НАВУМЧЫК
1.48K subscribers
96 photos
12 videos
141 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
Ва ўруччы ОМОН запіхнуў у аўтазак 15 чалавек, у Новай Баравой - зьбіваюць людзей. Так завяршыўся пяты дзень абвешчанага Лукашэнкам "году народнага адзінства".
РЭЖЫМ УЗМАЦНЯЕ РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ ДВАРАВОЙ АКТЫЎНАСЬЦІ

Дваравая актыўнасьць, якая стала фэномэнам беларускай «мірнай рэвалюцыі», пасьля сустрэчы генпракурора Шведа з Лукашэнкам была вызначаная як пагроза «грамадзкай стабільнасьці».

Тое, што ўвечары 5 студзеня жорсткі разгон жыхароў у дварах (прычым з прымяненьнем зброі) адбыўся адразу ў трох мікрараёнах Менску, безумоўна, ня можа быць супадзеньнем.

Затрыманьні ў дварах былі і раней. Але выглядае, што цяпер міліцыя прыступіла да маштабнай карнай апэрацыі, мэта якой — праз рэпрэсіі і запалохваньне зьвесьці да нуля грамадзкую актыўнасьць, цяпер ужо і ў дварах. Гэта можа быць лёгка зроблена, бо нападнікі ведаюць, што не сустрэнуць мінімальнага супраціву (ён разглядаецца як пасягальніцтва на «людзей у форме» і кваліфікуецца як крымінальнае злачынства. Хаця гэтыя людзі і ня ў форме, і не прадстаўляюцца, і парушаюць усе існуючыя прававыя нормы, — фактычна, яны нічым не адрозьніваюцца ад таго, што на мове права завецца «бандай». Але на гэта і разьлік).

Кароткатэрміновая мэта — дамагчыся поўнага палітычнага штылю напярэдадні антыканстытуцыйнага «усенароднага сходу», які Лукашэнка хоча падаць як падтрымку ягонага кіраваньня на чарговыя пяць гадоў (ні пра які датэрміновы сыход у адстаўку гаворкі, зразумела, ня будзе).

Ідэальная мадэль — Паўночная Карэя. Як вядома, у Пхеньяне няма ніякай «дваравой актыўнасьці»: нават для прыёму гасьцей зь іншага дому грамадзіне павінны браць дазвол у «старэйшага па пад’езьдзе» (існуе яшчэ і «старэйшы па лесьвічнай пляцоўцы», і «старэйшы па дому»).

Усё гэта пацьвярджае высновы, што Лукашэнка, як і папярэднія 26 гадоў, заяўляючы на словах пра «грамадзянскі мір», робіць стаўку выключна на рэпрэсіі. Яму ўжо не патрэбная ніякая «народная падтрымка» — яму патрэбная жывёльная пакорлівасьць. Гэтага яму дастаткова, каб адчуваць сябе больш-менш камфортна.
ЧАМУ ПАДЗЕІ Ў МЕНСКУ НЕЛЬГА ПАРАЎНОЎВАЦЬ СА ШТУРМАМ КАПІТОЛІЮ Ў ЗША

Лукашэнка, як і чакалася, скарыстаў момант і параўнаў мірныя пратэсты ў Беларусі з захопам будынку Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне і выказаў Таксама ён паспрабаваў апраўдаць масавыя рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўца — «Я не могу допустить, чтобы кто-то пришел сюда и вот так открыто разрушил эту нашу обитель».

Аднак гэтыя паралелі «прыцягнутае за вушы».

Нягледзячы на непрызнаньне вынікаў выбараў, Трамп заявіў, што пакідае Белы дом. За чатыры гады прэзыдэнцтва Трамп ніколі не рабіў спробы зьмяніць Канстытуцыю ЗША, напрыклад, зьняць абмежаваньне на колькасьць тэрмінаў знаходжаньня на пасадзе (ня больш за двух).

Лукашэнка мяняў Канстытуцыю ў бок узмацненьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і ўрэшце скасаваў абмежаваньне тэрмінаў.

У ЗША падчас падліку галасоў на ўчастках прысутнічалі прадстаўнікі як дэмакратаў, так і рэспубліканцаў. На некаторых участках былі канфлікты, аднак яны не перарасталі ў сілавое падаўленьне ўладамі. Не зафіксавана ніводнага факту катаваньняў.

У Беларусі на выбарах назіральнікі не былі дапушчаныя да падліку галасоў. Тыя назіральнікі, якія спрабавалі рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы, затрымліваліся міліцыяй. Праваабаронцамі зафіксавана дзясяткі выпадкаў, калі выбаршчыкі, якія сабраліся, каб даведацца вынікі галасаваньня на ўчастках, затрымліваліся міліцыяй і ОМОНам. Многіх зь іх зьбівалі і катавалі.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі і міжнароднай супольнасьцю. Прэзыдэнцкія выбары 2020 у Беларусі, наадварот, не прызнаныя.

Прыхільнікі Трампа захапілі Капітолій, некаторыя былі ўзброеныя, чатыры чалавекі былі забітыя, ёсьць параненыя. Затрыманыя 52 чалавекі. Прадстаўнікі паліцыі заявілі пра пачатак службовага расьледаваньня прымяненьня зброі супраць жанчыны, якая пазьней памерла ў шпіталі.

У Беларусі пратэсты маюць выключна мірны характар — грамадзяне нават перасталі супраціўляцца, калі невядомыя асобы цягнуць іх у міліцэйскія аўтобусы. Цягам пяці месяцаў удзельнікі пратэстаў не захапілі ніводнага будынку, ніколі не прымянілі зброю, аднак супраць мірных грамадзянаў ужо на наступны пасьля выбараў дзень былі прымененая зброя і спэцсродкі. Чатыры чалавекі забітыя. Адна толькі камісія ААН зафіксавала каля 500 фактаў катаваньняў. Распачата больш як 650 крымінальных спраў (больш як 100 чалавек асуджаныя), больш як 30 000 чалавек прайшлі праз затрыманьні і арышты.

Ніводнай справы супраць дзеяньняў сілавікоў, якія прывялі да гібелі і раненьняў мірных пратэстоўцаў, а таксама за зьбіцьці і катаваньні грамадзянаў у РАЎС і на Акрэсьціна, да гэтага часу не распачата.
ЗАХОП і ЎТРЫМАНЬНЕ УЛАДЫ ГВАЛТОЎНЫМ ЧЫНАМ, ЯКІЯ ПАЦЯГНУЛІ ЧАЛАВЕЧЫЯ АХВЯРЫ (адказнасьць па КК — да вышэйшай меры. Па ўсім, за што адказнасьць да вышэйшай меры, не існуе тэрміну даўніны).

Менавіта так павінна кваліфікавацца справа па падзеях апошніх 26 гадоў, і адлік павінен ісьці не з 9 жніўня 2020, а з 12 красавіка 1995.

Прычына: менавіта ў выніку зьбіцьця дэпутатаў парлямэнту Лукашэнка прымусіў іншых дэпутатаў парлямэнту прызначыць рэфэрэндум, адным з пытаньняў якога было — права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Гэтым «правам» ён і матываваў пазьней роспуск ВС-13 і канстытуцыйны пераварот 1996 года. Г.зн. злачынства, якое было расьцягнутае ў часе, пачыналася менавіта з той даты (апусьцім цяпер факт, што сам «рэфэрэндум» быў нелегітымны).

Менавіта гэтае ўтрыманьне ўлады, пачатае са зьбіцьця дэпутатаў і незаконнага рэфэрэндуму, мела вынікам забіцьцё Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, Завадскага (я перакананы, што і Карпенкі), а ў 2020 годзе — герояў мірных пратэстаў (магчыма, мя ня ведаем пра ўсе ахвяры, і іх значна болей).

Што гэта дае грамадзтву? Тое, што зьбіцьцё дубінкай у аўтазаку ў 1999 ці 2006 разглядаецца ў межах гэтай справы, і таму яно пазбаўленае тэрміну даўніны, па факце ідзе сьледзтва і судовы працэс.

І кожны атрымае сваё. Той, хто зьбіваў — тры гады. Той, хто аддаваў загад — сем гадоў. А хтосьці за нешта — і пажыцьцёвае зьняволеньне ці расстрэл (калі ён ня будзе скасаваны). Магчыма, да некага (зьбіцьцё міліцыянэрам пратэстоўцаў 19.12.2010) суд улічыць чыстасардэчнае раскаяньне і дасьць умоўны тэрмін. А да іншага (адданьне загаду на гэтае зьбіцьцё) улічыць толькі часткова.

Зразумела, у межах гэтай справы сотні эпізодаў будуць вылучаныя ў асобную вытворчасьць — у тым ліку, бясспрэчна, і забойствы Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, Завадзкага.

Цяпер кіраўнік праваабарончага цэнтару «Вясна» Алесь Бяляцкі друкуе паказаньні 1999 пацярпелых ад узвода ОМОНа, якім камандаваў сумнавядомы Балаба. Усё, як у 2020-м. Вось фрагмэнт:

«... меня ударили в лицо, схватили сзади и бросили на груду тел, лежащих в проходе между креслами. Лежащие внизу кричали. Омоновцы постоянно ругались матом, обзывали нас на блатном жаргоне. Подсвечивая фонариками, начали бить по головам дубинками и ногами. Они сели на сиденья, а мы лежали в проходе, и били по головам.

На кучу из наших тел забросили двух молодых женщин и угрожая им изнасилованием и оральным сексом потребовали от них петь песню „В траве сидел кузнечик“, затем „Солнечный круг“. Избитые и испуганные женщины начали петь, но очень слабо, тогда они начали тыкать в них палки. Мужчин заставляли подпевать, но никто не мог из-за побоев петь. В частности, они начали требовать, чтобы я подпевал, но я не мог.

Тогда один омоновец по имени Игорь сказал, что мы сейчас тебе сделаем, и они втроем начали выламывать руки, а этот Игорь засунул мне в рот полицейскую дубинку и начал проворачивать во рту до тех пор, пока не перекрыл мне воздух и я начал терять сознание от удушья. После чего меня ударили ногой в лоб, и я на время потерял сознание».
«САША ОСТАНЕТСЯ С НАМИ»

Заява Лукашэнкі, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы да канца 2021 году, а потым па ёй пройдзе рэфэрэндум, пацьвярджае самыя пэсымістычныя прагнозы: ні ў якую адстаўку ў агляднай будучыні Лукашэнка не зьбіраецца.

Нават калі ўявіць, што «канстытуцыйны працэс» укладзецца ў вызначаныя ім тэрміны (пакінем цяпер па-за дужкамі яго легітымнасьць), рэфэрэндум можа прайсьці недзе вясной 2022, ну а ўступае новы Асноўны закон ў дзеяньне звычайна не раней, чым праз тры месяцы.

Такім чынам, перафарматаваньне ўлады, пры якім (тэарэтычна) Лукашэнка можа пакінуць прэзыдэнцкі кабінэт, можа адбыцца не раней як летам наступнага году, праз паўтары гады.

Але хто сказаў, што ўсё адбудзецца ў вызначаныя часы? Мне з Лукашэнкам, як тагачасным дэпутатам ВС-12, у пачатку 90-х давялося разам працаваць у Канстытуцыйнай камісіі (нашыя пазыцыі пры гэтым былі супрацьлеглымі — мы, дэпутаты БНФ, былі супраць увядзеньня прэзыдэнцтва). Камісія была створаная ў 1990 годзе, Канстытуцыю плянавалася прыняць праз паўтары-два гады, а ў рэальнасьці гэта адбылося толькі вясной 1994-га.

Канстытуцыйны працэс — справа складаная, можа і зацягнуцца. Гады на чатыры, як тады, у пачатку 90-х. А там, глядзіш — і новыя «выбары». Ну ці, па «новай» Канстытуцыі, прызначэньне прэзыдэнта «бацькам нацыі» (аналяг казахскага «елбасы»). Пры гэтым функцыі прэзыдэнта будуць істотна аслабленыя, апошняе слова будзе заставацца за «елбасы». Хто ім будзе — здагадацца ня цяжка.

А навошта тады, запытаецеся, «усенародны сход» у лютым, калі не мяняць Канстытуцыю? А стварыць тую самую канстытуцыйную камісію і прадэманстраваць «маналітную падтрымку» таму, хто прагне яшчэ доўга-доўга кіраваць беларускім народам.
ГАНДАЛЬ ЛЮДЗЬМІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА?

Кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль быў шакаваны, што фота ягонай сустрэчы з Лукашэнкам патрапілі ў прэсу — па яго словах, была дамоўленасьць, што журналістаў ня будзе. Яму самому давялося расказаць некаторыя падрабязнасьці сустрэчы, у тым ліку і пра тое, што па тэме вызваленьня некаторых зьняволеных Лукашэнка пагадзіўся, а па некаторых — катэгарычна адмовіў.

Можна меркаваць, што ў другім выпадку гаворка ідзе пра палітычных і грамадзкіх лідэраў — Бабарыку, Калесьнікаву, Севярынца, Статкевіча, Ціханоўскага, а таксама журналістаў і блогераў (сёньня 200 дзён, як за кратамі знаходзіцца кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, ён працягвае галадоўку, за кратамі працягвае знаходзіцца Кацярына Андрэева з «Белсату» і іншыя журналісты). Лукашэнка разглядае іх як сыстэмных палітычных ворагаў.

А вось пагадзіцца ён мог на вызваленьне асуджанай на 2,5 гады калёніі за нібыта «гвалтоўны супраціў» міліцыі грамадзянкі Швэйцарыі (Фазэль таксама швэйцарац) Натальлі Хэршэ. І гэта быў бы своеасаблівы гандаль: вы даеце згоду на чэмпіянат у Менску, я — вызваляю вашу грамадзянку.

У мінулым Лукашэнка ўжо вызваляў палітвязьняў узамен на адмену санкцый. Ды і нядаўняе вызваленьне паліттэхноляга з амэрыканскім пашпартам абышлося дзярждэпартамэнту ЗША ў размову з Лукашэнкам чацьвёртай асобы ў краіне. Па цяперашніх часах міжнароднай ізаляцыі афіцыйнага Менску — няблага.

З улікам таго, што тэма адмены чэмпіянату ў Менску гучыць са жніўня — ня выключана, што такі неадэкватна суровы прысуд для грамадзянкі Швэйцарыі быў вынесены з разьлікам менавіта на такі варыянт.

Разьлік, трэба прызнаць, слушны: свабода для ачаравальнай жанчыны — тое, што можа крануць сэрца міжнародных чыноўнікаў.
Некаторыя аналітыкі ўжо выказаліся адносна запісу нарады з удзелам асобы, чый голас падобна на голас аднаго з кіраўнікоў МУС. Дазволім сабе дапоўніць іх меркаваньні некаторымі высновамі (большасьць з іх ня новыя, але аўдыёзапіс зьнішчыў апошнія сумненьні адносна іх слушнасьці).

Пачнем са штодзённага, пабытовага. Пры Лукашэнку беларусы ведалі, што сустрэча з міліцыянерам можа пагражаць іх свабодзе і здароў’ю. Цяпер яны павінны ўсьвядоміць, што гэта можа быць і пагроза жыцьцю – у выпадку, калі міліцыянер чамусьці западозрыць, што вы «ідзеце на яго», ён можа стрэліць вам у лоб. І яму за забойства нічога ня будзе.

Таму ідэальная мадэль паводзінаў у выпадку, калі вы ўбачылі міліцыянера – перайсьці на другі бок вуліцы, а лепш за ўсё – не трапляцца яму на вочы. Так, як рабілі нашы дзяды і прадзеды ў часе вайны , калі бачылі фашысцкі патруль.

Тое, што ў міліцыі ёсьць людзі з выразнымі садысцкімі схільнасьцямі, пацьвердзіў жнівень 2020-га. Цяпер відавочна, што такія людзі ёсьць і на чале сілавога блоку. Нават не знаходзячыся на сваіх пасадах і ня маючы права на зброю, яны б уяўлялі б пагрозу грамадзтву.

Між іншым, спадзяваньні, што пасьля падзеньня рэжыму вінаватыя ў рэпрэсіях будуць асуджаныя, могуць апраўдацца ня ў поўнай ступені: некаторых могуць прызнаць псыхічна хворымі («Но позвольте, как же он служил в очистке?»).

Асноўная (і адзіная) функцыя сілавікоў – абарона Лукашэнкі, ягонай сям’і, дэпутатаў і супрацоўнікаў апарату. Пра гэта на аўдыёзапісу заяўлена адкрыта. Усе астатнія 9,5 мільёнаў чалавек разглядаюцца як патэнцыйныя ворагі, «лішнія», якіх ня толькі можна, але і ТРЭБА зьнявечыць, пакалечыць ці забіць (прывітаньне тым, хто і цяпер ня згодны, што ў Беларусі не ўсталяваўся фашысцкі рэжым).

Канстытуцыя і законы ў краіне больш ня дзейнічаюць. Пасьля Лукашэнкі, найбольш уплывовымі асобамі зьяўляюцца сілавікі.

Ідзе падрыхтоўка да разьмяшчэньня палітычных апанэнтаў у канцэнтрацыйных лягерах, як у СССР часоў Сталіна і Германіі часоў Гітлера.

Маштаб рэпрэсій будзе павялічвацца. Пры тым, што яны ўжо набылі масавы характар – колькасьць рэпрэсаваных са жніўня дасягнуў 30 тысяч чалавек, гэта 0,3% насельніцтва. У праекцыи на СССР ці на цяперашнія ЗША гэта было б больш як мільён.

Кіраўніцтва краіны адмаўляецца ад выкананьня якіх бы то ні было міжнародных прававых абавязальніцтваў, калі гэта тычыцца рэпрэсій. Даводзіцца прызнаць, што сусьветная супольнасьць (у тым ліку ААН, ЭЗ, ЗША) ня здолелі колькі-небудзь эфэктыўна абмежаваць Лукашэнку ў ягонай вайне супраць народа. Самы дзейсны і цалкам даступны для Захаду мэтад – ціск на Расею як на галоўнага палітычнага і сілавога спонсара рэжыму – не прыменены.

Дяржаўны апарат і ягоны кіраўнік разглядаюць Беларусь як фарпост Расеі. Паняцьці «дзяржава як апарат» і «дзяржава як краіна» ня толькі адасобіліся, але і ўвайшлі ў супрацьстаяньне. Пачынаючы з 1994, Лукашэнка зьневажаў і зьнішчаў тое, што зьяўляецца базісам існаваньня любой сувэрэннай дзяржавы, а менавіта – нацыянальную ідэнтычнасьць, мову, гістарычныя сімвалы, культуру. Гэтая нянавісьць перададзеная сілавому блоку. Зафіксаваныя выпадкі, калі людзей катавалі і зьбівалі за адну толькі беларускую мову; колькасьць судовых працэсаў за нацыянальны сьцяг ужо ідзе на дзесяткі. На мове міжнароднага права гэта балянсуе паміж этнацыдам і генацыдам.

Лукашэнка і сілавыя міністры гатовыя аддаць Беларусь Расеі пры дылеме «Незалежнасьць альбо ўласная бясьпека». Ці атрымаецца ў іх гэта – залежыць ад згуртаванасьці беларускага народа.
МАСКВА І МЕНСК: РОЗЬНІЦА. АЛЕ - ЧАСОВАЯ Хто бачыў онлайн сустрэчы Навальніка і яго затрыманьня – заўважыў, што міліцыя ня біла па-зьверску дубінкамі прысутных, як у Менску, не страляла ў іх, як у Менску, пры затрыманьні Навальнага прадставіліся і я пэўны, што яму ня будуць нагой біць у грудзі і ня будуць выціскаць вочы, як у 1995 Пазьняку, не адправяць у накаўт ударам па галаве, як у 2010 Някляева, не паставяць на дзесяць гадзінаў на расьцяжку, не адаб’юць ныркі, не зламаюць хрыбет, не запіхнуць дзясятым ў чатырохмясцовую камэру і не пакінуць на некалькі сутак без вады і ежы, як рабілі і робяць з тысячамі людзей у Беларусі.

Але Беларусь, з 1994 – пляцдарм Масквы для адпрацоўкі рэпрэсіўных мэтадаў. Тое, што выпрабоўваецца ў Беларусі, потым ужываецца ў Расеі.
Сытуацыя ў Беларусі далёкая да гумару, алі ўсё ж калісьці пачуты на нью-ёрскім Брайтане анэкдот:

Сёма ўзносіць малітву да Бога: «Госпадзе! Вось ужо дзесяць гадоў я штодня прашу цябе, каб ты дапамог мне выйграць у латэрэю аўтамабіль, а ты глухі да маіх малітваў!».

І тут разьвяргаюцца нябёсы, і зьяўляеца Гасподзь:

«Сёма! Дай мне шанец! Купі хоць раз латэрэйны білет!»

Вось так і Аляксандар Рыгоравіч: ён ня даў кіраўніцтву Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі ніводнага шанцу пакінуць Менск у якасьці пляцоўкі для ЧС-2020.

Аўтар гэтых радкоў быў не адзіны, хто пісаў, што ў час прыезду ў Менск Рэнэ Фазэля Лукашэнка вызваліць з турмы грамадзянку Швэйцарыі Натальлю Хершэ (2,5 гады за сарваную з сілавіка маску), і яшчэ двух-трох палітзьняволеных, ня важна каго — ключавое слова тут «вызваліць».

Ведаючы шчырае жаданьне Фазэля дагадзіць сябру, можна меркаваць, што ён скарыстаў бы жэст Лукашэнкі на 300% і падаў бы яго як першы крок да «дыялёгу», прычым падкрэсьліўшы, што пад маркай чэмпіянату ўдалося тое, чаго не ўдавалася прэзыдэнтам і прэм’ерам пад пагрозай санкцыяў; дык ці ня варта падтрымаць Лукашэнку на шляху міласэрнасьці?

Прызнаюся: я быў перакананы, што Натальлю Хершэ таму і схапілі, таму і пасадзілі, каб потым скарыстаць у якасьці казырнай карты, кінуць падчас дэбатаў пра чэмпіянат.

Пасыпаю галаву попелам: я не ўлічыў, што паняцьці «міласэрнасьць» і «Аляксандар Рыгоравіч» не перасякаюцца. Ніколі. Нават калі гэта ў інтарэсах Аляксандра Рыгоравіча.
Сёньня Лукашэнка пагутарыў з Пуціным, па тэлефоне. «Эўраазіяцкі эканамічны саюз», «саюзная дзяржава», каранавірус. Традыцыйны набор. Ні ў паведамленьні прэс-службы Крамля, ні ў інфармацыі пралукашэнкаўскага ТГ ні слова пра «канстытуцыйную рэформу» як спосаб «транзыту ўлады», пра што яшчэ чатыры месяцы таму ўзгадваў кіраўнік МЗС Лаўроў.

Пра гэта — ні слова.

Такім чынам, абяцаньне адстаўкі цягам году-палутара, нібыта дадзенае Лукашэнкам Пуціну ў верасьні ў Сочы, разьвеялася, як лёгкая воблачнасьць над палацам у Гэленджыку.
РОССИЯ — НА ПОРОГЕ МАССОВОГО ТЕРРОРА

В 2014 году войной против Украины Путин вырвал у Лукашенко знамя «самого плохого парня Европы», но в августе 2020-го Лукашенко удалось его вернуть. Казалось, надолго.

Но события последних дней — арест Навального, его же фильм про путинский дворец, который за три дня посмотрел каждый второй взрослый зритель России (предыдущий рекорд, если не ошибаюсь, поставила в 60-х «Бриллиантовая рука»), сегодняшние превентивные аресты перед завтрашней общенациональной акцией — говорят за то, что Россия на пороге массового террора.

Беларусь всегда была для Кремля полигоном отработки механизмов репрессивного воздействия. Невиданные десятилетиями на европейском континенте изуверские пытки, репрессии и аресты, применённые лукашенковскими силовиками к мирному населению после т.н. «выборов» 2020 года показали, что люди, лишённые права на владение оружием, совершенно беззащитны перед государственным террором.

Реакция международного сообщества? Путину на неё наплевать, как и Лукашенко, а SWIFT всё равно не отключат, газ и нефть будут покупать, куда денутся.

И если вчера московские активисты возмущались, что сотрудники ФСИН нарушили процессуальные нормы, вежливо задержав соратника на 48 часов, то завтра их могут ожидать минские реалии: избили при задержании, окунули головой в унитаз, но не засунули дубинку в задний проход и не раскроили череп? — уже хорошо.
ЛУКАШЭНКА Ў РЭПРЭСІЯХ АБАГНАЎ САВЕЦКІХ ЛІДЭРАЎ, АКРАМЯ СТАЛІНА. ПАКУЛЬ ШТО

Тыя, хто ведаў Лукашэнку ў гады ягонага дэпутацтва (пачатак 90-х), пацьвердзяць, што выказваньне хоць мінімальнай нязгоды зь ягоным меркаваньнем выклікала ў яго дзіцячую крыўду (здаралася, ён нават плакаў), ён не размаўляў з чалавекам месяцамі. Гэтая ўласьцівасьць засталася б праблемай працоўных саўгасу «Гарадзец», але вось ужо 26 гадоў яна вызначае стыль узаемаадносінаў вышэйшага кіраўніка краіны з падначаленымі.

Сьмешна назіраць, як міністры і нават кіраўнікі палатаў так званага «парлямэнту» ускокваюць па стойцы «сьмірна» на нарадах, гатовыя паслухмяна прыняць да выкананьня любую ахінею, якую выкажа Лукашэнка.

«Аднадумства» зрабілася часткай дзяржаўнай ідэалёгіі, і ў апошні час устаноўкай для дзейнасьці сілавых структураў. Суды прымаюць сьведчаньнямі міліцыянэраў кшталту абсурднага »падтрымалі пратэсты ў выглядзе кармленьня бамжоў», як гэта было ў Кастрычніцкім судзе г. Менск, ці проста «нязгодай з дзейнай уладай».

Гэта вельмі трывожны сымптом. За проста «назгоду з уладай» ці проста «падтрымку пратэстаў» у часы позьняга Хрушчова і Брэжнева не судзілі. Калі ўявіць, што на якім-небудзь менскім заводзе ў 1968 нехта з рабочых выказаў падтрымку пратэстнай акцыі на Краснай плошчы супраць уводу войск у Чэхаславаччыну, – гэта было б зафіксавана супрацоўнікам КДБ, сам рабочы быў бы пазначаны як неблаганадзейны, але ніякіх вынікаў для яго б гэта ня мела. У выпадку, калі б ён пачаў раздаваць самвыдат – зь ім правялі б «прафіляктычную гутарку» у КДБ. І ўжо толькі пры сыстэматычным распаўсюдзе самвыдату ці арганізацыі нейкай акцыі была б распачатая крымінальная справа.

Гэтым і тлумачыцца адносна невялікая для шматмільённага СССР колькасьць асуджаных «антысаветчыкаў» у часы Брэжнева. У 1976 годзе ў Нобэлаўскай лекцыі акадэмік Сахараў казаў пра 126 вязьняў сумленьня ў СССР. У Беларусі іх сёньня амаль 200.

Пры Сталіне, якога Лукашэнка неаднаразова называў сваім кумірам, за адно толькі выказваньне нязгоды зь «лініяй партыі» лёгка маглі асудзіць. Як і ў сёньняшняй Беларусі – за «нязгоду з дзейнай уладай», палічыўшы гэта пікетам. Розьніца толькі ў тэрмінах зьняволеньня і маштабах рэпрэсій. Але, як казаў Іосіф Вісарыёнавіч, «нет таких крепостей, которых большевики не могли бы взять».
ЦЯПЕРАШНЯЯ МЭТА РЭПРЭСІЎНАЙ МАШЫНЫ — «УСІМ МАЎЧАЦЬ!»

Рэпрэсіўны апарат Лукашэнкі ўзьняўся на новы ўзровень (альбо, наадварот — «прабіў чарговае дно»): пачаліся суды над тымі, хто кажа пра зьдзекі і катаваньні АМАПам.

У Менскім гарадзкім судзе ідзе працэс над блогерам Паўлам Сьпірыным, які сказаў пра дзеяньні АМАПу. Суд Ленінскага раёну даў 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму Віктару Барушку, ня ўзяўшы паду вагу ягоныя заявы пра нечалавечыя катаваньні з боку сілавікоў (ён правёў амаль два тыдні ў рэанімацыі з пераломамі і траўмамі ўнутраных ораганаў).

Суды супалі з публікацыяй Сусьветнай арганізацыяй супраць катаваньняў дакладу аб мэтадах, прымененых сілавікамі да беларускіх мірных пратэстоўцаў. Пра неабходнасьць задзейнічаць міжнаролднае правасудзьдзе заявіла Amnesty International.

Беларусь ўяўляе ўнікальную краіну, і гэта пацьвердзіла рэакцыя грамадзтва на падзеі 9-13 жніўня. Як сказаў у нядаўнім інтэрвію кінарэжысэр Сяргей Лазьніца — «Калі б з такой жа жорсткасьцю дзейнічала ўкраінская паліцыя, разганяючы мірную дэманстрацыю, і з ізалятара выйшлі б шматлікія сьведкі катаваньняў і зьдзекаў, як на Акрэсьціна, я ўпэўнены, што гэта ўмоўнае „Акрэсьціна“ ва Ўкраіне неадкладна разабралі б па цаглінках, як Бастылію. І ніхто ня змог бы спыніць людзей, таму што супраць 200 000 чалавек танкі не пашлеш. І людзі былі б у сваім праве, таму як улада творыць беззаконьне і тым самым пазбаўляе сябе якой бы там ні было легітымнасьці. Гэта ўжо ня ўлада».

У Беларусі людзі, аднак, выходзілі на мірныя пратэсты. І атрымалі за гэта — зьбіцьці, катаваньні, штрафы і турэмныя тэрміны.

Цяпер рэпрэсіўны апарат мае наступную мэту — прымусіць усіх маўчаць. Выглядае, у пакорлівым, рабскім маўчаньні і бачыць Лукашэнка «народнае адзінства».

На наступныя гады ягонага непадзельнага ўладарства.
Наўрад ці хто з карыстальнікаў ТГ чытае папяровыя газэты. Той жа "Новы Час" я чытаю ў электронным выглядзе. Але сваіх бацькоў у Віцебску падпісаў - бо газэта мае той плюс, што яне можна перадаць іншым. І дадам, што гэта газэта, якая піша ня толькі пра актуаліі, але і дае найбольш поўную інфармацыю па найноўшай гісторыі https://t.me/novychas/6851
Пахаваньне Васіля Быкава, пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. 25 чэрвеня 2003.
Аналізуючы падзеі жніўня 2020, некаторыя кажуць (на мой погляд, цалкам слушна), што калі б 200-300 тысяч узялі, умоўна кажучы, рэзыдэнцыю — пралілася б кроў, але сёньня ўлада была б іншай. Але — пралілася б кроў. Абіраць такі спосаб, на маё глыбокае перакананьне, мае права толькі той, хто сам стане ў першыя шэрагі зь ясным усьведамленьнем, што гэта, магчыма, апошнія хвіліны ягонага жыцьця.

Беларусы абралі іншае — мірны супраціў. Ён мае тую перавагу, што суправаджаецца глыбіннымі пераменамі ў народнай сьвядомасьці. У жніўні 91-га БНФ дамогся Незалежнасьці, спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС, але сьвядомасьць большасьці засталася «саўковай» — гэта і спрацавала на прэзыдэнцкіх выбарах ў 94-м.

Шлях мірнага супраціву рэдка калі прыводзіць да хуткай зьмены, бо існуе неабходная ўмова: раскол дзяржаўнага апарату і сілавых структураў.

Як вучыць гісторыя, такі раскол ва ўмовах татальнага непрыманьня народам дыктатуры непазьбежна адбываецца, але працэс можа заняць ня год і ня два.

Абраўшы мірны шлях, гэта трэба ясна ўсьведамляць.

І мне падаецца, тыя, хто цяпер кажа, што «перамога зусім блізкая, трэба толькі крыху яшчэ пацярпець» — у лепшым выпадку, займаюцца самападманам, у горшым — займаюцца проста падманам.
МАХЛЯРСТВА НА РЭФЭРЭНДУМЕ ПРА «ЧЫРЫОНА-ЗЯЛЁНУЮ» СЫМБОЛІКУ

Пра тое, што ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум 1995 г. быў прызначаны з парушэньнем Канстытуцыі і законаў, пісалася шмат.

Нагадаю, што, на думку доктара юрыдычных навук, прафэсара Міхаіла Пастухова, адно толькі зьбіцьцё дэпутатаў у часе працэдуры прызначэньня рэфэрэндуму робіць яго вынікі юрыдычна нікчэмнымі.

Юрыст і праваабаронца Алег Волчак перакананы, што зьбіцьцё дэпутатаў павінна кваліфікавацца як як захоп і ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, замах на жыцьцё дзяржаўных дзеячоў з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку і ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў дзяржаўнымі органамі альбо перашкоды палітычнай ці іншай грамадзкай дзейнасьці. Апошняе кваліфікуецца як тэрарыстычны акт і цягне адказнасьць аж да сьмяротнага пакараньня. Але тады Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па артыкулах... хуліганства і перавышэньне службовых паўнамоцтваў (але і гэтага хапіла, каб Лукашэнка адправіў генпракурора Шаладонава ў адстаўку).

Аднак існуе і адна важная тэхнічная дэталь, датычная галасаваньня менавіта па гербу і сьцягу, пра якую цяпер мала хто памятае.

У бюлетэнях рэфэрэндуму пытаньне фармулявалася наступным чынам: «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?».

Але ні тлумачэньня, што трэба разумець пад словам «новых», ні самога апісаньня герба ці сьцяга, ні іх выяваў у бюлетэнях не было.

«Новы» — гэта ня толькі не юрыдычна-прававое паняцьце, але і вельмі адноснае ў паўсядзённасьці. Скажам, вы прадалі старое аўто і набылі пяцігадовую «шкоду» — і, канешне, у вашай сям’і гэта будзе новы аўтамабіль. Але ці зьяўляецца машына з прабегам больш у 100 тысяч км — новай?

На гэта і разьлічвалі ўлады. Людзі старэйшага пакаленьня памятаюць, што пасьля рэфэрэндуму многія казалі, што галасавалі «за» таму, што пад словам «новыя» разумелі менавіта «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг — на той момант яны сапраўдны ў народнай сьвядомасьці ўспрымаліся новымі, пасьля іх зацьверджаньня прайшло менш чым чатыры гады. А прапанаваныя Лукашэнкам герб і сьцяг успрымаліся як «старыя» — бо практычна такія ж былі ў БССР дзесяцігодзьдзі.

Фактычна, улады пайшлі на махлярства. Гэта можа падацца менш істотным, чым парушэньні Канстытуцыі і заканадаўства пры прызначэньні і правядзеньня рэфэрэндуму, але дазваляе адчуць, да якіх мэтадаў прыбягаў Лукашэнка, каб зьняважыць нацыянальны гонар.

Між іншым, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня ня ўносіў зьмены ў заканадаўства па выніках рэфэрэндуму. Гэта зрабіў праз больш чым год (!), 29 чэрвеня 1996, Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, — у імкненьні наладзіць «канструктыўнае супрацоўніцтва» з Лукашэнкам.

Праз пяць месяцаў гэты Вярхоўны Савет Лукашэнка разагнаў. Слова «супрацоўніцтва» невядомае Аляксандру Рыгоравічу. Ён прызнае толькі — «падпарадкаваньне».
Аўтар каналу @reflectionbelarus падказаў ідэю прыгадаць рэфэрэндуум-95. У якой ступені зьмена сімволікі была ініцыятывай Лукашэнкі, а ў якой – Крамля? Выкажу ўласнае меркаваньне. Зацікаўленыя, канешне, былі абодва бакі. Як ні парадаксальна – акрамя Ельцына. https://svabod1.azureedge.net/a/31081932.html