"Вясна" назірае
714 subscribers
592 photos
19 videos
333 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
😳«Пікетавала БЧБ-валасамі». Дзяўчыну аштрафавалі на 2320 рублёў за колер валасоў

Раніцай 9 верасня на вуліцы Адзінцова ў Мінску затрымалі 19-гадовую Вікторыю Лёвіну. Міліцыянтам не спадабаўся колер валасоў дзяўчыны, таму яе затрымалі і адвезлі ў Фрунзенскі РУУС. На Вікторыю склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, дзе пазначылі, што яна «правяла пікетаванне, маючы на галаве афарбоўку валасоў бел-чырвона-белага колеру».

Суд над дзяўчынай адбыўся ў той жа дзень у судзе Фрунзенскага раёна. Вікторыя распавяла, што валасы пафарбавала амаль паўгады таму дзеля жарту. Адразу яны былі белыя, а ззаду некалькі пасмаў чырвонага колеру. Але ў дзяўчыны адраслі чорныя карані валасоў, таму яны цяпер маюць афарбоўку «чорна-бел-чырвоную».

Суддзя Наталля Бугук папрасіла па скайпу Лёвіну павярнуцца і паказаць, як выглядае колер валасоў. Суддзя адзначыла, што ў яе «вельмі цікавая і арыгінальная прычоска» і прызнала Вікторыю вінаватай у пікетаванні. Вынік — штраф у памеры 2320 рублёў (80 базавых).

Ілюстрацыя: @katia.sheremetieva
⚡️Трох пенсіянерак пакаралі суткамі за акцыю ў падтрымку Знака і Калеснікавай. У адной з іх ператрус праводзіў КДБ

9 верасня адбыўся ператрус у некалькіх пенсіянерак, якіх судзілі раней за акцыю ў электрычцы. Пасля ператрусу затрымалі 60-гадовую Ірыну Новік, 61-гадовую Наталлю Агейчык і Алу Буянкову. Сёння над пенсіянеркамі адбыўся суд. Справы ўсіх жанчын разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк.

Жанчын абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня на вуліцы Старажоўскай у Мінску. Міліцыянт «Аляксандровіч» на судзе сцвярджаў, што асабіста бачыў дзесяць чалавек у белых цішотках з надпісам «23.34», але запомніў толькі Ірыну, Наталлю і Алу. Па яго словах, жанчын адразу не затрымалі, бо былі вымушаны «паехаць на грамадска-значнае правапарушэнне». У матэрыялы справы далучылі скрыншот з відэа, але на ім усе ўдзельнікі сядзяць спіною. Меркавана, гаворка ідзе пра відэа, якое знялі ў падтрымку Максіма Знака і Марыі Калеснікавай.

Наталля Агейчык
сваю віну не прызнала. Вядома, што ператрус у яе кватэры праводзілі супрацоўнікі КДБ. Жанчына звярнула ўвагу суддзі, што яны так і не знайшлі цішотку, у якой яна нібыта была на акцыі. Суддзя адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання, на якіх бачна, што ў час «правапарушэння» яна размаўляла з суседкай. Вынік — 30 сутак арышту.

Ірына Новік распавяла, што 6 верасня была ў парку з дачкой. Суддзя таксама адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання банку, у які Ірына заходзіла. Карсюк прызнаў вінаватай Новік і арыштаваў яе на 15 сутак.

Ала Буянкова адмовілася даваць паказанні, бо не бачыць у гэтым сэнсу. Суддзя пакараў яе 15-сутачным арыштам.
⚡️Гукарэжысёра і музыку гурта Favourite Mirror збівалі пасля затрымання і катавалі электрашокерам, а потым арышатавалі на 15 сутак

35-гадовага Аляксея Бусла разам з маці Таццянай Бусел затрымалі раніцай 9 верасня падчас «хапуна» на дваравым маршы ў мінскай Кунцаўшчыне. Пазней у праўладных тэлеграм-каналах з’явілася пакаяльнае відэа з хлопцам, якое знялі ў службовым бусе. У кватэры сям’і супрацоўнікі ГУБАЗіКу правялі ператрус, пасля якога затрымалі і бацьку Аляксея. Ноччу Сяргея Бусла ўсё ж такі выпусцілі, а Аляксея і Таццяну пакінулі за кратамі да суда. На іх, як і на астатніх удзельнікаў шэсця, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Іх справы 10 верасня разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Наталля Бугук.

Сваю віну Бусел прызнаў часткова, бо «намер удзельнічаць быў, але ён не быў рэалізаваны, бо мерапрыемства не адбылося».

Аляксей распавёў, што 9 верасня ён прыйшоў на месца збору, дзе планавалася акцыя, пра якую даведаўся з ананімнага паведамлення ў тэлеграме. Па прыбыцці ён зразумеў, што марш пачынаецца. З сабою ў яго быў «дзяржаўны сцяг 1991 года — бел-чырвона-белы». Аляксей дастаў яго з кішэні і накінуў на плечы, але адразу на яго накінуліся невядомыя, якія не прадставіліся. Пасля затрымання Аляксея каля 30 хвілін вазілі па Мінску. Яго адвезлі спачатку ў ГУБАЗіК, далей у Фрунзенскі РУУС, а потым на агляд у кватэру.

❗️Таксама Бусел заявіў пра катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіКу:
«Пасля затрымання ў бусе супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўжывалі фізічную сілу. У ГУБАЗіКу было апытанне таксама з ужываннем фізічнай сілы. Везлі ў ГУБАЗіК на падлозе аўтобуса. Часам білі. Нешта пыталіся, нешта адказваў, стымулявалі адказваць ўдарамі і электрашокерам».

Акрамя гэтага Аляксей хацеў распавесці пра агляд кватэры, але суддзя Бугук спыніла, бо «гэта не датычыцца да справы». Негледзячы на заявы пра катаванні і збіццё, суддзя Бугук пакарала музыку 15-сутачным арыштам.

Вядома, што маці Аляксея Таццяну таксама арыштавалі на 15 сутак.
😳«У мяне скайп. У нас тут куча гэтых красаўцаў». Мінская суддзя падчас суда размаўляла па тэлефоне, а потым пакарала мужчыну «суткамі» за БЧБ-налепку на машыне

У судзе Фрунзенскага раёна 9 верасня адбыўся суд над 30-гадовым Аляксандрам Сідарэнкай. Справу яго разглядзела суддзя Юлія Блізнюк.

Аляксандра затрымалі раніцай 9 верасня ў Сухарава пасля скаргі «неабыякавага грамадзяніна». Згодна з рапартам супрацоўніка Фрунзенскага РУУСа, ім патэлефанаваў невядомы і паскардзіўся на БЧБ-налепку на багажніку машыны Сідарэнкі. Міліцыянты хутка зрэагавалі на званок і праз 20 хвілін мужчыну ўжо затрымалі. На яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

На судзе Аляксандр адмовіўся даваць паказанні і пагадзіўся з пратаколам. Ён толькі сказаў, што налепку размясціў яшчэ ў 2019 годзе. Тады суддзя абурылася:
Калі пачалі па тэлевізары ўсюды казаць, што нельга, што гэта забаронена, Вы не валодалі такой інфармацыяй?
— Не глядзеў тэлевізар.

Падчас судовага паседжання суддзі Блізнюк пателефанавалі і яна пачала размаўляць наўпрост падчас працэсу: «Доўга гаварыць не магу. У мяне скайп. У нас тут куча гэтых красаўцаў».

У выніку, суддзя прызнала вінаватым Аляксандра і арыштавала яго на 15 сутак.
❗️Мужа і жонку пяты раз запар арыштавалі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы. Агулам сям’я правядзе за кратамі 71 дзень

10 верасня пасля чарговых «сутак» на волю не выйшлі Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. З ліпеня на сям’ю ў Ленінскім РУУСе бесперапынна складаюць пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) за тое, што яны перасылалі ў прыватных паведамленнях адзін адному інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў». Апошні раз іх арыштавалі 26 жніўня на 15 сутак. Але пасля арышту сям’я так і не выйшла на волю — на іх склалі новыя пратаколы па арт. 19.11 КаАП.

⚖️Справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Ленінскага раёна Юлія Шут, але ў розныя дні: Сяргея — 10 верасня, а Анастасіі — 13 верасня. Іх справы ў раскладзе з’явіліся толькі пасля суда. Вядома, што мужа і жонку зноў асудзілі на 15 сутак кожнага. Агулам суддзі Ленінскага раёна арыштавалі Сяргея і Анастасію на 71 суткі.
‼️За відэапаведамленне на фоне руху картэжу Лукашэнкі мінчука арыштавалі на 15 сутак

Увечары 10 верасня па праспекце Пераможцаў у Мінску праязджаў картэж Лукашэнкі. Па словах 24-гадовага Антона Герасімовіча, каля Палаца спорту да яго з дзяўчынай падыйшлі міліцыянты і папрасілі іх спыніцца і пачакаць пакуль праедзе картэж. У гэты момант Антон вырашыў запісаць відэапаведамленне на сваім тэлефоне. Міліцыянты расцанілі гэтае дзеянне як «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). Але ў пратаколе яны пазначылі, што Антон «чапляўся да грамадзян, гучна крычаў, размахваў рукамі, спрабаваў учыніць бойку, пры гэтым нецэнзурна лаяўся».

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што хлопца затрымалі менавіта з-за яго паводзінаў. «Александровіч» не бачыў ні тэлефон у руках Антона, ні тое, што былі спыненыя рух транспарту і людзі каля праезнай часткі.

⚖️Віну Герасімовіч не прызнаў, бо лічыць, што падставай для яго затрымання стаў тэлефон у яго руках. Суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк палічыў віну Антона даказанай і пакараў хлопца 15-сутачным арыштам.
❗️Хірурга Магілёўскай абласной бальніцы Марыю Ляпёшкіну аштрафавалі на 870 рублёў

Сківічнага хірурга Магілёўскай абласной бальніцы Марыю Ляпёшкіну затрымалі 13 верасня і пакінулі за кратамі да суда. Сёння стала вядома, што над лекаркай у судзе Магілёўскага раёна адбыўся суд. Яе справы ў раскладзе суда не было, таму суд прайшоў фактычна ў закрытым рэжыме.

Меркавана, Марыю абвінавацілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Суд пакараў жанчыну штрафам у памеры 870 рублёў (30 базавых велічыняў).

Вядома, што адзін з праўладных тэлеграм-каналаў назваў Ляпёшкіну стваральніцай чата «Медики с Народом Могилев», а таксама адміністратаркай «Белых халатов».

Крыніца: MAYDAY
❗️Студэнта БНТУ арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаванне міліцыянту. Яго затрымалі перад пачаткам хакейнага матчу

У «Мінск-Арэне» 12 верасня прайшоў хакейны матч «Дынама-Мінск» — «АК Барс». Меркавана, перад яго пачаткам падчас агляду рэчаў затрымалі 20-гадовага студэнта БНТУ Максіма Лычкоўскага. Хлопца абвінавацілі па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУСа». Хлопец на судзе распавёў, што яго «схапілі» супрацоўнікі міліцыі на «Мінск-Арэне», але непадпарадкавання ён не аказваў.

Па словах сведкі-міліцыянта, прычынай затрымання Максіма стала інфармацыя аб удзеле студэнта ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праспекце Машэрава 10 верасня. Але, калі яго затрымалі для «праверкі» і павезлі ў Цэнтральны РУУС, то ён «адмовіўся прайсці ў будынак, упіраўся нагамі і чапляўся за адзенне». Суддзі Дзмітрыю Карсюку доказаў для прызнання яго вінаватым хапіла, таму ён арыштаваў Лычкоўскага на 15 сутак.

📸Ілюстрацыйнае фота Onliner.by
⚡️Рэдактара Яндэкс.Музыкі аштрафавалі на 2900 рублёў за непадпарадкаванне міліцыянту

15 верасня затрымалі рэдактара Яндэкс.Музыкі Мікалая Янкойця за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі Пратызанскага РУУСа». У яго дома адбыўся ператрус, але супрацоўнікі, па словах Мікалая, «нічога не знайшлі».

Сёння над Мікалаем прайшоў суд у судзе Партызанскага раёна. На суд мужчыну прывезлі асабіста. Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Суддзя прызнаў Янкойця вінаватым па арт. 24.3 КаАП і пакараў яго штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых).
❗️Культурнага арганізатара затрымалі ў чарзе да лекара з падазрэннем на кавід, а пазней арыштавалі на 13 сутак

43-гадовы Андрэй Акушка — культурны арганізатар, працуе ў Палацу дзяцей і моладзі. Раніцай 15 верасня ў яго кватэры прайшоў ператрус, падчас якога канфіскавалі тэхніку. Згодна з паказаннямі міліцыянта, Андрэя затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў «дэструктыўных тэлеграм-каналах». У кабінеце Фрунзенскага РУУСа, куды мужчыну прывезлі для «праверкі» па факце меркаванага «правапарушэння», ён «пачаў гучна крычаць і кідаць пісьмовыя прыналежнасці на падлогу». Справу Андрэя па арт. 19.1 КаАП разглядзеў 16 верасня суддзя Таццяна Полулех.

Андрэй на судзе сцвярджаў, што пасля ператруса і гутаркі ў РУУСе, яго адпусцілі дадому. З-за высокай тэмпературы ён быў вымушаны пайсці да лекара ў паліклініку. Але пакуль ён сядзеў у чарзе з падазрэннем на кавід, да яго прыйшлі міліцыянты і прапанавалі праехаць з імі, каб падпісаць некалькі дакументаў. На волю Андрэй так і не выйшаў. Вынік суда — 13 сутак.
"Вясна" назірае
‼️«Прыказалі прачытаць гэтыя словы ў РУУСе». Трох затрыманных у Кунцаўшчыне пакаралі суткамі і штрафам Раніцай 9 верасня ў мінскай Кунцаўшчыне павінен быў адбыцца дваравы Марш з БЧБ-сімволікай. Каля 8.20 відавочцы пабачылі затрыманні, а пазней на праўладных…
‼️Мінчука, арыштаванага раней за марш у Кунцаўшчыне, сёння затрымалі на выхадзе з Акрэсціна. Яго зноў арыштавалі

Раніцай 9 верасня ў мінскай Кунцаўшчыне павінен быў адбыцца дваравы Марш з БЧБ-сімволікай. 41-гадовага Дзмітрыя Палякова затрымалі яшчэ да яго пачатку, а потым асудзілі за «ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці» на 13 сутак. Сёння каля 08:00 Дзмітрыя вызвалілі з ЦІПа на Акрэсціна, але дадому ён так і не трапіў. Сваякі пачалі шукаць мужчыну, а праз дзве гадзіны ім паведамілі, што ён «хуліганіў» ва Фрунзенскім РУУСе, таму на яго склалі новы пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Справу Палякова сёння разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Ала Скуратовіч. Па словах Дзмітрыя, пасля вызвалення ён «радасны вяртаўся дадому». Праз некаторы час да яго падыйшлі два супрацоўнікі ў цывільным і прапанавалі праехаць з імі. Мужчына мяркуе, што яго затрымалі з-за таго, што ён прабег некалькі метраў, таму міліцыянты маглі вырашыць, што ён ад чагосьці збягае. Па дарозе міліцыянты ў яго запытвалі, «чаго ён такі шустры і буяны». Адразу Палякоў на судзе сцвярджаў, што ён «не лаяўся і не паводзіў сябе задзірліва». Але пасля перапынку ў судовым паседжанні і паказанняў сведкі-міліцыянта, Дзмітрый пагадзіўся з пратаколам. Суддзя пацікавілася:

— Чаму сёння ў судзе іншае казалі?
— Трошкі заблытаўся. Даўно не еў. Даўно не спаў. Трохі дэзарыентаваны.

Міліцыянт на судзе заявіў, што яму па загаду кіраўніцтва трэба было сустрэць Дзмітрыя на выхадзе з ЦІПа, адвезці ў РУУС і пагутарыць з ім наконт удзелу ў масавых мерапрыемствах. Мужчына адразу пагадзіўся, але па дарозе ў машыне ён пачаў весці сябе агрэсіўна, а калі выходзіў, то выбіў тэчку з рук міліцыянта. Адрас «правапарушэння» у пратаколе і ў паказаннях сведкі наогул адрозніваецца. Але суддзя Скуратовіч не звярнула на гэта ўвагі і пакарала Палякова 13-сутачным арыштам.
‼️«Хрэн вам, а не хуткая». Як у беларускіх ізалятарах працягваюць здзеквацца з «палітычных»

У канцы ліпеня супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі маладую сям'ю — Кацярыну і Аляксандра (іх імёны змененыя ў мэтах бяспекі). Пасля ператрусу і допыту ў СК іх арыштавалі на 15 сутак па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Сям'я распавяла "Вясне назірае" пра ўмовы ўтрымання ў жніўні: пра відэакамеры над туалетам, "мясцовыя" метады лячэння COVID-19 на Акрэсціна і адмову выклікаць хуткую дапамогу хлопцу з прыступам эпілепсіі.

«Мужчыне было дрэнна (у яго быў жар), прасілі выклікаць хуткую. Мясцовая лекарка папрасіла яго падняць руку, ён падняў. На што сказала: «Ну вось, не здох жа!». І пайшла.

Іншы хлопец скардзіўся, што зніклі пахі. Яна папрасіла яго адвярнуцца, потым павярнуцца, а сама ў кармушку рэзка ватку з нашатырам прасунула. Ён ад нечаканасці тузаецца, яна кажа: «Ну вось і што ты пі…іш, усё ты адчуваеш»
, — Аляксандр і Кацярына ўзгадваюць пра лекарку на Акрэсціна.

Чытаць падрабязнасці па спасылцы.
"Вясна" назірае
❗️Мужа і жонку пяты раз запар арыштавалі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы. Агулам сям’я правядзе за кратамі 71 дзень 10 верасня пасля чарговых «сутак» на волю не выйшлі Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. З ліпеня на сям’ю ў Ленінскім РУУСе…
‼️84 дні — менавіта столькі правядуць за кратамі муж і жонка за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы

Сёння ў шосты раз асудзілі 26-гадовую Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і 26-гадовага Сяргея Крупеніча па ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Мінулыя «суткі» ў іх сканчваюцца толькі ў суботу, 25 верасня. Але на Анастасію і Сяргея ў Ленінскім РУУСе ў чарговы раз склалі новыя пратаколы па арт. 19.11 КаАП.

Іх справы 23 верасня разглядала суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік. У гэты раз пратаколы на мужа і жонку склалі за перасыл паведамленняў 18 чэрвеня адзін адному, але з розных «экстрэмісцкіх» каналаў. На суддзе Анастасія сказала, што наогул не ведала аб тым, што гэты канал прызнан «экстрэмісцкім», і што нельга такое дасылаць у прыватных паведамленнях мужу. Вынік — 13 сутак арышту.
Сяргей паабяццаў суддзі ніколі больш не чытаць тг-каналы, але суддзя Шоцік таксама пакарала хлопца 13-сутачным арыштам.

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева — настаўніца ў мінскай гімназіі, у жніўні ў яе сканчваўся кантракт. Анастасію і Сяргея першы раз затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. З таго часу іх асудзілі агулам на 84 суткі кожнага за тое, што яны перасылалі ў прыватных паведамленнях адзін адному інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў». Вядома, што пасля затрымання сям’і на адным з праўладных тг-каналаў з’явілася пакаяльнае відэа з Анастасіяй. Прапагандыст Азаронак сцвярджаў, што яна даслала ў экстрэмісцкі канал асабістыя дадзеныя дзяцей супрацоўнікаў міліцыі.
‼️За рэпост з тг-канала «TUT.бай» мінчука пакаралі 15-сутачным арыштам

Учора каля 16:00 супрацоўнікі міліцыі затрымалі 36-гадовага Паўла Смірнова і даставілі яго ў Фрунзенскі РУУС для «прафілактычнай гутаркі». Згодна з паказаннямі міліцыянта, Павел раней удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, таму яго адвезлі ў РУУС для «праверкі». Падчас гутаркі Смірноў аддаў міліцыянтам свой тэлефон, у якім яны знайшлі перасыл паведамлення з тг-канала TUT.бай у прыватнай перапісцы з сябрам 23 верасня. За гэта на мінчука склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

Справу Паўла 24 верасня разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Таццяна Полулех. Сваю віну мужчына прызнаў і дадаў, што не ведаў аб прызнанні тг-канала «экстрэмісцкім». Таксама сёння ў праўладных тг-каналах з’явілася пакаяльнае відэа са Смірновым.

⚖️У выніку, суддзя Полулех прызнала мужчыну вінаватым і арыштавала яго на 15 сутак.
😳 «Сцяг быў для мяне трафеем, а потым я яго парваў і спаліў». Мужчыну арыштавалі за фота з БЧБ-сцягам у фэйсбуку

У судзе Ленінскага раёна 23 верасня пачалі разглядаць справу 34-гадовага Максіма Шэўчыка па арт. 24.23 КаАП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні 1 жніўня. Фота, на якім Шэўчык трымае ў руках БЧБ-сцяг, знайшлі на яго старонцы ў фэйсбуку. Па словах мужчыны, ён паспрачаўся з сябрамі на тры бутэлькі каньяку «Hennessy», што выкладзе фота з БЧБ-сцягам на два месяцы ў фэйсбуку. Мужчына прызнаў сваю віну і растлумачыў суддзі, што фота зрабіў яшчэ 14 чэрвеня. Максім сцвярджае, што сцяг яму наогул не належыў, бо забраў яго ў пратэстоўцаў:

«Сцяг я адабраў у бэчэбэшнікаў, якія праходзілі каля нас з маршам. Ён быў для мяне трафеем, а потым я яго парваў і спаліў. Я фатаграфаваўся там, дзе не было людзей, мы спецыяльна адышлі, каб нас ніхто не бачыў з гэтай парашай, прабачце, з гэтым сцягам».

⚖️У выніку, суддзя Таццяна Шоцік 23 верасня вырашыла вярнуць справу Шэўчыка на дапрацоўку. Сёння справу разглядала ўжо суддя Юлія Шут. Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.
"Вясна" назірае
⚡️Гукарэжысёра і музыку гурта Favourite Mirror збівалі пасля затрымання і катавалі электрашокерам, а потым арышатавалі на 15 сутак 35-гадовага Аляксея Бусла разам з маці Таццянай Бусел затрымалі раніцай 9 верасня падчас «хапуна» на дваравым маршы ў мінскай…
‼️Музыку гурта Favourite Mirror разам з ягонай маці арыштавалі другі раз запар. Раней мінчук заяўляў пра збіццё і катаванні

35-гадовага Аляксея Бусла разам з 68-гадовай маці Таццянай Бусел затрымалі раніцай 9 верасня падчас «хапуна» на дваравым маршы ў мінскай Кунцаўшчыне. У кватэры сям’і супрацоўнікі ГУБАЗіКу правялі ператрус. 10 верасня суддзя Наталля Бугук пакарала Аляксея і Таццяну 15-сутачнымі арыштамі за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Вядома, што Таццяну затрымалі выпадкова — яна адмовілася адыходзіць ад сына, якога на яе вачах збівалі міліцыянты, таму сама паехала за ім. Але ва ўпраўленні на яе таксама склалі пратакол. На судзе Аляксей заявіў, што «супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўжывалі фізічную сілу і стымулявалі адказваць ўдарамі і электрашокерам». Раніцай 24 верасня маці і сын павінны былі выйсці на волю, але дома так і не з’явіліся. Пазней стала вядома, што яны «перазатрыманы» па новых пратаколах.

Іх справы 24 верасня разглядзелі ў судзе Фрунзенскага раёна. Судовыя працэсы вялі суддзі Ала Скуратовіч і Дзмітрый Лукашэвіч.

На гэты раз на Аляксея і Таццяну ў Фрунзенскім РУУСе склалі пратаколы па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Іх абвінавацілі ў тым, што падчас «прафілактычнай гутаркі», яны «агрэсіўна і выклікаючы сябе паводзілі, гучна крычалі, размахвалі рукамі і на заўвагі супакоіцца не рэагавалі». На судзе стала вядома, што нават пратаколы міліцыянты падпісваюць змененымі прозвішчамі. У выніку, маці і сына арыштавалі на 13 і 15 сутак адпаведна.
⚡️Яшчэ аднаго затрыманага ў Кунцаўшчыне паўторна арыштавалі. Міліцыянт на судзе паскардзіўся, што хлопец назваў іх таксістамі

24-гадовага Уладзіслава Кубіцкага сёння не вызвалілі пасля 15-сутачнага арышту за шэсце 9 верасня ў мінскай Кунцаўшчыне. На выхадзе з ЦІПа на Акрэсціна яго сустрэлі міліцыянты і прапанавалі праехаць з імі ў РУУС на «прафілактычную гутарку». Хлопец пагадзіўся, але па дарозе пачаў «агрэсіўна і выклікаючы сябе паводзіць, гучна крычаць і на заўвагі супакоіцца не рэагаваць». За гэтае «правапарушэнне» на Уладзіслава склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Сваю віну хлопец прызнаў.

Міліцыянт на судзе заявіў, што калі яны на службовай машыне спыніліся на скрыжаванні, то «Кубіцкі назваў міліцыянтаў таксістамі, выйшаў з машыны і наўмысна стукнуў дзвярамі». Суддзя Таццяна Полулех прызнала Уладзіслава Кубіцкага вінаватым і пакарала хлопца чарговымі 15 суткамі.
⚡️Барда і пісьменніка Анатоля Кудласевіча аштрафавалі на 2900 рублёў за БЧБ-сцяг на акне

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна разглядзелі справу барда і пісьменніка Анатоля Кудласевіча. Судовы працэс вяла суддзя Ала Скуратовіч.

Пратакол на Анатоля склалі па артыкулу 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Яго абвінавацілі ў тым, што ён размясціў БЧБ-сцяг на балконе сваёй кватэры. Кудласевіч распавёў, што супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яго раніцай 29 верасня, а сцяг у кватэры вісеў яшчэ з 2020 года. Суддзя Скуратовіч зрабіла некалькі заўваг Анатолю, каб ён «гаварыў па сутнасці», бо тое, што «народ падманулі» не мае дачынення да справы. Вынікам суда стаў штраф у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

Анатоль Кудласевіч мае інваліднасць другой групы: у яго выдаленае адно лёгкае. Таксама ў мужчыны праблемы з ціскам. Негледзячы на гэта, пісьменніка ноч да суда ўтрымлівалі на Акрэсціна.
❗️У Наваполацку слесара «Паліміра» арыштавалі на 30 сутак за пікетаванне

Слесара «Паліміра» і члена стачкі «Нафтана» Дзмітрыя Саюнава затрымалі ўвечары 28 верасня. Дома ў яго правялі ператрус і затрымалі. На яго склалі пратакол па ч. 3 арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне», але сутнасць абвінавачванняў пакуль невядомая.

⚖️Учора ў судзе Наваполацка Дзмітрыю прызначылі 30 сутак арышту.
‼️Мінчанку адправілі на суткі за дваравы Марш у Каменнай Горцы

Увечары 29 верасня ў мінскай Каменнай Горцы прайшоў дваравы Марш, падчас якога затрымалі 33-гадовую Вікторыю Сароку. У Фрунзенскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол за «ўдзел у несакцыянаваным шэсці з БЧБ-сцягамі і лозунгам “Жыве Беларусь“ (арт. 24.23 КаАП). Справу Вікторыі 30 верасня разглядзела суддзя Фррунзенскага раёна Таццяна Полулех.

Мінчанка на судзе адмовілася даваць паказанні і пацвердзіла, што прыняла ўдзел у Маршы. Міліцыянт на судзе сцвярджаў, што ім паступіла іфармацыя пра несанкцыянаванае масавае мерапрыемства па вуліцы Калеснікава. Калі яны з калегамі прыехалі на месца «правапарушэння», то ўдзельнікі пачалі адразу ўцякаць, а засталася толькі Вікторыя — яе і затрымалі. Міліцыянт таксама дадаў, што ў яе быў «прыгожы плакат з сэрцам, кулаком і знакам Віктары». Але, па словах Вікторыі, міліцыянт, які яе затрымаў, выходзіў з пад’езда дома.

⚖️Акрамя гэтага, Сарока паспела сказаць, што зараз на Акрэсціна знаходзяцца 188 чалавек, а саму яе змясцілі ў двухмесную камеру, дзе акрамя яе сядзяць яшчэ шэсць жанчын. У выніку, суддзя Полулех прызнала Вікторыю вінаватай і пакарала яе 13-сутачным арыштам.