НАВУМЧЫК
1.48K subscribers
100 photos
12 videos
144 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
30 гадоў таму ў Опэрным тэатры Васіль Быкаў адкрыў 1-шы Зьезд беларусаў сьвету. Падзея была вяршыняй нацыянальнага Адраджэньня пачатку 90-х. Але для Лукашэнкі і яго”маладых ваўкоў” не існавала ні Адраджэньня, ні Беларусі. “Суверенитет – не икона, на которую нужно молиться» - заявіў у тым жа 1993 Дзьмітрый Булахаў. Яны маліліся на Маскву і моляцца дасюль.
У 1995 я зьмясьціў у “Свабодзе” артыкул “Цель” (на рускай мове) пра намер Лукашэнкі стаць гаспадаром Крамля. Публікацыю станоўча ацанілі Быкаў і Пазьняк, але экспэртная супольнасьць пасьмяялася. А потым пацьвердзілася: намер існуе. І на шляху да яго рэалізацыі былі і “рэфэрэндум”, і “саюзная дзяржава”. Цяпер ёсьць нагода вярнуцца да тэмы (сёньняшняя публікацыя – па спасылцы). https://smarturl.click/pAMb
А ведаеце, чаму 20 ліпеня 1994, прыносячы прысягу пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, паклаўшы далонь на Канстытуцыю з «Пагоняй», Лукашэнка ня нёс ахінею кшталту «пад гэтымі сімваламі нацысты расстрэльвалі»? Таму што сярод дэпутатаў ВС-12 было некалькі дзясяткаў вэтэранаў вайны, і яны цудоўна ведалі, што пад Бел-Чырвоным-Сьцягам і «Пагоняй» не расстрэльвалі і не катавалі. Пройдзе некалькі месяцаў, і ва ўгоду Маскве Лукашэнка ўвядзе чырвона-зялёны сьцяг – і вось пад ім беларусаў будуць катаваць.
Тое, што адначасна ліквідуецца партыя Пазьняка (які адыграў ключавую ролю ў дасягненьні Беларусьсю Незалежнасьці) і рэгіструецца кампанія кіраўніка «Вагнэра» Прыгожына — як нішто іншае сімвалізуе цяперашні стан краіны.

Прыезд «вагнэраўцаў» — гэта моцная ін’екцыя «русского міра» у цела Беларусі. Якія б прарасейскія, прапуцінскія настроі не панавалі ў т.зв. беларускім войску, асабліва ў афіцэрскай і генэральскай яго частцы, якімі б антыўкраінскісм яны ні былі— з большага, беларускія вайскоўцы не жадалі ваяваць.

Наяўнасьць «дзікіх гусей» (як прынята называць наймітаў) усё памяняе. «Вагнэр» гальванізуе армію РБ, актывізуе тых людзей з пагонамі, якім ня церпіцца забіваць. Як магніт выцягвае з апілак жалезную стружку, гэтак «вагнэраўцы» зматывуюць і арганізуюць іх на «подзьвігі».

Пакуль цяжка прагназаваць, ці рушыць гэтая арда ва Ўкраіну альбо ў Польшчу ці ў Літву. Жыцьцё вучыць, што ў ім няма нічога немагчымага. Што несумненна —вызваленьне Беларусі ад дыктатуры цяпер будзе каштаваць нашмат чалавечых жыцьцяў даражэй.
Шаноўныя падпісчыкі ТГ-каналу НАВУМЧЫК! Сёньня стала вядома, што тэлеграм-канал НАВУМЧЫК унесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Калі Вы знаходзіцеся ў Беларусі – памятайце, што падпіска на гэты, як і на іншыя рэсурсы, абвешчаныя рэжымам экстрэмісцкімі, а таксама іх распаўсюд, можа пацягнуць у дачыненьні да Вас рэпрэсіі з боку карных органаў. Клапаціцеся пра ўласную бясьпеку! Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!
… Гісторыю сучаснай Беларусі хочуць адлічваць з 1994 году, а сувэрэнітэт Беларусі зьмяншаецца з кожным візытам Лукашэнкі ў Маскву. Прыняцьце Дэклярацыі ў 1990 годзе і абвяшчэньне незалежнасьці ў 1991-м было ня проста памкненьнем нейкай палітычнай сілы, а вось якраз народным волевыяўленьнем. Пры тым, што пэўную ролю, як гэта звычайна і здараецца, выканаў зьбег вонкавых акалічнасьцяў.

Большасьць дэпутатаў зусім не імкнулася абвясьціць сувэрэнітэт Беларусі. Нагадаем, што праект Дэклярацыі аб незалежнасьці, падрыхтаваны ў чэрвені дэпутатамі з БНФ і прапанаваны Вярхоўнаму Савету, быў адхілены нават без абмеркаваньня. І толькі пасьля таго, як прэзыдэнт СССР і адначасна генэральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў даў каманду кіраўнікам рэспублік (у тым ліку старшыні ВС БССР Мікалаю Дземянцею) прыняць дэклярацыі аб сувэрэнітэце, каб зьнівэляваць дэклярацыю, прынятую ВС РСФСР на чале з Барысам Ельцыным, гэтае пытаньне ўнесьлі ў парадак дня.

Тут і прыдаўся падрыхтаваны БНФ праект Дэклярацыі — зь якой, праўда, імкнуліся выкінуць усё, што мела дачыненьне да рэальнай самастойнасьці, пачынаючы з самога слова «незалежнасьць». ( Поўны тэст – па спасылцы). https://smarturl.click/72Jl
ЗА ЗЬНЯВАГУ «ПАГОНІ» І БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАГАП СЬЦЯГА ДАВЯДЗЕЦЦА АДКАЗВАЦЬ

... Тэма «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга мае яшчэ адзін аспэкт, які сёньня можа падацца зусім не актуальным, але ў будучыні можа адыграць істотную ролю. У тым ліку і ў лёсе сёньняшніх сілавікоў.

Пасьля таго, як дэмакратыя прыйдзе на зьмену рэжыму, адной з першачарговых мэтаў новай улады будзе аднаўленьне вяршэнства права. Пра гэта заяўляюць усе без выключэньня апазыцыйныя лідэры. Сёньня практычна ва ўсіх групах апазыцыйных структураў існуе кансэнсус адносна антызаконнасьці праведзеных Лукашэнкам плебісцытаў — пачынаючы ад рэфэрэндуму 1995 году.

Пра той рэфэрэндум часьцей за ўсё ўзгадваюць у сувязі зь ліквідацыяй статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і зьмены дзяржаўных сымбаляў, але нагадаем, што ў бюлетэнях для галасаваньня былі яшчэ два пытаньні: пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Такім чынам, менавіта той рэфэрэндум улада лічыла прававой падставай як для вызначэньня прыярытэтаў сваёй палітыкі (арыентацыя на Маскву), гэтак і для фактычнага зьнішчэньня парлямэнтарызму і ўсталяваньня аднаасобнай улады.

Выглядала б надзвычай дзіўна і абсурдна, калі б, скасаваўшы вынікі рэфэрэндумаў 1996, 2004 і 2022 гадоў, новая ўлада прызнала рэфэрэндум 1995 года.

У прававым сэнсе непрызнаньне вынікаў рэфэрэндуму 1995 году азначае і ануляваньне рашэньня аб замене дзяржаўнай сымболікі. То бок, прызнаньне таго, што дэ-юрэ бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» усе гэтыя дзесяцігодзьдзі заставаліся дзяржаўнымі сымбалямі.

У такой сытуацыі ўсе цяперашнія зьнявагі прапагандыстаў «Пагоні» і нацыянальнага сьцяга, рэпрэсіі за іх выкарыстаньне аўтаматычна трапляюць пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу. (Поўны тэкст — па спасылцы). https://www.svaboda.org/a/32534561.html
ЛУКАШЭНКУ ЧАКАЕ ПСІХАЛАГІЧНАЕ ПАТРАСЕНЬНЕ. Гісторыя нічому нас ня вучыць, але часам выяўляе пэўныя заканамернасьці —нават на адносна невялікім прамежку часу.

Ці заўважылі вы, што ў жніўні 2020 ніхто зь «ябецек» добраахвотна, ініцыятыўна ня выйшаў у абарону Лукашэнкі (я не пра людзей у форме і зьвезеных аўтобусамі, сагнаных на «мітынг» ля Дому ўраду)?

Гэтак жа 25 жніўня 1991, калі абвяшчалася Незалежнасьць і была спыненая дзейнасьць КПБ-КПСС, ніхто з прыхільнікаў СССР і камуністычных ідэй ня выйшаў абараняць ні імпэрыю, ні партыю Леніна.

Ніхто ў 1994 з тых, хто галасаваў за Кебіча, ня выйшаў яго падтрымаць. Наадварот: на наступны дзень пасьля паразы шэф ягонага штабу віцэ-прэм’ер Мясьніковіч апынуўся ў камандзе Лукашэнкі.

Я бачыў на ўласныя вочы, як у Авальнай залі, пасьля інаўгурацыі, учорашнія пракебічаўскія дэпутаты падыходзілі да Лукашэнкі, віншавалі яго зь перамогай і лісьліва заглядалі ў вочы — толькі што ручку не цалавалі.

Лукашэнка проста ўпіваўся іх прыніжэньнем, але няўжо той момант нічому яго не навучыў?

Ня ведаю, калі дакладна будзе абрынуты рэжым Лукашэнкі, але абсалютна ўпэўнены, што яго чакае моцнае псыхалягічнае ўзрушэньне. І найбольш цынічна здрадзяць яму якраз тыя, хто сёньня апантана клянецца ў бязьмежнай вернасьці. Праверана гісторыяй. Яна не памыляецца.

Зрэшты, у такіх выпадках лёсавызначальныя паводзіны нават не міністраў (здадуць і вокам не маргнуць), а камандзіра пэрсанальнага лайнэра.

Я б на месцы Аляксандра Рыгоравіча паслаў Міколку на курсы пілотаў.
Для абсалютнай большасьці прамоўцаў на канфэрэнцыі ў Варшаве (ня ўсіх, але большасьці) гісторыя пачалася з 2020 году. Вось гучыць, што “ў 2020 праблема геапалітычнага выбару не стаяла”.

Праблема геапалітычнага выбару перад Беларусьсю стаяла з моманту абвяшчэньня Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году, а ў аддаленай гістарычнай перспектыве яна стаяла больш як 200 гадоў. Іншая справа, што розныя палітычныя сілы рабілі розны выбар. Хтосьці - у бок цывілізацыі, а хтосьці - у бок Арды.

БНФ, напрыклад, адразу заявіў пра дэструктыўную ролю Расеі як у беларускай гісторыі, гэтак і ў намерах спачатку Кебіча, потым Лукашэнкі кіравацца інтарэсамі Масквы. За нежаданьне значнай часткі палітычнай эліты (у тым ліку і ў г.зв. дэмлягеры) зразумець гэтыя ісьціны беларускі народ плаціць вялізную цану - і дай Бог, каб яна не была яшчэ большай.
ГІСТОРЫЯ ЯШЧЭ НЕ СКАЗАЛА СВАЁ СЛОВА ПРА 2020

Гібель палітвязьняў у турмах, няспынныя масавыя рэпрэсіі, тысячы за кратамі і сотні тысяч у эміграцыі, разгром усіх грамадзкіх арганізацый і незалежных СМІ, вынішчэньне ўсяго нацыянальнага, беларускага, — тое, што адразу ўяўляецца, калі пытаюцца пра вынікі 2020-га году.

І на кароткім прамежку часу менавіта гэта бачыцца вынікам тых падзеяў, якія адбыліся ў 2020-м годзе.

Ад людзей з розных сфэраў (і палітыкі, і літаратуры, і мастацтва, і навукі), чыя адданасьць Беларусі пацьверджана іх справамі цягам дзесяцігодзьдзяў, чуў: «Лепш бы таго 2020-га не было ўвогуле».

Прызнаюся: часам гэтак думаю і я.

Псыхалягічна такія словы цалкам апраўданыя, асабліва ад тых, каму, як аўтару гэтых радкоў, застаецца жыць істотна меней, чым ужо пражыта, і хто, як той жа аўтар, лічыць, што перамога над рэжымам адбудзецца, на вялікі жаль, ня хутка.

Але тут пачынае казаць сваё слова Гісторыя.

Яна сьцьвярджае, што паразы могуць быць толькі эпізодам у шляху да вялікай перамогі. І яшчэ: дзейнасьць асобных людзей ці суполак можа быць пераацэнена кардынальна. Праўда, не заўсёды цягам жыцьця аднаго пакаленьня.

Хаця здараецца, што такая пераацэнка прыпадае на адносна кароткі пэрыяд.

У канцы 90-х-пачатку 2000-х актывістаў БНФ, называлі «лузэрамі», якія мелі адно толькі паразы (прайгралі Лукашэнку). Але потым усё больш рабілася відавочным, што БНФ зьдзейсьніў тое, чаго, паводле ўсіх правілаў палітыкі, зрабіць было нерэальна. Маючы меншасьць і ў грамадзтве, і ў парламэнце, фронтаўцы дамагліся Незалежнасьці, і менавіта гэтым увайшлі ў Гісторыд. Ну, а выйграць Фронту выбары, калі яшчэ ў 1995 годзе, паводле сацыёлягаў, 40% насельніцтва было ня проста зав інтэграцыю з Расеяй, а за вяртаньне СССР, ды яшчэ траціна не ўспрымала Беларусь як незалежную ад Масквы краіну, — было немагчыма нават тэарэтычна. Цуды не заўсёды паўтараюцца два разы запар.

Пасьля 2020-га прайшло толькі тры гады — яшчэ рана падводзіць канчатковыя вынікі.

Але дзьве высновы з падзеяў 2020-га мы можам зрабіць ужо цяпер, не чакаючы вэрдыкту Гісторыі.

Першая — той, хто бярэ на сабе сьмеласьць называцца лідэрамі і вырашаць лёс народа, павінен грунтоўна рыхтавацца да самых горшых варыянтаў. Словы пра «80% сфальсыфікаваць немагчыма» з вуснаў аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта — вяршыня палітычнага інфантылізму і безадказнасьці.

Паклаўшы руку на сэрца, мусім прызнаць, што наўрад ці нават сотні тысяч пратэстоўцаў маглі перамагчы тысячы ўзброеных сілавікоў, гатовых расстрэльваць людзей (што яны, як мы ведаем, і рабілі). Але перакананы: бестэрміновы страйк на дзясятку-двух бюджэтаўтворных прадпрыемствах («Беларуськалій», гродзенскі «Азот», мазырскі і наваполацкі НПЗ, МАЗ, трактарны, завод колавых цягачоў ды інш.) — сытуацыю зьмяніў бы кардынальна. Да кожнага страйкоўца АМАПаўца ці байца «Росгвардии» не прыставіш. Але калі я запытаўся ў колішняга дэпутата Апазыцыі БНФ і лідэра рабочага руху Сяргея Антончыка (таго самага, што вывеў сотню тысяч страйкоўцаў на плошчу ў красавіку 91-га), ці зьвярталіся да яго па кансультацыі, ён засьмяяўся; але не было весялосьці ў тым сьмеху.

І другая выснова: Расея беларусам — ня сябар. Пакуль што яна была беларусам толькі ворагам. Пра гэта кажуць стагодзьдзі нашай гісторыі, гэта пацьвярджаюць і падзеі жніўня 2020-га. Дастаткова сьведчаньняў, што менавіта падтрымка Лукашэнкі Пуціным і ягоная заява пра фармаваньне корпусу «Росгвардии» для ўратаваньня рэжыму вызначылі пазыцыю тых сілавікоў, якія вагаліся і пры пэўных абставінах маглі павярнуць зброю супраць узурпатара.

Сёньняшнія рэпрэсіі — ня проста тэрор супраць народа, а — тэрор Расеі супраць беларускага народа. Менавіта гэтак і будзе калі-небудзь зафіксаваны ў падручніках па гісторыі.

Тое, што значная частка насельніцтва пакуль не асэнсавала згубную ролю Расеі для нацыі — ня дзіўна. (Заканчэньне ў наступным пасьце).
(Заканчэньне, пачатак у папярэднім пасьце) Беларусь была пад акупацыяй Расейскай імпэрыі (спачатку царскай, потым камуністычнай) больш як два стагодзьдзя, яна незалежная толькі тры дзясяткі гадоў. Нават пры нацыянальнай уладзе гэтага часу недастаткова для зьмены, скажам гэтак, геапалітычнай мэнтальнасьці і трывалага ўсьведамленьня нацыянальных каштоўнасьцяў. Для гэтага патрэбныя пакаленьні, і мы толькі ў пачатку шляху.

А зь іншага боку — за стагодзьдзі ворагам так і не ўдалося зьнішчыць беларусаў як нацыю.

І таму — Жыве Беларусь!
“Салідарнась”, паведамляючы пра ператрус у кватэры журналіста кампані “Ранак” Андрэя Ліпскага, піша, што ГУБАЗіК і ОМОНаўцы “шукалі беларускую стмволіку”.

Вось гэта – дакладнае сутнаснае вызначэньне Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і “Пагоні” (якія дэ-юрэ застаюцца дзяржаўнымі сімваламі). Тэрор прарасейскага рэжыму адбываецца менавіта супраць усяго беларускага. Такі тэрор, паводле міжнароднай прававой класіфікацыі – этнацыд. https://gazetaby.com/post/konvejer-repressij-na-polese-zaderzhan-frilanser-a/193443/
Нізкі ці нават нулявы ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці (пад уплывам акупацыі ўсходняга суседа, зразумела) – корань нашых бедаў. Чаму дэпутатам БНФ некалькі гадоў не ўдавалася пераканаць увесьці нацыянальную валюту тых, ад каго гэта залежала? Адказ – ва ўспамінах былога старшыні Праўленьня Нацбанку С. Багданкевіча (яго мы таксама доўга пераконвалі) пра выбар кіраўніцтвам Нацбанку дзеячоў для партрэтаў на купюрах, калі нацыянальную валюту ўсё ж вырашылі ўвесьці:

«На адной з купюраў хацелі зьмясьціць партрэт Каліноўскага. Але хтосьці на нарадзе выказаў думку, што Каліноўскі быў бандытам і рабаваў банкі. Абмеркаваўшы гэта, мы вырашылі пакуль не ўключаць яго ў сэрыю». (Фрагмэнты гісторыі беларускіх грошай – па спасылцы) https://smarturl.click/qZdw
ЦІ ПАГОДЗЯЦЦА ЗЯЛЕНСКІ І ЛУКАШЭНКА НА ПРАПАНОВУ ПАЗЬНЯКА?
… Няма ў беларускай палітыцы большых і нагэтулькі даўніх антаганістаў, як Пазьняк і Лукашэнка — іх супрацьстаяньне, як сьведчыць стэнаграма, выразна акрэсьлілася яшчэ на Сэсіі Незалежнасьці ў жніўні 91-га, калі лідэр Апазыцыі БНФ дамагаўся поўнага сувэрэнітэту Беларусі, а Лукашэнка яму апаніраваў. У наступныя гады, асабліва пасьля абраньня Лукашэнкі на прэзыдэнта, супрацьстаяньне паглыбілася. Пакінуўшы ўбаку відавочныя асабістыя антыпатыі, заўважым, што прычына палягае, відавочна, найперш у глыбокіх ідэалягічных разыходжаньнях і дыямэтральна процілеглых поглядах на будучыню Беларусі, і не ў апошнюю чаргу — адносна геапалітычнага выбару.

Нічога не зьмяніў у гэтым сэнсе і 2020 год. Бадай што адзінае, у чым можна было б угледзець пэўнае збліжэньне пазыцый, — адмоўнае стаўленьне да эканамічных санкцый. Аднак толькі на першы погляд: лідэр «Вольнай Беларусі» перакананы, што гэтыя санкцыі, акрамя таго, што пагаршаюць жыцьцё простых беларусаў, выгадныя Маскве, «каб пакласьці Беларусь на лапаткі і каб гэты рэжым нікуды ня мог падзецца. Каб дарога была толькі адна — у Маскву. Каб выконвалі ўсё, што там скажуць» («Народная воля, сьнежань 2012). Тым часам менавіта інтэграцыя з Расеяй дэкляруецца Лукашэнкам практычна ўсё ягонае палітычнае жыцьцё як адна з галоўных палітычных мэтаў.
І пры гэтым аглядальнікі заўважылі цікавы факт: апошнія гады, яшчэ да 2020 году, Пазьняк зрабіўся адзіным апазыцыйным палітыкам «першага шэрагу», у дачыненьні да якога Лукашэнка спыніў абразьлівыя выказваньні. Ідэалягічны антаганізм нікуды не падзеўся, Лукашэнка пасьлядоўна зьнішчае ўсё, за што выступаў і чаго дамогся на пачатку 90-х БНФ на чале з Пазьняком, але лексыка зьмянілася. Лукашэнка ўзгадваў Пазьняка ў некалькіх сваіх праграмных выступах (у тым ліку ў пасланьнях Нацыянальнаму Сходу і на Ўсебеларускім народным сходзе), прычым у тым ліку ўжываў і імя па бацьку: «Зянон Станіслававіч».

Ні пра якага іншага апазыцыйнага лідэра Лукашэнка гэтак ня кажа.

Ці сьведчыць гэта пра тое, што Лукашэнка вядзе з Пазьняком нейкую завочную канцэптуальную спрэчку і ўжо ўспрымае яго як найперш ідэйнага апанэнта, а не як палітычнага праціўніка, ці гэтаму ёсьць нейкія іншыя прычыны — тут, напэўна, тлумачэньні павінны даваць ужо не палітычныя аналітыкі, а адмыслоўцы ў сфэры псыхалёгіі. Але факт застаецца фактам.

Таму, як гэта ні парадаксальна гучыць, калі Лукашэнка і можа прыслухацца да кагосьці з апазыцыйных лідэраў, дык гэта ягоны самы даўнішні апанэнт. (Поўны тэкст – па спасылцы https://smarturl.click/q7k9)
Некаторыя заходнія краіны пагадзіліся даць Украіне ракеты Taurus (моцная зброя – палёт -да 500 км., колькасьць выбухоўкі – да палутоны). Але ўмова: Кіеў ня можа абстрэльваць імі тэрыторыю Расеі. Ужо параўналі, гэта як бы футбалісту забаранілі забіваць пэнальці з поля суперніка.

Мне бачыцца іншая аналогія: прэзыдэнт ЗША Рузвэльт у 1944 годзе дае Вялікабрытаніі і СССР чарговую партыю зброі па лэнд-лізе – але страляць ёй можна толькі па акупаванай Гітлерам тэрыторыі: па Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндах, па разьдзеленай паміж Гітлерам і Сталіным Польшчы, па Беларусі і Ўкраіне. А па тэрыторыі Германіі – ні-ні!

А чаму? А таму, што Рузвэльт ня хоча развалу Трэцяга Рэйха. І, вызваліўшы акупаваныя тэрыторыі, войскі саюзьнікаў мусяць спыніцца на мяжы Нямеччыны 1938 году, пакінуўшы яе «адзінства» – з эканамічным патэнцыялам, з усімі заводамі, з усімі ваеннымі распрацоўкам.

У тым ліку і з ФАЎ-2 у Панемюндэ (ФАЎ-2 у 1944 дасягнула вышыні ў 180 км – а гэта ўжо космас, шаноўныя спадарыні і спадары; мяжа космасу афіцыйна вызначаная ў 100 км, першы амэрыканскі астранаўт у 1961 Шэпард дасягнуў 186 км, другі, Грысам, 189 км. Сумна, але па факце першымі ў космас выйшлі не СССР і не ЗША, а – Трэйх Рэйх).

Дадайце сюды тое, што Гітлер быў блізкі да атрыманьня ядзернай зброі, і рашэньне Рузвэльта «не раздражняць» Гітлера (калі б яно было) выявіцца вам ва ўсіх сваіх трагічных для чалавецтва наступствах.
Дні жнівеньскага путчу ў 91-м. Імкнуўся выглядаць бадзёра, але Уладзімер Кармілкін зафіксаваў момант, калі бачныя і трывога, і бяссонная ноч. Дзякуй усім, хто выйшаў тады на Плошчу. Усё было недарэмна!
Пачынаючы зь першага дня праімперскага путчу, з 19 жніўня, мы, дэпутаты БНФ, настойвалі на экстранным скліканьня сэсіі ВС і абвяшчэньні Незалежнасьці. Гэта чарнавік заявы, напісаны, здаецца, рукой Лявона Баршчэўскага. Рады, што не перадаў свой архіў у Дзяржархіў РБ і што ўдалося часткамі вывезьці яго зь Беларусі (гэта была адна з прычынаў, нароўні адведваньня бацькоў, маіх паездак) — цяпер, пасьля прыходу КГБістаў у кіраўніцтва дзяржархіву, мой архіў быў бы зьнішчаны як «не представляющий исторической и культурной ценности».
Калі 25 жніўня 1991 на Сэсіі Незалежнасьці я прапаноўваў апячатаць будынкі ЦК КПБ і КГБ, Станіслаў Шушкевіч ня даў мне дагаварыць – магчыма, яму гэта здавалася неістотным. Дзейнасьць КПБ-КПСС была спыненая, але КГБ застаўся – зь яго «слаўнымі чэкісцкімі традыцыямі» і тэрорам супраць беларускага народа. Больш падрабязна – па спасылцы. https://smarturl.click/kDjk
З Днём Незалежнасьці, сябры! Будучыня – за моладзю, з Пагоняй і пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам! Жыве Беларусь!
Ці была магчымасьць ліквідаваць КДБ у 1991 годзе, як гэта зрабілі са «Штазі» ў Нямеччыне ці з STB у былой Чэхаславаччыне? Калі дэталёва вывучаеш храналёгію жніўня-верасьня 1991-га, дык пераконваесься: так, была. Але толькі вельмі кароткі час, і скарыстаць гэтую магчымасьць мог толькі адзін чалавек. І не ў Беларусі. Тут важна заўважыць, што ў жніўні 1991-га КДБ, як і КПСС, быў адзінай «саюзнай» структурай. І што ўказ Ельцына аб спыненьні дзейнасьці КПСС папярэднічаў рашэньню Вярхоўнага Савету БССР аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС. Аднак трэба прызнаць, што ў Беларусі ў той час не было сілаў, здольных ліквідаваць КДБ. Шушкевіч ня меў на гэта паўнамоцтваў. У Маскве такая сіла — дакладней, фігура — была: Ельцын. Расейская публіцыстка і аўтар кніг пра савецкія спэцслужбы Яўгенія Альбац неяк сказала, што ў жніўня 91-га Барысу Ельцыну было дастаткова адчыніць дзьверы Лубянкі і сказаць чэкістам: «Вы папрацавалі — і хопіць. Дзякуй. Разыходзьцеся!» — і на дзейнасьці КДБ быў бы пастаўлены крыж. Замест гэтага натоўп зьнёс помнік Дзяржынскаму, а структура засталася некранутай, толькі зьмяніла назву (у Беларусі, нагадаем, і назва засталася ранейшаю). Вядома, у такіх словах публіцысткі можна ўгледзець пэўнае спрошчваньне. Але той, хто памятае атмасфэру пасьля паразы путчу ў жніўні-верасьні 1991-га, пацьвердзіць: Ельцын зь ягоным іміджам пераможцы над путчыстамі ў тыя дні мог зрабіць усё, што пажадаў бы, пры поўнай падтрымцы абсалютнай большасьці насельніцтва Расеі. І Леніна з маўзалею маглі вынесьці, і з КДБ скончыць. Спыніў жа ён адным сваім указам дзейнасьць КПСС зь ягонымі ЦК і абкамамі — падпісаўшы гэты ўказ проста пад носам генсека Гарбачова, і ніхто нічога ня здолеў зрабіць. Тое ж самае магло б быць і з КДБ. Празь некалькі месяцаў Ельцын ужо такой магчымасьці ня меў — радыкальныя рынкавыя рэформы прывялі да рэзкага росту цэнаў, рэйтынг Ельцына пачаў падаць. Дый чэкісты адышлі ад пасьляпутчавага шоку. КПСС зьнішчылі, КДБ не змаглі. Што не ўдалося зрабіць у 1991 годзе (Поўны тэкст па спасылцы) http://www.svaboda.org/a/32563584.html