляцыю: https://youtu.be/z8vOpafthCk
Мы ўжо ў эфіры!

Задавайце свае пытанні лектару ў чаце на ютубе 😊
Дзякуй Уладзіміру Іванавічу і ўсім, хто глядзеў сённяшнюю трансляцыю!

Запіс лекцыі будзе даступны на канале, калі завяршыцца апрацоўка відэа 🎥
Лекцыю Ўладзіміра Пікірэні ўжо можна паглядзець на нашым YouTube-канале. Відэа дыскусіі і лексічны слоўнік з'явяцца неўзабаве.

Лекцыя будзе цікава не толькі медыкам. Бо праблема наркаспажывання і атручвання псіхаактыўнамі рэчывамі далёка не медычная.

У беларускім грамадстве выпрацаўвалася агрэсіўнае стаўленне да спажыўцоў забароненых псіхаактыўных рэчываў. Нават лекары карыстаюцца стыгматызуючым тэрмінам «злоўжыванне», які мае негатыўную маральную адзнаку і не мае адносінаў да медыцыны.

Калі мы хочам жыць у краіне, дзе галоўная каштоўнасць — чалавек і яго правы, нам трэба мяняць сваё стаўленне да спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў. Тым больш, што самую вялікую сацыяльную рызыку мае легальнае псіхаактыўнае рэчыва — алкаголь. З лекцыі вы даведаецеся пра стратэгію зніжэння шкоды.

P.S. Пачынаючы са жніўня 2020 года некаторыя крамы па продажы забароненых рэчываў, перайшлі на беларускую мову. Як вы думаеце, гэта знак чаго?
Як заўсёды, барацьба тут вялася ў некалькі этапаў. Спачатку яны заканадаўча зраўнавалі адказнасць за захоўванне марыхуаны і мовы (некалі за грам марыхуаны можна было зайсці на 6 гадоў, ці вы ў гэта сёння верыце?). Потым адказнасць за марыхуану, спайс і іншую лёгкую дурноту адмянілі наогул. А адказнасць за мову павялічылі да дзесяці гадоў. Потым увялі смяротнае пакаранне для барыг.
Што рабілася ў гэтыя часы ў краіне? Мне вельмі цікава было б на гэта паглядзець! Бо ніякіх дакументальных сведчанняў, як вы разумееце, не засталося. Магу дапусціць, што спачатку ўсе, у каго былі друкаваныя кнігі на мове заціхарыліся. Потым, калі зрабілася зразумела, што дзяржава не жартуе, — масава панеслі здаваць. Кажуць, была кампанія, кшталту: здаў самастойна — пазбавіўся ад адказнасці. Але кампанія цягнулася некалькі месяцаў. Што было пасля гэтага? Цалкам зразумелая з’ява! Усе тыя, хто не здаў, акуратненька знішчылі ўсё, што мелі на руках. Спалілі і развеялі попел. Раздзерлі і скармілі мышам.
Упэўнены: раз на паўгода Дзяржнаркакантроль ладзіў паказальную справу — гэта цалкам у ягонай стылістыцы! Каго-небудзь публічна каралі смерцю, паралельна нагнятаючы па Net-візары гістэрыю пра «кінутых наркаманамі дзяцей», абрабаваных, забітых і скалечаных «у пошуках грошай на дозу» мінакоў.
І вось праз даволі кароткі час адбыўся цуд: у краіне, дзе некалі кніг былі мільёны, не засталося ніводнай «друкаванкі». Усё было знішчана, прычым не дзяржавай — тут яе магчымасцяў пошуку і кантролю проста не хапіла б! А простымі людзьмі. Іх страхам трапіць у турму ў межах «паказальнай справы». Іх паранояй. Іх асцярогамі.

Віктар Марціновіч, «Мова»
Слоўнік_Атручэнні_псіхаактыўнымі_рэчывамі.docx
11.3 KB
Пасля лекцыі, абмеркавання і кансультацыі з мовазнаўцамі выкладаем Слоўнік па тэме «АТРУЧЭННІ псіхаактыўнымі рэчывамі»

У беларускай мове адрозьніваюцца словы, якія абазначаюць працэс і вынік:
працэс называецца атручваньне, вынік - атручэньне.
Абвінавачваньне і абвінавачаньне. Забруджваньне і забруджаньне.

Таксама памятаем, што існуюць два варыянты правапісу беларускай мовы: тарашкевіца (сэдатыўны, нэрвовы, атручэньне) і наркамаўка (седатыўны, нервовы, атручэнне). Мовазнаўцы лічаць, што тарашкевіца лепш прыстасаваная для перадачы лацінізмаў.

Пакідаем пытанне для абмеркавання. Як лепш сказаць па-беларуску: купировать боль, приступ купировался? Пакідайце вашыя меркаванні ў каментарах.
Тэма наступных заняткаў: «Неадкладныя сітуацыі ў гінекалогіі»

Пры вострым жываце ў жанчын лекар, у першую чаргу хірург і лекар хуткай дапамогі, мусіць правесці дыф. дыягностыку з хваробамі жаночай палавой сістэмы.

Лекар-гінеколаг, які працуе ў стацыянары, распавядзе пра:
* апаплексію яечніка;
* перакрут яечніка;
* міёму маціцы з парушэннем сілкавання;
* гнойныя хваробы яечніка і мацічнай трубы;
* пазамацічную цяжарнасць.

Асаблівасць тэрмінаў абумоўлена тым, што большасць іх здаўна ёсць у любой мове, у тым ліку беларускай. Таму ў слоўніках розных часоў мы знаходзім розныя варыянты.

Uterus - маціца і матка
Hymen - дзявоцкая плява і дзявоцкая балона (балонка)
Virgo intacta - нявінніца, дзевая, цнатлівая, цэлка
Mensis - менструацыя, рэгулы, аплавы
Зачать - зачаць, панесці, заснітаць

Калі наш канал чытаюць журналісты дзяржаўнага тэлебачання, гэтая інфармацыя для іх. У 2018 годзе ААН і Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікалі спыніць тэставанне на дзявоцкасць. Устанаўленне цнатлівасці на падставе гінекалагічнага агляду з'яўляецца балючай, зняважлівай практыкай, якая траўмуе і медычна немэтазгодна. Наданне "цнатлівасці" значнасці з'яўляецца формай гендэрнай дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Гэта парушае права чалавека і галоўны прынцып медыцыны "Не нашкодзь".

https://www.who.int/ru/news/item/17-10-2018-united-nations-agencies-call-for-ban-on-virginity-testing
«Неадкладныя сітуацыі ў гінекалогіі»

Выступоўца: Станіслаў Салавей, гінеколаг

Відэа з заняткаў 13.05.21

Мы не выкладаем відэа цалкам, бо нашыя заняткі праходзяць у форме моўнага клубу і галоўны сэнс іх у тым, што лекары розных спецыяльнасцяў дзеляцца сваім досведам і спрабуюць весці медычную дыскусію па-беларуску. Гэта не проста, але вельмі цікава. Калі яшчэ лекар-функцыяналіст ці фармацэўт можа задаць пытанні дасведчанаму гінеколагу? Хаця Станіслаў хацеў, каб яго пачулі ў першую чаргу хірургі і перанялі далікатнасць пры аперацыях на жаночых палавых органах.

https://youtu.be/hcJgoveFAfM
Прэзентацыя. «Неадкладныя сітуацыі ў гінекалогіі»

Станіслаў Салавей, гінеколаг

Слоўнічак па тэме выкладзем пасля кансультацый з мовазнаўцамі

https://drive.google.com/file/d/191qLyymCo7pUKRmgictehQeGTGFJSjMO/view?usp=sharing
Добры дзень, шаноўныя сябры!

Апошнія падзеі не спрыяюць правядзенню заняткаў MovaMed :(

Зараз за кратамі знаходзяцца нашыя калегі: хірург-стаматолаг Андрэй Любецкі і неўролаг Аляксандр Цялега.
Была дэпартавана з Беларусі фельчарка Кіра Коршун. Арыштавана, правяла суткі на Акрэсціна і атрымала вялікі штраф лекарка-кардыёлаг Вольга Карнеева.

У Шклоўскай калоніі загінуў палітвязень, беларускі патрыёт Вітольд Ашурак.
Скончыў жыццё самагубствам праз пераслед за масавыя беспарадкі 18-гадовы юнак Дзмітрый Стахоўскі.

1 чэрвеня падчас судовага паседжання Сцяпан Латыпаў паспрабаваў сабе перарэзаць горла на знак пратэсту.

Вельмі цяжка працягваць хадзіць на працу, выконваць свае абавязкі, думаць пра сваіх пацыентаў.

Як мы, медыкі, можам гэта спыніць?
Што мы можам рабіць
для новай Беларусі зараз, калі нават за спалучэнне колераў вопраткі можна атрымаць адміністратыўнае пакаранне?

Шаноўныя калегі! Мы можам ужо зараз працаваць на будучыню. У нас ёсць нашая мова, якая нас яднае і без якой немагчыма ўявіць вольную незалежную Беларусь. Далучайцеся да ініцыятывы MovaMed. Падрыхтуйце прэзентацыю па вашай тэме па-беларуску і выступіце з ёй. Не бойцеся памылак. Нашыя мовазнаўцы дапамогуць з перакладам. Галоўнае не чысціня вашай беларускай мовы, а ўсведамленне важнасці роднай мовы для вас і новай Беларусі. Пішыце ў бот і мы абмяркуем дэталі вашага выступу.

Паглядзіце ролік Сцяпана Латыпава, паслухайце, як прыгожа гучыць: "Я займаюся лекаваннем дрэў" :)

Напішыце лісты нашым калегам-палітвязням:

Андрэй Любецкі, СТ-8, Жодзіна, вуліца Савецкая, 22А.
222163

Аляксандр Цялега, Турма-1, Гродна, вуліца Кірава, 1. 230023

Жыве Беларусь!

https://facebook.com/watch/?v=3295104357184617
MovaMed
Неадкладныя_сітуацыі_ў_гінекалогіі.docx
Пасля кансультацыі з мовазнаўцам выкладаем слоўнічак па тэме:

«Неадкладныя сітуацыі ў гінекалогіі»

Дзякуй калегам, якія сваім удзелам у MovaMed робяць вялікую справу па вяртанні беларускай мовы ў медычную сферу. Каб мова не ўмерла, на ёй трэба проста размаўляць. Каб стомлены беларус набраўся сіл для працягу шляху, яму трэба проста сустракацца з аднадумцамі :)

Далучайцеся да MovaMed!
Давайце дапаможам калегам з 22-й ГДП г. Мінска перакласці сайт на беларускую мову. Яны пытаюцца, як перакласці «слабовидящий»?
Anonymous Poll
19%
Слабавідушчы
81%
Асоба са слабым зрокам
Паважаныя калегі!
Тэма нашых наступных заняткаў «УЛЬТРАГУКАВАЯ ДЫЯГНОСТЫКА». Пасля заняткаў, абмеркаванняў і кансультацый з мовазнаўцамі плануем выкласці варыянты пратаколаў УГД органаў брушной паражніны і судзінаў ніжніх канцавінаў.
Лекары УГД! Далучайцеся і дзяліцеся сваім досведам!

А мы падзелімся з вамі нашай "кухняй" падчас падрыхтоўкі да заняткаў і кансультацый з мовазнаўцамі :)

1.Флотирующий тромб (тромб, который плавает англ. floatation плавание). Частка тромба не замацавана у судзіне і вольна плавае ў патоке крыві. Былі варыянты – флаціруюшчы, плаваюшчы.

«Наўрад ці тут трэба замацоўваць англіцызм, бо floating ужыта не ў пераносным, а ў самым наўпроставым значэньні — ‘плывучы’. Пагатоў і дзеепрыметнікі на -ушчы немагчымыя, і суфікс -ір- непажаданы. У суседніх мовах упэўнена ўжываюць свае азначэньні: pływająca skrzeplina (польск.), plovoucí trombus (чэск.), plaukiojantis trombas (літ.). Таму — плывучы тромб»

2.Сафено-феморальное соустье - месца злучэння сафеннай вены з фемаральнай венай. Былі варыянты: савусце, сутока, злучэнне.

«Ангельскі тэрмін sapheno-femoral junction азначае ня вусьце (пагатоў здвоенае), а злучэньне. Таму, калі вены „раўнапраўныя“, то найлепш — сутока (аналягічна дзьвюм рэкам)»


3.Остиальный клапан состоятельный (клапан выконвае сваю ролю – прапускае паток крыві толькі ў адным напрамку).

«У англамоўнай практыцы ўжываюць некалькі прыметнікаў пра такі valve: incompetent, insufficient і нават leaky ‘дзіравы’. Таму лепш старацца не літаральна перакласьці з ангельскай, а адлюстраваць у слове сутнасьць зьявы. У суседзяў:
nedostatečnost па-чэску (гэта калька з insufficiency, хоць у ангельскай sufficient азначае і ‘адэкватны’),
niewydolność (zastawek żylnych) па-польску,
здатність/нездатність па-ўкраінску.
На маю думку, якраз польскі і ўкраінскі варыянты лепш апісваюць праяву. Калі выбіраць паміж гэтымі прыкладамі, то (ня)здатны, (ня)здатнасьць лепшы варыянт за (ня)здольнасьць, бо не вымагае залежнага слова. „Здольны“ заўсёды да нечага, а „здатны“ можа быць і наагул. Астыяльны (клапан) здатны

Напрыканцы прапануем апытанку.
Valva. Медычныя слоўнікі даюць пераклад "клапан". Але ёсць і беларускія адпаведнікі: зáсланка і зáтамка.
Як вы думаеце, які беларускамоўны варыянт лепш пасуе да лацінскага тэрміну valva, па-расейску 'клапан'?
Anonymous Poll
34%
Клапан
54%
Засланка
12%
Затамка
Рыхтуемся да заняткаў «Ультрагукавая дыягностыка пры вострай хірургічнай паталогіі».

Прапануем прагаласаваць за найлепшы пераклад Omentum - сальник. Знойдзеныя ў слоўніках варыянты:
Anonymous Poll
78%
Сальнiк
22%
Чапец