НАВУМЧЫК
1.21K subscribers
149 photos
12 videos
172 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
З Днём Незалежнасьці, сябры! Будучыня – за моладзю, з Пагоняй і пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам! Жыве Беларусь!
Ці была магчымасьць ліквідаваць КДБ у 1991 годзе, як гэта зрабілі са «Штазі» ў Нямеччыне ці з STB у былой Чэхаславаччыне? Калі дэталёва вывучаеш храналёгію жніўня-верасьня 1991-га, дык пераконваесься: так, была. Але толькі вельмі кароткі час, і скарыстаць гэтую магчымасьць мог толькі адзін чалавек. І не ў Беларусі. Тут важна заўважыць, што ў жніўні 1991-га КДБ, як і КПСС, быў адзінай «саюзнай» структурай. І што ўказ Ельцына аб спыненьні дзейнасьці КПСС папярэднічаў рашэньню Вярхоўнага Савету БССР аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС. Аднак трэба прызнаць, што ў Беларусі ў той час не было сілаў, здольных ліквідаваць КДБ. Шушкевіч ня меў на гэта паўнамоцтваў. У Маскве такая сіла — дакладней, фігура — была: Ельцын. Расейская публіцыстка і аўтар кніг пра савецкія спэцслужбы Яўгенія Альбац неяк сказала, што ў жніўня 91-га Барысу Ельцыну было дастаткова адчыніць дзьверы Лубянкі і сказаць чэкістам: «Вы папрацавалі — і хопіць. Дзякуй. Разыходзьцеся!» — і на дзейнасьці КДБ быў бы пастаўлены крыж. Замест гэтага натоўп зьнёс помнік Дзяржынскаму, а структура засталася некранутай, толькі зьмяніла назву (у Беларусі, нагадаем, і назва засталася ранейшаю). Вядома, у такіх словах публіцысткі можна ўгледзець пэўнае спрошчваньне. Але той, хто памятае атмасфэру пасьля паразы путчу ў жніўні-верасьні 1991-га, пацьвердзіць: Ельцын зь ягоным іміджам пераможцы над путчыстамі ў тыя дні мог зрабіць усё, што пажадаў бы, пры поўнай падтрымцы абсалютнай большасьці насельніцтва Расеі. І Леніна з маўзалею маглі вынесьці, і з КДБ скончыць. Спыніў жа ён адным сваім указам дзейнасьць КПСС зь ягонымі ЦК і абкамамі — падпісаўшы гэты ўказ проста пад носам генсека Гарбачова, і ніхто нічога ня здолеў зрабіць. Тое ж самае магло б быць і з КДБ. Празь некалькі месяцаў Ельцын ужо такой магчымасьці ня меў — радыкальныя рынкавыя рэформы прывялі да рэзкага росту цэнаў, рэйтынг Ельцына пачаў падаць. Дый чэкісты адышлі ад пасьляпутчавага шоку. КПСС зьнішчылі, КДБ не змаглі. Што не ўдалося зрабіць у 1991 годзе (Поўны тэкст па спасылцы) http://www.svaboda.org/a/32563584.html
НЯ ЎСЁ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ПАЛІТЫКАЎ. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону і прыпыніў дзейнасьць КПБ-КПСС.

Гэта былі рашэньні па-сапраўднаму гістарычныя. Але сёньня, больш як праз тры дзесяцігодзьдзі, усё часьцей гучыць пытаньне: а ці ўсё магчымае было зроблена? І калі ня ўсё, дык хто ў гэтым вінаваты? Папраўдзе, гісторыкі лічаць разважаньні «Што было б, калі б?..» ненавуковымі і дылетанцкімі. Аднак, тычыцца гэта напалеонаўскіх войнаў, ці падзеяў 1917 году ў Расейскай імпэрыі, ці бліжэйшых да нас, сьведкамі якіх нам самім давялося быць, — размовы пра магчымыя варыянты разьвіцьця тых ці іншых падзеяў не сьціхаюць. І кожны раз, калі прыгадваецца жнівень 1991-га, хтосьці абавязкова ўзгадае, што тое ці іншае можна было зрабіць інакш, той ці іншы палітык мог дзейнічаць па-іншаму, нешта было зьдзейсьнена своечасова, а нешта — ня зьдзейсьнена зусім. Такія развагі маюць сэнс і могуць прынесьці карысьць (нягледзячы на вядомую думку, што гісторыя нікога нічому ня вучыць). Адзінае, што павінна быць, як падаецца, абавязковым — прынцып сувымернасьці жаданага і рэальнага.

Іншымі словамі, варта разьмяжоўваць тэзісы: маглі зрабіць, але не зрабілі — гэта адно, а трэба было зрабіць, ды не было рэальных магчымасьцяў — зусім іншае. Скажам, калі ўзгадаць той жа жнівень 1991-га, у сёньняшняй дэмакратычнай частцы беларускага грамадзтва існуе кансэнсус, што адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці і прыпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС павінна была адбыцца люстрацыя — як у некаторых краінах Усходняй Эўропы.

Аднак наўрад ці слушна вылучаць прэтэнзіі за яе адсутнасьць дэмакратычным дэпутатам: у Вярхоўным Савеце яны складалі нязначную частку дэпутацкага корпусу. Большасьць жа фармавалася ня проста з асобаў з партбілетамі, але з тых, хто гадамі займаў пасады ў партыйным апараце ці ўваходзіў у кіроўныя партыйныя органы — райкамы, гаркамы, абкамы, нарэшце, ЦК КПБ.

Яны яшчэ маглі прагаласаваць за незалежнасьць і прыпыненьне дзейнасьці партыі, каб утрымацца ў дэпутацкіх крэслах, але галасаваць за пазбаўленьне саміх сябе сродкаў да існаваньня — гэта ўжо было цалкам нерэальна. Такое не адбылося ні ва Ўкраіне, дзе пазыцыі РУХу былі значна мацнейшыя, чым тыя, што меў БНФ у Беларусі, ні ў Расеі, дзе прэзыдэнтам ужо быў Ельцын, які адкрыта дэкляраваў антыкамуністычныя лёзунгі. Дзеля таго каб гэта адбылося, на плошчы перад Домам ураду павінны былі зьбірацца не дзясяткі тысяч чалавек, а сотні тысяч. Альбо яшчэ раней, вясной 90-га, на выбарах Вярхоўнага Савету і мясцовых органаў улады беларусы павінны былі больш актыўна і больш рашуча абараняць дэмакратычных кандыдатаў і сваё права на выбар. Тады б расклад у парлямэнце, магчыма, быў бы на карысьць рашучых дэмакратычных рэформаў. Ад палітычных дзеячоў, бясспрэчна, залежыць шмат, але ня ўсё. У пэўныя моманты, якія потым фіксуюцца гісторыкамі як «вызначальныя», сваё слова мусіць казаць і грамадзтва. А выказваецца яно звычайна адпаведна з узроўнем сваёй нацыянальнай сьвядомасьці і палітычнай культуры.
У 2020-м ў адказ на словы пра “нацыянальны прарыў” і “зьмену ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці” я раіў не сьпяшацца з высновамі.

700 тысяч, якія 16 жніўня 2020 выйшлі пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі — гэта тая самая лічба, як і колькасьць (афіцыйна) у 1994 прагаласавалі за Пазьняка.

Так, палітычная актыўнасьць ў 2020-м была большая, гэта ясна. Але кожны, хто ў 1994 галасаваў за лідэра БНФ, рабіў цалкам асэнсаваны нацыянальны абсалютна не-прарасейскі выбар (Расея — галоўная праблема Беларусі апошнія 200+ гадоў). Тыя, хто галасаваў за Пазьняка пасьля артыкула “О русском империализме и его опасности», палажэньні якога сёньня, здаецца, не аспрэчваюцца.

Несумненна, кожны, хто выйшаў у 2020-м, быў супраць Лукашэнкі. Але вось ці кожны быў настроены не прарасейскі?

Я сам чуў у чэрвені 2020, і не аднойчы — “Скорее бы Путин убрал Лукашенку и взял нас в Россию”. Ну а пра “Мы не ставим целью изменить геополитический выбор” лідэры пратэсту казалі неаднойчы, бо “паліттэхнолагі” (назавем іх так) лічылі гэта тэзісам, які прыцягне большасьць.

Гэтай большасьці не было як зьмяніцца - 200+ гадоў ім убівалі ў галаву, што накірунак адзін - разам з Расеяй, і толькі на кароткі час з 1990 па 1995 тытульная апазыцыя мела абмежаваную магчымасьцт даносіць іншае (у 1995 годзе БНФ быў адсунуты ад лідэрства, на першы план у апазыцыі выйшлі сілы, якія падтрымлівалі інтэграцыю з РФ).

Цяпер насельніцтва Беларусі пад такім праімперскім і прарасейскім ціскам, пад якім ня быў з моманту здушэньня паўстаньня 1863 году.

У 1930-х за адну толькі беларускую мову не рэпрэсавалі, рэпрэсавалі за нешта “ня тое”, сказанае па-беларуску; сёньня за беларускае слова сілавікі могуць зьбіць — і на волі, і ў турме.

Беларусь уступіла ў самы чорны пэрыяд сваёй гісторыі, ва ўсякім разе, на памяці жывучых цяпер пакаленьняў. Скончыцца ён можа толькі пад ўзьдзеяньнем нейкіх зьнешніх падзеяў, і ніяк інакш. Бо ў самой Беларусі ўсё прыдушана і прыгнечана — і палітычная, і грамадзянская, і культурніцкая нацыянальная актыўнасьць. Наўрад ці зьменіць гэта і сьмерць Лукашэнкі — т.зв. эліта надзейна кантралюецца Масквой, пераемнік будзе прызначаны ёй, і тут ня варта мець ілюзій.

“Вакно магчымасьцяў” можа прыадчыніцца толькі ў выпадку крушэньня (распаду) Расейскай імпэрыі (што зусім ня тоесна адно толькі падзеньню Пуціна). Ці зацікаўлены ў такім распадзе Захад, ці гатовы ён да гэтага? У 1991 у крушэньні СССР быў не зацікаўлены, не гатовы і ўпусьціў гістарычны шанец.

Што ж застаецца рабіць? Тое, што пры ўсіх абставінах непазьбежна: беларускамоўныя школы, беларускі кнігадрук (асаблівая ўвага - выданьням па гісторыі), беларускае мастацтва (нацыянальны тэатр у тым ліку, і было б цудоўна, каб і кіно не на”великом и могучем”).

У Беларусі ўмовы для гэтага практычна зьнішчаныя — тым большая адказнасьць дыяспары, пра што цяпер гаворыцца шмат, і гаворыца слушна. Магчыма, гэта адзіны спосаб зьберагчы нацыянальную ідэнтычнасьць, калі адбудзецца самае горшае — анэксія Беларусі і страта Незалежнасьці — і сітуацыя замарозіцца на дзесяцігодзьдзе.
ДА ГАДАВІНЫ ПА ГАРБАЧОВУ

Неяк прачытаў, што як нягледзячы на вызваленьне мільёнаў ваязьняў ГУЛАГу , рускі народ ня можа дараваць Хрушчову кукурузу, гэтак і Гарбачову, які даў свабоду, ня могуць дараваць антыалкагольнай кампаніі.

У беларусаў і ўкраінцаў рахунак да Гарбачова больш цяжкі: Чарнобыль. Хаця як члену расьследвальніцкай парламенцкай камісіі мне ёсьць што сказаць на гэты конт, скажу толькі як чалавек, які гутарыў з тагачаснымі членамі Палітбюро і добра ведае расклад сілаў у вышэйшым кіраўніцтве ў 1986-м: выступі Гарбачоў адразу — і заўтра на ягоным месцы былі б Грышын ці Раманаў. Людзі не былі б уратаваныя тым больш, а вось камуністычны лад замацаваўся б на доўгія гады.

Не зьбіраюся апраўдваць Гарбачова за тую чарнобыльскую паўзу, але перакананы, што ў падліку добрага і нядобрага па выніку ягонай палітычнай дзейнасьці — добрае істотна пераважвае.

Без імпульсу, які даў Гарбачоў, адназначна не была б магчымая праўда пра Курапаты, як вынік - стварэньне БНФ і далей — Незалежнасьць (хаця распаду СССР, як і камуністычнай сыстэмы ён, ясна, не жадаў). І незалежнасьць балтыйскіх рэспублік была б немагчымай вельмі, вельмі доўга - тыя ж літоўцы толькі б марылі пра яе, як дзесяцігодзьдзямі марылі пра папярэдніх генсеках. Тов. Раманаў паказаў бы ім і “саюдзісы”, і “балтыйскія шляхі” — зрабіў бы зь Вільні Марыюпаль, пад единодушное одобрение советского народа. І ніякі Буш-старэйшы ці Мітэран і ня пікнулі б.

Па-мойму, цяпер, з улікам праяўленьня исконных помыслов русского народа (ва ўсякім выпадку, 80%) гэта відавочна.

Рады, што пасьпеў асабіста выказаць удзячнасьць Міхаілу Сяргеевічу за тое сьветлае, што ён зрабіў. Не ад беларускага народа, зразумела. Ад сябе.

Ад імя народа можа казаць толькі нацыянальны геній. Васіль Ўладзімеравіч Быкаў словы ўдзячнасьці Гарбачову сказаў.
Сёньня Лукашэнка дагнаў Сталіна па працягласьці часу ва ўладзе.

... Галоўнае, у чым Лукашэнка і Сталін падобныя — выкарыстаньне рэпрэсій і насаджэньне ў грамадзтве страху.

Улада Лукашэнкі абапіралася на прымат сілавога падаўленьня палітычных апанэнтаў на працягу ўсіх 29 гадоў. Але апошнія тры гады рэпрэсіі набылі нечуваны для найноўшай беларускай гісторыі маштаб і зрабіліся рэпрэсіямі супраць грамадзтва, а ня толькі супраць партыйных актывістаў.

А вось наконт страху, які выклікае рэжым па-за межамі дзяржаў — існуе розьніца. Сталін памёр, калі СССР, сапраўды, выклікаў у сьвеце страх — яшчэ сьвежай была ў памяці бязьлітаснасьць, зь якой савецкія маршалы клалі мільёны жыцьцяў на палях бітваў, і не было сумневаў, што ў крамлёўскага гаспадара не задрыжыць рука, каб націснуць ядзерную кнопку.

Лукашэнка ж успрымаецца міжнароднай супольнасьцю ў самым незайздросным вобразе, які толькі можа сабе ўявіць пэрсона на мяжы трэцяга дзясятку свайго панаваньня. Наяўнасьць ядзернай зброі, якая, па лёгіцы, мусіць выклікаць страх — насамрэч выклікае зьдзек. Спробы напужаць суседзяў атамным ударам суправаджаюцца камэнтарамі, што рэальныя магчымасьці Лукашэнкі роўныя ці нават меншыя, чым у якога-небудзь маёра, чыім функцыянальным абавязкам зьяўляецца націсканьне той самай кнопкі.

Заняпалая эканоміка, сацыяльны крызіс, дэмаграфічная катастрофа, зьнішчэньне нацыянальнай культуры — далёка ня поўны пералік таго, што называюць аглядальнікі, калі кажуць пра вынік амаль трох дзесяцігодзьдзяў знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе.

Што можна дадаць да гэтага? Толькі адно: у статусе сувэрэннай краіны Беларусь ніколі яшчэ не была нагэтулькі блізкай да страты незалежнасьці, як на трыццатым годзе праўленьня чалавека, які, паклаўшы руку на Канстытуцыю з «Пагоняй» на вокладцы і стоячы пад бел-чырвона-белым сьцягам, прысягаў яе абараняць. Поўны тэкст - па спасылцы https://smarturl.click/9nkv
Сёньня афіцыйны дзень народзінаў Алеся Адамовіча (1927-1994). Насмрэч, нарадзіўся ён 3 жніўня 1926, але маці ў вайну яго “падмаладзіла”, каб ня вывезьлі ў Нямеччыну. А нам – яшчэ адна нагода ўзгадаць вялікага беларуса. На фота – разам з Элемам Клімавым і Габрыэлем Гарсія Маркесам.
ІДЭАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ ДЛЯ КРАМЛЯ – ТЭРЫТОРЫЯ БЕЗ НАСЕЛЬНІЦТВА, ВАЕННЫ ПАЛІГОН
«Лукашэнка ведае, што яго заўсёды падтрымае Масква, бо Крэмль зацікаўлены ў Беларусі. Ён зацікаўлены ў ёй, калі б нават на тэрыторыі краіны не было ніводнага заводу, калі б нават не пралягала труба. Калі б і людзей на гэтай тэрыторыі не было. Бо тэрыторыя Беларусі – гэта для Расеі ключавы вайскова-стратэгічны пляцдарм».

Гэтыя радкі я апублікаваў на сайце Свабоды адзінаццаць гадоў таму, 15 жніўня 2012-га, але пра тое, што Беларусь важная Расеі найперш з ваеннага гледзішча, мы, дэпутаты БНФ казалі з пачатку 90-х. Асабліва гучна – у 1993-м, які, на вялікі жаль, завяршыўся падпісаньне Шушкевічам дамовы аб уступленьні Беларусі ў АДКБ.

Мяне зьдзіўляла, калі чуў ад некаторых рэдактараў незалежных газэт: «Да кінь ты, якія «ваенныя інтарэсы»? Ты мысьліш старымі катэгорыямі, а час ідзе наперад. ХХI стагодзьдзе на носе, цяпер вырашае ня сіла. І каму наша Беларусь патрэбная?». Зрэшты, тыя ж рэдактары лічылі, што «дэмакрат» Ельцын – «лакаматыў, які выцягне Беларусь у дэмакратыю».

Паўтару: ідэальная Беларусь для Пуціна – гэта тэрыторыя без насельніцтва. Ну, тысяч 100 можа быць – каб абслугоўваць вайсковыя карпусы. І яшчэ тысяч 20 сілавікоў, каб трымаць у страху гэтыя сто. А магчыма, хопіць і пары тысяч.
ААН пакуль не знайшло доказаў генацыду ўкраінцаў з боку РФ. Хочацца шмат што сказаць, прыгадаю адно: Халакост таксама быў прызнаны сьветам гадоў праз 20, ці нават пазьней. Слушна заўважана: гісторыя нічому ня вучыць, але "двоешнікаў" пакідае на другі год.
ПРА ПАЛІТЫЧНЫ ПРЫТУЛАК Для мяне было загадкай, чаму толькі мізэрная частка беларусаў (менш за 1%), якія вымушана пакінулі радзіму — падалі на палітычны прытулак. Сёньня мне патлумачылі: бо ў Літве, напрыклад, калі ты падаеш на прытулак — губляеш права на працу. Калі тое сапраўды так, гэта парушэньне Канвэнцыі аб статусе ўцекачоў(Жэнева, 1951), якая наўпрост абавязвае краіны, што яе падпісалі ( усе эўрапейскія краіны падпісалі ці далучыліся) забясьпечыць уцекачам права на працу.


А вось цытата з Канвэнцыі на адной з афіцыйных моў ААН (расейскай), з сайту ААН, «Статья 17 — Работа по найму. «1. Договаривающиеся государства будут предоставлять беженцам, законно проживающим на их территории, в отношении их права работы по найму наиболее благоприятное правовое положение, которым пользуются граждане иностранных государств при тех же обстоятельствах».

Расшыфроўваю: беларускі ўцякач мае такое ж права на працу, як і, напрыклад, грамадзянін ЗША з відам на жыхарства ў гэтай краіне.

Адрозна ад большасьці ўцекачоў з шэрагу краінаў, беларусы не садзяцца на «сацыял» і не сядзяць на ім ня тое што гадамі — пакаленьнямі, а адразу шукаюць сабе працу. Беларусы не зьяўляюцца цяжкім грузам для бюджэту краінаў, якія іх прынялі.

І пры гэтым мы бачым парадаксальную сытуацыю, калі бюракратыяй дзяржаў менавіта беларусам робяцца найбольшыя перашкоды, чым каму-небудзь.

І калі ўжо працягнуць тэму Жэнеўскай канвэнцыі, дык КОЖНЫ грамадзянін Беларусі, які пакінуў Беларусь, паводле гэтай канвэнцыі, мае права на атрыманьне палітычнага прытулку, бо КОЖНАМУ пры вяртаньні патэнцыйна пагражае арышт.

Заходнія краіны, якія называюць сябе дэмакратычнымі, зусім не абавязаныя аблягчаць беларусам працэдуры атрыманьня правоў на часовае жыхарства, як гэта высакародна зрабіла Польшча. Але ўсе яны абавязаныя прытрымлівацца Жэнеўскай канвэнцыі аб правах уцекачоў. Бо яны да яе далучыліся.

Альбо тады хай не называюць сябе прававымі дзяржавамі.
P.S. Калі ж дзяржавы не прадастаўляюць права на працу асобам, якія падалі на палітпрытулак, да моманту атрыманьня імі прытулку на той падставе, што Канвэнцыя наўпрост не абавязвае іх гэта рабіць - гэта ўжо пытаньне ня толькі гуманнасьці, а ўрэшце, і жаданьня дзяржавы выконвабць Канвэнцыю, паколькі такой практыкай яны заахвочваюць чалавека не падаваць на статус палітпрытулку, г.зн., не карымтацца гарантаваным ім Канвэнцыяй ААН правам.
БУДЗЕ ГОРШ, І БУДЗЕ ВЕЛЬМІ ДОЎГА. Пару гадоў таму адна шаноўная спадарыня ў адказ на мой допіс, што дыктатура пратрымаецца вельмі, вельмі доўга (10 гадоў – гэта вельмі аптымістычны прагноз) напісала, што я надзвычай моцна дэматывую людзей. Ніякіх прэтэнзіяў да тых, хто казаў пра «рэжыму засталося нашмат», «Лукашэнка не дасягне да восені» – выказана не было. Ня ведаю, што мела яна на ўвазе пад «матывацыяй» – я бачыў, што пратэст прайграў (і пісаў пра гэта), і разумеў што «матываваць» – заклікаць людзей выходзіць на вуліцы і «змагацца з рэжымам» – азначала б накіроўваць іх наўпрост за краты.

Сьцьвярджэньні, што пратэст прайграў, вельмі не падабалася і ў «штабах» (якія «матывавалі» і складаліся, большасьцю, з тых, чый палітычны досьвед ня меў і году). Мяне б, відаць, увогуле разадралі на часткі, калі б я напрамую параіў зьбіраць рэчы, прадаваць кватэры, афармляць дакумэнты – і зьяжджаць, бо ў агляднай пэрспэктыве ў Беларусі будзе выпаленая зямля.

Адзінае, што мог сабе дазволіць – раіў тым, хто ўжо зьехаў, ня слухаць пра «хутка мы вернемся», а як мага хутчэй афармляць патрэбныя дакумэнты і прадаваць кватэры ў Беларусі, калі яны ёсьць. Але такая парада ня надта ўспрымалася – такая ўжо наша чалавечая натура, заўсёды спадзяемся на лепшае…

Акрамя пэўнага палітычнага досьведу, у мяне было яшчэ і вельмі добрае асабістае веданьне Лукашэнкі, больш як 30 гадоў. Я разумеў ступень помсьлівасьці гэтага чалавека і разумеў, што ніякія рацыянальныя матывы (прычым выгодныя для Лукашэнкі) нічога для яго ня вартыя перад бязьмежным жаданьнем адпомсьціць.

Неяк пісаў на Свабодзе, што для Лукашэнкі з шэрагу прычынаў надзвычай выгодна было б вызваліць Сяргея Ціханоўскага і выслаць яго ў Літву, і ўпэўнены, што такі варыянт яму неаднойчы прапаноўвалі аналітыкі спэцслужбаў. Але жаданьне адпомсьціць за «таракана» і ўсё іншае нагэтулькі невычарпальнае, што гэта перакрывае ўсе аргумэнты.

Апошні ягоны «указ» – гэта, найперш, помста. Ахвярамі якой робяцца сотні тысяч людзей.

Мне асабліва няма чаго параіць тым, хто цяпер апынуўся ў гэтай сытуацыі. Добра іх разумею, бо ў 1996 годзе сам, разам з Пазьняком, прайшоў усе колы бюракратычнага пекла – пад улюлюканьне і лукашэнкаўскіх, і большасьці незалежных СМІ, і шмат якіх лідэраў апазыцыі. Самым аптымальным мне бачыцца падача на палітычны прытулак – дзяржавы абавязаныя яго прадставіць. Так, цяжка давядзецца ў першыя месяцы, але гэта адкрые шлях для поўнай легалізацыі і, пры жаданьні, натуралізацыі.

Разьлічваеце на 20 гадоў. Усьведамляйце, што калі вы прыедзеце праз гэты час у Беларусь, вы, як і я, прыехаўшы праз 20, убачыце зусім іншую краіну і цалкам чужы для вас асяродак (за выключэньнем бацькоўскага дому і некалькіх блізкіх сяброў).

А Офіс, паколькі сёньня ён фактычна манапалізаваў міжнародныя стасункі, мусіць пераканаць урады выконваць у дачыненьні да беларусаў палажэньні Канвэнцыі аб правах уцекачоў (Жэнева, 1951 г.). Існуе меркаваньне, што на сёньняшні дзень гэта асноўная яго мэта.

З улікам узроўню нацыянальнай сьвядомасьці і палітычнай адукаванасьці насельніцтва Беларусі, з аднаго боку, і ясна выказанага нежаданьня Захаду разбурыць Расейскую імпэрыю, з другога – я ня бачу абсалютна ніякіх прычынаў, якія б сьведчылі пра магчымасьць дэмакратычных зьменаў у бліжэйшыя 15-20 гадоў. Гэта аптымістычны тэрмін: з 1918 па 1991 прайшло больш як сем дзясяткаў.
МІС БЕЛАРУСЬ, БРАТЫ ЛУЦКЕВІЧЫ І СЭЛІНДЖЭР

Абураюцца, што «Міс Беларусь» ня ведае аўтара «Паўлінкі». Будзьце пэўныя, што палова, калі ня болей, гаспадароў кабінэтаў дому насупраць купалаўскага тэатра (дзе цяпер т.зв.адміністрацыя т.зв. прэзыдэнта) — гэтага ня ведае таксама. Прыкра, канешне.

Але нас чамусьці ня дзівіць, што 99% насельніцтва Беларусі не адкажа на пытаньне, хто такія Антон і Іван Луцкевічы, альбо Палута Бадунова, альбо Пётра Крэчэўскі.

У 1992 годзе мне на запрашэньне Дзярждэпартамэнту давялося быць у ЗША, і на адзін дзень нас (палітыкаў з былых савецкіх рэспублік) «разьвезьлі па сем’ях». Я апынуўся ў гасьцінным доме жанчыны, якая ўзначальвала фэдэральнае ведамства па праверцы выкарыстаньня дзяржбюджэту (на жаль, ня памятаю ні яе прозьвішча, ні назвы ведамства). Яна мела гарантаваную аўдыенцыю з прэзыдэнтам ЗША мінімум раз у квартал (тады быў Буш-старэйшы). Магло быць і часьцей, але ніяк не радзей. То бок, гэта была даволі высокая пазыцыя.

Мы сядзелі ў садзе каля дому, гаспадыня пашкадавала, што адсутнічаюць сын і дачка — канікулы, і яны скарыстоўваюць час, каб падзарабіць, дачка працуе афіцыянткай, сын ня памятаю дзе (тады, у пачатку 90-х, для амэрыканскага істэблішмэнту гэта было нормай).

Гаспадыняй была вельмі эфэктная бландынка (ну, так атрымалася) гадоў сарака пяці. Гаспадаром быў яе бойфрэнд. Менавіта гэтым тады невядомым мне словам яго прадставілі. Размова ішла праз перакладчыцу (якая, між іншым, у студзені 94-га, разам з Клінтанамі прыляцела ў Менск і перакладала Хіллары).

Было віно і барбэку з баранінай; але я прынялёг на бананы.

Бананы! Бананы былі ў Менску ў дэфіцыце. Хаця, можа, ужо і не былі, але вельмі дарагія. Я палічыў, што паколькі ўжо мяне запрасілі, дык маю права на дэлікатэс. Што думала гаспадыня, гледзячы, як я ігнарую бездакорна прыгатаванае і зусім ня таннае мяса, зьнішчаючы адзін за другім 50-цэнтаваыя бананы, — мне ўжо не даведацца.

Канешне ж, я пастараўся ўразіць пазнаньнямі амэрыканскай літаратуры, прыгадваючы не Марка Твэна ці Тэадора Драйзэта, а Ўолта Ўітмена, Джона Чывера, І Трумэна Капотэ.

Мой сьпіч ветліва слухалі, але ніякага водгуку ён не знаходзіў.

А потым мяне, што завецца, паставілі на месца.

Калі я сказаў, што ўзяў з сабой у Амэрыку «Над безданьню ў жыце» Сжэлінджэра, бойфрэнд гаспадыні дома ажывіўся, і ўзгадаў, што ён напісаў цікавыя, хаця і не бясспрэчныя, упаміны пра прэзыдэнта Джона Кенэдзі.

Гэтай рэмаркі хапіла, каб я зразумеў павярхоўнасьць сваіх ведаў і тое, што ня варта імкнуцца гуляць на чужым полі. Ясна, што амэрыканцы ведаюць сваю літаратуру значна лепей. Я нічога ня чуў пра такую кнігу. Горш за тое — я ня ведаў, што Сэлінджэр быў знаёмы з Кенэдзі (інакш як ён мог бы напісаць успаміны?). І гэта пры тым, што чытаў пра Сэлінджэра ўсё, што мог знайсьці,бо ён зрабіў на мяне ўражаньне яшчэ ва ўніверы («замежку» нам выкладала Шаблоўская, і яна паставіла мне «выдатна» — хто вучыўся ў Ірыны Вікенцьеўны на журфаку ці на філфаку, ацэніць вартасьць гэтага «выдатна»). А «Над безданьню...» перачытваў некалькі разоў.

Але высьветлілася, што гаспадары дому мелі на ўвазе П’ера Сэлінджэра — прэс сакратара прэзыдэнта Кэнэдзі, а аўтара «Над безданьню...» яны здолелі ўспомніць толькі тады, калі перакладчыца сказала, што гэтую кнігу чытаў забойца Джона Ленана за хвіліну да таго, як разрадзіў пісталет у бітла.

Ці азначае гэта, што амэрыканскі істэблішмэнт — або асобныя яго прадстаўнікі — дрэнна ведаюць аўтараў амэрыканскіх «Паўлінак»? Я б сказаў так: ведаюць адпаведна традыцыям. У заходніх краінах літаратура даўно ня мае таго значэньня, якое яна мела ў СССР. А галоўнае для нас, для беларусаў — у тых краінах даўно вырашаныя праблемы нацыянальнай ідэнтычнасьці і ўмацаваньня дзяржаўнасьці.

І з карупцыяй у ЗША (сфэра адказнасьці маёй колішняй гаспадыні) змагаюцца эфэктыўна. (Заканчэньне ніжэй)
(Заканчэньне, пачатак вышэй). Затое ў тых жа ЗША калі эмігрант на іспыце на атрыманьне грамадзянства не адкажа, хто такі Джордж Вашынгтон, ці хто зрабіў першы зорна-паласаты сьцяг, ці калі была прынятая Канстытуцыя — ён не здае іспыт і, адпаведна, не атрымлівае грамадзянства. У мае часы паўторны іспыт каштаваў каля 400 даляраў, цяпер несумненна болей, ня ведаю, колькі.

І кожны школьнік, ня кажучы пра дзяржаўных дзеячоў, ведае імёны айцоў-заснавальнікаў ЗША.

Думаю, з гэтага і пачынаецца тое, што завецца — моц дзяржавы.

Дзяржавы ня ў сэнсе яе апарату, а — краіны, і моц ня ў сэнсе сілавога падаўленьня грамадзянаў, а — абароны грамадзянаў ад пасягальніцтваў на іх правы ў тым ліку і дзяржаўнага апарату.
30 гадоў таму, у верасьні 1993-га, на імпэрскім шабашы камуністаў з былых савецкіх рэспублік у Менску, дэпутат Лукашэнка заявіў, што СССР павінен быць адноўлены ў форме аб’яднаньня хаця б толькі Беларусі і Расеі, а Беларусь як незалежная дзяржава павінна спыніць сваё існаваньне. Месяцам раней ён сказаў тое ж самае ў інтэрвію маскоўскай газэце «Правда».

Васіль Быкаў тады выступіў з гнеўнай водпаведзьдзю Лукашэнку ў «Народнай газэце», а мы, дэпутаты БНФ, запатрабавалі пазбавіць Лукашэнку і іншых праімпэрскіх дэпутатаў мандатаў у Вярхоўным Савеце.

Мы, як гаворыцца, крыкам крычалі пра пагрозу Незалежнасьці, а нам сьмяяліся ў твар. Памятаю сваю размову зь Віктарам Ганчаром, які, усьміхаючыся, сказаў, што яны («маладыя ваўкі») усё роўна прыйдуць да ўлады. Вось жа, Віктар, лепш бы ня рваліся вы ва ўладу — і для цябе было б лепш таксама...

Менавіта ігнараваньне Незалежнасьці як найвышэйшай каштоўнасьці дзяржавы, не ўсьведамленьне гэтай ісьціны найперш элітай — палітычнай, чынавенскай, бізнэсовай, урэшце вайсковай — і прывяло да драматычных сёньняшніх вынікаў.

Мы, 30 дэпутатаў БНФ сярод 345, як казаў той жа Быкаў, зрабілі больш, чым маглі. Чым можа зрабіць 10% супраць 90%. Але, калі ўжо працягваць пра лічбы, дык больш як 200 год акупацыі, стагодзьдзі жыцьця пад Расейскай імпэрыяй (і яе рэінкарнацыі ў выглядзе СССР) не маглі не паўплываць на масавую сьвядомасьць.

Таму і былі ўспрынятыя заклікі — спачатку кволыя ў Кебіча, а потым і агрэсіўныя ў Лукашэнкі, пра вяртаньне ў СССР (тут нагадаю, што з восені 1993 і па красавік 1994, калі Лукашэнка выступіў супраць Кебіча, — дзяржаўнае, падпарадкаванае Кебічу, радыё давала Лукашэнку эфір, у той ці іншай форме, практычна штодня (а радыёкропка" была ў кожнай кватэры, у кожнай хаце. нам, дэпутатам БНФ, атрымаць эфір удавалася зь вялікай цяжкасьцю — у Лукашэнкі было паўгады, каб «прамыць мазгі» людзям).

Дарэчы, вось адказ тым, хто выступаючы супраць Лукашэнкі, адначасна кажа — «неважно, на каком языке»: у Літве, Латвіі, Польшчы, ва Ўкраіне, у Грузіі, ды дзе заўгодна аднаго толькі стаўленьня да мовы тытульнай нацыі, якое выяўляў і выяўляе Лукашэнка, было б дастаткова, каб шанец абрацца на пасаду прэзыдэнта раўняўся нулю.

30 год — нішто для Гісторыі, але гэта палова сьвядомага актыўнага чалавечага жыцьця, якая ў лёсах дзевяці мільёнаў беларусаў вырваная. Гэтыя дзесяцігодзьдзі можна было пражыць зусім-па іншаму.

З гэтага вынікае просты, але самы важны ўрок.

Пакуль абсалютная большасьць беларусаў не ўсьвядоміць каштоўнасьць незалежнай дзяржавы і вартасьць нацыянальных каштоўнасьцяў (найперш, беларускай мовы) — падзеі будуць пракручвацца па коле, яшчэ і яшчэ раз, і дзецям ды ўнукам будзе наканавана паўтарыць лёс бацькоў ды дзядоў.
На словы «Згубілі мы краіну», «Няма ўжо Беларусі» і падобнае – адкажу гэтак.

Не, не згубілі мы краіну. І Беларусь – жыве. «Мы» – гэта нацыянальна арыентаваная частка беларусаў. Так, стварыўшы краіну (дамогшыся Незалежнасьці ў 1991-м і заклаўшы да 1994-га падмуркі дзяржаўнасьці), мы ня маем улады.

Але мы ніколі і ня мелі ўлады. Усё, што было створана, было дасягнута насуперак уладзе, насуперак большасьці ў Вярхоўным Савеце і, што ўжо тут прыхоўваць – насуперак жаданьням статыстычнай большасьці насельніцтва (якому ніколі не давалі магчымасьці зрабіцца народам, у тым ліку і пужаючы «нацыяналістамі»).

Зробленае ў 1991 – застаецца. Беларусь застаецца дэ-юрэ незалежнай краінай. І гэта галоўнае. І маючы далёкія ад аптымізму меркаваньні адносна доўгатэрміновасьці дыктатуры, я ні на сэкунду не сумняюся, што гэтая незалежнасьць захаваецца.

А тым, хто лічыць, што незалежнасьць – гэта неістотна, раю расказаць пра гэта прадстаўнікам народаў, якія ня маюць сваёй дзяржаўнасьці. Напрыклад, курдам – народу, колькасна ў два ці тры разы большага за беларусаў, які дзесяцігодзьдзямі толькі марыць пра тую ступень рэальнай сувэрэннасьці, якая застаецца ў Беларусі сёньня.

Застаецца, нягледзячы на ўсе высілкі Масквы і яе мясцовых халуёў. І менавіта канстатацыя гэтага, разам зь верай, гучыць сёньня ў воклічы, за які фашысты кідаюць за краты і катуюць людзей – «Жыве Беларусь!».
Вось прыклад заганнасьці прынцыпу “калектыўнай адказнасьці”: Чэхія пасьля 24.02.2022 увяла забарону на УСЕ паштовыя адпраўленьні ў Беларусь.

У 2020-2021 я пісаў лісты палітвязьням. Нават тым, за каго ніколі б не галасаваў. Ёсьць рэчы вышэйшыя за палітычныя разыходжаньні. Але потым адсылаць такія лісты з Чэхіі зрабілася немагчымым.

Хто пакараны ў выніку такога рашэньня — думаю, не адкажуць нават яго ініцыятары.
Выказваньні Пуціна – ранейшае пра Зяленскага і цяперашняе пра “Мойшу Ізраілевіча” --шэраг аглядальнікаў называюць антысэміцкімі, але ў якой ступені антысэмітызм зьяўляецца часткай сьветапогляду Пуціна і ці зьяўляецца ўвогуле — пытаньне адкрытае.

Тут можна прыгадаць, што антысэмітызм дэ-факта дзесяцігодзьдзямі быў характэрны для супрацоўнікаў арганізацыі, у якой працаваў Пуцін, КДБ. Пачынаючы з канца 1950-х гадоў, у КДБ ня бралі этнічных габрэяў. Правіла дапільноўвалася жорстка: на прыналежнасьць да габрэйскай нацыянальнасьці правяраліся ня толькі бацькі ды дзяды магчымага прэтэндэнта, але і ягонай жонкі.

Тлумачылася гэта зусім не тэорыямі кшталту «яны Хрыста расьпялі», а змаганьнем зь міжнародным сіянізмам, а пазьней — і з «ізраільскай ваеншчынай». З пачатку 1970-х, калі Брэжнеў у пэўнай ступені лібэралізаваў правілы выезду габрэяў у Ізраіль, дадаўся і аргумэнт магчымай наяўнасьці сваякоў за мяжой.

У часы Брэжнева ў складзе ЦК КПСС і кіраўніцтве савецкага ўраду этнічныя габрэі былі (да прыкладу, намесьнік Касыгіна Дымшыц, і гэты факт прапаганда выкарыстоўвала як пацьверджаньне «пралетарскага інтэрнацыяналізму»). Былі габрэі ў сфэрах абаронных дасьледаваньняў, з тытуламі акадэмікаў і герояў, а часам і тройчы, як Юлій Харытон, герояў сацпрацы (для навуковых і тэхнічных адкрыцьцяў ня мае значэньне нацыянальнасьць). А вось у камітэце, дзе шчыравалі людзі з «халоднай галавой, гарачым сэрцам і чыстымі рукамі», пры Пуціну іх ужо не было.

Пуцін часта зь цеплынёй прыгадвае сваю службу ў савецкай тайнай паліцыі, зрабіў ён гэта і ва Ўладзівастоку. Магчыма, нешта ў падсьвядомасьці адклалася ў яго і ў стаўленьні да габрэяў.

… Тое, што Пуцін апэлюе да самых нізкіх пачуцьцяў самых неадукаваных слаёў расейскага грамадзтва, даўно вядома. І гэта, трэба прызнаць, знаходзіць водгук. Дастаткова пачытаць камэнтары пад антыўкраінскімі допісамі ў найбольш папулярных расейскіх тэлеграм-каналах, каб пераканацца, што слова «хахлы» сустракаецца там непараўнальна часьцей, чым «украінцы».

Да гэтага часу, аднак, не даводзілася бачыць там слова «жыды» — якое, адрозна ад беларускай, чэскай ці польскай моваў, у мове расейскай мае выразна абразьлівы, зьневажальны характар.

Цяпер, трэба меркаваць, можа зьявіцца і яно. (Поўны тэкст – па спасылцы) https://smarturl.click/RJl8
…Родная мова зьяўляецца падмуркам нацыянальнай ідэнтычнасьці — без якой, у сваю чаргу, не існуе нацыі. Аслабіць гэтую ідэнтычнасьць, а яшчэ лепей — зьнішчыць яе зьяўляецца найважнейшай мэтай той ці іншай дзяржавы, якая імкнецца захапіць тэрыторыю чужой краіны.

Адбываецца такое зьнішчэньне двума спосабамі. Першы — калі ваенным альбо палітычным спосабам захопліваецца тэрыторыя, усталёўваецца акупацыйны рэжым, і потым ужо зьнішчаецца ідэнтычнасьць — зачыняюцца нацыянальныя школы, перасьледуюцца традыцыйныя рэлігійныя канфэсіі, забараняюцца палітычныя партыі, ідэйная праграма якіх пабудаваная на прыярытэце нацыянальных каштоўнасьцяў. Другі спосаб — усё вышэй названае робіцца шляхам уплыву на кіроўную эліту дзяржавы.

Беларусь у гэтым сэнсе ўяўляе сабой унікальны выпадак, пры якім абодва спосабы спалучаныя.

Беларусь была акупаваная Расейскай імпэрыяй, і царскі рэжым зьнішчаў уніяцтва, забараняў беларускія школы, адпраўляў на шыбеніцу ці ў Сыбір тых, хто спрабаваў вызваліць народ ад чужынскага панаваньня.

Гэта моцна паўплывала на сьвядомасьць насельніцтва, можна нават сказаць — сфармавала яго. І калі ў 1991-м удалося аднавіць незалежнасьць — значная частка электарату прагаласавала за таго, хто абяцаў вяртаньне пад патранаж Масквы. З прыходам Лукашэнкі незалежнасьць не была зьнішчаная цалкам (у яго былі свае прычыны за яе трымацца), але «русский мир» практычна ня ведаў перашкодаў. Прыхільнікі беларушчыны пры Лукашэнку ніколі ніякага спрыяньня не атрымлівалі.
… Нельга сказаць, што ў першай палове 90-х дзяржаўны апарат, асабліва выканаўчая ўлада, зь вялікім энтузіязмам спрыялі беларускаму школьніцтву. Але існаваў Вярхоўны Савет, дзейнічала парлямэнцкая камісія ў пытаньнях адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны на чале зь Нілам Гілевічам, у якую ўваходзілі Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў, іншыя нацыянальна арыентаваныя дэпутаты, і камісія літаральна ў штодзённым рэжыме патрабавала выкананьня Закона аб мовах.

У верасьні 1993 году, калі дзяржаўныя інстытуцыі выконвалі Закон аб мовах, у беларускамоўныя клясы прыйшлі 80% першаклясьнікаў.

Яшчэ 5-7 такіх гадоў — і выгадавалася б пакаленьне, якое не дазволіла б прыйсьці да ўлады тым, хто лічыць, што на беларускай мове нельга стварыць нічога значнага. (Поўны тэкст – па спасылцы)
https://smarturl.click/mvaG
Украіна – пераможа, ніякага сумневу. Але гэта будзе ня тая перамога, якая магла б быць, калі б Захад зь першага дня пуцінскай агрэсіі ці непасрэдна ўступіў у вайну (уявіце, якіх ахвяраў удалося б пазьбегнуць, калі б ужо ў 1938 Эўропа і ЗША далі б рашучы адказ Гітлеру на ягоную анэксію Судзетаў. Так, адказ каштаваў бы дзясяткі тысяч жыцьцяў. Але – не дзясяткаў мільёнаў, якія давялося потым заплаціць за нерашучасьць). Ці, хаця б, забясьпечыў Кіеў усёй той зброяй, якую толькі цяпер, у тыдзень па чайнай лыжцы, пачынае пастаўляць. Найперш – авіяцыяй і ракетамі дальняга радыюсу дзеяньня.

Між іншым: калі мы чытаем пра «сьціплы посьпех « контрнаступу, мы павінны памятаць, што ўкраінцы ваююць без авіяцыі – г.зн. па правілах нават не Другой, а Першай сусьветнай вайны. Цуд, што ўкраінцы ўвогуле рухаюцца наперад.

Тое, што ўчора зрабіў Кіеў (удар па штабу Чарнаморскага флота ў Севастопалі), у 2014 годзе мусіў зрабіць Абама. Пры першай жа спробе анэксіі Крыму паказаць, што Амэрыка ня спыніцца ні перад чым, каб выканаць сваё абяцаньне абараніць Украіну, дадзенае ўзамен на вывад ядзернай зброі.

Але Вашынгтон пачаў выкручвацца, як школьнік, які не падрыхтаваў хатняе заданьне: «А знайдзіце ў тэксьце Будапэшцкага Мэмарандуму слова «гарантыі»! Няма там такога слова!». Ды ў загалоўку дакумэнта ёсьць гэтае слова.

І ў 2014 Масква зразумела: цяпер можна ўсё.

Заходнія лідэры губляюць рашучасьць, калі іх пужаюць ядзернай зброяй. Так было ў 91-м, калі Захад супраціўляюся абвяшчэньню незалежнасьці рэспублікамі СССР («ядзерны боегалоўкі расьцягнуць па «нацыянальных кватэрах», а цяпер яны хаця б у адных руках, у Гарбачова». Ах, як любілі маскоўскія дэмакраты, усе гэтыя сабчакі і паповы паўтараць усьлед за амэрыканцамі пра «нацыянальныя кватэры»! Ну – «расьцягнулі па кватэрах». А потым адмовіліся ад зброі і выканалі патрабаваньне ЗША вывезьці іх у Расею. (Уявіце ступень разуменьня Расеі амэрыканскімі лідэрамі ў пачатку 90-х, якія дадумаліся да такога патрабаваньня). І цяпер хіба з тых «нацыянальных кватэр» ідзе пагроза ўсяму сьвету?

Так было ў 2014, калі Масквой былі парушаныя ўсе міжнародныя прававыя нормы – абсалютна беспакарана.

Тое самае – і цяпер. Выглядае, Захад прыйшоў да кансалідаванага рашэньня дапамагчы Кіеву вярнуць свае тэрыторыі, але – ня больш за тое. Згодны пакінуць чэкісцкі рэжым ва ўладзе, а Расейскую імпэрыю – у яе цяперашнім стане. Прычына тая ж – ядзерная зброя «можа патрапіць у немаведама чые рукі».

Можна знайсьці тысячу апраўданьняў такой пазыцыі, але цяпер важна іншае: яна ўжо выпрацавалася і яе даводзіцца ўспрымаць як факт.

У больш шырокім кантэксьце, сьвет уступіў у паласу, калі ні міжнароднае права, ні правы чалавека, ды ўвогуле ўсё тое, што напрацавала чалавецтва за апошнія 2-3 тысячагодзьдзі (пачынаючы ад Гамера ці нават раней) – не бярэцца ў разьлік перад пагрозай грубай сілы.

Гэта сваёй фэнамэнальнай інтуіцыяй (што ёсьць, тое ёсьць) адчуў Лукашэнка, выпрасіўшы ў Пуціна крыху ядзерных боегаловак. Хай пакуль яму і не падкантрольных – а там яшчэ невядома, як карта пакладзецца.

І гэтая самым непасрэдным чынам будзе ўплываць на будучыню Беларусі ў даволі працяглай пэрспэктыве.
Выказаная ў ААН кіраўніком лукашэнкаўскага МЗС прапанова (фактычна) пра пасярэдніцтва паміж Кіевам і Масквой і ягоныя словы, што «Беларусь, са свайго боку, заўсёды выступала за мір у суседняй краіне і прымала для гэтага ўсе магчымыя меры» — уражваюць сваім цынізмам.

Да цынізму ўлады ва ўнутраным, так бы мовіць, ужытку ўсе даўно прызвычаіліся, а тут ён вынесены на самую высокую міжнародную трыбуну. Якую прамоўца ператварыў у цыркавую арэну — бо застаецца пасьля такіх слоў толькі горка пасьмяяцца.

Гэта сказана пасьля таго, як у лютым 2022 Лукашэнка прадставіў тэрыторыю Беларусі для нападу расейцаў на Кіеў (днямі чуў, як бронетэхніка расейцаў ішла па параненых, але яшчэ жывых украінскіх байцах), як Лукашэнка даў Пуціну аэрадромы, адкуль узьляталі самалёты бамбіць украінцаў, бальніцы, дзе лячылі расейскіх забойцаў, рабочых, якія рамантавалі пашкоджаную тэхніку агрэсараў, пасьля таго, як КГБісты і ГУБАЗІКаўцы стралялі ў ногі і ламалі косткі беларускім патрыётам, што спрабавалі спыніць на чыгунцы акупацыйныя эшалёны расейцаў з расейскай ваеннай тэхнікай і расейскімі вайскоўцамі-забойцамі, а і ГУБАЗІКаўцы катавалі (і катуюць) тых, хто выходзіў супраць вайны ці хаця б вымавіў «Слава Ўкраіне!».

Пасьля таго, як Лукашэнка ператварыў краіну ў вайсковы палігон Расеі, а яе прамысловасьць — у прыдатак расейскага ВПК.

Гадоў 25 таму я напісаў, што Лукашэнка для Беларусі куды большае зло, чым Гітлер. Тады гэта выклікала неразуменьне нават у многіх апазыцыянэраў.

Думаю, на 30-м годзе панаваньня Лукашэнкі такое сьцьвярджэньне доказаў ужо не патрабуе.

Можна было б сказаць пра панішчаную нацыянальную культуру, пра пастаўленую на мяжу выміраньня мову, пра дабітыя эканоміку і сыстэму аховы здароўя, нарэшце, пра маштабны тэрор. Пра гэта ўжо сказана тысячы разоў.

Але вось пра што мы забываем: ніякі іншы ні ўладар, ні акупант, не апускаў Беларусь у такую ўсяленскую ганьбу, як гэта зрабіў Лукашэнка са сваімі памагатымі.

У такіх умовах беларусам у замежжы застаецца адно: спрыяць нацыянальнай культуры і адукацыі (якая на тэрыторыі Беларусі зьнішчаецца ўсё больш агрэсіўна).

І штодзённа даводзіць і да звычайных людзей, і да грамадзкіх дзеячоў, і да палітыкаў, што Лукашэнка — гэта ніяк не беларускі народ. Ён — ня выбраны кіраўнік дзяржавы, а значыць — узурпатар.

Нехта скажа, што гэта — вельмі мала. Зусім не. Калі кожны беларус у замежжы пераканае хаця б аднаго свайго знаёмага — гэта ўжо вельмі салідная, вялікая колькасьць людзей. Грамадзянаў сваіх краінаў, між іншым — якія галасуюць (ці не галасуюць) за тых ці іншых палітыкаў.

А гэта ўжо будзе тое, што завецца — электаральны фактар.
Уважліва пачытаў рэакцыю ў прапуцінскіх ТГ-каналах на зьбіцьцё сынам Кадырава рускага хлопца за спалены Каран. І ня толькі самі публікацыі, а і камэнтары карыстальнікаў; практычна ўсе яны – Z-патрыёты, прыхільнікі Пуціна, ворагі Ўкраіны. Словам, публіка яшчэ тая.

З сотняў камэнтароў толькі тры ці чатыры аўтара апраўдваюць Кадырава-малодшага, астатнія – абураюцца. Але ўразіла мяне ня гэта.

Шмат хто піша: «Третьей чеченской – быть!» (маецца на ўвазе вайна з Чачнёй) і сьцьвярджае, што ваяваць з чачэнцамі пойдзе куды болей добраахвотнікаў, чым на вайну з Украінай.

Гэта сьведчыць пра настроі ў расейскім грамадзтве, прычым найбольш агрэсіўнай яго часткі, і пра існаваньне праблемы (адносіны Масквы і Чачні), якая была прыцішана, але ня толькі не ліквідавана, але і набыла выбуховы (і ў пераносным, і ў самым што ня ёсьць прамым сэнсе) патэнцыял.