НАВУМЧЫК
1.24K subscribers
135 photos
12 videos
168 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
Якім бы ня быў вынік таго, што ўжо назвалі «мяцяжом Прыгожына» (пуцінская баявая авіяцыя можа разбамбіць ягоную армію цягам некалькіх гадзінаў), гэта, канешне, неверагодна магутны іміджавы ўдар па Крамлю і асабіста па Пуціну. Увогуле, падобнага ў гісторыі Расеі не было гадоў 200, з моманту паўстаньня «дзекабрыстаў». Ад Рылеева да Прыгожына – шлях дэградацыі ўражвае. «Русь, куда несёшся ты?..» (вялікі ўкраінскі пісьменьнік Мікола Гогаль).
Заява Савета бясьпекі РБ адносна Прыгожына ад першай да апошняй літары прарасейская і зроблена ад імя беларускага народа, хаця беларускі народ гэтую структуру ні на што падобнае не ўпаўнаважваў, бо не выбіраў. Беларускі народ увогуле ўжо амаль тры дзесяцігодзьдзі пазбаўлены вольных і празрыстых выбараў. Асабліва расьсьмяшылі словы пра «славянский мир». Варта чакаць закліку да барацьба гэтага міфічнага «славянского мира» (які ў сучаснасьці існуе толькі ў галовах шавіністаў) з кельтамі, гуннамі ды тэўтонцамі. Вось іх бы войскі РБ і РФ перамаглі б. Хаця...
Паўгады таму я напісаў, што правалы Пуціна ва Ўкраіне могуць рэанімаваць колішнія мары Лукашэнкі пра шапку Манамаха. Калі для таго, каб стаць гаспадаром Крамля, Лукашэнку спатрэбіцца ўключыць Беларусь у склад Расеі — ён ня будзе вагацца ні сэкунды.
Пра вартасьць «гарантыяў Лукашэнкі» Прыгожын можа запытацца ў экс-сьпікера Вярхоўнага Савета Шарэцкага, які падпісаў зь ім пагадненьне аб адмене імпічмента ўзамен на «гарантаваньне» канстытуцыйнай законнасьці.
Адданыя Беларусі людзі, пачынаючы ад Пазьняка, Быкава, а цяпер іх ужо дзясяткі тысяч, усе гэтыя дзесяцігодзьдзі вымушана пакідалі радзіму — а Лукашэнка запрашае і прывозіць розную расейскую шваль.

Цяпер вось “вагнэраўцы”. Якімі будуць іх зьдзекі над і без таго прыгнечаным, затэрарызаваным народам?..

Чым далей, тым больш горкім робіцца кубак, які даводзіцца выпіць за памылку 1994, за адмову ад мовы і нацыяльных каштоўнасьцяў у 1995, і гэта яшчэ ня дно, а прыдзецца — да дна.
Ці лічыце Вы мэтазгоднымі перамовы апазыцыі з рэжымам наконт вызваленьня палітычных вязьняў?
Anonymous Poll
42%
Так, бо чалавечае жыцьцё – даражэй за ўсё і вартае кампрамісу.
35%
Не, бо гэта будзе дэманстрацыяй слабасьці і прызнаньнем паразы.
23%
Ня маю адказу.
Згодны: трэба забыць фразу “гандаль палітвязьнямі”. Калі самалёт захапілі тэрарысты, а ягоны штурм непазьбежна прывядзе да гібелі закладнікаў, і вы прапануеце захопнікам мех з грашыма – вы не гандлюеце, вы – вызваляеце закладнікаў, так гэта называецца. Сёньня ёсьць мінімум дзясятак палітвязьняў з крытычнай ступеньню анкалогіі, сотні тых, каму не аказваюць патрэбнай мэдычнай дапамогі і фактычна ўжо зрабілі інвалідамі на ўсё жыцьцё – а мы абмяркоўваем палітычную мэтазгоднасьць. Пра што мы ўвогуле гаворым?
У 1991-1995 гг. у Менску былі толькі два амбасадары, якія не сустрэліся за ўвесь час са старшынём Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце (сустрэчы зь лідэрам апазыцыі - абавязак пасла, у супрацьлеглым выпадку ён не выконвае сваіх функцый найперш перад кіраўніцтвам уласнай краіны, бо ад яго ня можа сыходзіць аб’ектыўная інфармацыя).

Такое ігнараваньне не магло быць выпадковым — яно адмысловае і паказальнае ў дачыненьні да палітычнай сілы, якая пасьлядоўна адстойвала Беларусь як менавіта незалежную краіну. Я б сказаў нават — паказальнае ў стаўленьні тых краінаў да самой Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Як думаеце, якія гэта дзьве краіны?

Першую вы, ясная справа, лёгка самі ўгадалі: Расея.

А вось другая — не, не Кітай. Пэкін якраз інтарэс да БНФ выяўляў надзвычайны. Гэта — Нямеччына.

І таму мяне не зьдзівіла, што цяпер Нямеччына выступіла ініцыятарам адкліканьня амбасадара зь Беларусі.

І пакінула амбасадара ў Маскве.
Ці магчымыя перамовы апазыцыі з рэжымам пра вызваленьне палітвязьняў

... Выглядае, што фраза «перамовы апазыцыі з уладамі» ў цяперашніх умовах мае выключна абстрактны характар.

Па-першае, рэжым не ўспрымае палітычных апанэнтаў (незалежна ад пэрсаніфікацыі — ці гэта Ціханоўская, ці Латушка, ці Пазьняк, ці Саньнікаў, ці нехта іншы) у якасьці ня тое што раўнапраўнага суб’екта, а ўвогуле суб’екта палітыкі. У Беларусі ёсьць толькі адзін суб’ект палітыкі — Лукашэнка. Іншыя, хто прэтэндуе хаця б на бутафорскую палітычную ролю, могуць быць толькі ўбудаваныя ў створаную рэжымам канструкцыю і дзейнічаць выключна паводле сцэнару ўладаў. Для таго, хто ня згодны з такім правілам, ёсьць тры варыянты: альбо замаўчаць, альбо эміграваць, альбо трапіць за краты.

Па-другое, само паняцьце перамоваў прадугледжвае ўзаемны кампраміс, а значыць, абмен саступкамі. І вось гэта — найбольш праблемная тэма. Ад улады, зразумела, чакалася б вызваленьне палітвязьняў. А вось у чым маглі б саступіць Лукашэнку ягоныя палітычныя апанэнты?

Жаданьні ўладаў, трэба меркаваць, можна зьвесьці да дзьвюх пазыцый: адмова ад апазыцыйнай дзейнасьці і скасаваньне санкцый.

Калі гаварыць пра адмову ад палітычнай дзейнасьці, дык рэжым меў бы на ўвазе менавіта Сьвятлану Ціханоўскую, бо менавіта яна ў вачах дэмакратычнага Захаду ўспрымаецца рэпрэзэнтантам апазыцыі і рэгулярна сустракаецца зь лідэрамі заходніх краінаў.

Зразумела, што ў выпадку са Сьвятланай Ціханоўскай і Пераходным кабінэтам спыненьне дзейнасьці азначала б капітуляцыю — з усімі непрыемнымі палітычнымі наступствамі як для яе самой, гэтак і для яе паплечнікаў і, шырэй, прыхільнікаў.

Тэарэтычна можна меркаваць, што калі б такі крок быў зроблены, значная частка палітычных зьняволеных магла б быць вызваленая — але і ўявіць, што Ціханоўская на гэта пайшла б, таксама можна толькі гіпатэтычна. Гэта, паўтару, азначала б палітычную сьмерць у вачах сваіх прыхільнікаў.

Нельга выключаць, што ў больш аддаленай пэрспэктыве такі крок быў бы ацэнены грамадзтвам і гісторыяй зусім па-іншаму. Але ж мы разглядаем сытуацыю ў сёньняшніх абставінах. (Поўны тэкст па спасылцы)

https://smarturl.click/RZ5v
РАСЕЙСКАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ГАЛОЎНАЙ КРЫНІЦАЙ МІЖРЭЛІГІЙНАЙ НАПРУЖАНАСЬЦІ Ў БЕЛАРУСІ

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі асуджае ўмяшальніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ў дзейнасьць іншых рэлігійных супольнасьцяў Беларусі, у тым ліку спробы РПЦ перашкодзіць стварэньню Апостальскай адміністратуры для вернікаў бізантыйскага абраду ў Беларусі.

Беларусь (Вялікае княства Літоўскае) традыцыйна была месцам рэлігійнай талеранцыі і мірнага суіснаваньня розных рэлігійных супольнасьцяў: грэка-каталіцкай большасьці, а таксама рыма-каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкіх меншасьцяў, а таксама нехрысьціянскіх меншасьцяў, перадусім прадстаўленых мусульманамі і юдэямі, што знайшлі на Беларусі прытулак пасьля выгнаньня з іншых краінаў. Цярпімасьць і павага да разнастайнасьці былі, ёсьць і застануцца аднымі з галоўных каштоўнасьцяў для беларускага народу.

Галоўнай крыніцай міжрэлігійнай напружанасьці ў Беларусі зьяўляецца Расейская праваслаўная царква, гвалтам насаджаная беларусам у першай палове XIX стагодзьдзя, а ў цяперашнім выглядзе сфармаваная ў сталінскім СССР у 1943 годзе і прадстаўленая сёньня несамастойным экзархатам пад фальшывай назвай "Беларуская праваслаўная царква". За час сваёй дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі гэтая арганізацыя праявіла сябе перадусім не як царква, а як расейскі каляніяльны інстытут, інструмэнт русіфікацыі і ціску на традыцыйныя беларускія хрысьціянскія цэрквы, да якіх сама Расейская праваслаўная царква не належыць. У савецкі час Расейская праваслаўная царква была інструмэнтам у руках таталітарнага савецкага рэжыму, які праводзіў палітыку этнацыду беларусаў і палітычнага тэрору супраць любых іншадумцаў. Шматлікія гіерархі РПЦ былі супрацоўнікамі злачыннай арганізацыі КДБ СССР і застаюцца агентамі спэцслужбаў аўтарытарных рэжымаў Лукашэнкі і пуцінскай Расеі.

У сучаснай Беларусі РПЦ зьяўляецца адным з ідэалягічных апірышчаў рэжыму А. Лукашэнкі і карыстаецца неабгрунтаванымі прывілеямі з боку аўтарытарнай лукашэнкаўскай дзяржавы ў той час, як многія іншыя беларускія хрысьціянскія цэрквы церпяць дыскрымінацыю, канфіскацыю маёмасьці і рэпрэсіі супраць сьвятароў. Беларускае аўтакефальнае праваслаўе, якое зьяўляецца сапраўдным працягам мясцовых праваслаўных традыцыяў на беларускіх землях ад сярэднявечча і якое шмат гадоў было й застаецца адным з духоўных апірышчаў многіх беларусаў у выгнаньні, вымушанае ў Беларусі існаваць ва ўмовах асабліва жорсткага перасьледу.

Насуперак асновам хрысьціянскага вучэньня так званая "Беларуская праваслаўная царква" не асуджае гвалт, забойствы і катаваньні, за якія нясе адказнасьць рэжым Лукашэнкі. Наадварот, з шэрагаў беларускага экзархату РПЦ сыстэматычна і мэтанакіравана выціскаюцца сьвятары і актывісты, якія стаяць на сумленных хрысьціянскіх - і пагатоў на дэмакратычных пробеларускіх - пазыцыях. Дзесяцігодзьдзямі РПЦ займаецца індактрынацыяй праваслаўных беларусаў у духу расейскага нацыяналізму і "расейскага сьвету".

Найбольш красамоўна сваю сутнасьць РПЦ праявіла ў кантэксьце цяперашняй вайны Расеі супраць Украіны. Кіраўніцтва РПЦ і яе беларускага экзархату адкрыта падтрымлівае расейскую вайсковую агрэсію і бласлаўляе расейскіх захопнікаў, якія зьдзяйсьняюць ваенныя злачынствы на тэрыторыі Ўкраіны. Структуры так званай БПЦ былі заўважаныя ў зборы матар'яльнай дапамогі для расейскіх агрэсараў.

Дзейнасьць Беларускага экзархату РПЦ павінна быць прадметам пільнага рассьледваньня з боку органаў аховы закону і канстытуцыйнага ладу ў будучай дэмакратычнай Беларусі. Так званая "Беларуская праваслаўная царква" Маскоўскага патрыярхату нясе адказнасьць за прасоўваньне экстрэмісцкай антыдзяржаўнай ідэалёгіі, падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і падтрымку дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

Традыцыйныя беларускія цэрквы ўсходняга абраду, у тым ліку Беларуская грэка-каталіцкая царква, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, маюць поўнае права самастойна вызначаць сваю ўнутраную арганізацыйную структуру, а таксама павінны карыстацца ўсялякай падтрымкаю будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы як інстытуты, што ўтвараюць гістарычную і духоўную каштоўнасьць.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў Беларусь «губэрніяй Расеі». Пры тым, што Беларусь зьяўляецца дзяржавай, незалежнасьць якой на патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС-12 была абвешчаная 25 жніўня 1991 году. Гэта гістарычны факт. Роўна як і тое, што дакумэнт 25 жніўня 1991 году ня быў скасаваны ні легітымнымі (ВС-12 і ВС-13), ні якімі-небудзь нелегітымнымі (т.зв. «палаткі») вышэйшымі заканадаўчымі і прадстаўнічымі органамі Рэспублікі Беларусь.

Не ўдалося знайсьці і дакумэнту літоўскага парламэнту, у якім бы ён заявіў аб непрызнаньні Беларусі як сувэрэннай незалежнай дзяржавы.

Аналіз гістарычных дакумэнтаў сьведчыць, што яшчэ ў тым жа 1991 годзе ў Крамлі Літоўскую ССР, якой " тэрыторыя цалкам даступная для расейскіх сіл" (цытую словы спадара прэзыдэнта, на падставе чаго ён лічыць Беларусь расейскай губэрніяй) — успрымалі часткай СССР. Аднак аналіз гістарычных дакумэнтаў паказвае, што краіны Захаду (ЗША ў прыватнасьці) ніколі не прызнавалі Літву часткай СССР — хаця на тэрыторыі Літоўскай ССР савецкіх войскаў было ня менш, чым у Таджыцкай ССР ці Кіргізскай ССР.

Не лічылі Літву часткай СССР і літоўскія нацыянальныя сілы — як у самой Літоўскай ССР, гэтак і ў эміграцыі.

Можна канстатаваць, што літоўскі прэзыдэнт мае права лічыць Беларусь хоць часткай Аргентыны. Беларусы, адпаведна, маюць права не пагаджацца зь меркаваньнямі прэзыдэнта Літвы.
«А теперь давайте еще раз, но на нормальном языке. На этом я вас не понимаю». Рэакцыя вертухая на беларускамоўны рапарт-даклад Алеся Пушкіна. Мастак губляўся. Ледзьве падбіраў словы, але выконваў «законные требования сотрудников администрации» – «Наша НІва». Ведаючы, чым усё гэта скончылася для мастака, «законные требования» і адміністрацыі да Алеся, і, шырэй, лукашэнкаўскай улады да беларусаў – гэта ўжо не этнацыд. Гэта – генацыд.
Разам зь Івонкай Сурвіллай уручаем Алесю Пушкіну мэдаль “100 гадоў БНР”. Вільня, лістапад 2019. Фота Паўла Марыніча.
Памяці Алеся Пушкіна — стрым на канале @radakultury.

У 3-гадзінным стрыме сабраныя дакументальныя фільмы пра Алеся Пушкіна, яго архіўныя відэазапісы, а таксама выступы беларускіх музыкантаў, прысвечаныя мастаку.

▪️Многія беларусы, якія ведалі творцу асабіста, якія шануюць яго за цвёрдую грамадзянскую пазіцыю і выбітны мастацкі талент, не маюць магчымасці сёння развітацца з Алесем Пушкіным: прыехаць на яго пахаванне, абняць яго блізкіх ды ўскласці кветкі на яго магілу.

▪️Але мы падрыхтавалі гэтую трансляцыю-развітанне, рэквіем па яскравым творцы, самаадданым беларусе, чыё сэрца назаўжды спынілася. Можна глядзець разам — за жалобным сталом, можна ўзгадваць Алеся Пушкіна на адзіноце. Якім ён быў і якім назаўжды застанецца ў нашай памяці. Энергічным, гучным, крэатыўным, бескампрамісным.

Пачатак у 20.00 па Мінску.
30 гадоў таму ў Опэрным тэатры Васіль Быкаў адкрыў 1-шы Зьезд беларусаў сьвету. Падзея была вяршыняй нацыянальнага Адраджэньня пачатку 90-х. Але для Лукашэнкі і яго”маладых ваўкоў” не існавала ні Адраджэньня, ні Беларусі. “Суверенитет – не икона, на которую нужно молиться» - заявіў у тым жа 1993 Дзьмітрый Булахаў. Яны маліліся на Маскву і моляцца дасюль.
У 1995 я зьмясьціў у “Свабодзе” артыкул “Цель” (на рускай мове) пра намер Лукашэнкі стаць гаспадаром Крамля. Публікацыю станоўча ацанілі Быкаў і Пазьняк, але экспэртная супольнасьць пасьмяялася. А потым пацьвердзілася: намер існуе. І на шляху да яго рэалізацыі былі і “рэфэрэндум”, і “саюзная дзяржава”. Цяпер ёсьць нагода вярнуцца да тэмы (сёньняшняя публікацыя – па спасылцы). https://smarturl.click/pAMb
А ведаеце, чаму 20 ліпеня 1994, прыносячы прысягу пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, паклаўшы далонь на Канстытуцыю з «Пагоняй», Лукашэнка ня нёс ахінею кшталту «пад гэтымі сімваламі нацысты расстрэльвалі»? Таму што сярод дэпутатаў ВС-12 было некалькі дзясяткаў вэтэранаў вайны, і яны цудоўна ведалі, што пад Бел-Чырвоным-Сьцягам і «Пагоняй» не расстрэльвалі і не катавалі. Пройдзе некалькі месяцаў, і ва ўгоду Маскве Лукашэнка ўвядзе чырвона-зялёны сьцяг – і вось пад ім беларусаў будуць катаваць.
Тое, што адначасна ліквідуецца партыя Пазьняка (які адыграў ключавую ролю ў дасягненьні Беларусьсю Незалежнасьці) і рэгіструецца кампанія кіраўніка «Вагнэра» Прыгожына — як нішто іншае сімвалізуе цяперашні стан краіны.

Прыезд «вагнэраўцаў» — гэта моцная ін’екцыя «русского міра» у цела Беларусі. Якія б прарасейскія, прапуцінскія настроі не панавалі ў т.зв. беларускім войску, асабліва ў афіцэрскай і генэральскай яго частцы, якімі б антыўкраінскісм яны ні былі— з большага, беларускія вайскоўцы не жадалі ваяваць.

Наяўнасьць «дзікіх гусей» (як прынята называць наймітаў) усё памяняе. «Вагнэр» гальванізуе армію РБ, актывізуе тых людзей з пагонамі, якім ня церпіцца забіваць. Як магніт выцягвае з апілак жалезную стружку, гэтак «вагнэраўцы» зматывуюць і арганізуюць іх на «подзьвігі».

Пакуль цяжка прагназаваць, ці рушыць гэтая арда ва Ўкраіну альбо ў Польшчу ці ў Літву. Жыцьцё вучыць, што ў ім няма нічога немагчымага. Што несумненна —вызваленьне Беларусі ад дыктатуры цяпер будзе каштаваць нашмат чалавечых жыцьцяў даражэй.
Шаноўныя падпісчыкі ТГ-каналу НАВУМЧЫК! Сёньня стала вядома, што тэлеграм-канал НАВУМЧЫК унесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Калі Вы знаходзіцеся ў Беларусі – памятайце, што падпіска на гэты, як і на іншыя рэсурсы, абвешчаныя рэжымам экстрэмісцкімі, а таксама іх распаўсюд, можа пацягнуць у дачыненьні да Вас рэпрэсіі з боку карных органаў. Клапаціцеся пра ўласную бясьпеку! Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!
… Гісторыю сучаснай Беларусі хочуць адлічваць з 1994 году, а сувэрэнітэт Беларусі зьмяншаецца з кожным візытам Лукашэнкі ў Маскву. Прыняцьце Дэклярацыі ў 1990 годзе і абвяшчэньне незалежнасьці ў 1991-м было ня проста памкненьнем нейкай палітычнай сілы, а вось якраз народным волевыяўленьнем. Пры тым, што пэўную ролю, як гэта звычайна і здараецца, выканаў зьбег вонкавых акалічнасьцяў.

Большасьць дэпутатаў зусім не імкнулася абвясьціць сувэрэнітэт Беларусі. Нагадаем, што праект Дэклярацыі аб незалежнасьці, падрыхтаваны ў чэрвені дэпутатамі з БНФ і прапанаваны Вярхоўнаму Савету, быў адхілены нават без абмеркаваньня. І толькі пасьля таго, як прэзыдэнт СССР і адначасна генэральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў даў каманду кіраўнікам рэспублік (у тым ліку старшыні ВС БССР Мікалаю Дземянцею) прыняць дэклярацыі аб сувэрэнітэце, каб зьнівэляваць дэклярацыю, прынятую ВС РСФСР на чале з Барысам Ельцыным, гэтае пытаньне ўнесьлі ў парадак дня.

Тут і прыдаўся падрыхтаваны БНФ праект Дэклярацыі — зь якой, праўда, імкнуліся выкінуць усё, што мела дачыненьне да рэальнай самастойнасьці, пачынаючы з самога слова «незалежнасьць». ( Поўны тэст – па спасылцы). https://smarturl.click/72Jl
ЗА ЗЬНЯВАГУ «ПАГОНІ» І БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАГАП СЬЦЯГА ДАВЯДЗЕЦЦА АДКАЗВАЦЬ

... Тэма «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга мае яшчэ адзін аспэкт, які сёньня можа падацца зусім не актуальным, але ў будучыні можа адыграць істотную ролю. У тым ліку і ў лёсе сёньняшніх сілавікоў.

Пасьля таго, як дэмакратыя прыйдзе на зьмену рэжыму, адной з першачарговых мэтаў новай улады будзе аднаўленьне вяршэнства права. Пра гэта заяўляюць усе без выключэньня апазыцыйныя лідэры. Сёньня практычна ва ўсіх групах апазыцыйных структураў існуе кансэнсус адносна антызаконнасьці праведзеных Лукашэнкам плебісцытаў — пачынаючы ад рэфэрэндуму 1995 году.

Пра той рэфэрэндум часьцей за ўсё ўзгадваюць у сувязі зь ліквідацыяй статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і зьмены дзяржаўных сымбаляў, але нагадаем, што ў бюлетэнях для галасаваньня былі яшчэ два пытаньні: пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Такім чынам, менавіта той рэфэрэндум улада лічыла прававой падставай як для вызначэньня прыярытэтаў сваёй палітыкі (арыентацыя на Маскву), гэтак і для фактычнага зьнішчэньня парлямэнтарызму і ўсталяваньня аднаасобнай улады.

Выглядала б надзвычай дзіўна і абсурдна, калі б, скасаваўшы вынікі рэфэрэндумаў 1996, 2004 і 2022 гадоў, новая ўлада прызнала рэфэрэндум 1995 года.

У прававым сэнсе непрызнаньне вынікаў рэфэрэндуму 1995 году азначае і ануляваньне рашэньня аб замене дзяржаўнай сымболікі. То бок, прызнаньне таго, што дэ-юрэ бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» усе гэтыя дзесяцігодзьдзі заставаліся дзяржаўнымі сымбалямі.

У такой сытуацыі ўсе цяперашнія зьнявагі прапагандыстаў «Пагоні» і нацыянальнага сьцяга, рэпрэсіі за іх выкарыстаньне аўтаматычна трапляюць пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу. (Поўны тэкст — па спасылцы). https://www.svaboda.org/a/32534561.html